Раздзел XX. У доме на Грэйт-Портленд-стрыт


З хвіліну Кемп сядзеў маўкліва, гледзячы на спіну безгаловай фігуры, якая стаяла каля акна. Потым уздрыгнуў, уражаны нейкай думкай, падняўся, узяў Невідзімку за руку і адвёў яго ад акна.

— Вы стаміліся, — сказаў ён. — Я сяджу, а вы ўвесь час ходзіце. Сядзьце ў маё крэсла.

Сам ён сеў паміж Грыфінам і бліжэйшым акном. Грыфін сеў у крэсла, памаўчаў крыху, потым зноў хутка загаварыў:

— Калі гэта здарылася, я ўжо развітаўся з каледжам у Чэзілстоў. Гэта было ў снежні мінулага года. Я наняў пакой у Лондане, вялікі пакой без мэблі ў вялізным занядбаным доме, у глухім квартале, каля Грэйт-Портленд-стрыт. Пакой хутка запоўніўся самымі рознымі апаратамі, купленымі на бацькоўскія грошы, і я працаваў упарта, паспяхова, я няспынна набліжаўся да мэты. Я быў падобны на чалавека, які выбраўся з густога зарасніку і нечакана быў уцягнуты ў нейкую бязглуздую незразумелую трагедыю. Я паехаў на пахаванне бацькі. Я ўвесь быў захоплены сваімі доследамі, і я палец аб палец не стукнуў, каб выратаваць яго рэпутацыю. Помню пахаванне, танную труну, убогую працэсію, што паднімалася па схіле ўзгорка, халодны, пранізлівы вецер… Стары ўніверсітэцкі таварыш бацькі здзейсніў над ім апошні абрад, — няшчасны, чорны, скручаны стары, які пакутаваў насмаркам.

Помню, я вяртаўся з могілак у апусцелы дом па мястэчку, якое некалі было вёскай, а цяпер, на скорую руку перабудаванае і залатанае, стала агідным падабенствам горада. Усе дарогі, па якой ні пойдзеш, вялі ў запусцелыя навакольныя палі і абрываліся ў кучах шчэбню і густых зарасніках пустазелля. Помню, як я крочыў па слізкім бліскучым тратуары — змрочная чорная фігура — і нейкае дзіўнае пачуццё адчужанасці адчуваў я ў гэтым гарадку, ханжаскім і гандлярскім.

Смерць бацькі ніколькі мяне не засмуціла. Ён здаваўся мне ахвярай сваёй асабістай неразумнай чуллівасці. Усеагульная крывадушнасць патрабавала маёй прысутнасці на пахаванні, на самой жа справе гэта мяне мала закранала.

Але, ідучы па Хай-стрыт, я прыпомніў на імгненне сваё мінулае. Я ўбачыў дзяўчыну, якую ведаў дзесяць гадоў назад. Нашы вочы сустрэліся…

Сам не ведаю чаму, я вярнуўся і загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем.

Усё маё знаходжанне на старым папялішчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзінокі, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубіў цікавасць да навакольнага. Але прыпісваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаіснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў і любіў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былі ўжо ліквідаваны, заставалася толькі абдумаць некаторыя дробязі.

Калі-небудзь, Кемп, я апішу вам усе гэтыя вельмі складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзіць у падрабязнасці. У большасці, за выключэннем некаторых пунктаў, якія я лічу за лепшае захоўваць у памяці, усё гэта запісана шыфрам у тых кнігах, якія сцягнуў валацуга. Мы павінны злавіць яго. Мы павінны вярнуць гэтыя кнігі. Галоўная задача заключалася ў тым, каб змясціць празрысты прадмет, каэфіцыент праламлення якога патрэбна было знізіць, паміж двума святловыпраменьваючымі цэнтрамі эфірнай вібрацыі, - пра яе я раскажу вам потым. Не, не рэнтгенаўскія промні. Не ведаю, ці апісваў хто-небудзь тыя промні, пра якія я кажу, але яны існуюць, гэта несумненна. Я карыстаўся двзюмя невялікімі дынама-машынамі, якія пускаў у ход пры дапамозе таннага газавага рухавіка. Першы мой дослед я прарабіў над кавалкам белай шарсцяной тканіны. Да чаго ж дзіўна было бачыць, як гэтая белая мяккая тканіна паступова таяла, быццам струмень пары, і потым знікала зусім.

