Для Шона П. Ф. Харыса,
за найхуткасную язду і сяброўскае плячо ў цяжкую хвіліну
У чарговы раз, падчас сняданку, за сталом у доме нумар чатыры на вуліцы Прайвет Драйв успыхнула сварка. І ўсё з-за таго, што містэр Вернан Дурслі быў пабуджаны на золку гучным вухканнем, што даносілася з пакою яго пляменніка Гары.
— Трэці раз за тыдзень!— гучна прароў ён пляменніку праз стол. — Калі ты не ў стане кантраляваць сваю саву, няхай яна прыбіраецца з маёй хаты!
Гары ў чарговы раз паспрабаваў растлумачыць дзядзьку ў чым справа.
— Ёй СУМНА, — адказаў ён. — Яна прызвычалася да таго, што можа лятаць знадворку. Калі я хаця б мог выпускаць яе па начах на шпацыр...
— Я што, падобны на ідыёта?— гыркнуў дзядзька Вернан, на доўгіх вусах якога болталіся рэшткі яечні. — Я ведаю, што будзе, калі ты выпусціш яе вонкі.
Ён ваўкавата перазірнуўся са сваёй жонкай Пятуньяй.
Гары паспрабаваў растлумачыць яшчэ раз, але яго словы патанулі за доўгай гучнай адрыжкай Дадлі, сына містэра і місіс Дурслі.
— Я хачу яшчэ бекона.
— На патэльні ёсць яшчэ, саладзенькі мой. — зірнуўшы на свайго буйнога сына цмянымі вачыма, адказала цётка Пятунья. — Нам трэба падкарміць цябе, пакуль у нас ёсць такая магчымасць... Нешта мне не надта падабаецца ваша школьнае харчаванне...
— Глупства кажаш, Пятунья, — палка прамовіць дзядзька. — Калі я вучыўся ў Смелцінгсе, я ніколі не галадаў. Цябе ж там добра кормяць, сын?
Дадлі, бакі якога звісалі з крэсла, усміхнуўся і павярнуўся да Гары.
— Перадай мне патэльню.
— А чароўнае слова?— раздражнённа прамовіў той.
Звычайныя гарыны словы прывялі да найнезвычайнейшых наступстваў: Дадлі вохнуўшы паваліўся з крэсла, ад чаго па ўсёй кухне ажно загрукатала; місіс Дурслі ўскрыкнуўшы, заціснула далонямі рот; а містэр Дурслі ўскочыў на ногі, вены на яго скронях пульсавалі ад злосці.
— Я меў на ўвазе “калі ласка”!— хутка вымавіў Гары. — Я нічога не...
— Я КОЛЬКІ РАЗ ПАПЯРЭДЖВАЎ ЦЯБЕ, — брызгаючы сліной над сталом, прагрукатаў дзядзька, — НЕ ЎЗГАДВАЦЬ У МАЁЙ ХАЦЕ СЛОВА НА ЛІТАРУ “Ч”?
— Але я...
— ЯК ТЫ АСМЕЛІЎСЯ ПАГРАЖАЦЬ ДАДЛІ?— бухаючы кулаком па стале, працягваў равець містэр Дурслі.
— Я ж толькі...
— Я КОЛЬКІ РАЗОЎ КАЗАЎ ЦЯБЕ! Я НЕ БУДУ ЦЯРПЕЦЬ ПАД СВАІМ ДАХАМ, УЗГАДАК АБ ТВАЁЙ НЕНАРМАЛЁВАСЦІ!
Хлопчык зірнуў на пурпуровы ад злосці дзядзькаў твар, потым на збляднелую цётку, якая намагалася дапамагчы Дадлі падняцца на ногі.
— Ну, добра, — адказаў Гары, — добра...
Дядзька Вернан, дыхаючы, як той запыхаўшыйся насарог, сеў на сваё месца, скоса працягваючы паглядаць на Гары сваімі калючымі вочкамі.
З таго самага моманту, калі Гары вярнуўся дадому на летнія вакацыі, дзядзька ставіўся да яго, бы да бомбы, якая ў любы момант можа выбухнуць, таму што лічыў Гары НЕ НАРМАЛЁВЫМ хлопцам.
