У Гары атрымалася не закрычаць, але ён быў блізкі да гэтага. На яго ложку сядзела істота з вялізнымі, падобнымі на крылы кажана, вушамі і пукатымі зялёнымі вачыма памерам з тэнісныя мячыкі. Гары зразумеў, што менавіта яна глядзела на яго сёння з загароджы.
Яны спазіралі адно на аднаго, а з першага паверху даносіўся голас Дадлі.
— Ці магу я прыняць вашыя палітоны, містэр і місіс Мэйсан?
Істота саслізнула з ложка і пакланілася так нізка, што кончыкам свайго доўгага носу дакранулася да дывана. Апранута яна была, як заўважыў Гары, у нешта нагадваючае старую навалачку з дзіркамі для рук і ног.
— Ммм... прывітанне, — знервавана прамовіў Гары.
— Гары Потэр!— прамовіла істота высокім голасам, які, як быў упэўнены Гары, быў чутны ажно ўнізе. — Вельмі доўга Добі жадаў сустрэцца з вамі, сэр... Гэта такі вялікі гонар...
— Д-дзякуй, — адказаў Гары, ён ціхінка прайшоў уздоўж сцяны і сеў на сваё крэсла, паблізу ад высокай клетцы, дзе спала Хэдвіг. Ён хацеў спытацца ў істоты, чым яна з’яўляецца, але вырашыў, што гэта прагучыць загруба, таму прамовіў. — А ты хто?
— Добі, сэр. Усяго толькі Добі. Добі — хатні эльф, — адказала істота.
— О... сапраўды?— сказаў хлопчык. — Не хачу быць грубым, ці штось падобнае... але зараз ня вельмі зручны час, каб у маім пакоі быў хатні эльф.
З гасцёўні пачуўся высокі фальшывы смех цёткі Пятуньі. Эльф апусціў галаву.
— Ня тое, каб я быў не задаволены тым, што ты сядзіш тут, — хутка прамовіў хлопчык, — але, ну, ці ёсць асаблівая прычына, каб ты сюды завітаў?
— О, так, сэр, — настойліва прамовіў Добі. — Добі прыйшоў паведаміць вам, сэр... гэта вельмі цяжка, сэр... Добі ня ведае з чаго пачаць...
— Прысядзь, — кажучы на ложак, ветліва сказаў Гары.
Да яго жаху, эльф імгненна... і вельмі шумна загаласіў.
— ПРЫСЕСЦІ!— пралямантаваў ён. — НІКОЛІ... НІКОЛІ ЯШЧЭ...
Гары быў упэўнены, што пачуў, як галасы унізе сціхлі.
— Прабач, — прашапатаў хлопчык. — Я зусім не жадаў цябе пакрыўдзіць.
— Пакрыўдзіць Добі?— быццам задыхаючыся, сказаў эльф. — Аніводзін чараўнік, яшчэ не прапаноўваў Добі сесці... як роўне...
— Шшш!— як мага больш суцяшальна прасыкаў Гары, аначасова спрабуючы пасадзіць Добі назад на ложак. Эльф сядзеў там, нагадваючы вялізную выродлівую ляльку, пакутуючую на ікаўку. Нарэшце, у яго атрымалася запанаваць над сабой. І ён сядзеў пазіраючы на Гары сваімі вялізнымі вачыма, вадкімі ад замілавання.
— Ты пэўна не сустракаў годных чараўнікоў, — спрабуючы яго падбадзёрыць, сказаў Гары.
Добі кіўнуў галавой. Потым, нечакана ён ўскочыў на ногі пачаў біцца галавой аб раму акна з крыкамі:
— ДРЭННЫ! ДРЭННЫ Добі!
— Не... што ты робіш?— ускочыўшы на ногі і спрабуючы пасадзіць эльфа на ложак прасыкаў Гары. Ад паднятага гармідара Хэдвіг прачнулася і пачала з асабліва моцным віскам біцца крыллем аб краты сваёй клеткі.
