Раздзел XXVII. У асаджаным доме


Кемп атрымаў дзіўнае пасланне, напісанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.

«Вы праявілі дзівосную энергію і кемлівасць, — сказана было ў пісьме, — хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалі на мяне, вы хацелі пазбавіць мяне адпачынку і ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, і гульня яшчэ толькі пачынаецца. Гульня яшчэ толькі пачынаецца! Мне нічога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пісьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальніку паліцыі і яго шайцы, — ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашні дзень — першы дзень першага года новай эры — Эры Невідзімкі. Я — Невідзімка Першы. Спачатку маё праўленне будзе міласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па імені Кемп. Сёння смерць спасцігне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калі захоча, — смерць, нябачная смерць набліжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогі — тым большае ўражанне яго смерць выкліча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкі сёння ў поўдзень. Пісьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна — і - у дарогу! Гульня пачалася. Смерць набліжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцігла смерць і цябе. Сёння Кемп павінен памерці».

Кемп двойчы прачытаў пісьмо.

— Гэта не жарты, — сказаў ён. — Гэта ён! І ён будзе дзейнічаць.

Ён перавярнуў лісток і ўбачыў на адрасе штэмпель «Хінтандзін» і празаічную прыпіску: «даплаціць 2 пенсы».

Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, — пісьмо прыйшло ў гадзіну дня, — і падняўся ў свой кабінет. Ён пазваніў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысці ўвесь дом, агледзець усе засаўкі і зачыніць усе аканіцы.

У кабінеце ён зачыніў аканіцы сам. З замкнутай скрынкі стала ў спальні ён выняў невялікі рэвальвер, пільна агледзеў яго і паклаў у кішэню хатняй курткі. Затым ён напісаў некалькі запісак, у тым ліку і палкоўніку Эдаю, і даручыў служанцы аднесці іх. Кемп параіў ёй пры гэтым, як выйсці з дому.

— Небяспекі няма ніякай, — сказаў ён і дадаў сам сабе: «Для вас». Пасля гэтага ён нейкі час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.

Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкі. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.

— Мы яго зловім! — усклікнуў ён. — І прынадай буду я. Ён зарвецца.

Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.

— Гэта гульня, — сказаў ён. — Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маім баку, містэр Грыфін, хаця вы і нябачныя і смелыя таксама. Грыфін contra mundum…* Скажыце калі ласка!

* Супраць усяго свету (лат.).

Ён стаяў каля акна, гледзячы на заліты сонцам схіл гары.

— Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А ці праўда, што мінулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам і ў такім месцы, дзе ніхто не мог на яго натрапіць… Вось калі б замест гэтай гарачыні наступілі халады і халепа… А ён жа, можа, у гэтую самую хвіліну назірае за мной.

Кемп ушчыльную падышоў да акна і раптам спалохана адскочыў: штосьці моцна стукнула ў сцяну над рамай.

— Аднак нервы ў мяне расхадзіліся, — прамовіў ён сам сабе. Але добрых пяць хвілін ён не адважваўся зноў падысці да акна. — Верабей, можа, — сказаў ён.

Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй і паспяшаўся ўніз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго і асцярожна прачыніў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклікнуў яго. Гэта быў палкоўнік Эдай.

— На вашу пакаёўку напалі, - сказаў Эдай з-за дзвярэй.

— Што?! — усклікнуў Кемп.

— Вашу запіску ў яе адабралі. Ён недзе паблізу. Упусціце мяне.

Кемп зняў ланцуг, і Эдай сяк-так праціснуўся ў вузкую шчыліну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калі Кемп зноў налажыў засаўку.

— Запіску вырвалі ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маім участку. З ёй істэрыка. Ён дзесьці паблізу. Што было ў запісцы?

Кемп вылаяўся.

— Дурань жа я! — сказаў ён. — Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хінтандзіна менш гадзіны хады. Ужо!

— У чым справа? — спытаўся Эдай.

— Вось паглядзіце! — сказаў Кемп і павёў Эдая ў кабінет. Ён падаў яму пісьмо Невідзімкі. Эдай прачытаў і ціхенька свіснуў.

