Дрэва над сцежкай

Часам ён бачыў чалавека зусім блізка ад сябе нават і ў лесе. У сонечны поўдзень Дункан ляжаў на суку старой ліпы над сцежкай, у самай густой лістоце. Ён спаў, звесіўшы ўніз доўгі хвост, і сонечнае святло зіхацела і гуляла ў яго залацістым, гладкім і бліскучым футры. Як і ў кожнага далёкаўсходняга леапарда, шкура ў Дункана мела яркі рыжавата-жоўты колер. На лапах яна была густа пакрыта чорнымі круглымі плямкамі, а на спіне і баках — плямкамі, падобнымі на чорныя кветкі шыпшыны. Бруха было чыста белае.

Светлыя блікі сонца і цёмныя адбіткі лістоў пераліваліся і змешваліся з плямкамі і карункамі, якімі ўпрыгожана яго жоўтая шкура, ствараючы надзейную ахоўную афарбоўку. Сонечнае святло, прасейваючыся скрозь зялёную лістоту, пакідала ў змроку ляснога гушчару такія ж плямкі на зямлі і на дрэвах. I ўсё гэта разам выглядала як прыгожы малюнак, намаляваны славутым мастаком, імя якому — прырода.

Дункан раптам прыўзняў галаву і ўбачыў, што па сцежцы ідзе чалавек. Прыжмуранымі вачыма сачыў за ім. З кожным крокам чалавек набліжаўся да звера, пакуль не спыніўся пад самым сукам, на якім ляжаў леапард. Дункан мог, калі б захацеў, дакрануцца да чалавека, зачапіць яго лапай, але такога жадання ў яго ніколі не з’яўлялася. Ён ляжаў ціха і нічым не выяўляў сябе, бо стараўся ўнікаць непасрэдных кантактаў з незнаёмымі людзьмі.

Чалавек нічога не заўважыў. Ён спыніўся, затрымаўся каля дрэва па нейкай сваёй патрэбе, а потым рушыў далей. Праўда, чалавеку нішто не пагражала, бо не паранены і не загнаны ў безвыходнае становішча леапард сам звычайна ніколі не кідаецца на людзей. Звер нападае толькі на чацвераногіх, якія служаць яму кормам.

Жыхары Усходняй Афрыкі ўпэўнены, што леапард можа закрануць чалавека толькі тады, калі той зірне яму проста ў вочы. Тут варта прыгадаць словы Муга Гікару, кенійца з народа кікуйю. «Гэты спрытны звер, — паведамляе ён, — хаваецца ад праследавання на дрэве ці ў такім месцы, адкуль ён можа, застаючыся незаўважаны, аглядаць наваколле… Ён сам не нападае на праследавальніка, нават калі той знаходзіцца зусім побач. Пакуль яго не турбуюць, леапард — самае бяскрыўднае стварэнне з усіх дужых і драпежных жыхароў лесу. Калі ж яго закрануць, ён учэпіцца ікламі і пярэднімі лапамі ў горла сваёй ахвяры, а кіпцюрамі задніх лап распора жывот. Я неаднойчы знаходзіўся ў некалькіх ярдах ад леапарда, але кожны раз мне ўдавалася захаваць прысутнасць духу, і звер дазваляў мне спакойна прайсці міма ці адыходзіў сам. Не звяртайце на яго ўвагі, і ён саступіць з вашай дарогі».

Вось так і Дункан — не зачапіў таго чалавека, дазволіў яму прайсці міма. Вочы чалавека не сустрэліся з вачыма звера. А што магло б здарыцца, каб чалавек убачыў раптам леапарда ў сябе над галавой і сустрэўся з ім позіркам? Хутчэй за ўсё чалавек з перапалоху зрабіў бы нешта такое недарэчнае і непапраўнае, што магло з’явіцца прычынай яго пагібелі.

Як часта бывае, што мы нікога не бачым у лесе! Нам здаецца, што мы тут адны. Між тым за намі ўвесь час назіраюць уважлівыя і насцярожаныя вочы лясных жыхароў: і малых, і вялікіх. I паколькі мы ім нічым не пагражаем і не шкодзім, яны нас не чапаюць.

Загрузка...