Перад світаннем Дункан выйшаў з лесу.
Перад ім было шырокае, часткова яшчэ заснежанае поле, а недалёка ад пералеску ён убачыў чалавечае жыллё. Вокны былі цёмныя, жыхары яшчэ спалі.
Вакол ціха. Толькі на двары Дункан пачуў дыханне сабакі, што ляжаў пад веткай ля пуні і, нечым нездаволены, бурчаў ледзь чутна скрозь сон.
Дункан пераскочыў цераз плот. Сабака не паспеў узняць трывогі, не паспеў нават і прачнуцца. Нешта цяжкое і няўхільнае ўпала на яго нібы з цёмнага неба, навалілася ўсім сваім цяжарам. Сабака загінуў адразу.
Здабычу Дункан аднёс у поле, далей ад хаты, але да пералеску не дацягнуў і з прагнасцю пачаў есці. З’еўшы палову, ён пакінуў рэшту ў кустах, а сам лёг паблізу адпачыць, каб потым даесці. Быў ён не толькі галодны, але і стомлены, бо прайшоў перад тым даволі вялікую адлегласць.
Раніцай адзін з жыхароў хутара Страўтніекі пачаў шукаць сабаку. Ён хадзіў па двары і вакол сядзібы, свістаў, клікаў:
— Рэкс, Рэкс!.. Дзе ты?.. Рэкс, сюды!..
Сабака не прыбягаў, не адгукаўся.
Чалавек нават зазлаваў. Ён хацеў ужо вылаяцца як след, але раптам спыніўся:
— Што за ліха!..
Ён убачыў на снезе кроў, пайшоў па слядах у поле і неўзабаве знайшоў тое, што засталося ад сабакі.
«Ці не воўк яго зарэзаў? — падумаў чалавек. — Даўно ў нас пра іх не чутно. От, бяда! Такі быў добры сабака! — Тут хутаранін звярнуў увагу на асабліва выразны адбітак лапы Дункана. — Але ж след не воўчы! — сказаў ён сам сабе. — Можа, гэта рысь? Здаецца, рысь крычала ўчора ў лесе, ды яшчэ гэтак моцна, груба! Можа, гэта яе работа? I адкуль яна тут узялася, каб на яе ліха!»
Ісці далей, у бок пералеску, чалавек не адважыўся. Скончыўшы свае разважанні і яшчэ раз памянуўшы сабаку добрым словам, ён пабег да мясцовага паляўнічага.