Раздзел ІІІ. Тысяча і адна бутэлька


Дык вось, дзевятага лютага, калі толькі пачалася адліга, невядома адкуль з'явіўся ў Айпінгу дзіўны незнаёмец. На наступны дзень, у слоту і бездараж, яго багаж даставілі ў карчму, і багаж таксама аказаўся не зусім звычайны. Абодва чамаданы, праўда, нічым не адрозніваліся ад тых, якімі звычайна запасаюцца падарожнікі; але, акрамя іх, была яшчэ скрынка з кнігамі — вялізнымі тоўстымі кнігамі, прычым некаторыя былі не надрукаваны, а спісаны надзвычай неразборлівым почыркам, — з тузін, калі не больш, кошыкаў, скрынак і каробак, у якіх ляжалі нейкія прадметы, загорнутыя ў салому; Хол, які не прамінуў паварушыць салому, вырашыў, што там былі шкляныя бутэлькі. У той час як Хол балбатаў з Фірэнсайдам, фурманам, рыхтуючыся дапамагчы яму перанесці багаж у дом, з дзвярэй выйшаў незнаёмец у нізка насунутым капелюшы, у паліто, пальчатках і шаліку. Ён выйшаў з дому і нават не зірнуў на сабаку Фірэнсайда, які ляніва абнюхваў ногі Хола.

— Нясіце скрынкі ў пакой, — сказаў незнаёмец. — Я і так ужо доўга прачакаў іх.

З гэтымі словамі ён спусціўся з ганка і падышоў да задка павозкі, як быццам хацеў уласнаручна занесці невялікі кошык.

Убачыўшы яго, сабака Фірэнсайда дзіка загыркаў і ашчацініўся; калі ж незнаёмец спусціўся з ганка, ён падскочыў і цапнуў яго за руку.

— Куш! — шарахнуўшыся, крыкнуў Хол, які заўсёды пабойваўся сабак, а Фірэнсайд закрычаў:

— Кладзіся! — і схапіўся за бізун.

Яны бачылі, як зубы сабакі слізганулі па руцэ незнаёмца, пачуўся трэск раздзіраемых штаноў. У гэты момант бізун Фірэнсайда дастаў сабаку, і ён, заскуголіўшы ад крыўды і болю, схаваўся пад павозку. Усё гэта адбылося за паўхвіліны. Ніхто нічога не казаў, але ўсе крычалі. Незнаёмец хутка зірнуў на разарваныя пальчатку і калашыну, зрабіў рух, быццам бы хацеў нагнуцца, затым павярнуўся і ўзбег на ганак. Яны пачулі, як ён паспешліва прайшоў па калідоры і застукаў абцасамі па непакрытай дываном лесвіцы, якая вяла ў яго спальню.

— Ах ты, жывёліна гэтакая! — вылаяўся Фірэнсайд, злазячы з павозкі з бізуном у руцэ, у той час як сабака пільна сачыў за ім з-за колаў. - Ідзі сюды! — крыкнуў ён. — Інакш будзе горш.

Хол стаяў, разінуўшы рот, у поўнай разгубленасці.

— Ён укусіў яго, — загаварыў Хол. — Пайду пагляджу, што з ім. — І закрочыў следам за незнаёмцам. У калідоры ён сустрэў жонку і сказаў ёй: — Пастаяльца пакусаў сабака Фірэнсайда.

Ён падняўся па лесвіцы; дзверы незнаёмца былі прыадчынены, Хол расчыніў іх і ўвайшоў у пакой без асаблівых цырымоній, каб хутчэй выказаць сваё спачуванне.

Штора была апушчана, і ў пакоі стаяў паўзмрок. Хол паспеў заўважыць штосьці надзвычай дзіўнае, падобнае на руку без кісці, занесеную над ім, і твар, які складаўся з трох вялікіх расплывістых плям на белым фоне, вельмі падобны на бледную кветку браткоў. Потым моцны штуршок у грудзі адкінуў яго ў калідор, дзеры зачыніліся з трэскам перад самым яго носам, і ён пачуў, як шчоўкнуў ключ у замку. Усё гэта адбылося так хутка, што Хол не паспеў нічога ўцяміць. Мільгаценне нейкіх цьмяных ценяў, штуршок і боль у грудзях. І вось ён стаіць на цёмнай пляцоўцы перад дзвярыма, пытаючыся ў сябе, што ж гэта такое ён бачыў.