Звычайным хлопцам ён на самой справе і не з’яўляўся. Гары Потэр быў чараўніком — маладым чараўніком, які толькі што скончыў свой першы год навучэння ў Хогвартсе — Школе чарадзейства і вядзмарства. І, калі Дурслі не надта былі задаволены яго вяртаннем на вакацыі, гэта было нішто ў параўнанні з тым, што адчуваў сам Гары.
Ён да болі ў грудзях сумаваў аб сваёй школе. Сумаваў па замку, поўным сакрэтных праходаў і прывідаў; сумаваў па занятках (хаця магчыма не надта сумаваў па Снэйпу, які выкладаў зеллеварства); сумаваў па паштоўках, якія ў школу прыносілі совы, па ежы на банкетах у галоўнай зале, сумаваў па ложку з балдахінам, які знаходзіўся ў вежы, якую займаў яго Дом; па візітах да ўскрайку Забароненага леса, дзе ў сваёй халупе жыў брамнік Хагрыд. Але больш за ўсё ён сумаваў па квідытчу — найпапулярнейшай у чарадзейскім свеце спартовай гульне з яе шасцю коламі варот, чатырма лятаючымі мячамі і чатырнаццацю гульцамі на мётлах.
Усе гарыны падручнікі з замовамі, чароўную палачку, мантыю, кацёл і першакласную мятлу Німбус 2000, дзядзька Вернана, як толькі яны прыехалі да хаты, запёр у каморы пад лесвіцай. Што Дурслі было да таго, што калі ён ня будзе практыкавацца, яго выкінуць з дамовай квідытчнай каманды. Ці іх цікавіла, што адбудзецца з Гары, калі ён прыедзе да школы не выканаўшы заданне на лета? Дурслі былі тымі, каго чараўнікі называюць магламі — людзьмі без наймаленечкай кропелькі магіі ў крыві і дзеля іх было найвялікшым сорамам мець у сваёй сям’і чараўніка. Дзядзька нават навесіў на клетку з гарынай савой Хэдвіг, вялізны замок, каб хлопчык ня меў стасункаў з астатнім чарадзейскім светам.
Гары анічым не нагадваў астатніх чальцоў сваёй сям’і. Дзядзька Вернан быў буйным, бязшыім і меў найвялізныя чорныя вусішчы; цётка Пятунья была кашчавай і мела канячы твар, а іх сын Дадлі быў светлавалосым, ружоватварым і вельмі тоўстым хлопчыкам. Гары ж быў маленькім і хударлявым, з бліскучымі зялёнымі вачыма і смалява-чорным, заўжды неахайным, валоссем. Ён насіў круглыя акўляры, а на ілбе меў танюткі, маланкападобны шнар.
Гэты шнар і рабіў Гары найнезвычайнейшым, нават у чарадзейскім свеце. Ён быў адзіным сведкам той таямнічай гісторыі, пасля якой хлопчык і апынуўся адзінаццаць год таму на ганку дурслеўскага дому.
Калі Гары быў толькі год, ён застаўся жыць, пасля таго, як Лорд Вальдэморт, найжахлівейшы з цёмных ведзьмакоў усіх часоў, імя якога дагэтуль баяцца вымаўляць большасць з чараўнікоў і вядзьмарак, атакаваў яго сваім праклёнам. Падчас гэтага нападу гарыны бацькі загінулі, аднак, калі Вальдэморт паспрабаваў забіць хлопчыка, аніхто ня ведае чаму, ён страціў усю сваю моц і знік, пакінуўшы маланкападобны шнар ад праклёна на гарыным ілбе.
Вось таму Гары і быў выхаваны сястрой яго маці — цёткай Пятуньей і яе мужам. Дзесяць год ён пражыў у дурслеўскім доме, не разумеючы, чаму сам таго не жадаючы робіць разнастайныя дзівосныя рэчы і ўпэўнены, што свой шнар ён атрымаў падчас аўтакатастрофы ў якой загінулі яго бацькі.
Аднак, год таму, Гары атрымаў ліст з Хогвартса і даведаўся аб тым, што адбылося на самой справе. Пасля чаго, хлопчык апынуўся ў чарадзейскай школе, дзе ён і яго шнар былі вельмі знакамітымі... але цяпер заняткі ў школе скончыліся і Гары быў вымушаны вярнуцца да Дурслі, якія ставіліся да хлопчыка, як да сабакі, які выкачаўся ў нечым смярдзючым.