— Добі павінен быў сябе пакараць, сэр, — адказаў эльф, з крыху касымі вачыма. — Добі амаль не сказаў благое аб сваёй сям’і...
— Сям’і?
— Сям’і чараўнікоў, якім Добі прыслугоўвае, сэр... Добі — хатні эльф... Добі абавязаны да самой смерці служыць у адным доме, адной сям’і...
— А ці яны ведаюць, што ты тут?— зацікаўлена спытаўся Гары.
Добі ўздрыгануўся.
— Вой, не, сэр, не... Добі прыйдзецца пасля пакараць сябе асабліва цяжка, за тое што прыйшоў да вас, сэр. Добі прыйдзецца прышчаміць сабе вушы засланкай. Калі б яны даведаліся, сэр...
— А яны не заўважаць, што ты прышчаміў сабе вушы?
— Добі сумняваецца ў гэтым, сэр. Добі ўвесь час прыходзіцца караць сябе за што-небудзь, сэр. Гаспадары дазваляюць яму гэта рабіць. А часам, нават загадваюць пакараць сябе дадаткова...
— Але чаму ты не сыйшоў ад іх? Чаму не ўцёк?
— Хатняму эльфу павінны даць свабоду, сэр. Але сям’я ніколі не адпусціць Добі...Добі будзе служыць сям’і пакуль жывы, сэр...
Гары здзіўлена вытарапіўся на эльфа.
— Я думаў, што найгоршае становішча ў жыцці, тое ў якім я буду яшчэ чатыры тыдні, — прамовіў ён. — Дурсі ў параўнанні з тваімі гаспадарамі паводзяць сябе па-чалавецку. А ці можна цябе неяк дапамагчы? Можа я паспрабую гэта зрабіць?
Гары імгненна пашкадаваў аб сваёй прапанове. Добі ізноў удзячна залямантаваў.
— Калі ласка, — у адчаі прашапатаў хлопчык, — калі ласка цішэй. Калі Дурсі цябе пачуюць, калі даведаюцца, што ты тут...
— Гары Потэр пытаецца, чым ён можа дапамагчы Добі... Добі чуў аб вашай велічы, сэр, але Добі ані ня ведаў аб вашай велікадушнасці...
— Усё што ты чуў аб маёй велічы, лухцень, — адказаў Гары, адчуваючы як палае яго твар.-Я нават не першы сярод сваіх аднагодак, вось Герміёна...
Але ён адразу ж супыніўся, бо ўспамін аб Герміёне прынёс яму толькі боль.
— Гары Потэр яшчэ і сціплы ды ціхмяны, — з пачцівасцю прамовіў Добі, яго агромістыя лупатыя вочы ажно зазіхацелі. — Гары Потэр нават анічога не кажа аб сваёй перамозе над тым, Чыё Імя Нельга Называць.
— Ты аб Вальдэморце?— спытаўся хлопчык.
— Ай, не вымаўляйце яго імя, сэр!— прыстукваючы свае кажанападобныя вушы, застагнаў Добі. — Ня трэба вымаўляць яго імя!
— Прабач, — хутка прамовіў Гары. — Я ведаю шмат людзей, якія ня любяць, калі я гэта раблю... мой сябра Рон...
Хлопчык зноў супыніўся. Успамін аб Роне таксама прынёс яму боль.
Добі нахіліўся да Гары, яго вочы зрабіліся падобнымі на фары.
— Добі чуў аб гэтым. — сіпата заявіў эльф. — Чуў, што колькі тыдняў таму, Гары Потэр зноў сустрэўся з Цёмным Лордам... І што ў Гары Потэра ЗНОЎ атрымалася пазбегнуць небяспекі.
Гары кіўнуў у адказ, вочы эльфа заблішчэлі ад слёз.
— Вох, сэр, — цяжка дыхаючы і выціраючы вочы кутком навалчкі, якая служыла яму вопрадкай, прамовіў Добі. — Гары Потэр адважны і мужны чалавек. Ён выкруціўся ўжо са столькіх небяспек! Але Добі прыйшоў, каб абараніць яго, папярэдзіць яго аб небяспецы, нават калі потым яму прыйдзецца зашчаміць свае вушы засланкай... ГАРЫ ПОТЭРУ НЯ ТРЭБА ВЯРТАЦЦА Ў ХОГВАРТС.
