Раздзел II. Першыя ўражанні містэра Тэдзі Хенфры


У чатыры гадзіны, калі ўжо амаль сцямнела і місіс Хол збіралася з духам, каб зайсці да пастаяльца і спытацца, ці не жадае ён гарбаты, у карчму ўвайшоў Тэдзі Хенфры, майстар гадзіннікаў.

— Якое кепскае надвор'е, місіс Хол! — сказаў ён. — А яшчэ ў лёгкіх чаравіках.

Снег за акном падаў усё гусцей і гусцей.

Місіс Хол пагадзілася, што надвор'е кепскае і, заўважыўшы ў руках містэра Хенфры чамаданчык з інструментамі, раптам заззяла.

— Ведаеце, раз вы ўжо тут, зірніце, калі ласка, на гадзіннік у гасцінай. Ідзе ён добра і б'е як трэба, але гадзіннікавая стрэлка ўсё стаіць на шасці гадзінах і ніколькі не жадае зрушыць з месца.

І, паказваючы майстру гадзіннікаў дарогу, яна накіравалася ў гасціную, пастукалася ў дзверы і ўвайшла.

Прыезджы — як яна паспела заўважыць, адчыняючы дзверы, — сядзеў у крэсле перад камінам і, здавалася, драмаў; яго забінтаваная галава схілілася набок. Пакой асвятляў толькі чырвоны водбліск каміна. Місіс Хол усё падалося чырванаватым, вычварным і няясным, тым больш што яна ўсё яшчэ была аслеплена святлом лямпы, якую толькі што запаліла над стойкай у распівачнай. На секунду ёй здалося, што ў пастаяльца страшэнны, шырока адкрыты рот на ўсю ніжнюю частку твару. Гэта быў імгненны прывід — белая забінтаваная галава, вялізныя акуляры замест вачэй і пад імі шырокі, адкрыты рот, які быццам бы пазяхаў. Але вось сонны зашавяліўся, выпрастаўся ў крэсле і падняў руку. Місіс Хол расчыніла дзверы насцеж, у пакоі стала святлей; тады яна лепш разглядзела яго і ўбачыла, што твар незнаёмца прыкрыты шалікам, таксама, як раней сурвэткай. І яна вырашыла, што ёй усё проста здалося з-за гульні ценяў.

— Ці не дазволіце, судар, майстру агледзець гадзіннік? — сказала яна, крыху апамятаўшыся.

— Агледзець гадзіннік? — спытаў ён, сонна азіраючыся кругом. Потым, нібы прачнуўшыся, дадаў: — Калі ласка!

Місіс Хол пайшла за лямпай, а ён падняўся з крэсла і пацягнуўся. З'явілася лямпа, і містэр Тэдзі Хенфры, увайшоўшы ў пакой, апынуўся твар у твар з забінтаваным чалавекам. Ён быў, па яго ўласнаму прызнанню, агарошаны.

— Добры вечар, — сказаў незнаёмец, гледзячы на яго, як марскі рак; па выказванню Хенфры, — на такое параўнанне яго, напэўна, навялі цёмныя акуляры.

— Спадзяюся, — сказаў Хенфры, — я вас не патрывожу?

— Ніколькі, - адказаў прыезджы. — Хаця я думаў, - дадаў ён, звяртаючыся да місіс Хол, — што гэты пакой адведзены мне для асабістага карыстання.

— Я падумала, судар, — сказала гаспадыня, — што вы пажадаеце, каб гадзіннік…

— Вядома, — перапыніў ён, — вядома; але ўвогуле я прывык заставацца адзін і не люблю, калі мяне турбуюць. Але я рады, што гадзіннік будзе пачынены, — працягваў ён, бачачы, што містэр Хенфры спыніўся ў нерашучасці. Ён ужо хацеў папрасіць прабачэння і пайсці, але словы прыезджага заспакоілі яго.

Прыезджы павярнуўся спіной да каміна і заклаў рукі за спіну.

— Калі з рамонтам гадзінніка будзе закончана, я вып'ю гарбаты, — заявіў ён. — Але няхай раней пачыняць гадзіннік.