Дурслі нават не ўспомнілі пра тое, што яму сёння споўнілася дванаццаць год. Ня тое, каб Гары чакаў ад ніх чагось незвычайнага — ён за ўсё жыццё не атрымаў ад Дурслі аніводнага прыстойнага падарунку, не кажучы аб торце... — але, каб вось так... цалкам праігнараваць яго...
Тут дзядзька адкхекаўшыся, ганарліва прамовіў:
— Як вы ведаеце, сёння, найважлівейшы для ўсіх нас дзень.
Ня ведаючы, ці верыць яму ўласным вушам, Гары паглядзеў на дзядзьку.
— Гэта дзень, калі можа адбыцца найбуйнейшая здзелка ў маёй кар’еры, — дадаў Вернан.
Гары вярнуўся да спажывання тосту. Вядома ж, з тугой падумаў ён, дзядзька зноў кажа, аб сваёй дурацкай вячэры. Ані аб чым іншым, ён апошнія два тыдні і не казаў. Містэр Дурслі запрасіў у госці нейкага багатага будаўніка і яго жонку, мяркуючы атрымаць ад яго буйны заказ (кампанія дзядзькі Вернана займалася вытворчасцю дрыляў).
— Давайце, ўсё яшчэ раз паўтарым, — прамовіў дзядзька. — Яны павінны завітаць да нас а восьмай вечара. Дзе ты будзеш, Пятунья..?
— Я буду чакаць іх ў гасцёўне, — выпаліла цётка, — каб ласкава запрасіць іх у наш дом.
— Вельмі выдатна. А ты Дадлі?
— Я буду чакаць іх ля дзвярэй. — Дадлі нацягнуў на твар дурную ўсмешку. — “Дазвольце прыняць вашыя палітоны, містэр і місіс Мэйсан?
— Яны папросту закахаюцца ў нашага хлопчыка!— у захапленні ўсклікнула Пятунья.
— Выдатна, Дадлі, — дадаў дзядзька Вернан. Потым ён развярнуўся да Гары. — А ты?
— Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе, — ціха прамовіў хлопец.
— Вось вось, — са злосцю заўважыў містэр Дурслі. — Потым, я пазнаёмлю іх з табой, Пятунья і прапаную ім напоі. А чвэрці на дзявятую...
— Я запрашу іх за стол. — адказала цётка.
— Дадлі, што ты павінен сказаць..?
— “Ці магу я праводзіць вас да сталовай, місіс Мэйсан?”— прапанаваўшы сваю тлустую руку нябачнай жанчыне, прамовіў Дадлі.
— А мой ты, маленькі джэнтльмен!— уздыхнула місіс Дурслі.
— А што наконт цябе?— пагрозліва спытаўся дзядзька ў Гары.
— Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе, — абыякава адказаў той.
— Менавіта. А цяпер мы павінны прыдумаць, як пад час абеду, стварыць аб сябе добрае ўражанне. У каго ёсць ідэі? Пятунья?
— “Вернан распавядаў мне аб тым, як вы добра граеце ў гольф, місэр Мэйсан...”, “А дзе вы набывалі сваю сукенку, місіс Мэйсан...”
— Пышна... Дадлі?
— Як наконт: “У школе мы пісалі сачыненнь на тэму “Мой герой” і я напісаў аб вас, містэр Мэйсан”.
Як для цёткі Пятуньі, так і для Гары падобнае было ўжо нечым занадтым. Цётка заплакала і кінулася абдымаць сына, а Гары нырнуў пад стол, каб аніхто не убачыў як ён рагоча.
— А ў цябе якія ідэі, хлопча?
З усіх сілаў намагаючыся выглядаць сур’ёзным Гары прамовіў:
— Я буду ціхенька сядзець у сваім пакоі, быццам мяне і не існуе.
— Цалкам маеш рацыю, — шалёна крыкнуў дзядзька. — Мэйсаны анічога пра цябе ня ведаюць і няхай так і застаецца. Так, пасля вячэры, ты, Пятунья, запросіш місіс Мэйсан у гасцёўню на каву, а я тым часам перавяду тэму размовы на дрылі. І калі пашанцуе, я буду мець на руках паперу з подпісам і пячаткай яшчэ да пачатку дзесяцігадзінных навінаў. А заўтра ў гэты ж час мы будзем хадзіць па крамах, каб набыць сёе-тое дзеля адпачынку на Маёрцы.
