Генрых Далідовіч Заходнікі

1

— Не ведаю, хлопча, добра я раблю ці не, але мушу сказаць, — прамовіў дзядзька Францішак, калі выбраліся з лесу і запыніліся каля пагонкі. — На тваю Марысю пазырквае Кураглядаў…

Гэта не была для Сцяпана навіна. Марыся расказвала яму — і ўжо не раз, — што той, за вочы Курашчуп, на пачатку года загаворваў гулліва ды непрыстойна, а цяпер пачаў нахабна заступаць дарогу, хапаць за рукі і абы-што шаптаць на вуха. Надоечы Марыся мусіла ўжо не толькі прыкрыкнуць, але нават і злосна адштурхнуць ды прыстрашыць, што паскардзіцца мужу.

Пачуўшы, што пра гэта пачалі ўжо вось гаварыць людзі, Сцяпан уздрыгнуў, але змаўчаў (як і ўсе ў радні, быў не пыхкі і не вельмі гаваркі). Сцяў губы, прыплюшчыў вочы, адвёў позірк ад недалёкай, за вярсту, сцішанай пад высокімі голымі ліпамі роднай вёскі і зірнуў убок: на блізенькі зялёна-цемнаваты акраек лесу і на цярушліва-хмарнае неба, каб, можа, туды — у сыр-бор ды ў халаднаватую высь — адпусціць свой раптоўны сардэчны боль ці адтуль, з вечнай мудрасці, узяць крыху супакаення для занылай душы.

— Я не хачу, нават баюся, каб ты, хлопча, што благое падумаў, а то, крый божа, распусціў дома рукі, — увесь светлы дзень, калі працавалі ў лесе, дзядзька амаль маўчаў, толькі зрэдку загадваў, што і як рабіць, а цяпер вось загаманіў і павёў гутарку асцярожна, не сваім гучным, цвёрдым, а нібы нясмелым ды не зусім шчырым голасам. — Каб было што, дык ужо ўсе паласкалі б зубы. Ды, кажуць, ён круціцца са сваёй сакратаркаю. Сцяпан зноў не абзыўнуўся.

— I з ім, хлопча, не гарачыся. Ён — улада… I, сам ведаеш, дурыла!

Што праўда — то праўда: гэты Кураглядаў паспеў за кароткі час уесціся ў печань усім Янкавінам. I сам, і са сваім фінагентам Клопікавым.

— Ну, не набірай абы-чаго ў галаву! Хоць ён і курашчуп, але твая Марыся лішняга не дазволіць! — усміхнуўся дзядзька, ляпнуў яго па плячах і, падперазаны пілой, з сякерай і з наламаным хваёвым памялом, пашкрэбаў на свой блізкі хутар Амшарок.

Сцяпан паглядзеў крыху ўслед высокаму, дужаму і мудраму бацькаваму брату — той, гэтак неспадзявана і балюча развярэдзіўшы душу, аддаляўся, меншаў, знікаў у прыцемках, — а потым крануў лейцамі каня і пакрочыў па тупкай ужо сцежачцы, слухаючы, як радасна фыркае, весела спяшаецца дадому Гняды, прыемна шапацяць колы па сырым жвірыстым пяску, знаёма рыпяць дуга і гужы, а заадно вабна ляжаць агромністыя валуны ўздоўж дарогі. Гэтыя камяні — а іх сем ад лесу да вёскі — тут здаўна, іх ніхто не чапае, яны быццам нейкія святыя істоты ці помнікі; калі трэба каменне на падмуроўку альбо ў склеп, дык людзі шукаюць яго на сваім альбо гуртавым полі, а калі трэба пазбавіцца ад дробнага камення, што ўсё выплывае і выплывае з зямлі, то яго падбіраюць, але не кідаюць абы-як тут, пры дарозе альбо ў лесе, а знаходзяць яму сваё месца. Раней, за палякамі, вазілі пад Налібакі, на дарогу-брукаванку, а цяпер звозяць у адно месца — вось сюды непадалёку ў лес, на Ваўкавеньку ці на Крушню.

