Раздзел ХІІІ. Містэр Марвел хадайнічае аб адстаўцы


Калі ўжо пачало змяркацца і жыхары Айпінга сталі баязліва вылазіць з дамоў, пазіраючы на разваліны свайго няўдалага свята, па дарозе ў Брэмблхерст за букавым гаем цяжка крочыў нізенькі каржакаваты чалавек у старым цыліндры. Ён нёс тры кнігі, звязаныя разам нечым накшталт стракатай эластычнай стужкі, і вузел, загорнуты ў сіні абрус. Яго чырвоны твар выказваў маркоту і знямогу, а ў паходцы была нейкая сутаргавая паспешлівасць. Ён ішоў у суправаджэнні чужога, не свайго голасу і часта курчыўся пад дотыкам нябачных рук.

— Калі ты зноў уцячэш, — сказаў Голас, — калі ты зноў надумаешся ўцякаць…

— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — І так ужо жывога месца на плячы не засталося.

— Чэснае слова, — працягваў Голас, — я цябе заб'ю.

— Я і не думаў уцякаць ад вас, — сказаў Марвел, ледзьве не плачучы. — Клянуся вам. Я проста не ведаў, дзе трэба зварочваць, толькі і ўсяго. І адкуль я мог гэта ведаць? Мне і так дасталася як мае быць…

- І дастанецца яшчэ больш, калі не будзеш слухацца, — сказаў Голас, і містэр Марвел адразу замоўк. Ён надзьмуў шчокі, і вочы яго красамоўна выказвалі глыбокі адчай.

— Хопіць з мяне, што гэтыя аслы даведаліся пра маю тайну, а тут яшчэ ты надумаўся ўцячы з маімі кнігамі. Шчасце іх, што яны паспелі схавацца. А то… Ніхто не ведаў, што я нябачны. А цяпер што мне рабіць?

— Што мне рабіць? — прамармытаў містэр Марвел.

— Усё цяпер вядома. У газеты яшчэ трапіць? Усе будуць шукаць мяне, усе будуць насцярожаныя… — Голас моцна вылаяўся і замоўк.

Адчай на твары містэра Марвела ўзмацніўся, і ён замарудзіў крок.

— Ну, рухайся, — сказаў Голас.

Прамежкі паміж чырвонымі плямамі на твары містэра Марвела пашарэлі.

— Не згубі кнігі, боўдзіла! — сярдзіта сказаў Голас.

— Адным словам, — працягваў ён, — мне давядзецца скарыстаць цябе… Праўда, прылада няважная, але ў мяне няма выбару.

— Я нікчэмная прылада, — сказаў Марвел.

— Гэта праўда, — сказаў Голас.

— Я самая кепская прылада, якую толькі вы маглі выбраць, — сказаў Марвел. — Я слабасільны, — працягваў ён. — Я вельмі слабы, — паўтарыў ён, не дачакаўшыся адказу.

— Хіба?

- І сэрца ў мяне слабое. Ваша даручэнне я выканаў. Але, запэўніваю вас, мне здавалася, што я вось-вось упаду.

— Так?

— У мяне і смеласці і сілы такой няма, якія вам патрэбны.

— Я цябе падбадзёру.

— Лепш не трэба. Я не хачу сапсаваць вам усю справу, але гэта можа здарыцца. Раптам я спалохаюся ці разгублюся…

— Ужо пастарайся, каб гэтага не здарылася, — сказаў Голас спакойна, але цвёрда.

— Лепш ужо памерці, - сказаў Марвел. — І гэта ж несправядліва, — працягваў ён. — Згадзіцеся самі… Мне здаецца, я маю права…

— Наперад! — сказаў Голас.

Містэр Марвел прыбавіў кроку, і нейкі час яны ішлі моўчкі.

— Вельмі цяжкая работа, — сказаў містэр Марвел.

Гэта заўвага ніяк не падзейнічала. Тады ён вырашыў падступіцца з другога канца.

— А што мне гэта дае? — пачаў ён зноў тонам горкай крыўды.

— Хопіць! — ва ўсю моц гыркнуў Голас. — Я цябе забяспечу. Толькі рабі тое, што табе загадваюць. Ты выдатна справішся, хаця ты і дурань, а справішся…

— Кажу вам, спадар, я непадыходзячы чалавек для гэтага. Я не хачу вам пярэчыць, але гэта так…

— Замоўкні ты, інакш я зноў пачну выкручваць табе руку, — сказаў Невідзімка. — Не перашкаджай мне думаць.

Наперадзе праз дрэвы бліснулі дзве плямы жоўтага святла, і ў змроку сталі бачны абрысы квадратнай царкоўнай вежы.

— Я буду трымаць руку на тваім плячы, — сказаў Голас, — пакуль мы не пройдзем праз вёску. Ідзі прама і не надумайся прыдурвацца. Інакш будзе кепска.

— Ведаю, — адказаў і ўздыхнуў Марвел, — гэта я добра ведаю.

Жаласная фігура ў старым цыліндры прайшла са сваёй ношай па вясковай вуліцы міма асветленых вокнаў і знікла ў змроку за ваколіцай.


Загрузка...