— А вы?.. — спытаўся ён.

— Падстроіў пастку, — сказаў Кемп, — і як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукі.

Эдай цярпліва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:

— Ён уцячэ.

— Не, не, — адказаў Кемп.

Зверху пачуўся звон і трэск разбітага шкла. Эдай заўважыў маленькі рэвальвер, які тырчаў з кішэні Кемпа.

— Гэта ў кабінеце! — сказаў Кемп і першы стаў падымацца па лесвіцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзіны яе, яны зноў пачулі трэск.

У кабінеце яны ўбачылі, што два вакны з трох разбіты, падлога засыпана асколкамі, а на пісьмовым стале ляжыць вялікі камень. Абодва спыніліся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, і ў тую ж хвіліну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлілі з пісталета, і на падлогу са звонам пасыпаліся асколкі.

— Навошта гэта? — сказаў Эдай.

— Гэта пачатак, — адказаў Кемп.

— А залезці сюды няма ніякай магчымасці?

— Нават кошка не залезе, — адказаў Кемп.

— Аканіц няма?

— Тут няма. Ва ўсіх ніжніх пакоях… Ого!

Знізу данёсся звон разбітага шкла і трэск дошак пад цяжкім ударам.

— Каб яго чорт узяў, - сказаў Кемп. — Гэта, напэўна… так, гэта ў спальні. Ён збіраецца апрацаваць увесь дом. Дурань ён. Аканіцы зачынены, і шкло будзе падаць знадворку. Ён парэжа сабе ногі.

Яшчэ адно акно абвясціла аб сваім разбурэнні. Кемп і Эдай стаялі на пляцоўцы, не ведаючы, што рабіць.

— Вось што, — сказаў Эдай, — дайце мне палку ці што-небудзь падобнае: я схаджу ва ўпраўленне і загадаю прыслаць сабак. Тады мы яго зловім.

Яшчэ адно акно разбілася на друзачкі.

— Ці няма ў вас рэвальвера? — спытаўся Эдай.

Кемп сунуў руку ў кішэнь і сумеўся.

— Не, — адказаў ён, — ва ўсялякім выпадку няма лішняга.

— Я прынясу яго назад, — сказаў Эдай. — Вы ж тут у бяспецы.

Кемп, прысаромлены, аддаў рэвальвер.

— Цяпер пойдзем адчыняць дзверы, — сказаў Эдай.

Пакуль яны стаялі ў прыхожай, не адважваючыся падысці да дзвярэй, адно з вакон у спальні першага паверха затрашчала і загрымела. Кемп падышоў да дзвярэй і пачаў як мага асцярожней адсоўваць завалу, твар яго быў некалькі бляднейшы, чым звычайна.

— Выходзьце хутка, — сказаў Кемп.

Яшчэ секунда, і Эдай быў ужо на ганку, а Кемп зноў засунуў завалу. Эдай памарудзіў крыху: стаяць, прысланіўшыся спіной да дзвярэй, было ўсё-такі спакайней, потым выпрастаўся і цвёрда закрочыў уніз па прыступках. Ён перасек поплаў і прыблізіўся да веснічак. Здавалася, па траве пранёсся ветрык. Штосьці зашавялілася побач з ім.

— Пачакайце хвіліну, — вымавіў Голас.

Эдай спыніўся як укопаны, рука яго моцна сціснула рэвальвер.

— У чым справа? — сказаў Эдай, бледны і пануры; кожны нерв яго быў напружаны.

— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі вернецеся ў дом, — сказаў Голас таксама панура і напружана, як і Эдай.

— Вельмі шкадую, — сказаў Эдай некалькі ахрыплым голасам і правёў языком па перасохлых губах. Голас быў, як яму здавалася, злева ад яго. А што, калі паспрабаваць шчасця і стрэліць?

— Куды вы ідзеце? — спытаўся Голас. Яны абодва зрабілі рэзкі рух, і з расхінутай кішэні Эдая бліснуў на сонцы рэвальвер.