Мне не верылася, што я гэта зрабіў. Я сунуў руку ў пустату і намацаў тканіну. такую ж шчыльную, як і раней. Я незнарок тузануў, і яна ўпала на падлогу. Я не адразу знайшоў яе.

А потым здарылася вось што: я пачуў за спіной мяўканне, павярнуўся і ўбачыў на вадасцёкавай трубе за акном белую кошку — худую і страшэнна брудную. Мяне нібы асяніла. «Усё гатова для цябе», — сказаў я, падышоў да акна, адчыніў яго і ласкава паклікаў кошку. Яна зайшла ў пакой мурлыкаючы, — небарака, яна ледзьве не здыхала ад голаду, і я даў ёй малака. Уся мая правізія захоўвалася ў буфеце, у кутку пакоя. Выхлебтаўшы малако, кошка стала разгульваць па пакоі, абнюхваючы ўсе куткі — мусіць, яна вырашыла, што тут будзе яе новы дом. Нябачная ануча некалькі ўсхвалявала яе — вы паглядзелі б, як яна зафыркала! Я пасадзіў яе вельмі зручна на маім складным ложку і пачаставаў маслам, каб яна дала памыць сябе.

- І вы паспрабавалі правесці над ёй дослед?

— Так. Але напаіць кошку зеллем — гэта не жарт, Кемп! І дослед мой не ўдаўся.

— Не ўдаўся?

— Па двух пунктах. Па-першае, кіпцюры, а па-другое, пігмент… забыўся яго назву — на задняй сценцы вока ў кошак, помніце?

— Tapetum.

— Ага, tapetum. Гэты пігмент не знікаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крыві і зрабіў над ёй розныя другія працэдуры, я даў ёй опіума і разам з падушкай, на якой яна спала, змясціў яе каля апарата. І потым, калі ўсё страціла колер і знікла, засталіся дзве невялікія плямы — яе вочы.

— Цікава!

— Не магу гэта растлумачыць. Кошка, зразумела, была забінтавана і звязана, і я не баяўся, што яна збяжыць. Але яна прачнулася, калі ператварэнне яшчэ не зусім закончылася, і стала жаласліва мяўкаць, і тут пачуўся стук у дзверы. Стукала старая, якая жыла ўнізе і падазравала мяне ў тым, што я займаюся вівісекцыяй, — п'яніца, у якой на свеце нічога і нікога не было, акрамя гэтай кошкі. Я паспяшаўся ўжыць хлараформ, кошка замоўкла, і я прачыніў дзверы. «Гэта ў вас кошка мяўкала? — спыталася яна. — Ужо ці яе мая?» — «Не, вы памыліліся, тут няма ніякай кошкі», — адказаў я даволі ветліва. Яна не вельмі паверыла і паспрабавала зазірнуць у пакой. Мусіць, дзіўным здаўся ёй мой пакой: голыя сцены, вокны без фіранак, складны ложак, газавы рухавік у дзеянні, свячэнне апарата і слабы дурманлівы пах хлараформа. Нарэшце, ёй давялося задаволіцца гэтым і адправіцца ні з чым.

— Колькі часу патрэбна на гэта? — спытаўся Кемп.

— На дослед з кошкай пайшло гадзіны тры-чатыры. Апошнія зніклі косці, сухажыллі і тлушч. А таксама кончыкі афарбаваных валаскоў шэрсці. І, як я ўжо казаў, радужнае рэчыва на задняй сценцы вока не знікла.

Наступіла ноч, перш чым я закончыў дослед: нічога ўжо не было бачна, акрамя туманных плямаў замест вачэй і кіпцюроў. Я спыніў рухавік, намацаў і пагладзіў кошку, якая яшчэ не апрытомнела, і, развязаўшы яе, пакінуў спаць на нябачнай падушцы, а сам, адчуваючы сябе страшэнна стомленым, лёг у пасцель. Але заснуць я не мог. У галаве праносіліся няясныя бязладныя думкі. Зноў і зноў перабіраў я ўсе падрабязнасці толькі што праведзенага доследа ці забываўся ліхаманкавым сном, і мне здавалася, што ўсё навакольнае становіцца няясным і знікае, і нарэшце, сама зямля знікае ў мяне з-пад ног, і я правальваюся, падаю некуды, як бывае толькі ў кашмары… Каля дзвюх гадзін ночы кошка прачнулася і стала бегаць па пакоі, жаласліва мяўкаючы. Я паспрабаваў заспакоіць яе ласкавымі словамі, а потым вырашыў выгнаць. Помню, як я быў уражаны, калі запаліў запалку: я ўбачыў два круглыя зялёныя вокі, якія свяціліся, а вакол іх — нічога. Я хацеў даць ёй малака, але яго не аказалася. Яна ніяк не супакойвалася, села каля дзвярэй і працягвала мяўкаць. Я пастараўся злавіць яе, каб выпусціць з акна, але яна не давалася ў рукі, яна знікала. То тут, то там, у розных кутках пакоя чулася яе мяўканне. Нарэшце я адчыніў акно і стаў бегаць па пакоі. Магчыма, яна напалохалася і выскачыла ў акно. Больш я яе не бачыў і не чуў.