Гары, дарэчы гэта аніяк не ўзбуджала. Ён быў упэўнены, што на Маёрцы разам з Дурслі яму будзе не лепш чым на Прайвет Драйв.
— Добра... цяпер я паеду ў горад, па смокінгі для нас з Дадлі, а ты, — грыкнуў містэр Дурсі Гары, — ты, не таўчыся пад нагамі ў цёткі, пакуль яна прыбіраецца.
Гары, праз заднія дзверы выйшаў надворак. На вуліцы быў ясны, сонечны дзень. Гары перасёк траўнік, бухнуўся на садовую лаўку і праспяваў сабе пад нос: “З днём нараджэння мяне... з днём нараджэння мяне...”
Ані картак, ані падарункаў, а вечар ён правядзе так, быццам яго не існуе. Ён маркотна вытарапіўся на плот. Аніколі ў жыцці ён не адчуваў сябе гэдак самотна. Больш за ўсё, нават больш за квідытч, ён сумаваў па сваім лепшым хогвартскім сябрам Рону Візлі і Герміёне Грэйнджэр. Хаця здавалася яны па ім не сумавалі ўвогуле. За ўсё лета яны не даслалі яму аніводнага ліста, хаця Рон збіраўся напісаць яму і запрасіць Гары ў госці.
Безліч разоў, Гары быў гатовы адчыніць клетку з Хэдвік з дапамогаю магіі, каб даслаць ліст Рону і Герміёне, але вырашыў, што не варта рызыкаваць. Непаўналетнім чараўнікам забаранялася карыстацца магіяй па-за межамі школы. Хаця Дурслі хлопчык аб гэтам не распавёў, бо ведаў, яны баяцца, што Гары перавараціць іх на гнаявікоў ці яны зачынілі б яго ў каморы пад лесвіцай разам з мятлой і чароўнай палачкай. Першыя пару тыдняў Гары атрымліваў асалоду, калі марматаў сабе пад нос розныя бессэнсоўныя словы і глядзеў, як Дадлі ляціць з пакою з усіх сваіх тлустых ног. Але доўгае маўчанне сяброў, прымусіла хлопчыка адчуць сябе цалкам адрэзаным ад чарадзейскага свету, таму нават здзекі з Дадлі згубілі сваю прывабнасць. І вось цяпер Рон і Герміёна забыліся, пра гарын дзень нараджэння.
Хлопчык аддаў бы, што заўгодна за паведамленне з Хогвартса. Ці ад кагось з чараўнікоў. Ён быў бы рады нават сустрэцца са сваім лютым ворагам Драко Малфоем, толькі, каб ведаць, што ўсё гэта ані не было сном...
Канечне, за той час, што Гары правёў у Хогвартсе ня ўсё было такім добрым. Напрыканцы навучальнага года, хлопчык зноўку воч на воч сутыкнуўся ня з кім іншым, як з самім Лордам Вальдэмортам. Канечне той уяўляў сабой толькі ўспамін аб сабе мінулым, але ён зрабіўся яшчэ жахлівейшым, яшчэ больш хітрым і з усіх сіл жадаючым вярнуць сабе мінулую моц. Гары ўжо другі раз выслізнуў з яго кіпцюроў, але ў яго гэта атрымалася найневерагоднейшым цудам і колькі тыдняў пасля, ён, абліваючыся халодным потам, прачынаўся па начах, прыпамінаючы поўны лютасці твар Вальдэморта, з шырокімі шаленымі вачыма; разважаючы, куды ён цяпер схаваўся...
Гары выпрастаўся на лаўцы. Ён рассеяна паглядзеў на жывую загароджу, а ЗАГАРОДЖА ГЛЯДЗЕЛА НА ЯГО. Аднекуль з лістоты на яго спазіралі два вялізных зялёных вока.
Нечый здзеклівы голас, ад нечаканасці прымусіў Гары ўскочыць на ногі.
— А я ведаю, які сёння дзень, — праспяваў Дадлі і перавальваючыся наблізіўся да Гары.
