Гульні на двары

На двары з’яўленне Дункана кожны раз шумна і радасна сустракалі дзеці. Весела ганяўся ён за Мішам і яго сябрамі. Гуляючы з імі, спрытна ўзлазіў на дрэвы і саскокваў адтуль на зямлю, бегаў за дзецьмі ўсюды, як сабака. Кідаўся за хлапчукамі, а тыя з крыкам і смехам уцякалі ад яго ў розныя бакі. Часам ён збіваў іх з ног, валіў на зямлю, і яны былі гэтым вельмі задаволены. Ніхто ніколі не быў паранены ці падрапаны, бо Дункан хапаў іх мяккімі лапамі. У час гульні і забаў ён не пускаў у ход кіпцюры і зубы. To адзін, то другі з хлапчукоў падкідваў сваю шапку ўгару, а Дункан высока падскокваў і лавіў шапку лапамі ў паветры.

Любіў Дункан гуляць і ў мяч. Хлапчукі падбівалі футбольны мяч нагамі, а Дункан гнаўся за ім і хапаў лапамі з-пад самых ног у заўзятых футбалістаў. Асцярожна і далікатна гуляў ён з дзяўчынкамі, падштурхоўваючы маленькі каляровы мячык носам.

У такіх гульнях час праходзіў непрыкметна і для дзяцей і для Дункана.

Дзеці, мабыць, здаваліся Дункану яго родзічамі, такімі ж малымі леапардамі. Толькі, можа, крыху нязграбнымі, не вельмі спрытнымі і дужымі, не вельмі шпаркімі ў руху. Але Дункан любіў дзяцей, як і дзеці — яго. Ён быў агульнапрызнаным любімцам усіх хлапчукоў і дзяўчынак двара, а двор гэты — вялікі, бо аб’ядноўваў некалькі шматкватэрных дамоў па вуліцы Міра.

Загрузка...