ФРАНЦУСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Вершы з аптымістычным фіналам

1.

Француская рэвалюцыя —

на апошнім паверсе музэю Карнавале,

маўляў, найвышэйшая кропка

парыскай гісторыі,

што абудзіць і самых сонных наведнікаў.

Дзьве статуі — Свабода і Роўнасьць.

Грудкі Роўнасьці

прыкрытыя тканінай аднолькава.

Карціна з руінамі Бастыліі.

У наступнай залі — падрабязны макет Бастыліі.

(Рукамі не чапаць — глядзі папярэдні экспанат.)

Рэспубліканскі тэрмомэтр

у фрыгійскім каўпаку.

Патрыёт з адарванай правай рукой

робіць эфэктны жэст левай.

На іншай карціне іншыя патрыёты

сьпяваюць патрыятычную песьню.

Словаў не чуваць.

Шарлота Кардэ, з кінжалам.

Жан-Поль Марат, з ваннай.

Максыміліян Рабэсп’ер, з Дантонам.

Людовік XVI, з Марыяй-Антуанэтай.

Марыя-Антуанэта, у жалобе па мужы.

Галава Марыі-Антуанэты.

Цацачная гільятына.

Можна ўжываць замест мышалоўкі.

Шмат рэвалюцыйных лёзунгаў.

Можна ўжываць замест бясплатнага сыру.

Дэклярацыя правоў чалавека і грамадзяніна.

«Людзі нараджаюцца і застаюцца

свабоднымі і роўнымі ў правах».

Я памылкова прачытаў па-француску:

«нараджаюцца і паміраюць».

У музэйнай крамцы — пазл з Марыяй-Антуанэтай.

54 кавалкі.

Можна прыстаўляць і адстаўляць

ня толькі галаву.

Рэвалюцыйны посуд. Фаянс.

Набор талерак з дэвізам: «Свабода або сьмерць!»

Смачна есьці!




2.

У садку насупраць музэю

трахаюцца два сабачкі,

гаспадары ўсё ніяк ня могуць

расьцягнуць у розныя бакі.

Нічога цікавейшага ў музэі

я ня бачыў.


Загрузка...