XV
У кубрыку, так называлі пакойчыкі ў інтэрнаце мараходкі, жыло чацвера хлопцаў. Напэўна, ніхто з іх так не чакаў пісьмаў, як Раман. З дому калі атрымліваў пісьмы, ніколі не заўважаў, рэгулярна яны ідуць ці не, а вось ад Надзі - падлічваў дні, гадзіны. Ужо была наладзілася перапіска, а цяпер зноў пісьмы пачалі дастаўляць рэдка.
Звычайна ў такіх выпадках ён браў апошняе пісьмо і перачытваў, каб улавіць яе думку, якой яна будзе жыць да наступнай пісьмовай сустрэчы. Вось і цяпер, лежачы на ложку, ён перачытаў нават два апошнія. Але яго таварыш па кубрыку, які толькі што ўвайшоў, узняў руку ўгару і сказаў:
- Камандзір, табе пісьмо, танцуй!
- Дай, браце, хутчэй, я так чакаў!
Раман умомант разарваў канверт і змераў вачамі, колькі напісана. Зморшчыўся: паўтары старонкі, мала. Але тут жа сам сабе ўсміхнуўся і пачаў чытаць, уяўляючы Надзіну руку, якая рухалася па лісце паперы толькі на адзін радок уперад, як ён чытаў. Штосьці ён мала разумее яе. Ужо ў папярэднім пісьме было пра нейкага яго знаёмага Касяка, цяпер зноў пра яго. Галоўнае, каб Раман не думаў, што яна любіць Касяка. Адкуль яна гэта ўзяла, ды ў Раманаву галаву і не прыходзіла такая думка. Чамусьці папракае Рамана, што ён не можа застацца верным ёй да канца вучобы, ды і потым перад ім зусім новыя шляхі ляжаць, не такія, як у звычайных людзей. Яна плача, але інакш пісаць не можа. А ў канцы «даруй мне».
«Што там здарылася?» - ніяк не мог зразумець Раман. Ён яшчэ раз перачытаў пісьмо, глянуў на канверт і на ім заўважыў розніцу ад папярэдніх. Зваротнага адраса не было, а стаяў толькі неразборлівы подпіс прозвішча. Не інакш яна пісала пісьмо і некуды спяшалася. Ён дастаў з тумбачкі стосік яе пісем і хуценька пачаў іх пераглядваць. Усе яны пісаліся без спешкі, нідзе няма «даруй», а «цалую». Напісаць Веры і ў той запытаць, што здарылася з Надзяй? А можа, і нічога, проста быў кепскі настрой. Усе ішлі гуляць, а ёй няма з кім. Ён зноў узяў пісьмо і паглядзеў, калі яно датавана. Вызначыў дзень - нядзеля. Значыць, яго меркаванні правільныя. Бо ў яго самога ў выхадны дзень смутак з'ядае душу, нібы туман снег. Хадзіў і ў парк, быў на танцах, а ўвесь час бачыў сябе ў парку над Сожам з Надзяй. Хоць бы адна дзяўчына была падобна да Надзі. Усе нейкія, нібы з адной гліны злепленыя. Як толькі пачне змяркацца, дык ужо іх не адрозніць. Яго Надзя між імі свяцілася б белізною, ззяла б зоркай. Нават танцаваў з адной, дык што гэта за дзяўчына, калі не засталося ў памяці ні адной яе рыскі. Можа, і былі прыгожыя дзяўчаты, але Раман параўноўваў іх з Надзяй і не хацеў бачыць іхняй прыгажосці.
Сёння Раман усхваляваны. Ён не будзе пісаць адказ, а заўтра сядзе ў чытальнай зале, дзе-небудзь у куточак, і напіша. Доўга ён варочаўся на ложку, папраўляў, падбіваў падушку і, здавалася, толькі заснуў, як пратрубіў горн - пад'ём.
Сыпаў снег. Дахі дамоў, зямля, дрэвы - усё здалося Раману шэрым, цяжкім, непрыемным. Рота стала ў строй. Раман падаў каманду, і ўжо больш глуха чуцён быў крок навучэнцаў. Яны ішлі па вуліцы, чорныя шынялі хутка рабіліся ад снегу шэрымі. Узняўся сцяг над вучэбным корпусам.
- Рота, стой! - скамандаваў Раман. - Напра-ва! Першая шарэнга, шагам марш!
Раман увайшоў у вестыбюль апошні, страсянуў з мічманкі снег, зняў шынель, павесіў у гардэроб і пайшоў у сталовую. Ужо ў канцы снедання да Рамана падышоў дзяжурны курсант з павязкай на рукаве, нахіліўся і сказаў, што яго выклікае маёр.
Ёкнула ў сэрцы. І Раман, калі б хто назіраў, пабялеў. У самым жорсткім баі ніколі ён не адчуваў, што яго цела мярцвее і робіцца непрыемна на душы. А цяпер усё гэта было з ім. Не дапіўшы шклянкі чаю, ён устаў з-за стала і пайшоў.
- Па вашым выкліку курсант Зімін з'явіўся, - пераступіўшы парог, адрапартаваў ён і ўважліва паглядзеў на квадратны твар маёра, стараючыся зразумець па ім, для чаго спатрэбіўся.
- Сядай, - абыякава сказаў маёр.
Раман сеў на крэсла каля парога. Ці крэсла маёр спецыяльна паставіў для Зіміна, ці яно заўсёды стаяла далёка, невядома.
- Пакажы свой партыйны білет, - расцягнута, спакойна сказаў маёр.
- Я не камуніст, а толькі кандыдат, - адказаў Раман.
- Усё роўна.
Раман падаў кандыдацкую картачку і сачыў за маёрам. Той выняў яе з вокладкі, паглядзеў з абодвух бакоў, потым раскрыў, бліснуў спадылба на Рамана, звяраючы падабенства з фотакарткай, узяўся за адзін лісток і націснуў пад вушаком акна кнопку. На сценцы ўспыхнуў ліхтарык з матавым шклом. Маёр прасвяціў лісток. Раман нават ад парога заўважыў на лісточку вялікія літары «ВКП(б)». Маёр вярнуў Раману кандыдацкую картачку.
- А цяпер скажы, што ты натварыў у сваёй Беларусі?
- Многа чаго, усяго не пералічыш, бо прыйдзецца дзень страціць. І то, калі расказваць усё збольшага.
- Як гэта цябе разумець?
- Падрываў эшалоны, паліў масты, забіваў, а потым вучыўся, любіў, ненавідзеў. Вось бачыце, колькі натварыў. А яшчэ ўзарваў з разбуранага дома сценку. Нарыхтоўваў цэглу для будаўніцтва тэхнікума. Я за гэта нават быў пад арыштам, наша міліцыя пасадзіла.
- І ты ўцёк? - спахапіўся маёр.
- Чаго мне было ўцякаць. Мяне выпусцілі, і за нарыхтоўку цэглы дырэктар нават прэмію даў.
- Эшалоны, масты, дык гэта ў тыле ворага? - зноў спадылба паглядзеў маёр.
- А няўжо ж цяпер, за што ж мне ўзнагароды далі?
