АДПАВЕДНІКІ

Шарлю Бадлеру

1.

Першую палову дня

ты тупа бадзяесься па Парыжы

з лэптопам.

Заходзіш у бібліятэкі.

Сядаеш за столікі ў кавярнях.

Шукаеш халяўнага інтэрнэту.

Часам сыгнал ловіцца,

але неяк няўпэўнена.

Часам у цябе пытаюць пароль,

якога ты, зразумела, ня ведаеш.

Другую палову дня

ты яшчэ тупей бадзяесься па горадзе

з нататнікам.

Шукаеш халяўнага натхненьня.

Заходзіш у паркі,

у брамы, у храмы, у крамы.

Сядаеш за столікі ў барах.

Часам сыгнал ловіцца,

але неяк няўпэўнена.

Часам у цябе пытаюць пароль,

якога ты па-ранейшаму ня ведаеш.

Для інтэрнэту хоць можна купіць 3G-мадэм.


2.

Калі ты нешта фатаграфуеш

у цэнтры Менску,

і раптам незнаёмая рука

бярэ цябе за плячо,

а суворы голас

кажа больш так не рабіць,

бо могуць і канфіскаваць камэру,

або проста пасадзіць у камэру, —

паспрабуй уявіць, што ты ў Парыжы,

на ўзгорку Манмартр,

у храме Сакрэ-Кёр,

і мясцовы цемнаскуры бамбіза

ветліва, але настойліва

просіць схаваць фотаапарат.

Засталося, каб нашыя

белаcкурыя бэстыі

навучыліся казаць табе: «Мerci!»

Ці прынамсі: «Дзякуй!»


3.

Пад рэгі Боба Марлі,

якім прапах Парыж,

я думаю пра Шарля,

які ўжываў гашыш.

І гук рабіўся пахам,

і пах рабіўся гукам,

паветра пахла Бахам,

а часам нават Глюкам.

І смак гучаў зялёны,

і колер быў салёны,

гук горкі быў на дотык,

бо дзейнічаў наркотык.

-----

А мне яго вар’яцтва

знаёмае даўно,

бо згадваю юнацтва

з паходамі ў кіно.

Таму назад чвэрць веку

чачэрскіх мальцаў табар

ідзе на дыскатэку

ў кінатэатр «Акцябар».

Падлога ходзіць ходырам,

а дзеўкі з голым пузікам —

з такім магутным водарам,

што заглушаюць музыку.

Загрузка...