Сіротка

Даўней, гадоў пятнаццаць — дваццаць назад лічылася, што леапарды ў няволі не нараджаюцца. Цяпер паведамленне аб тым, што самка леапарда нарадзіла ў клетцы малых, нікога не здзівіць. Асноўная задача — каб нованароджаныя засталіся жывыя, каб іх выгадаваць, бо самка леапарда ў няволі не хоча карміць сваіх дзяцей, не хоча іх даглядаць. Напэўна, няма ў яе для гэтага адпаведных умоў. Нечага ёй, відаць, не хапае. Стварэнне такіх умоў — справа будучага.

У снежні 1957 года самка леапарда ў заапарку горада Гродна нарадзіла трох малых. Гэта ўсхвалявала і ўзрадавала ўсіх работнікаў заапарка. Толькі сама парадзіха аднеслася да падзеі з дзіўнай абыякавасцю. Спачатку яна ляжала з малымі, сагравала іх цеплынёю свайго цела і карміла малаком, але неўзабаве раптам паднялася і адышла ў другі бок клеткі. Адбылося гэта ўначы. Калі работнікі заапарка з’явіліся раніцай на работу і падышлі да клеткі, то ўбачылі, што двое малых ужо загінулі. Трэцяе, крыху буйнейшае за іншых, было яшчэ жывое.

Сляпое і бездапаможнае леапардзяня калацілася ўсім целам ад холаду і тоненька, ледзь чутна папісквала, як хворае кацяня, тыцкаючыся носікам у падлогу, але маці не звяртала на яго ніякай увагі. Яна не хацела нават і глядзець на сваё дзіця. Матчын інстынкт, як гэта часта бывае ў дзікага звера ў няволі, пакінуў яе. Зрэдку, праўда, падыходзіла яна, паглядала на сына з яўнай непрыхільнасцю, а потым падштурхвала носам, як нейкую непатрэбную рэч, адсоўвала ўбок, пазяхала і адыходзіла з абыякавым выглядам.

Што рабіць? Як ратаваць малога?

Яму пагражала пагібель. Леапардзяня амаль зусім скалела і нерухома ляжала на падлозе.

I тут яго ўзяла на рукі экскурсаводка заапарка і занесла да сябе на кватэру.

Вельмі гэта была складаная справа гадаваць на гарадской кватэры леапарда! Дункана, так назвалі леапардзяня, кармілі спачатку каровіным малаком, разбаўленым гатаванай вадой, цукрам і вітамінамі. Потым зменшылі колькасць вады і пачалі дадаваць у малако сырое яйка і цёртую сырую пячонку.

Праз тыдзень у Дункана прарэзаліся вочы, спачатку адно, а потым і другое. Ён пачаў глядзець на белы свет, але погляд яго быў яшчэ пазбаўлены сэнсу. Дункан недарэчна ўглядаўся ў прадметы. Хадзіў па падлозе слаба, няўпэўнена. Часта хістаўся, траціў раўнавагу і падаў.

Праз месяц пасля нараджэння леапардзяня зрабілася «зубастым»: у яго прарэзаліся ўсе зубы і іклы, верхнія і ніжнія.

Дзень пры дні сіротка рос і папраўляўся. На соску ён накідваўся з такой прагнасцю, што разрываў яе на шматкі. Давялося перад кармленнем спавіваць яго, як дзіця, каб мог смактаць малако ціха і спакойна. Усё больш значнае месца пачало займаць у яго харчаванні мяса.

Выхавальніца, мы назавём яе тут Аленай Аляксандраўнай, не шкадавала для свайго гадаванца ні часу, ні працы. Дункан выжыў, вырас і з малой бездапаможнай істоты ператварыўся ў маладога, прыгожага і спрытнага звера.

Загрузка...