Мінулі вясна, лета і восень. Зноў надышла зіма.
За гэты час Дункан апынуўся далёка за межамі Беларусі. Ён прайшоў цераз усю Літву з поўначы на поўдзень і праз большую частку Латвіі ў паўночна-заходнім напрамку. Пачатак вясны 1960 года напаткаў яго ў Лімбажскім раёне, непадалёку ад марскога ўзбярэжжа.
Чаму ён прыйшоў менавіта сюды? Чаму ў сваім падарожжы з Гродна ўвесь час пасоўваўся ў бок Балтыйскага мора?
Ці гэта было выпадкова?
Ніхто не ведае. Ніхто не зможа адказаць на гэта дакладна. Можна толькі выказваць розныя здагадкі і меркаванні.
Пакаленні продкаў Дункана жылі ў клімаце з вільготным паветрам, у якім моцна адчуваецца подых Ціхага акіяна. Магчыма, інстынкт падказаў, куды трэба ісці, каб трапіць бліжэй да мора. Можа, пра гэта сказаў яму вільготны заходні вецер, які дзьмуў з таго боку, і Дункан ішоў заўсёды насустрач гэтаму ветру і знаходзіў правільны кірунак?
Не ведаем мы і таго, як пераправіўся Дункан цераз шырокую Заходнюю Дзвіну, якую ў Латвіі называюць Даўгавай. Мы ведаем толькі, што Дункан любіў купацца, любіў ваду, якая заўсёды вабіла яго. Можна ўявіць, як у цёплую летнюю ноч вылез Дункан з кустоў лазы, падышоў да шырокай і шматводнай ракі. Вось ён павольна ўвайшоў у ваду і паплыў, накіроўваючыся да супрацьлеглага берага. Жоўтыя вочы яго неадрыўна глядзяць наперад, ён перабірае ў вадзе шырокімі лапамі, стараецца плыць па прамой лініі, а шпаркая плынь адносіць яго ўсё ніжэй і ніжэй. I ніхто ў гэтую цёмную ноч не бачыць, як пераплывае латвійскую раку невядомы госць, экзатычны звер з Далёкага Усходу.
Вось ён дабраўся нарэшце да пясчанага мелкаводдзя, выйшаў з ракі на лясісты паўночны бераг і знік у цемры за дрэвамі.
А можа, усё было зусім не так і Дункан перайшоў раку зімовай ноччу, па лёдзе?
Як бы там ні было, але, вандруючы з лесу ў лес, з пералеску ў пералесак, Дункан апынуўся пад канец свайго падарожжа ў Латвіі, у Лімбажскім раёне, і затрымаўся тут да канца зімы.