Вялізныя вочы міргнулі і зніклі.
— Што?— не адрываючы вачэй ад плота, спытаўся Гары.
— Я ведаю, які сёння дзень, — паўтарыў Дадлі.
— Супэр, — адказаў Гары, — нарэшце ты вывучыў усі дні тыдня.
— Сёння твой дзень народзінаў, — з усмешкай паведаміў Дадлі. — А дзе твае віншавальныя карткі? Хіба і сярод сваіх вычвараў ты не знайшоў сяброў?
— Тваёй маці лепей не чуць аб маёй школе, — халодна прамовіў Гары.
Дадлі падцягнуў штаны, што спаўзлі з яго тлустага азадка.
— Ты чаго на загароджу вытарапіўся?— з падазронам спытаўся ён.
— Спрабую вырашыць, якой замовай яе лепш падпаліць, — адказаў Гары.
Дадлі імгненна адхіснуўся назад, на яго тлустым твары залунала паніка.
— Ты н-не зробіш гэта... тата загадаў табе не карыстацца м-магіяй... ён сказаў, што выкіне цябе з дома... і цябе няма куды будзе пайсці... ты ж не маеш сяброў...
— ДЖЫГЕРЫ ПОКЭРЫ!— шалёным голасам прамовіў Гары. — Фокус-покус... сквіглі-віглі...
— МАААМААА!— загаласіў Дадлі і спатыкаючыся аб ўласныя ногі, кінуўся да хаты. — МААМААА! Ён робіць, сама ведаеш што!
Гэтая забава задорага каштавала Гары. Ані загароджа, ані Дадлі ніяк не пацярпелі, таму цётка Пятунья здарадалася, што Гары не чараваў па сапраўднаму, але ён ледзь паспеў адхіліцца, калі амаль на яго галаву апусцілася мыльная патэльня. Потым цётка панадавала яму працы і пагразіла, што пакуль ён усё не зробіць, ён не атрымае ежы.
Пакуль Дадлі басцяўся паблізу з марозівам, Гары мыў вокны, машыну, касіў траўнік, упрыгожваў клумбы, падразаў і паліваў ружы ды перафарбоўваў садовую лаўку. Сонца неміласэрна паліла яго патыліцу. Ён ведаў, што не патрапіў бы на дадліну прынаду, калі б той не агучыў яго ўласныя думкі... можа ў яго і не было сяброў у Хогвартсе...
— Хацеў бы я, каб яны цяпер паглядзелі на знакамітага Гары Потэра, — раззлавана падумаў ён, угнойваючы клумбы. Яго спіна страшэнны балела, а па твары цяклі струменчыкі поту.
Было а палове на восьмую, калі яго ўшчэнт змучанага нарэшце паклікала цётка.
— Хадзі сюды! Толькі па газэтах!
Гары з палёгкаю апынуўся ў цяністай, бліскучай кухні. На халадзільніку ён убачыў пудзінг — вялізную гору ўзбітай сметанкі ўпрыгожанай цукровымі фіялкамі. А ў духоўцы шкварчэў вялізны кавалак свініны.
— Хуценька еш! Ці то хутка ўжо прыйдуць Мэйсаны!— гыркнула цётка, паказваючы Гары на кавалак сыра і два кавалкі хлеба на кухонным стале. Цётка была апранута ў жаўтлява ружовую кактэльную сукенку.
Гары вымыў рукі і прыняўся за сваю вартую жалю вячэру. Ледзь ён паспеў скончыць, як цётка шпульнула, яго талерку ў ракавіну і загадала:
— А цяпер наверх! Хуценька!
Прамінаючы гасцёўню, ён крайком вока пабачыў дзядзьку Вернана і Дадлі ў навюткіх смокінгах і гальштуках-бабачках. Толькі ён падняў нагу на першую прыступку сходаў, як ў дзверы пазванілі, а ля яго ўзнік раз’ючшаны дзядзька Вернан:
— Памятай, хлопча... адзін толькі гук...
Гары крадком дасягнуў свайго пакою, праслізнуў усярэдзіну, зачыніў дзверы і павярнуўся, каб паваліцца на ложак.
Але да яго жаху на ім ўжо нехта сядзеў.