- Значыць, ты ніякай віны за сабой не адчуваеш? Скажы, а чаму цябе шукаюць з Днепра-Дзвінскага басейна?
- А-а, зразумела! Адразу б так і сказалі, а то пачалі з партыйных дакументаў, нібыта я іх падрабіў. Справа ў тым, што мяне накіроўвалі сюды, каб я добра пазнаёміўся з вайсковым катэрам, а потым даехаў на заходнія рэкі вылоўліваць бандытаў. Ну, а я паступіў да вас. Закончу, а потым магу і бандытаў вылоўліваць.
- Іх тады ўжо не будзе.
- Яшчэ лепш!
- Чаму ж тады напісана, каб неадкладна накіраваць цябе ў іх распараджэнне? Праўда, не сказана, што арыштаваць. Ты сам туды згодзен паехаць?
- Як гэта, а вучоба? Вы паведаміце ім, што я вучуся і ехаць мне туды няма чаго, бо я не хачу.
- Ты не ведаеш, хто цябе выклікае.
- Як не ведаю? Палкоўнік з нашага параходства.
- Начальнік аддзела кадраў. Цябе тут я не магу трымаць.
- І начальнік вучылішча, калі захоча, дык не ўтрымае?
- Не ведаю, але не.
- Дык што я зрабіў злачыннае? Я ўсё роўна да іх не пайду, бо самі мне гаварылі, што справа добраахвотная.
- І ты згадзіўся.
- Ну і што? А цяпер перадумаў.
- Добра, выйдзем, я схаджу да начальніка вучылішча, бо мы думалі, што табе давядзецца ехаць з нашым суправаджаючым.
- Яшчэ чаго не хапала, пад канвоем?
Маёр пайшоў да начальніка вучылішча, а Раман застаўся чакаць. «Божа мой, што робіцца, - думаў ён. - Я - на гару, а чорт - за нагу». Але Раману нядоўга давялося стаяць на калідоры. Яго выклікалі да начальніка.
- Што ж ты мне раней не прызнаўся, партызан гэткі. А я так хваляваўся, думаў, што ён там мог зрабіць варожага? Я ж цябе шкадую больш за ўсіх. Лічыў, што ты будзеш гонарам нашага флоту. Гавораць, што ты пішаш цудоўныя вершы пра мора, ды і сам чытаў у насценнай газеце, добра. А што мы цяпер можам зрабіць? Мне зразумела, чаго цябе выклікаюць. Яны не хочуць цябе выпусціць, таксама шкадуюць. Выдадзім табе білет туды і назад, на колькі трэба - паёк. Утрасі ўсе свае справы і вяртайся. - Начальнік вучылішча зрабіў паўзу і дадаў: - Калі адпусцяць.
- Я ж адстану ў вучобе, - зморшчыўся Раман.
- Нічога, ты ідзеш добра, навярстаеш, марскі партызан, - засмяяўся і падаў руку начальнік вучылішча. - Дамовіліся, да пабачэння.
Раман выйшаў, а калідор пад нагамі гойдаўся, нібы палуба. Яму і самому хацелася з'ездзіць у родную Беларусь, а галоўнае - пагаварыць з Надзяй. І ў той жа час ён баяўся, бо маёр сказаў, што той палкоўнік у Днепра-Дзвінскім басейне можа яго не адпусціць. Начальнік вучылішча контр-адмірал, і той не можа нічога зрабіць.
Няпраўда, ён гэтага палкоўніка пашле да ўсіх чарцей і прыедзе назад вучыцца.
У той дзень Раман ужо не быў на занятках. Ён атрымаў сухі паёк на тыдзень, білет, схадзіў на базар, купіў вінаграду, нават не забыўся зайсці ў краму і купіць кветку ружы, зробленую з тонкай скуры. Была якраз мода на такія кветкі, і дзяўчаты прышпільвалі іх да вячэрніх сукенак. Усё адзенне і рэчы Рамана змясціліся ў чамадане. Толькі вінаград ён упакаваў у кораб, які даў яму сын генерала, што жыў разам з Раманам у кубрыку. Таварышам сваім ён сказаў, што праз тыдзень вернецца і калі прыйдзе якое-небудзь пісьмо, няхай схаваюць у яго тумбачку.
Зноў вакзал. Раман прыкінуў, што ў нядзелю ён будзе якраз на месцы.
Дарэмна намагаўся Раман, залезшы на верхнюю полку, адагнаць ад сябе розныя думкі, каб заснуць. Заплюшчыўшы вочы, ён уяўляў то сівога каня на поплаве, то хвалюючыя каласкі жыта - тое, што вучыла яго некалі маці на сон. І невядома, ці ад гэтых уяўленняў, ці ад роўнага і бесперапыннага грукату колаў цягніка, урэшце пад раніцу зніклі і конь, і жыта, і грукат. Раман здаўся на якія гадзіны. А тут і развіднела. Раман устаў і сеў ля акна.
Ужо не ўцякалі назад пагоркі з маладым сасняком, а нібы сустракалі яго ўсё гусцейшымі зараснікамі. Не знікаў дым ад паравоза ў бязмежную сіняву, а затрымліваўся лесам і хаваўся ў яго ігліцы.
«Вось здзівіцца Надзя, як убачыць мяне», - падумаў Раман. Ужо як-ніяк прайшло чатыры месяцы. Многа вады ўцякло з Сожа, і недзе ўжо Чорнае мора зрабіла яе горка-салёнай. Ды наогул: хто гэта рвецца на гэты поўдзень, не было б справы - Раман бы век не паехаў туды. Гэта ж ляжаш на беразе Сожа, трава, нібы косы дзяўчыны, мяккая, пяшчотная, пахучая, дае такую прыемную прахалоду. А лісточкі на лазняках, бярозках, алешніках - аксаміт, прыкладзі іх да ранкі - зацягнуць, загояць яе. А на поўдні - гэта толькі здзек рабіць над целам чалавека, якое прызвычаена да сваіх кліматычных умоў. Там жа амаль усё ў калючках.
Хіснуўся цягнік на стрэлках, засіпела пад вагонамі, і ён стаў. Куды ж цяпер Раману ісці? На пакойчык ён правы страціў, ды наогул па рашэнні райвыканкома можна было жыць толькі да заканчэння вучобы. Гэта добра, што Рамана паважалі гаспадары, і яны гаварылі заязджаць да іх як дадому. Можа, Роза цяпер пасялілася туды.
Раман ішоў на старое месца. Заняты пакой ці не заняты, некалькі дзён пражыве. Рыпеў пад нагамі снег, віхрыўся з завулкаў, сек у твар. Раман не сустрэў ні аднаго знаёмага аж да самага дома. І гэта лепш, бо пачаліся б распытванні, адкуль ды чаго. На парозе ўспляснула рукамі гаспадыня.
- Божа мой, хто да нас! Думалі, што зазнаўся і ніколі не наведае нас, старых.
- Ну, як гэта так, паблукаў па свеце і да вас, на той самы сук.
Гаспадары нічога не ведалі, дзе Раман. А ён усё збіраўся напісаць, але так і не сабраўся, і ўжо быў вырашыў, што толькі ў дні канікул зойдзе да сваіх гаспадароў.
