Дункана шукалі ўсюды.
Яшчэ раніцай, як толькі выявілася, што яго няма ў клетцы, дырэкцыя паведаміла таварыству паляўнічых аб тым, што з заапарка ўцёк леапард.
Група паляўнічых выйшла на пошукі. Спачатку агледзелі ўсю тэрыторыю заапарка. Потым выйшлі па яго слядах на вуліцу.
Сляды звера вялі ў бок чыгункі, але там безнадзейна знікалі. Згубіліся, затаптаныя прахожымі, раз’езджаныя машынамі. Паляўнічыя шукалі ўвесь дзень, але дарэмна, і з надыходам вячэрняга змроку мусілі вярнуцца дамоў.
Ніхто не ведаў, дзе мог падзецца леапард. Звесткі аб Дункане ці аб якіх-небудзь здарэннях, звязаных з ім, не паступалі на працягу дня і ў міліцыю.
Леапарды, як і ўсе кошкі наогул, умеюць добра хавацца. Яны ўдала прыстасоўваюцца да навакольнай абстаноўкі, спрытна выкарыстоўваюць кожнае ўкрыцце, кожнае сховішча і нічым не выяўляюць сябе.
Дункан, нават і не ведаючы аб тым, што яго шукаюць, знайшоў надзейны прытулак у глыбокім, звілістым яры, у густых зарасніках маліны і рознага пустазелля. Сюды не даляталі халодныя лютаўскія вятры, не даносіліся вулічныя гукі, не дасягала яркае і шматкаляровае святло агнёў вялікага горада. Тут, у гэтым зацішным кутку, ён пераначаваў на прамёрзлай і заснежанай зямлі.
Уначы надвор’е змянілася. Разгулялася мяцеліца. Месца, дзе ляжаў Дункан, было засыпана снегам, і ён не адчуваў холаду пад пушыстым белым покрывам. На досвітку завея суціхла. Снегу выпала шмат, але мароз зменшыўся, і снег дзе-нідзе пачаў падтаваць.