Крыху пазней ён далучыўся да кучкі людзей, што сабраліся на вуліцы перад карчмой. Тут быў і Фірэнсайд, які ўжо ў другі раз расказваў усю гісторыю з самга пачатку; і місіс Хол, якая паўтарала, што яго сабака не мае ніякага права кусаць яе пастаяльцаў; тут быў і Хакстэрс, уладальнік лаўкі насупраць, таксама моцна зацікаўлены здарэннем, і Сэндзі Ўоджэрс з кузні, які слухаў Фірэнсайда з глыбакадумным выглядам; збегліся жанчыны і дзеці, і кожны выказваў якое-небудзь глупства, накшталт: «Паспрабаваў бы ён мяне ўкусіць», «Нельга трымаць такіх сабак», «А чаму ён яго ўкусіў?» і так далей.

Містэр Хол глядзеў на іх з ганка, прыслухоўваўся да размовы, і яму пачало ўжо здавацца, што нічога незвычайнага ён наверсе ўбачыць не мог, — напэўна, гэта проста здалося. Ды яму і слоў не хапіла б, каб перадаць свае ўражанні.

— Ён сказаў, што яму нічога не патрэбна, — толькі і адказаў ён на пытанне жонкі. — Я думаю, трэба занесці багаж.

— Трэба адразу прыпячы, — сказаў містэр Хакстэрс, — асабліва калі атрымалася запаленне.

— Я прыстрэліла б гэтага сабаку, — сказала адна з жанчын.

Раптам сабака зноў загыркаў.

— Давайце рэчы, — пачуўся сярдзіты голас, і на парозе з'явіўся незнаёмец, захутаны, з паднятым каўняром і апушчанымі палямі капелюша. — Чым хутчэй вы ўнясеце мае рэчы, тым лепш, — працягваў ён. Па сведчанні аднаго з відавочцаў, ён паспеў перамяніць пальчаткі і штаны.

— Моцна ён вас пакусаў, спадар? — спытаўся Фірэнсайд. — Мне вельмі непрыемна, што мой сабака…

— Дробязі, - адказаў незнаёмец, — нават не абадраў. Паспяшайцеся лепш з рэчамі.

Тут ён, па сцвярджэнні містэра Хола, вылаяўся сам сабе.

Як толькі першую карзіну ўнеслі па яго ўказанні ў гасціную, незнаёмец нецярпліва пачаў яе распакоўваць, бесцырымонна раскідваючы салому па дыване місіс Хол. Ён пачаў выцягваць з карзіны бутэлькі — маленькія пузатыя бутэлечкі з парашкамі, невялікія, вузкія бутэлькі з пафарбаванай у розныя колеры або празрыстай, як вада, вадкасцю, выгнутыя пляшкі з надпісам «яд», круглыя бутэлькі з тонкімі рыльцамі, вялікія бутэлькі з зялёнага і белага шкла, бутэлькі з шклянымі коркамі, з вытраўленымі на іх надпісамі, з прыцертымі коркамі, бутэлькі з затычкамі, бутэлькі з-пад віна і праванскага масла. Усе гэтыя бутэлькі ён расставіў радамі на куфры, на каміннай дошцы, на стале, на падаконніку, на падлозе, на этажэрцы — усюды. У брэмблхерсцкай аптэцы не набралася б і палавіны такой колькасці бутэлек. Вось гэта было відовішча! Ён распакоўваў карзіну за карзінай, і ва ўсіх былі бутэлькі. Нарэшце ўсе шэсць карзін апусцелі, а на стале вырасла гара саломы; акрамя бутэлек, у карзінах знаходзілася яшчэ нямала прабірак, а таксама старанна ўпакаваныя вагі.

Незнаёмец распакаваў карзіны, адышоў да акна і адразу ж узяўся за работу, не звяртаючы ўвагі на кучу саломы, на патухлы камін, на скрынку з кнігамі, што засталіся на вуліцы, на чамаданы і астатні багаж, які быў ужо занесены наверх.

Калі місіс Хол падала абед, незнаёмец быў поўнасцю заняты сваёй работай: ён уліваў па кроплях вадкасць з бутэлек у прабіркі, і нават не заўважыў, як яна ўвайшла; толькі калі яна прыбрала салому і паставіла паднос на стол, можа, некалькі больш шумна, чым звычайна, таму што яе ўсхваляваў непрыглядны выгляд дывана, ён мелькам зірнуў у яе бок і тут жа адвярнуўся. Яна паспела заўважыць, што незнаёмец быў без акуляраў; яны ляжалі каля яго на стале, і ёй здалося, што яго вачніцы незвычайна глыбокія. Ён адзеў акуляры, павярнуўся і паглядзеў ёй у твар. Яна збіралася ўжо выказаць сваю незадаволенасць неахайнасцю пастаяльца, але ён апярэдзіў яе.