Было гадзін дванаццаць. Толькі што прыйшоў аднекуль і Навум Майсеевіч. Пакуль яны гаманілі, гаспадыня падрыхтавала абед.
- Нешта ж тут і ў мяне ёсць. Я ж на вайсковых харчах пакуль. - Раман адкрыў чамадан і дастаў кансерву, сухароў, тры гронкі вінаграду.
За абедам Раман даведаўся, што Роза ўжо працуе адвакатам, жыве адна. Навум Майсеевіч бачыў Хведара, але і той не ведаў, куды Раман знік.
- Мы пасля цябе нікога на кватэру не пускалі, можаш ісці легчы на свой жа ложак і адпачыць, - сказаў Навум Майсеевіч пасля абеду.
- Дык вы яшчэ маю тую жалязяку не выкінулі?
- Можаш легчы на тую, дзе Роза спала.
- Ды не, мне ўсё роўна, я проста так сказаў.
У пакойчыку ўсё было на тых жа месцах, як і пакінуў Раман. Толькі са стала Надзіна фотакартачка перакачавала на тумбачку ў інтэрнат мараходкі. Раман хацеў узяць, але хлопцы папрасілі, каб пакінуў гэтую прыгажуню на тыдзень, бо яны звыкліся з ёю і ім будзе сумна без яго і яе. І Раман згадзіўся. Па дарозе ён ужо думаў, што дарэмна. Але, у крайнім выпадку, ён напіша пісьмо, і яны прышлюць.
Спаць не хацелася. І, напэўна, свайго рашэння, якое ўзнікла ў Рамана па дарозе, ён не здзейсніць. Надзя пісала, што ў парку на зіму пабудавалі закрытую танцавальную пляцоўку. І вось Раман хацеў пайсці туды сёння гадзін у сем вечара і схавацца дзе-небудзь у куточку. Надзя можа прыйсці на танцы, і ён убачыць, з кім, і паназірае за ёю. Вельмі ж усхвалявала яго яе апошняе пісьмо. Напісала так, што можна падумаць - сапраўды апошняе. Але ж калі пазнаёмілася з кім, дык прама б напісала, што яна ўжо Рамана не кахае і няхай ён забудзе пра яе. Або не адказвала б на пісьмы, і Раман бы зразумеў сам. Але думку, каб пайсці прасачыць за Надзяй, ён адхіліў. Заглянуў у сваю душу і зразумеў, што так зрабіць не зможа. Калі ён нават і ўбачыць там Надзю ці адну, ці з хлопцам, яму, напэўна, будзе больш сорамна, чым ёй. Ён, Раман, які марыў толькі на поўным давер'і будаваць свае адносіны да каханага чалавека, мог зрабіць такі недаравальны крок. Не, ён зараз жа будзе ў яе! І калі ўжо Надзя захоча на танцы, яны пойдуць разам.
Як не шанцуе Раману. Ён марыў, што заўсёды будзе разам з Надзяй, і смяяўся з жыцця свайго сябра Хведара, які хадзіў у кіно сёння, а жонка яго заўтра.
Усё трэба рабіць разам. Раман не мог пагадзіцца з жыццём Хведара, калі той гуляў на двары ў даміно, а жонка ў кухні чысціла свежую рыбу. Маўляў, я купіў, прынёс, а ты, што хочаш, рабі. Раман тады думаў, што няма паміж імі ніякага зладу, а значыць, няма і кахання. І чаго Раману цяпер быць лішнюю гадзіну аднаму, калі ён можа правесці яе разам з Надзяй. Ён хуценька падшыў на кіцелі чысценькі падкаўнерык, адпрасаваў штаны, наваксаваў чаравікі. Узяў кораб з вінаградам і ўсміхнуўся: «Зноў скажуць - забяры назад». Дастаў з чамадана і паклаў у кішэню падарунак для Надзі - ружу. Здаецца, усё. Раман чамусьці як ніколі хваляваўся: пад лыжачкай злёгку шчыкатала, ад грудзей у рукі нібы хто пускаў слабы ток. Думак канкрэтных не было. Толькі ўяўляў, як разгубіцца Надзя, убачыўшы яго.
Раман спыніўся каля дзвярэй. У кватэры чуецца гамонка. Ён ціхенька пастукаў.
- Ага, уваходзьце, - пачуўся жаночы голас.
Раман не ўвайшоў, а хутчэй ускочыў і прывітаўся. Пакой ахапіла цішыня. Стаў як укапаны і Раман, але паспеў позіркам ахапіць усіх прысутных, якія сядзелі за двума сталамі. Надзя была апранута ў сваю лепшую сукенку і сядзела ў кутку пад абразом Мікалая Цудатворца, побач з ёй сядзеў чарнявы пажылы чалавек з тоўстым тварам і двума падбародкамі. Да сталоў быў падсунуты тапчан, на якім ляжаў Надзін бацька, а ля ўваходных дзвярэй сядзела Вера. Астатніх Раман яшчэ не паспеў разгледзець. З-за шырмы выйшла маці з вялікай міскай студзеню. Убачыўшы Рамана, яна хуценька паставіла міску на край стала і ўскрыкнула:
- Ай, Раман, праходзь, распранайся, сядай з намі.
Яшчэ некалькі галасоў паўтарылі запрашэнне. Раман крыху апамятаўся, усміхнуўся і зрабіў некалькі крокаў да сценкі, на якой збіраўся павесіць шынель. Раман яго ўжо зняў з адной рукі і, павярнуўшыся, глядзеў на Надзю. У яе была незвычайна высокая прычоска, белы, нібы папера, застылы твар і нерухомыя, накіраваныя на Рамана, вочы. Зноў настала цішыня, толькі за шырмай закугыкала дзіцё. Маці нагнулася і нешта шэптам сказала бацьку, Вера заплакала і кінулася за дзверы. Раман паправіў на плячы шынель і пайшоў услед за Верай. Ён хацеў запытаць, што ў іх тут здарылася, адкуль дзіцё? Выйшаў у калідор, Веры нідзе не было. Ён заўважыў прыадчыненыя дзверы ў пакоі настаўніцы, што жыла па суседству, і ўвайшоў туды.
- Добры дзень, а Вера не заходзіла да вас?
- Не, - адказала дачка настаўніцы Валя, якую Раман бачыў толькі адзін раз. - Раман, а я вас пазнала. Вам хто паведаміў, што Надзя выходзіць замуж?
- Так, - сказаў Раман, і яму здалося, што кроў у жылах пабегла ў адваротны бок. - Так, я ўсё ведаю, - нічога больш не сказаўшы, ён знік за дзвярамі.
На калідоры ўжо стаялі Надзя і маці.
- Раман, адкуль ты?.. - пачуўся голас Надзі.
Раман не памятаў, як ён выхапіў з кішэні закручаную ў паперку ружу, кінуў да калідорнай сценкі, затым кіўнуў рукой у бок Надзі і заклёкаў абцасамі па прыступках з другога паверха ўніз.