Пасля лагчыны, на горцы, як на далоні сталі бачныя Янкавіны — з гэтага, паўночнага, крычатоўскага, боку ў адзін шнурок, уздоўж дарогі-вуліцы, пад старымі насадамі. Калі сюдой падыходзіў паджылы чалавек, то спачатку нібы бачыў старую вёску — тую, што адбудавалася пасля першай сусветнай і савецка-польскай войнаў і што была да самай нядаўняй блакады: цесную, прысадзістую, з невялікімі вокнамі, амаль спрэс саламяную, толькі сям-там, у Засценку, з высокімі аплазаванымі ці пашаляванымі дамамі, накрытымі гонтай і нават чарапіцаю, з вялікімі, хораша аздобленымі вокнамі, з верандамі. Але, апамятаўшыся ад былога малюнка, як вось цяпер Сцяпан, кожны мусіў бачыць тое, што ёсць наяве: тут і там свежыя накрытыя дахамі ці яшчэ ненакрытыя зрубы з аголенымі альбо забітымі аполкамі аконнымі прагаламі, паміж зрубамі — быццам пусткі, хоць на самай справе там — нізкія, заглыбленыя ў дол зямлянкі. I толькі зрэдку — новыя дамы з чырвонымі комінамі, з вокнамі на адну, а то ўжо і на дзве палавіны. Адным словам, пазалетась вярнуўшыся з бежанцаў і з Германіі, Янкавіны адбудоўваюцца, спрабуюць зноў, як і раней пасля ліхалецця, стаць на ногі. Што да Сцяпана, дык ён, першы яшчэ пазалетась зладзіўшы каля папялішча зямлянку, ужо здолеў абжыць домік на дзве палавіны і ўзбіцца на такую-сякую гаспадарку.

Каля плашкавай дрывотні Сцяпан падцялежыў калёсы і выкуліў з іх галлё, вярхоўе — усё тое, што можна паліць у лесе ці па дазволе леснікоў забіраць дадому, — распрог каня, уцягнуў калёсы ў гуменца, а пасля, не спяшаючыся, не заходзячы ў хату, пачаў ухаджацца ў хляве: даваў сена каню, карове, цялушачцы, авечцы з ягнятамі і з кожнай хвілінай усё больш і больш распаляўся ад незразумелай злосці. Калі выходзіў на двор, дык кідаў позірк на акно, што было каля сянец і глядзела сюды: там, на кухні, сядзела маці і трымала пад пахі яго двух-гадовага Юзіка. Сын — у мяккіх атопачках, у доўгай кашульцы і шапачцы, завязанай шнурочкамі на шыі, — як толькі бачыў яго, бацьку, імкнуўся на двор, ледзь не вырываючыся з бабчыных натруджаных рук. Тыя разы, вярнуўшыся з лесу, Сцяпан адразу ішоў да акна, гуляў-пацвельваўся са сваім першынцам-любімцам, а то заходзіў у хату і заносіў яму прыгожую шышку ці злоўленую птушачку, а сёння не пайшоў, каб не сустракацца і не бачыцца з Марысяй — тая магла выйсці альбо вызірнуць з-за сынавых і свекрывіных плячэй. Праўда, звычайна Марыся, як толькі ўгледжвала яго ў двары, адразу ж выбягала з хаты, каб сказаць якую вясковую навіну ці штосьці запытаць, з ласкай зазірнуць у вочы, а ў зацішным, схаваным ад чужога вока месцы і прытуліцца, але во сёння не паказваецца…

Пазней, калі прынёс у хату абярэмак дроў, убачыў: Марысі няма дома. Раней, калі яна выходзіла ў вёску, быў спакойны, а вось цяпер — не, у сэрца нібы кальнула стрэмка.

— Заседзелася недзе ваша маладая… — быццам вінавата сказала маці, гадамі яшчэ не старая (ёй было соракпяць гадоў, ён, Сцяпан, яе старэйшы сын), але на выгляд зусім пажылая ўжо жанчына: знясільваючая праца, чацвёра дзяцей, смерць мужа ў раннім веку, блакада і прымусовы вываз на нямецкія землі паклалі свой цяжкі адбітак.

Ён нічога не адказаў, пачаў накладаць дровы: спачатку тут, на кухні, у пліце, а пасля ў другой палавіне хаты — у стаяку. Сын — худзенькі, але пруткі, падобны і на яго, светлавалосага бацьку, і на смуглаватую маці — таптаўся побач, то намагаючыся ўхапіць паленца, то спрабуючы ўсесціся на рукі, а гаспадыня ў гэты час пачала даставаць з новай, але добра варкай печы цяжкія чорныя саганы. Што да Марысі, дык яна вярнулася дадому, калі ён з сынам на каленях сядзеў каля палаючага стаяка і задуменна пазіраў на агонь, а маці насыпала дробную бульбу ў памытыя саганы — на заўтрашні дзень.

— Загулялася… — Марыся яшчэ з парога замітусілася і кінулася да свекрыві перахапіць яе работу.

«Загулялася! — новая стрэмка цяла Сцяпанава сэрца. — Дзе? I з кім?»

