Вялікае кацяня

Неўзабаве яго палюбіла ўся сям’я Алены Аляксандраўны, бо звер гэты быў зусім свойскі. Сваімі паводзінамі ён нагадваў вялікае і дужае кацяня, ласкавае і прыхільнае да людзей. Ён цёрся галавою аб ногі, муркаў, вуркатаў і лез на рукі, нягледзячы на велічыню і дужасць, на свае вострыя іклы і кіпцюры.

Дома, у кватэры, ён гарэзіў і гуляў, як і кожнае хатняе кацяня яго ўзросту. Нямала рэчаў папсаваў, любіў выпрабоўваць іклы і кіпцюры на мэблі і абутку.

Сваіх Дункан адрозніваў ад чужых. Сваімі лічыў членаў сям’і і тых сваякоў і знаёмых, якія часта наведвалі Алену Аляксандраўну і якіх ён ведаў, калі быў яшчэ зусім малы. Да чужых людзей прывыкаў не адразу, доўга да іх прыглядаўся і быў вельмі асцярожны і недаверлівы.

З першых дзён жыцця Дункан моцна прывязаўся да сваёй выхавальніцы, асабліва ж пасябраваў з Мішам, дванаццацігадовым сынам Алены Аляксандраўны. Міша выводзіў яго гуляць на двор, спачатку на скураным павадку, а потым і без павадка.

Загрузка...