Раздзел XXVI. Забойства Ўіксціда


Невідзімка, па ўсіх прыкметах, выбег з дома Кемпа ў дзікім шаленстве. Маленькае дзіця, якое гуляла ля веснічак, было паднята ў паветра і з такой сілай адкінута ў бок, што зламала ножку. Пасля гэтага Невідзімка на некалькі гадзін знік. Так ніхто і не даведаўся, куды ён накіраваўся і што рабіў. Але лёгка можна было ўявіць, як ён бег у гарачы чэрвеньскі поўдзень пад гару і далей, па мелавых узгорках за Порт-Бэрдакам, раз'юшана праклінаючы свой лёс — і, нарэшце, замораны і змучаны, знайшоў прытулак у хмызняках Хінтандзіна, дзе разлічваў перачакаць небяспеку і занава абдумаць свае планы барацьбы супраць сабе падобных. Хутчэй за ўсё ён схаваўся менавіта ў гэтай мясцовасці, бо каля дзвюх гадзін папаўдні ён выявіў тут сваю прысутнасць, і прытым самым злавесным, трагічным чынам.

Якім жа быў тады яго настрой і што ён задумаў, можна толькі здагадвацца. Несумненна, ён быў да крайнасці раз'юшаны прадажніцтвам Кемпа — і хаця зусім зразумелыя матывы, якія кіравалі Кемпам, усё ж няцяжка ўявіць сабе гнеў, што павінна была выклікаць такая нечаканая здрада, і нават часткова апраўдаць яго. Магчыма, Невідзімку зноў ахапіла тое пачуццё разгубленасці, якое ён зведаў у час падзей на Оксфард-стрыт, ён жа відавочна вельмі разлічваў, што Кемп паможа яму ажыццявіць жорсткую задуму — падвергнуць чалавецтва тэрору. Як бы там ні было, каля паўдня ён знік — і ніводзін чалавек не бачыў яго. Ніводная жывая істота не ведае, што ён рабіў да паловы трэцяй. Для чалавецтва гэта, магчыма, і лепш, але для яго самога такая бяздзейнасць аказалася пагібельнай.

У гэтыя дзве з паловай гадзіны за справу ўзялося мноства людзей, рассеяных па ўсёй акрузе. Раніцай Невідзімка быў яшчэ проста казкай, пудзілам; у поўдзень жа, дзякуючы сухому, але выразнаму закліку Кемпа, ён стаў ужо цалкам рэальным праціўнікам, якога трэба было параніць, схапіць жывым ці мёртвым, — і ўсё насельніцтва з надзвычайнай хуткасцю стала рыхтавацца да барацьбы. Нават у дзве гадзіны Невідзімка яшчэ мог выратавацца, забраўшыся ў цягнік, але пасля дзвюх гэта стала ўжо немагчымым: па ўсіх чыгуначных лініях, на прасторы вялізнага паралелаграма, паміж Саўтхемптанам, Вінчэстэрам, Брайтанам і Хоршэмам, пасажырскія цягнікі ішлі з закрытымі дзвярамі, а таварны рух амаль спыніўся. У вялікім крузе, радыусам міль у дваццаць вакол Порт-Бэрдака, па дарогах і палях хадзілі групы па тры, па чатыры чалавекі са стрэльбамі, дубінкамі і сабакамі.

Конныя паліцэйскія аб'язджалі навакольныя сёлы, спыняліся каля кожнага дома і папярэджвалі жыхароў, каб яны замыкалі дзверы і не выходзілі з дому без зброі. У тры гадзіны зачыніліся школы і напалоханыя дзеці цеснымі групкамі беглі дадому. Гадзін да чатырох заклік, складзены Кемпам, але падпісаны Эдаем, быў ужо расклеены па ўсёй акрузе. У ім коратка, але ясна былі ўказаны ўсе меры барацьбы: не даваць Невідзімку есці і спаць, быць увесь час напагатове, каб прыняць рашучыя меры, калі ў чым-небудзь выявіцца яго прысутнасць. Дзеянні ўладаў былі такімі хуткімі і энергічнымі, усеагульная вера ў страшную істоту такой моцнай, што да наступлення ночы на прасторы ў некалькі сот квадратных міляў быў уведзены стан аблогі. І яшчэ ў той жа вечар па ўсім напалоханым і насцярожаным краі пранёсся ціхі жах: з вуснаў у вусны перадавалася чутка, маланкавая і верагодная, аб забойстве містэра Ўіксціда.

Калі наша здагадка, што Невідзімка схаваўся ў хмызняках Хінтандзіна, правільная, то, напэўна, неўзабаве пасля паўдня ён выйшаў адтуль з нейкім намерам, для выканання якога патрэбна была зброя. Што гэта быў за намер, устанавіць нельга, але ён быў — гэта, на мой погляд, бясспрэчна, не выпадкова ж яшчэ да сутычкі з Уіксцідам Невідзімка дзесьці здабыў жалезны прут.

Аб падрабязнасцях гэтай сутычкі мы, зразумела, нічога не ведаем. Адбылася яна на краю пясчанага кар'ера ярдаў за двесце ад варот вілы лорда Бэрдака. Усё паказвае на адчайную схватку: утаптаная зямля, шматлікія раны Ўіксціда, яго зламаная палка; але што магло стаць прычынай нападу, акрамя маніі забойства, цяжка сабе ўявіць.