ГІазней, калі пад столлю з шырокіх габляваных дошак і моцвых кантовых бэлек свяціла падвешаная на дроце лямпа, а на стале цёпла і смачна пахла ў глінянай місцы неабіраная звараная бульба, вабіў агурочны расол, запраўлены звараным яйкам, цыбуляй і смятанай, Сцяпан моўчкі сцізорыкам абіраў лушпінне — сабе і для сына, а заадно касіў позірк на жонку. Тая, вярнуўшыся з цёмнага ўжо двара і борздка скінуўшы ватовачку і хустку, вось цяпер мыла рукі над мядніцай. А калі выпрасталася, пачала гарэзна ўглядацца ва ўмураванае ў печ люстэрачка, папраўляць грэбенем чарнявыя валасы, пасміхацца сама сабе, у яго ад любасці і болю ажно зайшлася душа: якая ўсё ж вабная яна! Мае дваццаць адзін год, сярэдняга росту, пакруглелая пасля родаў — усе яе дзявочыя сукенкі, як вось і гэтая сіняя з белым гарошкам, ужо цеснаватыя, да трэску на швах напінаюцца на ладных клубах і на высокіх грудзях, і ад яе хочаш ці не хочаш, але не адвядзеш зачараваныя вочы. А яшчэ гэты падзёрзку загнуты носік на круглаватым твары, чарнявыя вочы і пышныя валасы!.. Не дзіва, што ўпадабалася таму памаўзліўцу!

Марыся, калі падабрала пад белую хустку валасы і села насупраць за стол, адразу ж перахапіла яго позірк — здаецца, і цяпер ясна, аддана, з любоўю, а ён, прыгнечаны прыкрым настроем, адводзіў вочы, моўчкі еў, але які ні быў згаладалы, а вялікага смаку сёння не адчуваў. Марыся, мусіць, душой учула вір ягоных спрэчных пачуццяў, узбудзілася: колькі разоў то недарэчы смяяла-ся, гаварыла абы-што, а то замаўкала з недаўменнем, гарэла ад чырвані, а пазней, калі папілі падсалоджанага сахарынаю ліповага і малінавага настою, кінулася прыбіраць са стала, мыць пасуду.

Сцяпан жа, дагледзеўшы агонь у стаяку і зачыніўшы ўюшку, не запаліў тут, у «белай хаце», свечку, хуценька распрануўся і шуснуў пад стылаватую коўдру, жадаючы, каб Марыся сёння легла не з ім, а з сынам — бывала, калі той прычэпліваўся, Марыся брала яго сюды, у гэты пакой, і клалася з ім на асобным, бліжэйшым да стаяка і дзвярэй, ложку. Ды па ім не выйшла: Юзік, як чуў, падаўся спаць з бабуляй (тая, відаць, зразумела, што ён, Сцяпан, насупіўся за штосьці на Марысю, маўчала ўвесь вечар альбо загаворвала зусім пра іншае, а цяпер настой-ліва прасіла малога застацца з ёю на печы: «Я ж адна, Юзічак, баюся спаць»). Марыся, прыбраўшы на кухні і патушыўшы святло, прыйшла сюды.

Як і кожны вечар, Марыся пачала рыхтавацца да свайго звьгчайнага і ў той жа час непаўторнага рытуалу перад сном. Звычайна яна садзілася на край пасцелі, спіной да яго, сцягвала сукенку, вабна святлеючыся ў змроку, а пасля здымала бялізну і, калі было не зусім цёмна, гарэзна і лёгка кідала скінутае яму на твар, хуценька расшпільвала на спіне станік і, падтрымліваючы яго локцямі, хаваючы грудзі, намагалася выхапіць з-пад падушкі доўгую начную кашулю, апусціць станік і нацягнуць яе на сябе. Ён звычайна з узбуджэннем чакаў якраз гэтых хвілін і ў міг, калі яна ўздымала рукі ды цэліла трапіць галавой у выраз кашулі, хапаў яе, пруткую, дужую, і паміж імі пачыналася сапраўдная барацьба. Урэшце Марыся скаралася, выпускала з рук кашулю, і яны, задыханыя, запалымнелыя, прытульва-ліся і заміралі ў доўгім слодычным пацалунку… Пра гэта пасля яны ніколі не гаварылі, яно было іхняй таямніцай, кожны насіў яе пры сабе, але ўсё гэта, зда-ецца, вельмі маладое, гуллівае і не зусім сур'ёзнае, моцна яднала іх, а па-другое, заўсёды было і чымсьці новым, патрэбным, як многае дзіўнаватае ў іхнім узросце.