Запанавала цішыня, перапыняемая толькі стукам нажоў і відэльцаў на першым паверсе і гудам голаса дзядзькі Вернана.
— Ч-чаго?— заікаючыся прамармытаў Гары. — Але я павінен туды вярнуцца... першага верасня пачынаюцца заняткі. Толькі гэта падтрымлівае мяне ў глуздзе. Ты ня ведаеш, як мне тут цяжка. Мне няма ТУТ месца. Я прыналежу да таго свету... дзе Хогвартс.
— Не, не, не. — Добі завіскатаў і захістаў галавою так, што вушы пачалі пляскаць яго па шчоках. — Гары Потэр павінен застацца там, дзе ён будзе ў бяспецы. Ён завялікі і задобры, каб мы залішыліся без яго. Калі Гары Потэр вернецца ў Хогвартс, ён будзе ў смяротнай небяспецы.
— Чаму?— у здзіўленні спытаўся Гары.
— Існуе змова. — прашапатаў Добі, раптам яго пачало калаціць. — У гэтым годзе ў хогвартскай школе чарадзейства і вядзмарства адбудуцца жахлівыя рэчы. Добі ведае аб гэтым ужо колькі месяцаў, сэр. Гары Потэр не павінен ставіць сябе ў небяспеку. Ён вельмі важны для нас усіх, сэр.
— Што за жахлівыя рэчы там адбудуцца?— імгненна спытаўся Гары. — Хто стварае змову?
Добі выдаў дзіўны выдушлівы гук, а потым пачаў шалёна стукацца галавой аб сцяну.
— Ну добра, добра!— схапіўшы эльфа за рукі і адцягнуўшы яго ад сцяны пракрычаў Гары. — Я зразумеў, што ты не можаш сказаць. Але чаму ты папярэджваеш мяне?— раптам у яго галаву прыйша непрыемная думка. — Чакай... а гэта аніяк не павязана з Валь... ой, прабач з Сам Ведаеш Кім? Толькі кіўні галавой?— паспешліва дадаў ён, заўважыўшы, як галава Добі зноўку наблізілася да сцяны.
Эльф павольна захістаў галавой.
— Не... змову ладзіць не той Чые Імя Нельга Называць, сэр.
Аднак вочы хатняга эльфа расшырыліся, быццам ён жадаў намякнуць на нешта, але Гары не зразумеў на што.
— А ён часам не мае брата?
Добі зноў адмоўна пахістаў галавой, а яго вочы пашырыліся да небяспечнай мяжы.
— Ну, я больш не магу прыпомніць анікога, хто можа стварыць у Хогвартсе, хоць нешта жудаснае, — заявіў Гары. — Тым больш, калі там ёсць Дамблдор... ты ж ведаеш Дамблдора?
Добі кіўнуў у адказ.
— Альбус Дамблдор — найвялікшы з хогвартскіх дырэктароў. Добі ведае пра яго, сэр. Добі яшчэ чуў, што Дамблдор быў здольны пазмагацца з Тым Чые Імя Нельга Называць, калі той быў на вяршыні сваёй магутнасці. Але, сэр, — яго голас ператварыўся на ледзь чутны шэпт, — ёсць СІЛЫ, якімі Дамблдор... якімі ня будзе карыстацца аніводзін прыстойны чарадзей...
І перш чым Гары паспеў яго супыніць, Добі саскочыў з ложка, схапіў настольную лямпу і прыняўся з аглушальным віскам біць ёй па сваёй галаве.
Раптам на першым паверсе запанавала цішыня. А две секунды пазней гарына сэрца пачало шалёна калаціцца, ён пачуў як дзядзька Вернан пакідаў гасцёўню, кажучы:
— Напэўна Дадлі зноў пакінуў тэлевізар уключаным, шкода мая малая!
