Леапард і дзяўчынка

Сонца ўзнялося ўжо даволі высока, калі Дункан падышоў да леснічоўкі. Хаваючыся за дрэвамі і кустамі, ён наблізіўся да самай сядзібы, акружанай з усіх бакоў шчыльнай і высокай сцяной цёмнага лесу.

Ніхто не ведае, як можа павесці сябе леапард у тым ці іншым выпадку. Ніколі немагчыма здагадацца, што зробіць звер у бліжэйшую хвіліну, бо характар у яго зменлівы і няпэўны. Сваё рашэнне, заўсёды раптоўнае і нечаканае, ён ажыццяўляе адразу, з вялікай і няўхільнай імклівасцю.

Дункан лёгка пераскочыў цераз высокі паркан і апынуўся ў садзе.

Пяшчотна свяціла сонца ў ясным сінім небе. Лісце на яблынях не варушылася. Над кветкамі гулі чмялі і пчолы.

Дункан стаяў на зялёнай траве, на фоне дрэў і сіняга неба. Жоўтае футра з чорнымі плямкамі здавалася залатым у яркім святле паўдзённага сонца. Зграбнае цела застыла ў нерухомасці. Гордая галава была прыўзнята. З-за куста агрэсту ён назіраў за тым, што рабілася ў садзе. А там на каляровай посцілцы ў цяньку пад яблыняй маленькая дзяўчынка гуляла з мячыкам. Мячык падскокваў і каціўся па зямлі, паварочваўся да дзяўчынкі то сінім бокам, то чырвоным. Дзяўчынку такія паводзіны мячыка вельмі цешылі. Ёй здавалася, што вясёлы мячык смяецца, і яна смяялася разам з ім. Але вось рухі яе пачалі рабіцца ўсё больш павольныя і млявыя. Малой захацелася спаць, і калі мячык адкаціўся недалёка і спыніўся ў траве, яна не падбегла да яго і не падняла, а села на посцілку і апусціла галаву. Вочы яе затуманіліся, яна пазяхнула.

I раптам перад ёю вырасла постаць вялікага звера. Сонечныя праменьчыкі весела перабягалі па залацістай поўсці з чорнымі плямкамі. Ад здзіўлення дзяўчынка шырока раскрыла вочы, але не спалохалася. Ёй здалося, што гэта вялікая і прыгожая кошка. Яна працягнула руку і пагладзіла звера па спіне.

Загрузка...