— Я папрасіў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзіць у пакой, — сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, відаць, імгненна ўспыхвала ў ім з любой прычыны.

— Я пастукалася, але, магчыма…

— Можа, вы і стукалі. Але ў час маіх даследаванняў, - даследаванняў надзвычай важных і неабходных, — самае нязначнае… нават рыпенне дзвярэй… Я папрасіў бы вас…

— Вядома, судар. Калі вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.

— Вельмі ўдачная думка! — сказаў незнаёмец.

— Вось толькі гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць…

— Не трэба! Калі салома вас турбуе, запішыце яе на мой рахунак. — І ён прамармытаў сам сабе штосьці вельмі падобнае на лаянку.

Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнічым і раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабірку, і ўсё яго аблічча было такое дзіўнае, што місіс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.

— У такім выпадку, — заявіла яна, — я хацела б ведаць, колькі вы мяркуеце…

— Шылінг, пастаўце шылінг. Я думаю, гэтага дастаткова?

— Добра, няхай так і будзе, — сказала місіс Хол, распачынаючы накрываць на стол. — Канечне, калі вы згодны…

Незнаёмец павярнуўся і сеў спіной да яе. Увесь пасляабедзенны час ён працаваў, замкнуўшыся на ключ і, як сцвярджае місіс Хол, амаль у поўнай цішыні. Толькі адзін раз прагучаў трэск і звон шкла, як быццам хтосьці штурхнуў стол і з размаху шпурнуў на падлогу бутэльку, а потым пачуліся паспешлівыя крокі па дыване. Асцерагаючыся, што адбываецца нешта няладнае, гаспадыня падышла да дзвярэй і, затаіўшыся, пачала прыслухоўвацца.

— Нічога не выйдзе! — крычаў ён раз'юшана. — Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!… Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!

Тут хтосьці ўвайшоў у карчму, загрукалі цяжкія боты па плітках падлогі, і місіс Хол павінна была, хочаш не хочаш, адступіць ад дзвярэй не даслухаўшы.

Калі яна вярнулася, у пакоі зноў было зусім ціха, калі не лічыць слабога скрыпу крэсла і пабразгвання бутэлькі. Відавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.

Калі яна прынесла гарбату, то ўбачыла ў кутку пакоя, пад люстэркам, разбітыя бутэлькі і залаціста-жоўтую нядбайна выцертую пляму. Яна звярнула на гэта ўвагу пастаяльца.

— Запішыце ўсё гэта на мой рахунак, — агрызнуўся ён. — Богам прашу, не перашкаджайце мне. Калі я чым-небудзь прыношу вам страту, стаўце ў рахунак. — І ён зноў узяўся рабіць паметкі ў сшытку, які ляжаў перад ім.

— Ведаеце, што я вам скажу, — таямніча паведаміў Фірэнсайд вечарам таго ж дня ў піўной.

— Ну? — спытаў Тэдзі Хенфры.

— Гэты чалавек, якога ўкусіў мой сабака… Ну, дык вось: чарнаскуры. Прынамсі, ногі ў яго чорныя. Я гэта заўважыў, калі сабака парваў яму штаны і пальчатку. Трэба было думаць, што скрозь дзіркі будзе відаць ружовае цела, праўда? Ну, а на самой справе нічога падобнага. Адна толькі чарната. Пэўна вам кажу, ён такі ж чорны, як мой капялюш.

— Госпадзі памілуй! — усклікнуў Хенфры. — Вось дзіўны выпадак! А нос жа ў яго, што ні кажыце, ружовы.

— Так, — сказаў Фірэнсайд. — Гэта слушна. Толькі вось што я вам скажу, — хлопец гэты пярэсты: дзе чорны, а дзе белы, плямамі. І ён гэтага саромеецца. Ён накшталт нейкай помесі, а масці, замест таго каб перамяшацца, пайшлі плямамі. Я і раней чуў аб такіх выпадках. У коней гэта бывае вельмі часта, спытай у каго хочаш.


Загрузка...