Жыццё ў клетцы

Час ляцеў хутка і непрыкметна.

З выгляду Дункан ужо амаль нічым не адрозніваўся ад дарослага леапарда.

Перад яго клеткай заўсёды тоўпіліся людзі. З цікавасцю глядзелі яны на прыгожага звера, любаваліся яго лёгкімі і пластычнымі рухамі, у якіх выразна адчувалася вялікая, але схаваная, стрыманая сіла. Здавалася, што ў гэтым мяккім і гнуткім целе зусім няма касцей — адны толькі мускулы ледзь прыкметна варушацца пад скурай.

Шпарка, бясшумна і лёгка хадзіў Дункан па клетцы. Часам ён імкліва і нястрымна кідаўся па дыяганалі з аднаго кута ў другі, быццам залацістая маланка з чорнымі плямамі. Рухі ў яго былі такія лёгкія і шпаркія, павароты такія нечаканыя, што чалавечае вока ледзь паспявала іх ухапіць. Здавалася, быццам леапард лётае ў паветры, не дакранаючыся лапамі ні да сцен, ні да падлогі.

Аднойчы Дункан кінуўся на краты ўсім сваім гнуткім і паваротлівым, але даволі ўжо цяжкім целам. Тоўстыя жалезныя перакладзіны загулі, але не паддаліся. Леапард адштурхнуўся ад іх, адкінуўся назад і ў тую ж хвіліну скочыў у паветра. Ён праляцеў над падлогай метры са два і гэтак жа лёгка і плаўна апусціўся на мяккія, дужыя лапы.

Такія практыкаванні Дункан пачаў рабіць кожны дзень, каб захаваць сілу і эластычнасць мускулаў. I кожны раз ён выклікаў сваёй акрабатыкай бурнае захапленне наведвальнікаў заапарка.

Хоць клетка і была даволі прасторная, але разгарнуцца як след Дункан усё ж такі не мог. На волі дарослы леапард робіць вялікія скачкі на тры метры ў вышыню і на тры метры ў даўжыню. Прытым пачынае іх адразу з месца, з зямлі, без разгону.

Вымушаная бяздзейнасць вельмі надакучвала зверу. Ён не ведаў, на што, дзе і як прымяніць сваю сілу і спрыт. Патрэба ў руху павялічвалася з кожным месяцам усё больш і больш. Цяпер гэта быў надзвычай прыгожы звер, вельмі зграбны і гнуткі, у ім адчувалася і магутная сіла, і грацыёзнасць. Выгляд у яго быў высакародны, самавіты і велічны.

Выхаваны ў кватэры чалавека, Дункан адносіўся да людзей прыхільна, не праяўляў варожых намераў, а Алене Аляксандраўне быў па-ранейшаму адданы і заўсёды радаваўся, калі яна прыходзіла да яго. Характар у Дункана быў спакойны і роўны, хаця ўвогуле гэтым вялікім кошкам больш уласцівы неўраўнаважанасць і частая змена настрою.

Дункан па-ранейшаму любіў дзяцей. Калі тыя набліжаліся да яго, звер заўсёды радаваўся, хваляваўся, падыходзіў да кратаў, муркаў і глядзеў добрым, ласкавым позіркам.

У заапарку падумвалі аб тым, каб аддаць Дункана ў навучанне. Няхай утаймавальнік дзікіх звяроў навучыць яго розным фокусам цыркавога майстэрства, да якога Дункан праяўляў відавочныя здольнасці.

Але жыццё маладога леапарда склалася іначай. Далейшы яго лёс вырашыў непрадбачаны выпадак.

Загрузка...