Місіс Хол ужо збіралася выйсці з пакоя, — на гэты раз яна не спрабавала завязаць размову, не жадаючы, каб яе груба абарвалі ў прысутнасці містэра Хенфры, — як раптам пастаялец спытаўся, ці паклапацілася яна аб дастаўцы яго багажу. Яна паведаміла яму, што гаварыла пра гэта з паштальёнам і што багаж будзе дастаўлены заўтра раніцай.

— Вы ўпэўнены, што раней нельга яго даставіць? — спытаў ён.

— Зусім упэўнена, — адказала яна даволі холадна.

— Мне трэба было адразу сказаць вам, хто я такі, але я так замёрз і стаміўся, што проста не мог гаварыць. Я, бачыце, выпрабавальнік…

— Ах, дык вунь яно што, — прамовіла місіс Хол, на якую гэтыя словы зрабілі вельмі моцнае ўражанне.

— Багаж мой складаецца з самых розных прыбораў і апаратаў.

— Вельмі нават карысныя рэчы, — заўважыла місіс Хол.

- І я з нецярплівасцю чакаю магчымасці працягваць свае выпрабаванні.

— Вядома, судар.

— Прыехаць у Айпінг, — працягваў ён павольна, як быццам бы падбіраючы словы, — мяне прымусіла… м-м… імкненне да цішыні і спакою. Я не хачу, каб мяне турбавалі ў час маіх заняткаў. Апрача таго, няшчасны выпадак…

«Так я і здагадвалася», — падумала місіс Хол.

— …вымушае мяне да адзіноты. Разумееце, вочы мае іншы раз да таго слабеюць і пачынаюць так пакутліва балець, што мне даводзіцца зачыняцца ў цёмным пакоі на цэлыя гадзіны. Гэта надараецца калі-нікалі. Цяпер гэтага, вядома, няма. Але калі ў мяне прыступ, самы нязначны неспакой, з'яўленне чужога чалавека ў пакоі прымушае мяне страшэнна пакутаваць… Я думаю, лепш папярэдзіць аб гэтым загадзя.

— Вядома, судар, — сказала місіс Хол. — Асмелюся спытацца ў вас…

— Гэта ўсё, што я хацеў сказаць вам, — перапыніў ён яе сваім суровым тонам, які не дапускаў ніякіх пярэчанняў.

Місіс Хол асеклася і вырашыла адкласці свае пытанні і спачуванні да больш зручнага моманту.

Яна выйшла, а прыезджы застаўся стаяць перад камінам, люта гледзячы на містэра Хенфры, які рамантаваў гадзіннік (так гаварыў потым сам містэр Хенфры). Майстар гадзіннікаў паставіў лямпу блізка каля сябе, і зялёны абажур кідаў яркае святло на яго рукі і на часткі механізма, пакідаючы амаль увесь пакой у цяні. Калі ён падымаў галаву, перад вачамі ў яго плавалі рознакаляровыя плямы. Хенфры быў цікаўным чалавекам, таму ён вынуў механізм, — хаця ў гэтым не было рашуча ніякай патрэбы, — разлічваючы зацягнуць работу і, хто ведае, можа, нават завязаць з незнаёмцам размову. Але той стаяў маўкліва, не рухаючыся з месца. Ён стаяў так ціха, што гэта пачало дзейнічаць містэру Хенфры на нервы. Яму падалося нават, што ён адзін у пакоі, але падняўшы вочы, перад якімі адразу паплылі зялёныя плямы, ён убачыў у шэрым змроку нерухомую фігуру з забінтаванай галавой, што ўтаропілася на яго вялізнымі сінімі акулярамі. Гэта было так страшна, што з хвіліну абодва стаялі нерухома, гледзячы адзін на аднаго. Потым Хенфры апусціў вочы, нібы выбіраючы мішэнь для падрыхтоўчага стрэлу.

— Надвор'е… — пачаў ён.

— Хутка вы закончыце і пойдзеце адсюль? — сказала нерухомая фігура, відавочна, ледзьве стрымліваючы гнеў. — Вам толькі і трэба было ўмацаваць гадаіннікавую стрэлку на восі, а вы тут кешкаецеся без толку.

— Зараз, судар… адну хвіліну… Я выпусціў з-пад увагі… - і містэр Хенфры паспешліва закончыў работу і выйшаў, моцна, аднак, раззлаваны.

