АДЫСЕЯ

Вось яна, Пэнэлёпа, хто б сумняваўся!

У мармуры, хоць ёсьць і пару бронзавых вэрсіяў.

Глядзіць удалеч, падпірае рукой падбародзьдзе,

палову твару зьлізалі марскія вятры,

уся — увасобленае чаканьне.

Справа памірае кентаўр — туды яму і дарога,

зьлева абапіраецца на кій патасны Адам Міцкевіч

(французы кажуць — «Адам Мікевік»),

а яна глядзіць не на іх, вызірае кагосьці трэцяга.

Але найцікавейшае — побач. У фатэлі,

у чырвоным пінжаку супрацоўніцы музэю —

цемнаскурая цётачка з трыма тэлефонамі:

мабільнік — у правай руцэ,

рацыя — у левай,

яшчэ адзін тэлефон, стацыянарны,

вісіць на сьценцы над самым ейным вухам,

а яна пераводзіць вочы з апарата на апарат,

гатовая ў тую ж сэкунду

адказаць на званок па кожным.

Я думаю, сапраўдная Пэнэлёпа —

гэта яна.


Загрузка...