— Хутчэй! Залязай сюды— прасыкаў Гары, запхнуў Добі ў шафу, зачыніў дзверы і толькі паспеў легчы на ложак, як дзверы ў яго пакой адчыніліся.
— Якога... ЛІХА... ты... тут... тварыш. — наблізіўшы свой твар да гарынага, праз зубы спытаўся дзядзька. — Ты толькі што сапсаваў кульмінацыйны момант майго жарту аб японскім гальфісце... яшчэ адзін гук, хлопча, і ты пашкадуеш, што нарадзіўся на свет!
Дзядзька валюхаста пакінуў пакой.
Дрыготкімі рукамі. Гары выпусціў эльфа з шафы.
— Ты бачыш, як я тут існую?— сказаў ён. — Цяпер разумееш, чаму я павінен павярнуцца да Хогвартса? Гэта адзінае месца дзе я маю... думаў, што маю сяброў.
— Сяброў, якія нават ня пішуць Гары Потэру?— з хітрыкамі ў голасе, спытаўся Добі.
— Спадзяюся, яны маюць... чакай, — змрочна спытаў хлопчык. — Адкуль ты ведаеш, што мае сябры не пішуць мяне?
Добі задыгаў нагой.
— Гары Потэр не павінен злавацца на Добі... Добі рабіў так, як палічыў лепшым для...
— ТЫ ШТО, ПЕРАХОПЛІВАЎ МАЮ ПОШТУ?
— Яны ўсе ў Добі, — адказаў эльф. Ён хуценька адступіў на колькі крокаў і выцягнуў са сваёй навалачкі тоўсты пачак лістоў. Сярод лістоў былі падпісаныя прыгожымі літаркамі Герміёны, неахайнай мазнёй Рона і крамзолямі якія маглі належыць толькі хогвартскаму палясоўшчыку Хагрыду.
Міргаючы, Добі занепакоена пазіраў на Гары.
— Гары Потэр не павінен злавацца... Добі спадзяваўся... што, калі Гары Потэр вырашыць, што сябры забыліся пра яго... Гары Потэр не пажадае вяртацца ў школу, сэр...
Але Гары ўжо не слухаў яго. Хлопчык паспрабаваў схапіць лісты, але Добі быў спрытнейшым.
— Гары Потэр атрымае свае лісты, толькі калі дасць Добі абяцанне не вяртацца ў Хогвартс. Вох, сэр, вы не павінны ставіць сябе пад гэткую небяспеку. Абяцайце, што не вернецеся, сэр!
— Не!— раззлавана сказаў хлопчык. — Аддай мне лісты маіх сяброў!
— Тады ў Добі няма іншага выйсця, — з маркотай прамовіў эльф.
І перш чым Гары паспеў штосьці зрабіць, Добі кінуўся да дзвярэй, штуршком адчыніў іх... і кінуўся на першы паверх.
Гары, у якога імгненна перасохла ў роце і закруціла ў страўніку, намагаючыся не шумець, кінуўся следам за ім. Апошнія шэсць прыступак хлопчык адолеў у адзін скок, па кацінаму ціха апусціўся на дыванок, шукаючы вачамі Добі. Ён пачуў, як у сталовай дзядзька Вернан кажа: “...містэр Мэйсан, мая жонка Пятунья, памірае, як хоча пачуць тую вашу смешную гісторыю аб амерыканскіх сантэхніках...”
Праз хол, Гары забег на кухню і адчуў, як пахаладзела ў яго грудзях.
Кулінарны шэдэўр цёткі Пятуньі са смятанкі і цукровых фіялак павольна плаваў пад столлю, а непадалёк, на буфеце сядзеў Добі.
— Не рабі гэтага, — прахрыпеў хлопчык. — Калі ласка... ня трэба... яны ж заб’юць мяне...
— Гары Потэр павінен паабяцаць, што ня вернецца ў школу...
— Калі ласка... Добі...
— Паабяцайце, сэр...
— Не магу!
Добі з жалем на твары паглядзеў на хлопца.