— Каб яго чорт узяў! — бурчэў ён сам сабе, крочачы па заснежанай вуліцы. — Трэба ж калі-небудзь праверыць гадзіннік… Скажыце, калі ласка, і паглядзець на яго нельга. Чорт ведае што… Мусіць, нельга. Ён так забінтаваны і захутаны, нібы яго адшуквае паліцыя.

Калі містэр Хенфры дайшоў да вугла, ён убачыў Хола, які нядаўна ажаніўся з гаспадыняй карчмы «Кучар і коні», дзе спыніўся незнаёмец; Хол вяртаўся са станцыі Сідэрбрыдж, куды ён вазіў на айпінгскім амнібусе выпадковых пасажыраў. Як ён кіраваў, было ясна, што Хол крышку клюнуў у Сідэрбрыджы.

— Як пажываеце, Тэдзі? — звярнуўся ён да Хенфры, калі параўняўся з ім.

— У вас спыніўся нейкі падазроны тып, — сказаў Тэдзі.

Хол, абрадаваны выпадкам пагаварыць, нацягнуў лейцы.

— Што такое? — спытаўся ён.

— У вас у карчме спыніўся нейкі падазроны тып, — паўтарыў Тэдзі. — Далібог! — І ён пачаў з вялікай жвавасцю апісваць Холу дзіўнага госця. — Выглядае ён… проста страх! Калі б гэта быў мой дом, я, зразумела, палічыў бы за лепшае ведаць у твар свайго пастаяльца, — сказаў ён. — Але жанчыны заўсёды даверлівыя, калі справа тычыцца чужых людзей. Ён пасяліўся ў вас, Хол, і нават не сказаў, як яго завуць.

— Няўжо? — спытаўся Хол, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю.

— Так, — пацвердзіў Тадзі. — Ён зняў пакой на тыдзень. Хто б ён ні быў, вам нельга будзе адчапіцца ад яго раней, чым праз тыдзень. І ён кажа, што ў яго куча багажу, які прывязуць заўтра. Будзем спадзявацца, што гэта не скрынкі з камянямі.

Тут ён расказаў, як нейкі прыезджы з пустымі чамаданамі абдурыў яго цётку ў Гасцінгсе. Зразумела, размова з Тэдзі разбудзіла ў Хола нейкае няпэўнае падазрэнне.

— Ну, паехалі, дзядуля, — звярнуўся Хол да свайго каня. — Трэба навесці парадак.

А Тэдзі, аблегчыўшы душу, пайшоў сваёй дарогай ужо ў лепшым настроі.

Аднак, замест таго, каб наводзіць парадак, Холу пасля вяртання дадому давялося выслухаць шмат папрокаў за тое, што ён так доўга прабыў у Сідэрбрыджы, а на свае нясмелыя пытанні пра новага пастаяльца ён атрымаў рэзкія, але ўніклівыя адказы. І ўсё ж зерне падазрэння, кінутае майстрам гадзіннікаў у душу Хола, дало свае парасткі.

— Вы, бабы, нічога не разумееце, — сказаў містэр Хол і вырашыў пры першым жа зручным выпадку даведацца больш падрабязна пра падазронага прыезджага.

І пасля таго, як пастаялец накіраваўся ў сваю спальню, — гэта было прыкладна палова дзесятай, — містэр Хол з даволі задзірлівым выглядам увайшоў у гасціную і стаў уважліва аглядваць мэблю сваёй жонкі, быццам бы жадаючы паказаць гэтым, што тут гаспадар ён, а не прыезджы; ён пагардліва зірнуў на аркуш паперы з матэматычнымі вылічэннямі, які забыўся пастаялец. Кладучыся спаць, містэр Хол параіў жонцы ўважліва прыгледзецца — што за багаж заўтра прывязуць пастаяльцу.

— Калі ласка, не лезь не ў сваю справу, — абарвала яго місіс Хол. — Глядзі лепш за сабой, а я і без цябе ўпраўлюся.

Яна тым больш злавалася на мужа, што прыезджы сапраўды быў нейкі дзіўны, і ў душы яна сама трывожылася. Ноччу яна раптам прачнулася, убачыўшы ў сне вялізныя белыя вірлавокія галовы, падобныя на бручку, якія гналіся за ёй на доўгіх, выцягнутых шыях. Але яна была жанчына разважлівая, таму перасіліла свой страх, павярнулася на другі бок і зноў заснула.


Загрузка...