«Так, жыццё, гары яно гарам. Усе казалі, што самыя цяжкія выпрабаванні я вытрымаў на вайне. Не, вось яны дзе пачаліся», - удыхнуў свежае паветра Раман і, не ведаючы чаму, спыніўся. Не, ён ведае, што ён - ёсць ён. Але ж куды ісці? Напэўна, ніколі так доўга не цягнуўся час да нейкага вырашэння яснасці свайго лёсу, як цяпер. Сядзеў у засадах і чакаў смяртэльнай сутычкі з ворагам, і там было лягчэй, бо верыў у перамогу. А тут усё апусцела і ў душы, і навокал. «Няўжо гэта быў побач з ёю той Касяк, пра якога яна пісала? Божа мой, хоць бы было на каго паглядзець. Усе маўчаць, а ён чаўкае, уплятае за абедзве шчакі і паглядвае на мяне рудымі вачамі, нібы сабака, захапіўшы костку. Не так бы брыдка і крыўдна было, каб сядзеў побач з ёю арол, мужчына. Я пракаўтнуў бы горкую пілюлю і пайшоў. Нічога не зробіш, звычайны прыродны адбор. Ідзі па жыцці, шукай сабе падобную. Хто ён і як усё атрымалася? Пакуль не даведаюся, адсюль не паеду», - ішоў і разважаў Раман. Але не, напэўна, у яго гарачка. Ён прыклаў далонь да лба. Лепш хутчэй паехаць адсюль і хутчэй забываць, забываць, забываць. Пераконваць сябе, што гэта быў сон. Будзе жыць, знойдзе падобную на яе, няпраўда, знойдзе. Але як гэта ўсё атрымалася? Няўжо ўсе такія дзяўчаты? Ён лічыў Надзю выключным чалавекам, можа, яна і сапраўды такая? Хто б мог так зрабіць, як зрабіла яна? Няўжо так можна прыкідвацца ў каханні? А можа, яна сама сябе не ведала, хадзіла з Раманам і лічыла, што кахае, пайшла з іншым - і тое самае. Цяпер Раманавы мазгі свідравала адна думка, ці кахала Надзя яго. А пра тое, што ўсе карэнні пачуццяў дзяўчыны абумоўліваліся пэўнымі абставінамі, Раман нават і не падумаў. Ён аналізаваў становішча толькі са свайго пункту гледжання. Любыя выпрабаванні, нават самыя цяжкія, не маглі разлучыць яго з Надзяй. Ён не ўлічваў аднаго, і бадай самага галоўнага, фактару, што Надзя жыла ў сям'і і ні разу не адрывалася нават на тыдзень ад яе. І таму ўсе доказы бацькоў, сястры на яе дзейнічалі асабліва. Спачатку яе пачуцці да Рамана прарываліся ў паводзінах, у выказваннях і былі відаць усім. Потым яна пачала іх хаваць, а калі толькі гэта здарылася, усе пачалі ўзносіць іншага чалавека. Трэба сказаць, што і Касяк не спаў у шапку. Ён маляваў ёй жыццё, у якім можна будзе проста і лёгка забыцца пра былое каханне. Лягчэй на самай справе перажываць час у пакутах, чым іх уяўляць перад сабою. У такім становішчы чалавек губляецца і думае, што не вытрымае. Такое ўяўленне, напэўна, паўставала і перад Надзяй. Пяць гадоў - і ўсё адзін туман у яго над морам. А ці вытрымае яна такое жыццё?
Ужо лежачы на ложку ў пакойчыку Навума Майсеевіча, Раман падумаў не пра душу, а пра абставіны, у якіх знаходзілася яго дзяўчына. І яму стала шкада Надзю, шкада Веру, шкада ўсіх іх. Ён яшчэ перад ад'ездам заўважаў змены ў Верынай фігуры, але думаў, што яна паправілася. А цяпер усё зразумела. Дзіця, якое закрычала там, Верына, а Міша загінуў. І чаму Надзя ўтойвала і не напісала, што ў Веры ёсць дзіця?
Такое становішча, у якое трапіла Вера, зразумела, не магло не ўздзейнічаць адмоўна на псіхіку Надзі. Маўляў, вось да чаго прыводзіць каханне, і Надзі пра сваё трэба маўчаць. Застаўся б Верын Міша жывы, і ўсё было б інакш у хаце Валенцікаў. Маёр цікавы мужчына, і Надзя б не згадзілася, каб у яе муж быў нават на выгляд горшы. А так, апрача выніку кахання, у Веры не засталося нікога, а Надзя гоніць змястоўнага і багатага ў дадзены момант кавалера. А мужчын няма, як гаварыла ёй маці, жанчыны рады калекам. Не, заўтра Раман павінен у апошні раз сустрэцца з Надзяй, даведацца, за каго яна выходзіць замуж, ці думала яна паведаміць Раману пра гэта і як гэта здарылася, бо ніякія здагадкі Рамана не могуць нічога дакладна праясніць у гэтай складанай сітуацыі. Калі яна прызнаецца Раману, што не па любві выходзіць за Касяка, яму будзе значна лягчэй. Можа, гэта крыху і эгаістычна, але для яго так лепш, бо яна будзе ўсё жыццё ўспамінаць яго. А сам ён хацеў як мага хутчэй забыцца пра яе.
Раман не пойдзе да іх дадому, не. Ён сустрэне яе на вуліцы, па якой Надзя ходзіць у інстытут. Не можа быць, каб яна не захацела з ім гаварыць. Раман хацеў падагнаць час, каб хутчэй наступіў той момант сустрэчы. Але атрымлівалася наадварот. Час яго зводзіў да знямогі. Раман спаў і не спаў, думаў і не думаў, еў і не еў.
Яшчэ задоўга да пачатку заняткаў у інстытуце Раман хадзіў узад-уперад па той вуліцы. Лепш было б стаяць ля газетнай вітрыны: чытаць і чакаць. Але ён не мог быць на адным месцы, ды і бляха якаясьці над вітрынай агідная, здаецца, і ветру няма, а яна малоціць па слупе, нібы знарок, каб адагнаць Рамана. Нарэшце паказалася Надзя. Раман пазнаў яе здалёку па паходцы. Ішла яго Надзя, якую цяпер нехта чужы называе сваёй. Некалі так прайгравалі ў карты маёнткі. Той, хто прайграў, мог узяць толькі адну лішнюю карту, каб быў перабор, і ўжо яго маёнтак рабіўся чужым. Раман не выцягнуў лішняй карты, каб згубіць самае каштоўнае багацце, што было прызначана для яго душы. Ён зараз даведаецца пра ўсё. Ён ужо чуў яе крокі, але глядзеў на газету ў вітрыне. Не, ён толькі павярнуўся тварам да газеты, а позірк яго быў скіраваны кудысьці праз газету, праз шчыт. Таму Раман нічога не бачыў, а толькі якаясьці шарызна стаяла ў вачах. Раман павярнуўся ў той момант, калі Надзя была побач з ім. Яна спынілася, і іх позіркі сустрэліся. Якія пачуцці кіравалі маладымі людзьмі пры гэтай сустрэчы, невядома, але прывіталіся яны абое без слоў, абое на імгненне зажмурылі вочы і кіўнулі галовамі. З хвіліну Надзя не паднімала вачэй, нерухома глядзела на гузікі Раманавага шыняля, а Раман на яе вейкі. Затым яны моўчкі пайшлі ў яе напрамку. Раман не мог прамовіць і слова. Горла сціснулі спазмы, дыхаць стала цяжка. А ў Надзінай душы быў вулкан, і здавалася, варта толькі крануць яе чым, як ён выбухне. Так яны прайшлі з паўкіламетра. Затым Раман спыніўся і глуха выціснуў з сябе:
- Далей не пайду.