— Дзеля дабра Гары Потэра, Добі вымушаны гэта зрабіць.
З грукатам, ад якога ў хлопчыка ледзь не супынілася сэрца, пудзінг абрынулся на падлогу. Сцены і вокны імгненна запырскаліся крэмам. Адчуўся гук, нагадваючы свіст пугі і Добі знік.
Са сталовай пачуліся крыкі, дзядзька Вернан уварваўся на кухню дзе знайшоў Гары, ушчэнт сшакаванага і з галавы да ног заляпанага цёткіным пудзінгам.
Першы час здавалася, што ў дзядзькі атрымаецца ўсё наладзіць. “Гэта наш пляменнік... у яго зусім дрэнна з галавой... ён баіцца чужых людзей, таму мы трымалі яго на другім паверсе...”— прамовіў ён перапуганым Мэйсанам, вяртаючы іх назад у сталовую. Потым, паабяцаўшы, што здзярэ па дробных кавалачках усю гарыну скуру, калі адыйдуць госці, дзядзька ўпёр хлопчыку ў рукі швабру. Цётка знайшла ў лядоўні крыху марозева і пакінула Гары, які ўсё яшчэ дрыготкімі рукамі спрабаваў адчысціць кухню.
У дзядзькі Вернана амаль атрымалася ўсё наладзіць... але тут аб’явілася сава.
Цётка Пятунья ўжо частавала гасцей пасля вячэры мятнымі цукеркамі, калі праз адчыненае вакно сталовай заляцела агромістая сіпуха, кінула на галаву місіс Мэйсан канверт і адляцела прэчкі. Лямантуючы, як сірэна паветранай трывогі, місіс Мэйсан кінулася надворак. А містэр Мэйсан, затрымаўся, каб паведаміць Дурсі, што яго жонка смяротна баіцца ўсіх птушак, якога заўгодна памера і спытацца, як ім толькі ў галаву прыйшоў падобны жарт.
Гары стаяў пасярод кухні, трымаючыся за швабру, калі туды з дэманічным бляскам у вачах ўварваўся дзядзька, трымаючы ў руках кавалак пергаменту.
— Чытай!— размахваючы лістом, злосна прасыкаў дзядзька. — Ну... давай... прачытай!
Гары прыняў з яго рук пергамент. Ён быў упэўнены што гэта ані не віншаванне з днём нараджэння.
“Паважаны містэр Потэр,
Мы даведаліся, што сёння ў 21 гадзіну 12 хвілінаў па месцы вашага жыхарства была выканана замова лунання.
Як вы ведаеце, непаўнагадовым чараўнікам забароненна карыстацца магіяй па-за межамі навучальнай установы і калі па месцы вашага жыхарства адбудзецца новая спроба чараваць, гэта можа прывесці да вашага выключэння са школы (адпаведна пункту С, пастановы аб разумным абмежаванні непаўнагадовага чарадзейства ад 1875 года).
Таксама мы просім памятаць, што любая магічная дзейнасць сярод чальцоў немагічнай супольнасці (маглаў) з’яўляецца сур’ёзным правапарушэннем. (адпаведна артыкулу 13, статуту аб сакрэтнасці Сусветнай канфедэрацыі ведзьмакоў.)
Прыемных вакацый!
З шчырай павагаю,
Мафальда Гопкірк
Аддзел па адсочванню неправамернага выкарыстання магіі пры
Міністэрстве Магіі”
Гары адарваў вочы ад ліста і зглынуў.
— Ты нічога не сказаў нам аб тым, што цябе забаронена чараваць па-за межамі школы, — сказаў дзядзька Вернан, у яго вачах танчылі шалёныя агенчыкі. — Што, няўжо забыўся... ці можа з памяці спусціла..?
Ён насоўваўся на Гары, выскаліўшы зубы быццам вялізарны бульдог.
— У мяне ёсць для цябе адна навіна... ты будзеш замкнёны... і ты аніколі не вернешся да сваёй школы... ніколі... а калі ты паспрабуеш скарыстацца магіяй... яны тым больш цябе выкінуць!