Потым, бог ведае чаму, я стаў успамінаць пахаванне бацькі, халодны вецер, які дзьмуў на схіле ўзгорка… Так працягвалася да самай раніцы. Адчуваючы, што мне не заснуць, я падняўся і, замкнуўшы за сабой дзверы, накіраваўся бадзяцца па ціхіх ранішніх вуліцах.

— Няўжо вы думаеце, што і цяпер па свеце гуляе нябачная кошка? — спытаўся Кемп.

— Калі толькі яе не забілі, - адказаў Невідзімка. — А чаму б і не?

— Чаму б і не? — паўтарыў Кемп і папрасіў прабачэння: — Прабачце, што я перапыніў вас.

— Напэўна, яе забілі, - сказаў Невідзімка. — Чатыры дні яна была яшчэ жывая — гэта я ведаю: яна, відавочна, сядзела пад плотам на Грэйт-Тычфілд-стрыт, там сабраўся натоўп разявак, якія стараліся зразумець, адкуль чуецца мяўканне.

З хвіліну ён маўчаў, потым зноў хутка загаварыў:

— Я вельмі ясна помню гэтую раніцу: я, напэўна, прайшоў усю Грэйт-Портленд-стрыт, таму што помню казармы на Олбэні-стрыт і кавалерыстаў, якія выязджалі адтуль. У рэшце рэшт я апынуўся на вяршыні Прымроз-хіла. Я адчуваў сябе зусім хворым. Быў сонечны, студзеньскі дзень. У гэты год, перш чым выпаў снег, надвор'е стаяла яснае, марознае. Мой стомлены розум стараўся ахапіць абставіны, скласці план дзеянняў.

Я са здзіўленнем пераканаўся, што цяпер, калі я амаль ужо дасягнуў запаветнай мары, гэта зусім не радуе мяне. Я быў занадта стомлены; ад страшнага напружання амаль чатырохгадовай бесперапыннай працы ўсе мае пачуцці прытупіліся. Мною авалодалі абыякавасць, вяласць, і я дарэмна спрабаваў вярнуць гарэнне першых дзён работы, тое моцнае імкненне да адкрыццяў, якое дало мне сілу спакойна загубіць старога бацьку. Я страціў цікавасць да ўсяго. Але я разумеў, што гэта часовы стан, выкліканы стомленасцю і бяссонніцай, і што калі не лекі, дык адпачынак вернуць мне ранейшую энергію.

Ясна я ўсведамляў толькі адно: справу неабходна давесці да канца. Неадчэпная ідэя ўсё яшчэ валодала мной. І зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, я ж патраціў ужо амаль усе грошы. Я азірнуўся навокал, паглядзеў на дзяцей, якія гулялі і за якімі назіралі нянькі, і пачаў думаць аб тых фантастычных перавагах, якімі можа карыстацца ў гэтым свеце нябачны чалавек. Я вярнуўся дадому, крыху паеў, прыняў вялікую дозу стрыхніну і лёг спаць, не распранаючыся, на непрыбранай пасцелі… Стрыхнін, Кемп, выдатны ўзбуджальны сродак і не дае чалавеку падаць духам.

— Страшэнная штука, — сказаў Кемп.

— Я прачнуўся, адчуваючы вялікі прыліў сіл, але і нейкую раздражняльнасць. Вам знаёмы гэты стан?

— Знаёмы.

