Дункан вылез з-пад намеценай за ноч гурбы. Даўно ўжо ён не еў, але, выхаваны сярод людзей, на кватэры чалавека і ў клетцы заапарка, не ведаў, што яму трэба рабіць, каб суцішыць голад. Ён не ўмеў самастойна здабываць сабе корм, бо прывык атрымоўваць яго ад людзей у гатовым выглядзе і пакуль яшчэ не здагадваўся аб тым, што на волі, перш чым паесці, трэба спачатку знайсці і злавіць тое, што можна есці. Паляўнічых навыкаў у яго не было. I адкуль яны маглі быць? Выгадавала ж яго не маці, якая магла навучыць з маленства ўсім прыёмам палявання, магла перадаць яму ўвесь свой жыццёвы вопыт. Людзі толькі кармілі яго, песцілі і лашчылі, гулялі з ім, пакуль быў малы. Зрабілі яго сваёй прыгожай жывой цацкай, а калі ён вырас, пасадзілі ў клетку, дзе яму было спачатку так сумна. I вось ён апынуўся цяпер на волі, адзінокі і бездапаможны, няўмелы і ні да чаго не прыстасаваны.
Дункан вылез з яра, каб зрабіць яшчэ адну спробу вярнуцца дамоў, у клетку заапарка. Прабраўшыся скрозь кусты, ён апынуўся ў заснежаным пладовым садзе, на задворках блакітнай хаты з зашклёнай верандай. Вакол было ціха і бязлюдна. Не паспеў леапард агледзецца і сарыентавацца ў напрамку, як аднекуль выскачыў злосны сабака і заўзята накінуўся на яго ззаду.
Дункан не еў ужо другія суткі. Моцныя прыступы голаду былі зусім невыносныя, а гэта не спрыяла добраму настрою. Да жартаў і гульні звер быў цяпер зусім не схільны. Да таго ж наогул не любіў сабак, якіх лічыў пасля сутычкі з дацкім догам сваімі ворагамі.
Сабака быў на сваёй тэрыторыі, ён адчуваў сябе тут законным гаспадаром, і гэта надавала яму смеласці і ўпэўненасці, а Дункан — на чужой і ў непрывычных абставінах, што пазбаўляла яго рашучасці. Ён адступіў і пайшоў прэч, пакінуўшы напад без увагі, але сабака не адставаў і не спыняў націску. Калі сабака нахабна куснуў яго за лытку, цярпенне Дункана было вычарпана. Ён нечакана павярнуўся, сціснуў ікламі горла сабакі і адным моцным ударам лапы скончыў з надакучлівым забіякам.
Сабака ляжаў перад ім нерухома. Дункан асцярожна перавярнуў яго на спіну і паглядзеў на кроў, што струменіла з разадранага горла. Яму хацелася не толькі есці, але і піць. Ён пачаў лізаць цёплую кроў, і гэта яму спадабалася. Перад ім ляжаў цяпер не сабака, не забіты ў абароне вораг, а свежае мяса. Дункан адарваў зубамі і праглынуў кавалак цёплага мяса, а потым яшчэ і яшчэ. Мяса здалося яму вельмі смачным. У заапарку ніколі не кармілі яго такім смачным мясам. Звер адцягнуў сваю здабычу надалей, у кусты на дне яра. Сабака быў невялікі, і ад яго неўзабаве нічога не засталося.
Дункан зразумеў, што сабак можна есці. Трэба іх толькі спачатку злавіць і забіць. Гэта было шчаслівае адкрыццё, якое мела для Дункана надзвычай вялікае значэнне. З гэтага моманту ў яго ўпершыню абудзіўся паляўнічы інстынкт. Пагібель ад голаду больш не пагражала.
Некалькі разоў спрабаваў леапард прабрацца ў заапарк, але нарэшце страціў надзею. Баючыся шуму і руху на вуліцах, ён трымаўся яшчэ некаторы час у ярах, але ноччу пайшоў у лес, які блізка падступаў да горада.
Мінулі суткі, другія, трэція.
Па-ранейшаму ніхто і нідзе яго не бачыў. Ніхто пра яго нічога не чуў. Вядома толькі, што ў ваколіцах горада знікла некалькі сабак. Усхваляваныя і спалоханыя спачатку жыхары паступова супакоіліся. Дункана пачалі забываць.