Эдай адмовіўся ад свайго намеру і задумаўся.

— Куды я іду, — прамовіў ён павольна, — гэта мая справа.

Не паспеў ён вымавіць гэтыя словы, як нябачная рука абхапіла яго за шыю, у спіну ўперлася калена, і ён упаў дагары. Выцягнуўшы неяк рэвальвёр, ён стрэліў наўздагад; у тую ж секунду ён атрымаў моцны ўдар у зубы і рэвальвер вырвалі ў яго з рук. Ён зрабіў марную спробу ўхапіцца за нябачную нагу, якая адразу ж выслізнула, паспрабаваў устаць і зноў упаў.

— Чорт! — сказаў Эдай.

Голас рассмяяўся.

— Я забіў бы вас, ды шкада траціць кулю, — сказаў ён.

Эдай убачыў у паветры перад сабою, футаў за шэсць, дула рэвальвера.

— Ну? — сказаў Эдай.

— Устаньце, — сказаў Голас.

Эдай падняўся.

— Смірна! — загадаў Голас і працягваў цвёрда: — Кіньце ўсе свае намеры. Помніце, што я ваш твар добра бачу, а вы мяне не бачыце. Вярніцеся ў дом.

— Ён мне не адчыніць дзверы, — сказаў Эдай.

— Вельмі шкада, — сказаў Невідзімка. — З вамі я не спрачаўся.

Эдай зноў лізнуў языком па вуснах. Ён адвёў позірк ад рэвальвера, убачыў воддаль мора, вельмі сіняе і цёмнае ў бляску паўдзённага сонца, шаўкавістыя зялёныя ўзгоркі, белы скалісты мыс, шматлюдны горад, — і раптам адчуў, якое цудоўнае жыццё. Ён перавёў позірк на маленькі металічны прадмет, які вісеў паміж небам і зямлёй за шэсць футаў ад яго.

— Што ж мне рабіць? — змрочна спытаўся ён.

— А мне што рабіць? — спытаўся Невідзімка. — Вы прывядзеце падмогу. Не, давядзецца вам вярнуцца назад.

— Я паспрабую. Калі ён упусціць мяне, вы абяцаеце не ўрывацца за мной у дом?

— З вамі я не сварыўся, — адказаў Голас.

Кемп, выпусціўшы Эдая, паспяшаўся наверх; асцярожна ступаючы па асколках, ён падкраўся да акна кабінета, зазірнуў ўніз і ўбачыў Эдая, які размаўляў з Невідзімкам.

— Што ж ён не страляе? — прамармытаў Кемп.

Тут рэвальвер перамясціўся і заблішчэў на сонцы.

Засланіўшы вочы, Кемп стараўся прасачыць рух асляпляльнага промня.

— Так і ёсць! — усклікнуў ён. — Эдай аддаў рэвальвер.

— Абяцаеце не ўрывацца за мной, — казаў у гэты час Эдай. — Не захапляйцеся сваёй удачай. Уступіце ў чым-небудзь.

— Вяртайцеся ў дом. Кажу вам прама: я нічога не абяцаю.

Эдай, мусіць, раптам прыняў рашэнне! Ён павярнуўся да дома і павольна пайшоў наперад, заклаўшы рукі за спіну. Кемп з неўразуменнем назіраў за ім. Рэвальвер знік, потым зноў бліснуў, зноў знік, і зноў Кемп, напружваючы зрок, разгледзеў яго: маленькі цёмны прадмет, што следаваў за Эдаем. Далей усё адбылося маланкава: Эдай зрабіў скачок назад, крута павярнуўся, хацеў схапіць рэвальвер, не злавіў яго, падняў рукі і ўпаў ніцма, пакінуўшы над сабою сіняе воблачка дыму. Стрэла Кемп не пачуў. Эдай зрабіў некалькі сутаргавых рухаў, прыўзняўся, апіраючыся на руку, зноў упаў і застаўся ляжаць нерухома.