— Тут хтосьці пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, які прыйшоў з пагрозамі і роспытамі, стары польскі жыд, у доўгім шэрым сюрдуце і стаптаных туфлях. «Вы ноччу мучылі кошку», — запэўніваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вівісекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапіць і на яго. Я сцвярджаў, што ніякай кошкі ў мяне не было. Тады ён заявіў, што гудзенне газавага рухавіка чуецца ва ўсім доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круціўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой і заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхіёравай аправе, і раптам мяне ахапіў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць паміж ім і маім апаратам, але гэта толькі падагравала яго цікаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзін і хаваюся ад людзей? Ці не займаюся я чым-небудзь злачынным? Ці не небяспечна гэта? А я нічога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калі суседнія дамы гэтым пахваліцца не могуць. Нарэшце я страціў цярпенне. Папрасіў яго выбірацца. Ён запратэставаў, штосьці мармытаў пра сваё права ўваходзіць да мяне, калі яму пажадаецца. Яшчэ секунда — і я схапіў яго за каўнер… Штосьці з трэскам парвалася, і ён кулём вылецеў у калідор. Я зачыніў за ім дзверы, замкнуў іх на ключ і, увесь дрыжучы, апусціўся на крэсла.

Гаспадар яшчэ нейкі час шумеў за дзвярамі, але я не звяртаў на яго ўвагі, і ён хутка пайшоў.

Гэтае здарэнне змусіла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, ні што ён мяркуе рабіць, ні якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, ніякага прамаруджання я не мог дапусціць. Знікнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць…

Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць ці спыніць у той момант, калі яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць і вярнула мне энергію. Я спешна выйшаў са сваімі трыма тамамі заметак і чэкавай кніжкай — цяпер усё гэта знаходзіцца ў таго валацугі — і накіраваў іх з бліжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пісем і пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсці з дому як мага цішэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвіцы, — ён, відавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяяліся б, калі б убачылі, як ён адскочыў убок, калі я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кінуў на мяне спапяляльны позірк, але я прабег міма яго і ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамі так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамі, даплёўся да маіх дзвярэй, трохі пастаяў каля іх, потым спусціўся ўніз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.

Усё было зроблена на працягу гэтага вечара і ночы. У той час, калі я яшчэ знаходзіўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якія я прыняў для абясколервання крыві, хтосьці стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спыніўся, крокі аддаліліся было, але зноў прыблізіліся, і стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьці паспрабаваў штосьці прасунуць пад дзверы — нейкую сінюю паперку. Тут мне не хапіла цярплівасці, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх насцеж. «Ну, што яшчэ?» — спытаўся я.

Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленні ці нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьці здзівілі мае рукі, і ён зірнуў мне ў твар.

З хвіліну ён стаяў разінуўшы рот, затым крыкнуў штосьці невыразнае, выпусціў і свечку і паперу і, спатыкаючыся, кінуўся ўцякаць па цёмным калідоры да лесвіцы. Я зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, — быццам з белага каменя.

Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахліва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасці і непрытомнасці. Я сціснуў зубы, усё цела гарэла, як у агні, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзін, без служанкі. Былі хвіліны, калі я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў… Я страціў прытомнасць і апрытомнеў толькі сярод ночы, вельмі аслабелы. Боль я ўжо зусім не адчуваў. Я вырашыў, што забіваю сябе, але паставіўся да гэтага цалкам абыякава. Ніколі не забуду гэтага світанку, не забуду жудасці, якая ахапіла мяне пры выглядзе маіх рук, якія былі нібы зроблены з дымчатага шкла і паступова, з наступленнем дня, станавіліся ўсё больш празрыстыя і тонкія, так што я мог бачыць скрозь іх усе прадметы, якія былі бязладна параскіданы па пакоі, хоць і заплюшчваў свае празрыстыя павекі. Цела маё зрабілася нібы шкляное, косці і артэрыі паступова бляднелі, знікалі; апошнімі зніклі тонкія ніткі нерваў. Я рыпеў зубамі ад болю, але вытрымаў да канца… Нарэшце засталіся толькі амярцвелыя белыя кончыкі пазногцяў і бурая пляма нейкай кіслаты на пальцы.

З вялікай цяжкасцю я падняўся з пасцелі. Спачатку я адчуваў сябе бездапаможным, як дзіцянё, ступаючы нагамі, якіх я не бачыў. Я быў вельмі слабы і галодны. Падышоўшы да люстэрка, перад якім я звычайна галіўся, я ўбачыў пустату, у якой ледзь-ледзь можна было яшчэ разгледзець туманныя сляды пігмента ззаду сеткаватай абалонкі вачэй. Я схапіўся за край стала і прыціснуўся лбом да люстэрка.

Толькі аднойчы напружаннем волі я прымусіў сябе вярнуцца да апарата і закончыць працэс.

