Раздзел XV. Чалавек, які бяжыць


Надвячоркам доктар Кемп сядзеў у сваім кабінеце, у вежы дома, які стаяў на ўзгорку, адкуль адкрываўся від на Вэрдок. Гэта быў невялікі ўтульны пакой з трыма вокнамі — на поўнач, захад і поўдзень з вялікай колькасцю паліц, застаўленых кнігамі і навуковымі часопісамі, і з трывалым пісьмовым сталом; каля паўночнага акна стаяў столік з мікраскопам, шкельцамі, усялякімі маленькімі прыборамі, культурамі бацыл і бутэлечкамі з рэактывамі. Лямпа ў кабінеце была ўжо запалена, хаця промні заходзячага сонца яшчэ ярка асвятлялі неба. Шторы былі падняты, таму не даводзілася турбавацца, што хто-небудзь пажадае зазірнуць у акно. Доктар Кемп быў высокім стройным маладым чалавекам з ільнянымі валасамі і светлымі, амаль белымі вусамі. Рабоце, якой ён быў цяпер заняты, ён прыдаваў вялікае значэнне, разлічваючы трапіць дзякуючы ёй у члены Каралеўскага навуковага таварыства.

Выпадкова падняўшы вочы ад работы, ён убачыў агністы заход сонца над узгоркам насупраць. З хвіліну, магчыма, рассеяна прыкусіўшы кончык ручкі, ён любаваўся залатым ззяннем над вяршыняй узгорка; потым увагу яго прыцягнула маленькая чорная фігурка, якая рухалася па ўзгорку ў напрамку да яго дома. Гэта быў нізенькі чалавечак у цыліндры, і бег ён з такой хуткасцю, што ногі яго так і мільгалі ў паветры.

«Яшчэ адзін асёл, — падумаў доктар Кемп. — Падобны на таго, які наляцеў на мяне сёння раніцай з крыкам: «Невідзімка ідзе!» Не разумею, што гэта робіцца з людзьмі. Можна падумаць, што мы жывём у трынаццатым стагоддзі».

Ён падняўся, падышоў да акна і стаў глядзець на ўзгорак, ахутаны змрокам, і на цёмную фігуру чалавека, які бег.

— Ён, мусіць, вельмі спяшаецца, — сказаў доктар Кемп, — але ад гэтага штосьці мала толку. Ён бяжыць так паволі, як быццам бы ў яго кішэні набіты свінцом. Хутчэй, сэр, хутчэй! — сказаў доктар Кемп.

Праз хвіліну чалавек схаваўся за адной з віл на схіле ўзгорка. Яшчэ праз хвіліну ён зноў з'явіўся ў прасвеце паміж двума дамамі, затым зноў схаваўся і зноў паказаўся, і так тры разы, пакуль не знік зусім.

— Аслы! — сказаў доктар Кемп і, павярнуўшыся, зноў накіраваўся да пісьмовага стала.

Але тыя, каму давялося быць у гэты час на дарозе і блізка бачыць чалавека, які бег, бачыць дзікі жах на яго мокрым ад поту твары, тыя не падзялялі пагардлівага скептыцызму доктара. Чалавек уцякаў, і ад яго пры гэтым далятаў звон, як ад туга набітага кашалька, які кідаюць або туды, або сюды. Ён не аглядваўся ні направа, ні налева, але глядзеў расшыранымі вачыма проста перад сабой, туды, дзе каля падножжа ўзгорка адзін за адным успыхвалі ліхтары і тоўпіўся на вуліцы народ. Ніжняя сківіца ў яго адвісла, на губах выступіла густая пена і дыхаў ён хрыпла і гучна. Усе прахожыя спыняліся, пачыналі аглядваць дарогу і з прыкметным хваляваннем распытвалі адзін аднаго, чым могуць быць выкліканы такія паспешлівыя ўцёкі.

Раптам воддаль, амаль на вяршыне ўзгорка, сабака, які гарэзнічаў на дарозе, заскуголіў, кінуўся ў падваротню і, пакуль прахожыя дзівіліся, міма іх пранеслася штосьці, - не то вецер, не то шлёпанне ног, не то шум цяжкага дыхання.

Людзі закрычалі. Людзі кінуліся ў бакі. З лямантам пабеглі пад гару. Іх крыкі ўжо чуліся на вуліцы, калі Марвел быў яшчэ на сярэдзіне ўзгорка. Яны разбягаліся па дамах, ліхаманкава зачынялі за сабой дзверы і, ледзьве аддыхаўшыся, паведамлялі страшэнную вестку. Марвел чуў бразганне дзвярэй і рабіў апошнія адчайныя намаганні.

Жах пранёсся міма яго, абагнаў яго і ў адно імгненне апанаваў увесь гарадок.

«Невідзімка ідзе! Невідзімка!..»


Загрузка...