Песні вясны

Апоўдні сонца пачало прыграваць усё мацней, і днём у шматлікіх лужынах бадзёра купаліся жвавыя вераб’і. Між імі ўсё часцей узнікалі шумныя сваркі, а па вечарах птушкі зашываліся ў голле дрэў, бо невялікі мароз скоўваў лужыны тонкім лядком. На пацямнелым снезе ўсюды з’явіліся праталіны з бурай леташняй травой. Маўклівы лес абуджаўся, ажываў, пачынаў напаўняцца рознымі гукамі.

У сінім небе празвінела песня жаўранка. На лясной паляне забалбаталі на світанні цецерукі, а крыху далей, на балоце ля рэчкі, закігікалі кнігаўкі. Пракрумкаў некалькі разоў крумкач, і, пралятаючы над Дунканам, бліснуў на яго праніклівым, не па-птушынаму разумным вокам. Над цёмным лесам з гучным крыкам, перабіваючы адзін аднаго, праляцелі на поўнач дзікія гусі.

Перасмешнік саракуш вярнуўся з цёплых краін, сеў увечары на верхавіну старой яліны і пачаў нахабна пераймаць салаўя, уводзячы ўсіх у зман гэтымі сваімі безадказнымі паводзінамі.

У свежым паветры прагучаў глухаваты, сур’ёзны голас пугача:

— Угу… угу… угу…

Кожны спявае вясною. Спявае — як можа і ўмее.

Дункан прыслухоўваўся да лясных гукаў. Халоднай зіме прыйшоў канец, прырода абудзілася да новага жыцця, і звера ўпершыню ахапіла нейкае нязвыклае хваляванне. Ён не знаходзіў сабе месца і неспакойна блукаў без пэўнай мэты, насцярожана лавіў пільным вухам кожны шолах.

Падпарадкуючыся нейкаму незразумеламу імкненню, леапард увечары раптам замяўкаў. Спачатку ціха, ледзь чутна, потым усё мацней і, нарэшце, гучна, працягла, патрабавальна. Замяўкаў, залямантаваў і сціх на самай высокай прарэзлівай ноце. У гэтым Дунканавым ляманце чуліся і туга, і смутак, і заклік, і чаканне адказу.

Звер прыслухаўся, але нічога не пачуў у адказ. Ніхто не адгукнуўся на яго заклік, і ён бясшумна пайшоў далей у святле месяца, часта змяняючы напрамак, абгінаючы тоўстыя дрэвы, пераскокваючы цераз кусты і калоды.

Леапарды растуць да двух гадоў. Дункану было цяпер якраз два гады. За час свайго падарожжа ён увайшоў у поўную сілу. I з надыходам вясны ўпершыню адчуў адзіноту.

Загрузка...