З вар’яцкім смехам, дзядзька пацягнуў Гары наверх.
Усё сталася па яго слову. Наступнай раніцай, дзядзька выклікаў майстра, які ўсталяваў на вокны гарынага пакою цяжкія краты. А сам містэр Дурслі прарэзаў у дзвяры гарынага пакою адтуліну, як быццам для коткі, праз якую тройчы на дзень, хлопцу падавалася крыху ежы. Ранніцай і ў вечары, Гары выводзілі, каб той мог скарыстацца ваннай і прыбіральняй. Астатні час, хлопчык быў замкнёны ў пакоі.
*
Мінула тры дні, з боку Дурслі не выявілася аніякіх прыкметаў паляпшчэння яго становішча, а Гары не мог прыдумаць аніякага выйсця. Яму засталося толькі ляжаць на сваім ложку, назіраць, як сонечны дыск заходзіць за краты яго вакна і са шкадаваннем разважаць над тым, што з ім цяпер будзе.
Што будзе добрага, калі ён скарыстаецца магіяй, калі яго ўсё адно са школы выкінуць? Але цяпер, калі Дурслі даведаліся, што не прачнуцца зранку крыланамі і хлопчык згубіў сваю апошнюю зброю, яго становішча пагоршылася ніжэй чым колісь за ўсё яго жыццё. Добі выратаваў Гары ад жудасных падзей, што павінны адбыцца ў Хогвартсе, але што яму з таго, калі цяпер ён, напэўна ўсё адно памрэць з голаду.
Каціная адтукліна з грукатам адчынілася і адтуль паказалася цёткіна рука з талеркаю кансэрваванага супу. Гары, чые вантробы невыносна пакутавалі ад голаду, імгненна саскочыў з ложку і падняў талерку. Суп быў страшэнна халодным, тым ня меньш хлопчык выпіў адным глытком большую частку. Потым, перасекшы пакой, ён падыйшоў да савінай клеткі і вытрас на яе талерачку волкую гародніну. Хэдвіг натапырыла пер’е і зірнула на гаспадара з глыбокай агідаю.
— Ня трэба круціць дзюбаю, гэта ўсё што мы маем, — змрочна сказаў ёй Гары.
Хлопчык пакінуў пустую талерку ля адтуліны і зноўку лёг на ложка. Ён адчуваў сябе яшчэ больш галодным.
Гары спадзяваўся, што ўсё ткі пражыве яшчэ чатыры тыдні. Цікава, што будзе, калі ён не аб’явіцца ў Хогвартсе? Ці дашлюць каго-небудзь, каб высвятліць, чаму ён адсутнічае? Ці яны здолеюць прымусіць Дурслі, каб яны яго выпусцілі?
Тым часам яго пакой ахутала цемрай. Адначасова змучаны буркатаннем ў жываце і крутанінай ад невырашальных пытанням ў галаве, Гары праваліўся ў неспакойны сон.
Ён прысніў, што апынуўся ў заапарку, дзе сядзеў на ложку з саломы у клетцы, да якой была прыбіта шыльда “Непаўнагадовы чараўнік”. Людзі пазіралі на яго, змучанага і згаладалага. Потым у натоўпе ён заўважыў твар эльфа Добі, Гары паклікаў яго, просячы аб дапамозе, але той крыкнуў хлопчыку ў адказ: “Цяпер Гары Потэр у бяспецы, сэр!” і знік. Пасля да яго завіталі Дурслі, і Дадлі, голасна рагочучы, пачаў грукаць па кратах яго клеткі.
— Супыніся, — прамармытаў Гары, калі стук пачаў аддавацца болем у яго галаве. — Пакінь мяне ў супакое... Годзе... Я спаць хачу...
Гары расплюшчыў вочы. Праз краты на вакне яму ў твар свяцілася месячнае святло. Адтуль жа на яго глядзеў нехта — рабаціністы, рудавалосы і доўганосы.
З надворку на Гары пазіраў Рон Візлі.