Я праспаў да раніцы, закрыўшы твар прасцінай, каб засцерагчы вочы ад святла, а каля паўдня мяне зноў разбудзіў стук у дзверы. Сілы вярнуліся да мяне. Я сеў, прыслухаўся і пачуў шэпт за дзвярамі. Я ўскочыў і ўзяўся без шуму разбіраць апарат, рассоўваючы асобныя часткі па розных кутках, каб немагчыма было здагадацца пра яго канструкцыю. Зноў прагучаў стук і пачуліся галасы — спачатку гаспадара, а потым яшчэ два, незнаёмыя. Каб выйграць час, я адклікнуўся. Мне трапіліся пад руку нябачная ануча і падушка, і я выкінуў іх цераз акно на суседні дах. Калі я адчыніў акно, дзверы аглушальна затрашчалі. Мусіць, хтосьці налёг на іх плячом, спадзеючыся высадзіць замок. Але моцныя засаўкі, якія я прывінціў некалькі дзён таму, не паддаваліся. Аднак гэта ўстрывожыла і абурыла мяне. Увесь дрыжучы, я стаў паспешна заканчваць сваю падрыхтоўку.

Я сабраў у кучу чарнавікі запісаў, што валяліся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу і ўсялякі хлам і адкрыў газ. У дзверы пасыпаліся цяжкія і хуткія ўдары. Я ніяк не мог знайсці запалкі. У шаленстве я стаў біць па сцяне кулакамі. Я зноў закруціў газавы ражок, вылез з акна на суседскі дах, вельмі ціха апусціў раму і сеў — у поўнай бяспецы і нябачны, але дрыжучы ад гневу і нецярпення. Я бачыў, як адарвалі ад дзвярэй дошку, потым адбілі скобы засавак і ў пакой уварваліся гаспадар і яго два пасынкі — двое дужых хлопцаў дваццаці трох і дваццаці чатырох гадоў. Ззаду іх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнізе.

Можна сабе ўявіць іх здзіўленне, калі яны знайшлі пакой пустым. Адзін з маладых хлопцаў кінуўся да акна, расчыніў яго і стаў азірацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фізіяномія з вылупленымі вачамі была ад мяне на адлегласці фута. Мне так і карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як і астатнія, якія падышлі да яго. Стары вярнуўся ў пакой і зазірнуў пад ложак, а потым яны ўсе кінуліся да буфета. Затым яны сталі горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскі жаргон з лонданскім вулічным. Яны пагадзіліся, што я зусім не адказваў на стук і што ім гэта толькі падалося. Мой гнеў уступіў месца незвычайнай радасці: я сядзеў за акном і спакойна сачыў за гэтымі чатырма людзьмі, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азіраючыся, — якія спрабавалі разгадаць загадку маіх паводзін.

Стары, наколькі я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вівісекцыяй. Сыны пярэчылі на ламанай англійскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнік, і ў довад спасылаліся на дынама-машыны і апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойваліся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулі знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце і пад ложкам. Адзін з маіх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, які жыў разам з мясніком у пакоі насупраць, з'явіўся на пляцоўцы лесвіцы. Яго таксама запрасілі ў мой пакой і нагаварылі яму немаведама што.

Мне прыйшло ў галаву, што калі мае апараты трапяць у рукі назіральнага і талковага спецыяліста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой і, абмінуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны і разбіў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохаліся! Затым, пакуль яны стараліся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслізнуў з пакоя і ціха спусціўся ўніз.

Я ўвайшоў у гасціную і стаў чакаць іх вяртання; неўзабаве яны прыйшлі, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне і стараючыся знайсці яму тлумачэнне. Яны былі некалькі расчараваны, не знайшоўшы ніякіх «жахаў», і ў той жа час вельмі збянтэжаныя, не ведаючы, наколькі законна яны дзейнічалі ў адносінах да мяне. Як толькі яны спусціліся на ніжні паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапіў карабок запалак, запаліў паперу і смецце, прысунуў да агню крэслы і ложак і падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкі.

— Вы падпалілі дом?! — усклікнуў Кемп.

— Так, падпаліў. Гэта была адзіная магчымасць замесці сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны… Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй і выйшаў на вуліцу. Я быў нябачны і яшчэ толькі пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотні самых смелых і фантастычных планаў узнікалі ў маіх мазгах, і ад усведамлення поўнай беспакаранасці кружылася галава.


Загрузка...