Надзя глянула на яго і, прыпаўшы тварам на грудзі Раману, затрымцела ўся, заплакала.
Людзі, што праходзілі міма, пачалі са здзіўленнем азірацца. Раман не ведаў, што рабіць. Становішча ў яго было, нібы ў таго чалавека, які зрабіў крок на вузкую, хісткую кладку, а яму ў гэты час падаюць у руку штосьці дарагое і цяжкае. Раман паціху адхіліў Надзю ад грудзей, павярнуўся і пайшоў.
«Не магу гаварыць, хоць рэж, во дурань», - падумаў ён і, аблаяўшы самога сябе, пазбавіўся спазм. Яму нельга сустракацца з ёю, тым больш размаўляць. Не, няма больш на свеце такіх, як яна, і не трэба хваляваць сябе, ірваць душу на часткі. Яе для яго больш няма, а як усё здарылася - няхай застанецца невядомасцю. Ён толькі напіша ёй пра свае адносіны да таго, што здарылася, прыйдзе - і напіша. Ён апіша ёй пра ўсе свае мары, якія нарадзіліся ў час разлукі, пра тое, як думаў пабудаваць з ёй сціплае, але даволі шчаслівае жыццё, як думаў шчасце і гора дзяліць на дваіх. Ён з ёй не баяўся б нічога ў жыцці. А цяпер яму ўсё роўна, што з ім здарыцца і як будзе ўсё далей. Ён напіша ёй, каб толькі яна была шчаслівая. А Раман будзе лічыць яе сваёй сястрою. І хаця яны ні разу не паспрачаліся, але ў госці заходзіць нельга. І ўсё ён гэта зробіць дзеля яе шчасця, а каб лягчэй было і яму, ён пакіне гэты горад назаўсёды. І самае лепшае для яго цяпер тое, чаго Надзя так баялася - акіянскія туманы.
Заўтра Раман пойдзе да палкоўніка і скажа, каб не ламаў ён другую частку яго лёсу. Няўжо ён не ўвойдзе ў Раманава становішча? Няўжо ёсць афіцыйныя людзі, якія каханню іншых не надаюць ніякага значэння? А толькі крычаць, каб падкрэсліць разуменне прыроды чалавека, агульна, што яны за моцную сям'ю ў грамадстве. Палкоўнік не палічыўся з нясмелай Раманавай заявай, каб пакінуць яго на месцы, бо ў яго тут дзяўчына, якую ён кахае. І што палкоўнік зрабіў, па яго віне ў Рамана ўжо не стала часткі радзімы, і яму ўсё роўна, дзе цяпер быць. Цягі той не будзе да сваёй роднай Беларусі. Толькі заедзе іншы раз, каб наведаць сваіх бацькоў. Заўтра ён скажа палкоўніку, што паедзе толькі назад у мараходнае вучылішча. А зараз напіша Надзі пра ўсё тое, што ён думаў, прыйдзе да інстытута к канцу заняткаў і ўручыць ёй.
Раман дакладна не ведаў, у колькі гадзін заканчваюцца заняткі, і яму давялося таптацца зноў каля інстытута амаль гадзіну. Нарэшце студэнты высыпалі з будынка. Раман стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы. Не спыняючыся, з інстытута выйшла Надзя і накіравалася на той жа тратуар, дзе яны ўдзень рассталіся. Раман чамусьці стаў брыдкім самому сабе. Навошта хадзіць, паказвацца лішні раз ёй і бачыць яе. Надзя не заўважыла яго, калі ён ішоў паралельна з ёю. І толькі, калі наўскасяк пачаў пераходзіць вуліцу, яна звярнула на яго ўвагу і сцішыла крок. Ён параўняўся з ёю.
- Вось тут усё, што я хацеў сказаць табе, - Раман працягнуў ёй некалькі складзеных лісткоў паперы.
Надзя ўзяла, разгарнула кніжку і паклала іх туды. І яны зноў пайшлі моўчкі. Раптам Раман заўважыў, што Надзя схамянулася, нібы стукнулася ў нешта нябачнае. Ён кінуў позірк уперад. Насустрач ім ішоў той чалавек, які ўчора сядзеў у куце побач з Надзяй. Невысокага росту, з выпучаным жыватом, ён рабіў уражанне, што не ідзе, а сунецца, шырокія калошы яго штаноў мялн тратуар. Надзя спынілася, Раман таксама, а ён, нібы нацэльваючыся схапіць перад сабой матылька, ступіў яшчэ некалькі крокаў насустрач ім.
- Я пайду, - напаўголаса сказаў Раман.
- Бывай, Рома, я ніколі цябе не забуду. - Яна працягнула Раману руку і заплакала.
Раман па-ястрабінаму глянуў на мужчыну, які стаяў побач з Надзяй. І адзінае, што Раман заўважыў у жаніха, гэта кроплю, якая вісела на канцы носа. Надзя яшчэ штосьці сказала, але Раман не разабраў што, бо ў яго імгненна мільганула думка: «Гэта брыда будзе цалаваць яе». Раман вызваліў сваю руку з Надзінай і, хутка сунуўшы яе ў кішэню, пайшоў. Метраў праз дзвесце ён выняў з кішэні невялікі пісталет і прачытаў надпіс, выбіты на варанёнай сталі: «Будапешт», неяк часта задыхаў, нібы ўцякаў ад каго, глянуў па баках і цяпер толькі апамятаўся, дзе ён і што з ім.
«Пранесла, добра, што той не стаяў наперадзе, калі ступіў я ад Надзі, а так бы здалося, што ён замінае...» - падумаў Раман і паклаў пісталет у кішэню.
Прайшла салаўіная ноч: гуло, звінела, шчоўкала ў галаве. Раман памыўся сцюдзёнай вадой і раніцай пайшоў да палкоўніка.
Пастукаў у дзверы.
- Ага, - пачуўся басісты голас.
Раман увайшоў і яшчэ чамусьці запытаўся, ці можна.
- Зімін! Нарэшце з'явіўся, птах. Праходзь, сядай. - Палкоўнік паправіў накінуты на плечы шынель.
Раман сеў і адразу ж паклаў на стол пісталет. У палкоўніка пабялеў твар, рука машынальна пачала намацваць кабуру свайго пісталета.
- Што, што гэта значыць?! - амаль крыкнуў ён.
- Вазьміце, ён мне не патрэбен.
- А навошта ты яго прынёс сюды?
- Каб здаць вам!
Палкоўнік хуценька ўзяў пісталет, выцягнуў касету, набітую латуннымі клыкамі, пакруціў усё ў руках і паклаў у стол.
- Дзе ты яго ўзяў? - насупіўся палкоўнік.