Кемп пастаяў крыху, уважліва гледзячы на ціхамірную спакойную позу Эдая. Дзень быў гарачы і бязветраны, здавалася, увесь свет заціх, толькі ў кустах паміж домам і веснічкамі два жоўтыя матылькі ганяліся адзін за адным. Эдай ляжаў на поплаве каля веснічак. Ва ўсіх дачах на ўзгорку шторы былі спушчаны, толькі ў зялёнай альтанцы можна было заўважыць белую фігуру — мусіць, старога, які мірна драмаў. Кемп уважліва ўглядваўся, шукаючы ў паветры паблізу ад дома рэвальвер, але ён знік. Кемп зноў паглядзеў на Эдая. Ігра пачалася сур'ёзная.

Хтосьці пачаў званіць і стукаць ва ўваходныя дзверы, усё больш гучна, настойліва, але ўся прыслуга, павінуючыся распараджэнню Кемпа, сядзела запёршыся ў сваіх пакоях. Нарэшце ўсё сціхла. Кемп пасядзеў крыху, услухоўваючыся, потым асцярожна выглянуў па чарзе ў кожнае з трох вокнаў. Потым выйшаў на лесвіцу і зноў з трывогай прыслухаўся. Затым узброіўся качаргой, якую ўзяў у спальні, і зноў пайшоў правяраць унутраныя засаўкі вокнаў на ніжнім паверсе. Усё было трывала і надзейна. Ён вярнуўся наверх. Эдай па-ранейшаму нерухома ляжаў ля краю пасыпанай гравіем дарожкі. Па дарозе, міма дач, ішлі пакаёўка і двое палісменаў.

Стаяла мёртвая цішыня. Кемпу здавалася, што трое людзей набліжаюцца вельмі павольна. Ён пытаўся ў сябе, што робіць яго праціўнік.

Раптам ён уздрыгнуў. Знізу пачуўся трэск. Пасля некаторага вагання Кемп спусціўся ўніз. Нечакана ўвесь дом напоўніўся цяжкімі ўдарамі і трэскам дрэва, якое шчапалі. Звінелі і бразгалі жалезныя засаўкі на аканіцах. Ён павярнуў ключ, адчыніў дзверы ў кухню, і ў гэтую хвіліну ў пакой паляцелі пасечаныя і разламаныя аканіцы. Кемп спыніўся, здранцвеўшы ад жаху. Аконная рама, акрамя адной перакладзіны, была яшчэ цэлая, але ад шкла засталася толькі зубчатая аблямоўка. Аканіцы былі пасечаны сякерай, якая цяпер з усяго размаху біла па раме і жалезных кратах, што засцерагалі акно. Але раптам сякера адскочыла ўбок і знікла.

Кемп убачыў рэвальвер, які ляжаў на дарожцы каля дома, і тут жа рэвальвер узляцеў у паветра. Кемп падаўся назад. Яшчэ секунда — і пачуўся стрэл; шчэпка, адарваная ад зачыняемых Кемпам дзвярэй, праляцела над яго галавой. Ён зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і тут жа пачуў крыкі і смех Грыфіна. Потым зноў затрашчала дрэва пад скрышальнымі ўдарамі сякеры.

Кемп стаяў у калідоры, збіраючыся з думкамі. Цераз хвіліну Невідзімка будзе на кухні. Гэтыя дзверы затрымаюць яго ненадоўга, і тады…

Каля ўваходных дзвярэй пазванілі. Магчыма, палісмены. Кемп пабег у прыхожую, умацаваў ланцуг і адсунуў засаўку. Толькі аклікнуўшы пакаёўку і пачуўшы яе голас, ён зняў ланцуг, усе трое гурбой уваліліся ў дом, і Кемп зноў зачыніў дзверы.

— Невідзімка! — сказаў Кемп. — У яго рэвальвер. Засталося два зарады. Ён забіў Эдая. Ва ўсялякім выпадку падстрэліў яго. Вы не бачылі яго на лужку? Ён там ляжыць.

— Хто? — спытаўся адзін з паліцэйскіх.

— Эдай, — сказаў Кемп.

