ФУТБОЛ ЛЯ МУЗЭЮ РАДЭНА

За плотам музэю гуляюць французы ў футбол.

Крычаць, аж чутно праз навушнікі аўдыёгідаў.

І з кожным ударам жыцьцё замірае наўкол,

і, нібы табло, зьзяе золатам шпіль Інвалідаў.

Турысты ў музэі наструніліся — хто каго?

Глядзяць цераз плот — і стаяць без увагі скульптуры,

самотны Бальзак і ў абдымках дзьвюх дзевак Гюго,

тытаны культуры на сьвяце фізычнай культуры.

Мысьляр знакаміты ад зайздрасьці пазелянеў,

хаваючы вочы, падпёр падбародзьдзе рукою.

«Нашто цалавацца?» — адчулі каханкі сумнеў.

Прыкрылася Ева: «Вы дзе, гледачы? Што такое?»

Старэнькі японец здымае на камэру матч.

Арабка ўздыхнула. Відаць, за Радэна заўзее.

Мысьляр ледзь пя плача. Філёзаф, хоць ты патлумач,

як блякла на фоне жыцьця выглядаюць музэі!

Спорт нумар адзін і арабку схіліў на свой бок,

і дзеда-японца, і там, ля платану, путану,

што косіць пад экскурсаводку. Ці гэты радок

хоць неяк паможа Радэну даць рады Зідану?

Удар. Гол у браму мастацтва. Жыцьцё павяло.

Татальны футбол пераможную сэрыю выдаў.

Разьбегліся хмары і сонца гарыць, як табло,

ўсьміхаючыся зь Інвалідаў. З усіх інвалідаў.


Загрузка...