- Цікава, усе ў мяне пытаюць: дзе я тол узяў, дзе я замежны пісталет узяў. Вам далі, а я сам адабраў у мадзьяра. А вось летась ездзіў дадому і забраў, каб ён не ржавеў у хляве.
- І год насіў?
- Яшчэ б насіў, таварыш палкоўнік. Але праз вас я ледзь глупства не зрабіў учора.
- Чаму праз мяне і якое глупства?
- Пакуль вы мяне піхалі туды-сюды, дык мая дзяўчына замуж выйшла.
- Ну і што? - перабіў палкоўнік.
- Як што? А каб я вас куды накіраваў, а ваша жонка раз - і замуж?
- Няхай, такая яна жонка была б! Столькі жанчын цяпер. Дык якое ж ты глупства хацеў зрабіць?
- Ледзьве не застрэліў яе мужа. Ноч не спаў. Але перадумаў і прыйшоў да вываду, што ён не вінаваты перада мной. Калі і будзе вінаваты, дык толькі перад ёй.
- Правільна, вінавата яна, - цвёрда сказаў палкоўнік.
- Яна таксама не вінавата.
- А хто? - сцяўшы тонкія губы і адваліўшыся на спінку крэсла, глядзеў палкоўнік у вочы Раману.
- Вінавата вайна, смерч, які пранёсся над намі. Ён знішчыў яе хату, прыкаваў да ложка бацьку, і пакуты перамаглі каханне. Цяпер вы павінны даць мне паперу, што мяне адпускаеце на ўсе чатыры бакі, і я буду зусім вольны. У мяне выпісаны білет назад, і я паеду ў сваё мараходнае.
Раман гаварыў, а палкоўнік іграў жалвакамі і штосьці думаў сваё. Ён яшчэ лагодна размаўляў з Раманам, што той зрабіў сумленны крок - здаў пісталет. А цяпер, калі паўстала другое пытанне, пяцідзесяцігадовага палкоўніка нібы хто падмяніў.
- Нікуды ты не паедзеш. Мы будзем цябе судзіць за ўхіленне ад выканання нашага задання.
- Што датычыць майго ўхілення, дык лічу, што мой крок быў сумленны. Я прынясу там Радзіме больш карысці, чым у вас. І мяркую, што кожны чалавек павінен думаць так, шырока. Я ваяваў і думаў, што загіну, але не шкадаваў свайго жыцця дзеля таго, каб добра было не толькі вам, а і ўсім іншым людзям.
- Дай сюды дакументы!
- Якія ў мяне дакументы, - палез у кішэню Раман. - Вось праязны білет, пасведчанне курсанта. А партыйны я паказваў у вучылішчы маёру, а потым успомніў, што нельга было гэтага рабіць. Яго можна паказваць толькі работнікам партыйных устаноў і сакратару партарганізацыі, а больш нікому.
- Ха-ха-ха, - засмяяўся палкоўнік, - ты адукаваны хлопец. - Палкоўнік падсунуў пад настольнае шкло білет і пасведчанне Рамана.
«Так, цяпер паеду, - падумаў і ўздыхнуў Раман. - Не, я зараз жа пабягу да былога камандзіра злучэння, ён мяне ведае. Ці працуе ён толькі цяпер сакратаром абкома партыі?»
- Не, таварыш палкоўнік, я ўсё ж павінен паехаць назад у мараходку.
- Цябе адразу ж адтуль накіруюць пад арыштам назад. Магу даць табе пару дзён на роздум, а потым зойдзеш да нас, і мы цябе накіруем па прызначэнні. Памятай, што ў іншым выпадку ты павінен будзеш выплаціць сродкі, якія страціла дзяржава на тваю вучобу ў тэхнікуме.
- Добра, я закончу мараходнае і тады выплачу.
- Цяпер выплаціш.
- Дык у мяне, акрамя адзення, няма больш нічога.
- У прымусовым парадку будзеш працаваць і выплачваць.
- Добра, я падумаю.
- Ну вось і дамовіліся.
Раман пайшоў, і яму здавалася, што ў яго з'явіўся на шыі ланцуг, другі канец якога шыпіць на падвешаным дроце, цягнецца. Раман прайшоў крыху і азірнуўся. «Ой! - пракаціўся па яго скуры халадок. - Добра, што вырваўся, сюды я больш не вярнуся». І ён амаль подбегам накіраваўся ў абком партыі.
Абком размяшчаўся недалёка, і Раман праз некалькі хвілін ужо быў там. Дзяжурны міліцыянер сказаў нумар пакоя сакратара абкома Паўла Іванавіча. У прыёмнай сакратарка запытала, па якім пытанні Раман хоча зайсці да Паўла Іванавіча.
- Я былы партызан, і мне неабходна зайсці, зразумейце гэта.
- Добра, як ваша прозвішча?
- Зімін, Раман Зімін, - сказаў ён.
Сакратарка знікла за дзвярыма і хутка паказалася зноў.
- Заходзьце.
- Дзякую.
Раман толькі ўвайшоў у другі кабінет, і яму адразу стала радасна. Па ўсім было відаць, што Павел Іванавіч самы большы начальнік за ўсіх тых, да каго ён звяртаўся ў сваім жыцці. На грудзях у Паўла Іванавіча гарэла Залатая Зорка, на плячах - генеральскія пагоны. Ён устаў з крэсла, выйшаў з-за стала і падаў Раману руку.
- О, дыверсант мой, як ты вырас, папрыгажэў, - усміхнуўся Павел Іванавіч. - Сядай, сядай.
- І вы змяніліся, таксама папрыгажэлі.
- Няпраўда, які быў стары, такі і застаўся.
- Я калі быў у вашай зямлянцы ў сорак трэцім годзе, дык вы тады былі ў простай сцёганцы, а цяпер...
- Дык і ты ж, бачу, у марской форме. Форму можна мяняць, галоўнае, каб заставацца самім сабою. - Павел Іванавіч зрабіў доўгую паўзу і дадаў: - Чалавекам.
- Так, Павел Іванавіч, але абставіны мяняюць і чалавека. Я вось зайшоў да вас прасіць, каб заступіліся, мяне хочуць пасадзіць у турму.
- Хто і за што? - спакойна, але здзіўлена запытаў сакратар абкома.
Раман расказаў усё падрабязна. Іншы раз, каб што-небудзь удакладніць, сакратар абкома задаваў пытанні.
- Значыць, ты не хочаш у іх служыць?
- Не, уцяку, куды вочы будуць глядзець.
- Яны, зразумела, сарвуць цябе з мараходнага вучылішча. А садзіць - цябе ніхто не пасадзіць, і сродкаў ніякіх ты зусім не будзеш выплачваць, - засмяяўся Павел Іванавіч.
- Чаму вы не можаце загадаць палкоўніку, каб ён не чапаў мяне? Вы ж вышэйшы за яго. Начальнік.
- Як вышэйшы? У яго ёсць сваё начальства, каму ён падпарадкоўваецца.
- Мяне ж не з турмы вызваляць, - сказаў Раман.
- Я разумею, але тут атрымаецца, што я дапамагаю ўцечцы кадраў з рэспублікі. Да нас многа накіроўваюць, а сваіх мы не ўтрымліваем, а наадварот... Я думаю іншае табе прапанаваць. На вось лісткі па ўліку кадраў, запоўні іх і паедзеш у партшколу пры ЦК КП(б)Б, там добрая стыпендыя, харчаванне.