— Мы прайшлі задворкамі, - сказала пакаёўка.

— Што гэта за трэск? — спытаўся другі палісмен.

— Ён на кухні… ці хутка будзе там. Ён знайшоў сякеру…

Раптам на ўвесь дом загучалі ўдары сякеры па кухонных дзвярах. Пакаёўка зірнула на дзверы і адступіла ў сталовую. Кемп адрывіста растлумачыў сітуацыю. Яны пачулі, як паддаліся кухонныя дзверы.

— Сюды! — крыкнуў Кемп, ліхаманкава ўпіхваючы паліцэйскіх у сталовую. Яго раптам захапіла прага дзейнасці.

— Качаргу! — крыкнуў Кемп і кінуўся да каміна. Качаргу, якую ён прынёс са спальні, ён аддаў аднаму з палісменаў, а качаргу са сталовай — другому. Нечакана ён адскочыў назад.

Адзін з палісменаў хутка прыгнуўся і, крактануўшы, зачапіў сякеру качаргой. Рэвальвер выпусціў апошні зарад, прарваўшы каштоўнае палатно пэндзля Сіднея Купера. Другі палісмен стукнуў сваёй качаргой па маленькай смертаноснай зброі, нібы хацеў забіць асу, і рэвальвер са стукам упаў на падлогу.

Як толькі пачалася схватка, пакаёўка ўскрыкнула, пастаяла з хвіліну каля каміна і кінулася адчыняць аканіцы, думаючы, мусіць, выратавацца цераз разбітае акно.

Сякера выбралася ў калідор і спынілася фута за два ад падлогі. Чуваць было цяжкае дыханне Невідзімкі.

— Вы абодва адыдзіце, — сказаў ён. — Мне патрэбны Кемп.

— А нам патрэбны вы, — сказаў першы палісмен і, рэзка ступіўшы наперад, ударыў качаргой у напрамку Голаса. Але Невідзімку ўдалося ўхіліцца ад удару, і качарга трапіла ў стойку для парасонаў.

Палісмен ледзьве ўтрымаўся на нагах, і ў тую ж хвіліну сякера стукнула яго па галаве, скамячыўшы каску, быццам яна была з паперы, і ён кулём вылецеў на кухонную лесвіцу. Але другі палісмен ударыў качаргой ззаду сякеры і трапіў на штосьці мяккае. Пачуўся крык болю, і сякера ўпала на падлогу. Палісмен зноў размахнуўся, але ўдар патрапіў у пустату; потым ён наступіў нагой на сякеру і яшчэ раз ударыў. Затым, трымаючы качаргу напагатове, ён стаў уважліва прыслухоўвацца, стараючыся ўлавіць які-небудзь рух.

Ён пачуў, як адчынілася акно ў сталовай і затым прагучалі хуткія крокі. Таварыш яго падняўся і сеў; кроў цякла па ягонай шчацэ.

— Дзе ён? — спытаўся ранены.

— Не ведаю. Я трапіў у яго. Стаіць дзе-небудзь у прыхожай, калі толькі не прашмыгнуў міма цябе. Доктар Кемп! Сэр!..

Ніякага адказу.

— Доктар Кемп! — зноў паклікаў паліцэйскі.

Ранены стаў марудна падымацца на ногі. Нарэшце яму гэта ўдалося. Раптам з кухоннай лесвіцы данеслася шлёпанне босых ног.

— Гоп! — крыкнуў паліцэйскі, які трымаў качаргу, і кінуў яе; яна разбіла газавы ражок.

Паліцэйскі пачаў было праследаваць Невідзімку. Але потым перадумаў і ўвайшоў у сталовую.

— Доктар Кемп… — пачаў ён і адразу спыніўся. — Храбры хлопец гэты доктар Кемп, — сказаў ён, звяртаючыся да таварыша, які зазірнуў цераз яго плячо.

Акно ў сталовай было расчынена насцеж. Ні пакаёўкі, ні Кемпа.

Сваю думку пра доктара Кемпа другі палісмен выказаў коратка і энергічна.


Загрузка...