НОВЫ РЭАЛІЗМ
Калі зрываеш першы слой шпалераў,
зьдзіўляесься сваім эстэтычным густам
пятнаццацігадовай даўніны.
Калі зрываеш другі слой,
дазнаесься, якія шпалеры любілі
твае бацькі або папярэднія гаспадары кватэры.
За трэцім слоем вылазяць
савецкія газэты пачатку шасьцідзясятых,
смайлік ад Юрыя Гагарына
як віншаваньне з Днём касманаўтыкі.
Далей пасьляваенны і даваенны слаі палімпсэсту,
купалаўскія лётчык і хлопчык,
што некалі прымушалі Гагарына
ўсьміхацца яшчэ шырэй.
Калі зрываць ня ўсё запар,
а толькі фрагмэнтамі,
і пагружацца на розную глыбіню слаёў,
складаецца дзівосны ўзор:
палова твару першага савецкага
ў белым венчыку з ружаў,
салатавыя палосачкі,
ружовыя ромбікі,
чорныя квадрацікі й рамачкі,
бацька народаў,
усесаюзны стараста,
падобны да бацькі псыхааналізу —
я, ведай, вялікі ўжо хлопчык,
і ўмею ўжо лётаць у сьне,
саюз, апалён,
стыкоўка, расстыкоўка,
далей тынкоўка.
Касьмічная мазаіка,
якая нават ня сьнілася
францускім новым рэалістам.
Галоўнае — выбраць правільную сьценку
у правільным доме
і правільнай краіне.