- А дзе гэта і колькі вучыцца?
- У нашай сталіцы Менску, вучыцца год. Якраз табе ў камсамоле і папрацаваць, ты ж быў сакратаром камсамольскай арганізацыі тэхнікума і добра зарэкамендаваў сябе.
«Год павучуся тут і паеду зноў у мараходку. А цяпер толькі б пакінуць гэты горад», - падумаў хлопец і з радасцю адказаў:
- Згодзен. Вялікі вам дзякуй.
- Хочаш ужо ісці? - здзіўлена паглядзеў Павел Іванавіч на Рамана. - Ведаў, што ты жывы, а вось сустрэцца ніяк не даводзілася. Спраў вельмі многа. Вобласць разбурана ўшчэнт. Знешне руіны заўважныя больш у гарадах, а вось колькі ў вёсках людзей засталося без хат! І наша першаступенная задача - перасяліць сем'і з зямлянак. А тут коней засталося менш паловы, як было да вайны. Няма на чым лес вазіць...
Павел Іванавіч задумаўся і глядзеў чамусьці не ў вочы, а на грудзі свайго былога партызана.
- Бачыў я, як гуськом цераз балота неслі жанчыны ў мяшэчках жыта са станцыі, - сказаў Раман.
- Гэта на пасяўную, - схамянуўся Павел Іванавіч. Глянуў Раману ў вочы, устаў з крэсла і дадаў: - Уся краіна дапамагае нам. Выйдзем, выйдзем з гэтага цяжкага становішча. Галоўнае, каб мы ўмела вялі гаспадарку. Вось паедзеш, павучышся і арганізоўвай камсамол. Толькі моладзі па сіле хутка залячыць раны, нанесеныя вайной. Ты быў добры воін, добры воін...
- А чаму не пытаецеся, ці выканаў я ваша апошняе заданне? - перабіў Раман.
- Я памятаю сваё заданне. І перакананы, што ты яго выканаў. Нават паглядзеў, што ты малавата ўзнагароджаны.
- Так, мы выканалі ваша заданне. І я паранены нават быў.
- Вось гэтага не ведаў. Мы злучыліся з Чырвонай Арміяй, а твая ж група заставалася яшчэ ў тыле ворага. І што - цяжка паранены? - запытаў Павел Іванавіч і зноў сеў за стол.
- Не.
- Значыць, мост вы ўзарвалі?
- Было вельмі цяжка, Павел Іванавіч, гітлераўскія войскі якраз па чыгуначным насыпе займалі абарону. Дык мала таго, што добра ахоўваўся мост, але і на флангах - мноства салдат.
- Ну, і як вам удалося?
- Двое сутак сядзелі ў балоце, назіралі, думалі. Спачатку хацеў накіраваць хлопцаў да насыпу, каб тыя завязалі перастрэлку, адцягнулі ўвагу аховы моста і ў гэты час з другога боку падкласці міну. Але перадумалі, палічылі, што немцы не дурныя, зразумеюць наш намер і яшчэ больш стануць пільнымі. Думалі падпаўзці і зняць вартавых з бясшумкі, але заўважылі, што на змярканні ахова ўзмацняецца: падыходзяць яшчэ двое з ручнымі кулямётамі. Яны партызан не баяліся, бо лесу паблізу няма, а абапал рэчкі, як вокам акінуць, хмызнякі, балота. Гітлераўцы ведалі - фронт набліжаецца, і, напэўна, пабойваліся вайсковых разведчыкаў. Так што ўзарваць мост можна было толькі ўдзень, калі цягнік снаваў узад-уперад, падвозячы розныя матэрыялы для ўмацаванняў. Трэба сказаць, што нам пашанцавала. Якраз падняўся вецер, пайшоў мокры снег. Вартавыя паўцягвалі галовы ў шынялі і не паварочваліся тварам да нас. З нашага боку ляпіў снег. Мы хуценька нарэзалі сітніку, павязалі яго ў пукі, змацавалі іх, і атрымаўся невялічкі плыток. Паклалі на яго чатыры пліты. І, ведаеце, Павел Іванавіч, я тады няправільна думаў, што калі сам не буду мініраваць, дык ніхто так не зробіць. Хлопцы не дазвалялі, але я бухнуў жыватом на плыток, і ён пагрузіўся ў ваду. Ну што ж, намачыўся, набраў поўныя боты вады. Махнуў рукой: паплыву паціху каля берага. Ведаеце, Добысна - рэчка гнілая, звілістая. І я дзе за лазіну, навісшую над вадой, вазьмуся і падцягнуся, дзе торф дастану рукамі і грабу. І так рухаўся па цячэнні пад мост. Цікава, што ціснула да плыта мяне нейкая нябачная сіла, і я не паднімаў уверх галавы. Слухаў толькі плячамі: куды трапіць варожая куля, а яшчэ больш баяўся пачуць чаргу з боку сваіх. Бо загадаў, як толькі заўважаць, што вартавы павярнуўся і цэліцца, адразу ж біць па ім. Слава Богу, нада мною ўжо мост, а стрэлаў няма. Абмінуў калючы дрот, выпаўз на бераг. Ціхенька зняў тол, сеў у цёмны слізкі куточак. Мост увесь свіціцца, і рэйкі відны. І як мы меркавалі няправільна, падумаў я: узарваць з двух бакоў. Запаліш бікфордаў шнур з аднаго боку, пакуль перабярэшся на другі, дым могуць заўважыць. І мне не церпіцца, хацелася хутчэй мініраваць, а тут нейкі холад ахапіў, трасе. І думаю, зраблю так, не выскачу з-пад гэтага моста. А з аднаго боку ўзарву, што ж, немцы хутка дзюрку залатаюць. Чую, грукоча цягнік. Я дастаў з рэчавага мяшка скрутак дэтануючага шнура, па канцах заціснуў зубамі капсулі і папоўз уверх. Выгнуў шнур, каб ён нагадваў жураўліную шыю, прасунуў паміж шпал і зачапіў дзюбай-капсулем за рэйку. Цягнік набліжаўся, і я імгненна каўзануўся ўніз. Ускарабкаўся на свой плыток і паўз бераг, нібы лягушка, узняўшы галаву, рухаўся супроць цячэння. О, як я намагаўся, каб хутчэй дасягнуць хоць бы прыбярэжнага густога лазняку. Раптам страшэнны выбух, заскрыгатала жалеза. Я азірнуўся: паравоз уторкнуўся носам у ваду, а задняя частка яго паціху паварочвалася пад напорам вагонаў. Мяне заўважыў вартавы і стрэліў з вінтоўкі. Пырснула вада мне ў твар. Не памятаю, як я выскачыў на бераг. Было зусім блізка да кустоў, але адчуў, што маю нагу нібы хто рвануў уперад якімсьці крукам. Але я дабег да кустоў. Там ці зачапіўся і ўпаў, ці знарок папоўз на чацвярэньках. У ботах было поўна вады, але адна нага менш слухалася і пачала гарэць. З моста раздаваліся адзіночныя стрэлы. Я крыкнуў. Хлопцы падбеглі да мяне і паднялі на ногі. Адкуль узялася ў мяне сіла! Я без іх дапамогі яшчэ бег з паўкіламетра. І толькі тады мне зрабілі перавязку. Добра, што варожая куля не кранула костку. Ну, а потым злучыліся з нашымі. Вайсковы шпіталь. І вось які я ёсць сёння.