Сёння Марыся таксама апусцілася на край; неўзабаве паказала свае гладкія плечы, хвалюючы раўчук на спі-не, які вось хораша закрылі апушчаныя цёмныя валасы. Але, цяпер не чуючы ягонага адмыслова затоенага ды-хання, напружанасці для рыўка, Марыся нібы здзівілася — заціснула локцямі станік і азірнулася. Бачачы, што ён ляжыць зусім нерухома, бадай, упершыню за сумеснае жыццё не заспяшалася хаваць сваё спрытнае і прыгожае цела, нырнула пад коўдру і прытулілася.

— Які цёпленькі! — шчасліва прашаптала і, ужо ўражаная яго стрыманасцю: — Ты стаміўся? Хапаў, падымаў за сябе і за дзядзьку?

— Стаміўся, — нехаця, абы не маўчаць, буркнуў ён. Маючы яшчэ толькі дваццаць тры гады, не малую мужчынскую сілу, ён, лічы, не ведаў добра, што гэта такое — стома ад работы.

Каб была старэйшая — калі не з адпалымнелай, то ўжо з прыціхлай душой альбо мела спакайнейшы характар, — дык Марыся, як і кожная крыўдлівая жанчына, раптоўна пахаладнела б, насупілася, але…

— Мы зараз прагонім тваю стому… — Загарэзнічала яна, дала волю рукам, а заадно прыпала да ягоных вуснаў. Такое дазволіла сабе толькі сам-насам і пад начным полагам.

Сцяпан, як ні стрымліваўся, толькі дзеля прыліку ад-казваючы на пяшчоты, пачаў паволі супакойвацца, дабрэць, праганяць прэч рэўнасць і злосць, нават падакараў сябе: ну і дурань! Не, не можа яго Марыся ад-цурацца, падпусціць да сябе чужога мужчыну, тым болей гэткага нягодніка, як Кураглядаў, кахае і шануе толькі яго, мужа. А калі разлагодзіўся, дык не мог ужо быць абыякавы да жончыных ласак — узбудзіўся, а потым імгненна нібы ўспыхнуў агнём.

Некалі, калі толькі пажаніліся і пачалі жыць як муж ды жонка, абое доўгі час былі сарамлівыя, няўклюдныя, дык такія незвычайныя хвіліны, як цяпер, вельмі ўзбуджалі, але не заўсёды прыносілі вялікую радасць, часамі нават наадварот — расчараванне, сорам і пакуты, нават крыўду адно на аднаго. Цяпер, калі былі ўжо сталейшыя сямейнікі, калі Марыся пасля родаў адчула сама і ведала, як паказаць яму сваю жаноцкасць, было іначай. Ця-пер яны разумелі, адчувалі адно аднаго без слоў — па ад-мысловай усмешцы, па пяшчотных дотыках, па пацалунках. Так вось і ў гэтыя хвіліны. Спачатку ні ён, ні яна, задыхаючыся, не маглі вымавіць слова ці паўслова, толькі трымцелі, але пазней, калі гэтае трымценне пачало ўтаймоўвацца, успламяніла кожную жылачку, і душа душы, цела целу пачалі спяваць адну пяшчотную песню, першай, як і раней, здолела ціха выдыхнуць Марыся:

— Сцяпанка, міленькі мой, залаценькі…

Ён слухаў, нібы нейкі голас здалёку, яшчэ далікатней лашчыў яе, на ўсю глыбіню душы радуючыся, колькі чаго цудоўнага можа даваць маці-прырода.

Пасля яны спачатку побач, а потым крыху воддаль ляжалі змораныя, але шчаслівыя, з нейкім новым акрыленым усведамленнем гэтага цяжкога, але мілага свету.

— Я цябе вельмі люблю, Сцяпанка, — прашаптала Марыся, узяла яго руку і прытуліла да сваёй гарачай шчакі.

— I я, — скупа, але з радасцю адказаў ён.

— Я з табой такая шчаслівая, што часамі ўжо баюся…

— Не трэба, — папрасіў ён, ведаючы, што часамі трэба быць вельмі асцярожным і са сваімі патаемнымі думкамі, і са сваім словам, каб самому не наклікаць на сябе бяды. — Маўчы.

— Маўчу, — прашаптала са згодаю.

Заціхла, перажываючы ўжо новую ўцеху: ён моўчкі, дзякуючы, пачаў лашчыць яе валасы, шыю, пруткія грудзі. Калі ж яго рука паслабела, а рухі замарудзіліся — значыць, ён пачынаў драмаць, яна ўзяла яго руку, сама знайшла ёй месца: ён любіць засынаць, калі расслаблена, але ўладна, як муж, як гаспадар, пакладзе яе, цёплую, з пульсуючымі жылачкамі на пальцах, на яе малады, тугі жывот.

Загрузка...