Думка аб вар'яцтве напрошваецца сама сабой. Містэр Уіксцід, кіраўнік спраў лорда Бэрдака, чалавек гадоў сарака пяці, быў самай бяскрыўднай істотай на свеце і ўжо, вядома ж, ніколі першым не нападаў бы на такога страшнага ворага. Раны, відаць, былі нанесены містэру Ўіксціду жалезным прутом, выцягнутым са зламанай агароджы. Невідзімка спыніў гэтага мірнага чалавека, напаў на яго, хутка зламаў яго слабае супраціўленне, перабіў яму руку, паваліў яго на зямлю і размаджэрыў яму галаву.

Жалезны прут ён, напэўна, выцягнуў з агароджы да сустрэчы са сваёй ахвярай, — мусіць, ён трымаў яго напагатове. Яшчэ дзве падрабязнасці праліваюць некаторае святло на гэтае здарэнне. Па-першае, пясчаны кар'ер знаходзіўся не зусім на дарозе містэра Ўіксціда да дома, а ярдаў на дзвесце ў бок. Па-другое, па сведчанню маленькай дзяўчынкі, якая вярталася пасля абеду ў школу, яна бачыла, што нябожчык нейкай дзіўнай паходкай «трухаў» цераз поле ў напрамку да кар'ера. Па тым, як яна гэта паказала, можна было заключыць, што ён быццам гнаўся за чымсьці, што рухалася па зямлі, час ад часу замахваючыся палкай. Дзяўчынка была апошняй, хто бачыў Уіксціда жывым. Ён ішоў проста насустрач смерці; ён спусціўся ў лагчынку, і рэдкія дрэвы, якія там раслі, схавалі ад вачэй дзяўчынкі апошнюю схватку.

Гэтыя падрабязнасці, несумненна, прынамсі ў вачах аўтара гэтых радкоў, робяць забойства Ўіксціда не такім ужо беспрычынным і бессэнсоўным. Можна ўявіць сабе, што Грыфін прыхапіў жалезны прут, канечне, як зброю, але без намеру здзейсніць забойства. Тут мог трапіцца на дарозе Ўіксцід і заўважыць прут, які незразумелым чынам рухаўся па паветры. Ніколькі не думаючы пра Невідзімку, — ад гэтых жа мясцін да Йорт-Бэрдака дзесяць міляў, - ён мог паследаваць за прутам. Вельмі верагодна, што ён нават і не чуў пра Невідзімку. Лёгка далей уявіць, што Невідзімка стаў паціху аддаляцца, не жадаючы выявіць сваю прысутнасць, а Ўіксцід, узбуджаны і зацікаўлены, не адставаў ад дзіўнага прадмета, які сам рухаўся, і нарэшце ўдарыў па ім.

Вядома, пры звычайных абставінах Невідзімка мог бы без асаблівых намаганняў уцячы ад свайго ўжо немаладога праследавацеля, але становішча цела забітага Ўіксціда дае падставу думаць, што ён меў няшчасце загнаць свайго праціўніка ў куток паміж густым зараснікам крапівы і пясчаным кар'ерам. Тым, хто помніць незвычайную раздражняльнасць Невідзімкі, няцяжка ўявіць усё астатняе.

Усё гэта, урэшце, адны здагадкі. Адзіныя несумненныя факты (бо сведчанням дзяцей не заўсёды можна давяраць) — гэта цела забітага Ўіксціда і акрываўлены жалезны прут, які валяўся ў крапіве. Відавочна, Грыфін кінуў прут таму, што, захоплены хваляваннем, забыўся пра мэту, для якой ім узброіўся, калі спачатку такая мэта была. Вядома, ён быў вялікі эгаіст і чалавек бяздушны, але выгляд ахвяры, яго першай ахвяры, акрываўленай і няшчаснай, распасцёртай каля яго ног, мог абудзіць у ім заглухлую крыніцу пакаяння і адвярнуць яго на нейкі час ад злачынных намераў.

Пасля забойства містэра Ўіксціда Невідзімка, відаць, пабег у бок узгоркаў. Расказваюць, што два работнікі на полі ў Ферн Боттам чулі вечарам нейкі таямнічы голас. Хтосьці плакаў і смяяўся, ахаў і стагнаў, а часам гучна ўскрыкваў. Напэўна, дзіўна было слухаць яго. Голас пранёсся над полем канюшыны і заціх удалечыні, каля ўзгоркаў.

У гэты вечар Невідзімку, напэўна, давялося даведацца, як хутка выкарыстаў Кемп яго шчырасць. Напэўна, ён знайшоў усе дзверы на замку; і блукаў па чыгуначных станцыях, падкрадваўся да гасцініц і, без сумнення, прачытаў расклееныя ўсюды заклікі і зразумеў, які задуманы супраць яго паход. З наступленнем вечара па палях разышліся групы ўзброеных людзей і чуўся сабачы брэх. Гэтыя паляўнічыя на чалавека атрымалі спецыяльныя ўказанні, як памагаць адзін аднаму ў выпадку сустрэчы з ворагам. Але Невідзімку давялося пазбегнуць сустрэчы з імі. Мы можам часткова зразумець яго шаленства, калі ўспомніць, што ён сам паведаміў усе звесткі, якія так бязлітасна павярнуліся цяпер супраць яго. У гэты дзень ён заняпаў духам; амаль цэлыя суткі, калі не лічыць сутычкі з Уіксцідам, ён адчуваў сябе як упаляваны звер. Ноччу яму ўдалося, напэўна, і паесці і паспаць, бо раніцай да яго зноў вярнулася прысутнасць духу: ён зноў стаў моцным, актыўным, хітрым і злосным, гатовым да сваёй апошняй вялікай схваткі з усім светам.


Загрузка...