- Добра, мы запоўнім на цябе яшчэ адзін узнагародны ліст, - сказаў Павел Іванавіч. - Думаю, што цяжэйшае ў цябе ўсё ззаду. Так, сынок?!
- Не, Павел Іванавіч, ці таму, што ўсё гэта было даўно, ці з якой іншай прычыны, не магу выказаць, але мне цяпер вельмі цяжка.
- Чаму? - здзіўлена паглядзеў на Рамана Павел Іванавіч.
- Жыццё неяк недарэчна склалася. Паеду вучыцца, але да вас назад не вярнуся.
- Ты штосьці скрываеш ад мяне, а?
- А што скрываць, калі ўсё пайшло марна.
- З такой вайны выйшаў здаровым, прыгожым, на ўзлёце... Мне не падабаюцца твае ноткі. Не разумею, з чаго гэта?
- Бачылі б вы маю дзяўчыну... Ай, навошта мне цяпер гэта прыгажосць, узлёт, узнагароды?
- Дык што здарылася?
- Замуж выходзіць.
Раман бачыў, як Павел Іванавіч стрымліваў усмешку, але заплюшчыў вочы і задумаўся, нібы пераўвасабляў сябе ў стан маладога хлопца. І не адважыўся сказаць што-небудзь кепскае на дзяўчыну. Хутчэй за ўсё ён скрыў сваю думку і, вытрымліваючы такт, запытаў:
- І доўга ты з ёй сустракаўся?
- Доўга.
- Яна ж напэўна кахала цябе. Ды я інакш і не думаю, - ледзь усміхнуўся Павел Іванавіч.
- Здаецца, так!
- Значыць, яна не па любві выходзіць. А гэта не моцны шлюб.
- Ёй і жыць цяжка было.
- Так, калі добрая дзяўчына, дык шкада, што з прычыны цяжкага становішча выходзіць замуж. І ты лічыш, што ў цябе цяпер цяжкае становішча?
- Так.
- Якое? Ты ж жаніцца не збіраўся, а думаў вучыцца пяць гадоў. Вось і пажыві пяць гадоў. Паглядзі навокал. Колькі згубілі ў час вайны сваіх мужоў, жонак, жаніхоў, нявест. Дык усе і нос павесілі? Сорамна, такі мужны хлопец, і якім я цябе бачу. Ідзі запоўні ўсе дакументы, выспіся добра, а заўтра яшчэ пагаворым.
Раман выйшаў з абкома з палёгкай на сэрцы. Ужо не шыпела так над галавой, не здаўліваў шыю ланцуг...
«Дык Павел Іванавіч другі сакратар, а ёсць і першы, можа б, той пазваніў палкоўніку, і мяне б адпусцілі ў мараходку. Напэўна, Павел Іванавіч палічыў дробязнай справай маё пытанне».
Нічога. Раман з задавальненнем паедзе ў сваю сталіцу на год. А можа, яшчэ зусім адмовіцца там ад мараходкі ды паступіць у юрыдычны інстытут. Роза гаварыла, што суд падпарадкоўваецца толькі закону. Тады Раману ніхто не будзе ўказваць, і ён будзе сам наводзіць парадак, нягледзячы ні на якіх там асоб. Галоўнае, быць самому сумленным, а сам пажыве, павучыцца, убачыць, што рабіць далей.
Пастаяўшы крыху на ганку абкома, Раман вырашыў пайсці ў парк. Парк быў бязлюдны, заснежаны. На галінах дрэў не пінькалі сініцы, не стукалі дзятлы. Толькі ў марозным паветры гулі правады, што наснаваны над цэнтральнай алеяй. Раман трасянуў галавой, глянуў уверх. «Ці гэта ў мяне ў галаве так гудзе?» - падумаў ён і спыніўся каля тоўстага клёна. Раман угледзеўся ў камель, і раптам парк нібы ажыў.
Ва ўяўленні паўстаў той зімовы мінулагодні дзень, калі Раман удзельнічаў у гарадскіх лыжных спаборніцтвах. Ён тады на апошнім крузе, не дабегшы некалькі метраў да фінішу, урэзаўся ў гэты клён, і лыжа зламалася. Якраз уперадзе зайграў духавы аркестр, і Раман хуценька адчапіў зламаную лыжу і пабег па адной. Але хтосьці абышоў яго, і Раман заняў другое месца.
Перад ім і цяпер паўстаў белы разгублены Надзін твар, і здавалася, што навокал чуваць апладысменты моладзі. Надзя не пляскала тады ў далоні, яна напалохалася, калі пачула, як трэснула лыжа і Раман упаў. Гаварыла, што ледзьве не ўскрыкнула, але нехта засмяяўся побач, і яна са злосцю папракнула яго.
Раман уздыхнуў і паціху пайшоў на круты бераг Сожа. Здавалася, і ветру няма, але з рэчкі ён набягаў, халодны, калючы. Па лёдзе даганялі адна другую снежныя пасмы, віхурыліся, вырываліся ўгару і нібы раставалі ў паветры. Бярозкі, што стаялі на беразе і некалі шапталіся ліствою, туліліся, спляталіся галінкамі, цяпер нібы разышліся і былі на пэўнай адлегласці адна ад другой.
«Вось тут мы некалі сядзелі з Галубкай, - падумаў Раман. - Тады гойдаліся сожанскія сярэбраныя хвалькі, дыхаў цёплы, пяшчотны ветрык». Раман крута павярнуўся і хутка пайшоў, нібы хацеў уцячы сам ад сябе. Азірнуўся, глянуў на вежу і вырашыў злазіць на яе, бо калі давядзецца яшчэ быць тут, невядома. Па вінтавой лесвіцы ён шпарка паднімаўся ўверх. У пустой вежы разносілася рэха ад абцасаў, і здавалася, што ззаду ў Рамана яшчэ нехта ідзе. Раман вылез на балкончык і паглядзеў навокал. Ці таму, што зімою Раман ніколі не глядзеў з вежы на горад, ці таму, што закончылася вайна і знялі ўсю маскіроўку, горад быў белы. Толькі чатырохпавярховая школа, у якой жыла Надзя, вылучалася сваёй шарызной. Раман раней і не заўважаў, што школа не тынкаваная. Вунь у той сцяне акно яе пакоя. Цікава, што Надзя цяпер там робіць? Збіраецца, напэўна, на заняткі. Раман звёў позірк са школы, паглядзеў на магутныя краны, што ўзвышаліся над горадам, на вялізны белы элеватар. «Напэўна, ён ужо напоўнены зернем. Будуюць, хлеб вырошчваюць. А я? Трэба ехаць вучыцца. Правільна Павел Іванавіч сказаў».
Раман паглядзеў на гадзіннік і пайшоў з вежы.