24

Сцяпан, мокры па грудзі, акалелы, стомлены, нават, бадай, упершыню ў жыцці знясілены, плёўся і плёўся ў глыб Налібацкай пушчы.

I раптам зусім нечакана:

— Стой!

Ён уздрыгнуў, нібы яго знянацку хлістанулі пугай, выпраміўся і не запыніўся, а замёр на месцы. Дзе і хто затрымлівае так рэзка і рашуча? Што — не толькі дагна-ла, але і забегла наперад ды сустракае чэкісцкая пагоня?

Баючыся лішне паварушыцца, усё ж павёў туды-сюды вачыма. Вакол — укаранелы высокі сасновы бор, рыжая мяккая ад начной сырасці ігліца, густыя цёмна-зялёныя ядлаўцовыя кусты, наперадзе — зялёная лапі-на: астравок ужо высакаватай папараці, светла-зялёных гонкіх бярозак. Яны ахутаны рэдкім туманом, а ён лёгка прасвечваецца, блішчыць ад яшчэ нябачнага тут, але ўжо ўзнятага над зямлёй ранішняга сонца. Мусіць, ад-туль, з расянай падружоўленай гушчэчы, і пачуўся гроз-ны мужчынскі вокрык:

— Рукі ўверх! Ну-у!!! Падняў.

— Падыходзь!

Сапраўды, голас адтуль, з астраўка. Дзе дзенешся. Ні назад, ні ўбок не лапанеш: усюды тут ён як на далоні. Не паспее зрабіць некалькі крокаў, як пальнуць па ім. Паслухмяна пакрочыў на голас, аддаючы сябе ў чыесьці рукі.

— Стой!

Уладны бас зноў запыніў Сцяпана, але ён, хоць меў добры зрок, зноў нікога нідзе не ўгледзеў. Відаць, гэты чалавек увабраўся ў штосьці зялёнае і ўдала затаіўся.

— Кідай на зямлю зброю!

Ён асцярожна развёў рукі: ды не маю я нічога.

— Рукі — за патыліцу! Паслухаў.

Нечакана варухнулася невысокая, разголістая бяроз-ка, і з-за яе выйшаў нізкі чалавек у зялёным цывільным балахоне. У руках трымаў наведзены на яго аўтамат. Чырвонаармейскі, з круглым дыскам. За крокаў пяць-шэсць чалавек запыніўся, свідруючы прыплюшчанымі вачыма. Вастраносы, даўно ўжо няголены.

«Энкавэдэ? Лесавік?»

Аднак запытаў не ён, а запатрабавалі адказу ў яго:

— Хто такі?

«Што сказаць? — апякла розум і душу думка. — Праўду? Зманіць?»

— Ну-ну! — рашучы незнаёмец рэзка падкінуў-падняў угору аўтамат.

— Я… З вёскі…

— З якой?

Адчуў кожнай жылачкай: вось цяпер рашаецца яго лёс. Калі гэта ўзброены замаскіраваны энкавэдыст, то можа шмат не валаводзіцца, а прыстрэліць тут жа на месцы. Дык што рабіць? Назваць не сваю, а якую-небудзь іншую вёску? Паспрабаваць штосьці наплясці? Але і энкавэдэ, і лесавікі хутка выявяць падман. Для першых усё адно: мані ці гавары праўду — схопяць альбо заб'юць, ад другіх, можа, удасца як-небудзь выкруціцца.

— Ну-у!!! — зноў на яго пагрозна наведзены аўтамат.

— З Янкавін, — прызнаўся Сцяпан, і ў яго ад адчаю паслабелі рукі ды ногі.

— Фамілія!

Ад напружання аж пацямнела ў вачах.

— Ну-у!!!

Ненавідзячы і гэтага ўладнага чалавека, і сябе за страх ды някемлівасць, зноў прызнаўся:

— Грыгарцэвіч… Сцяпан…

— Куды і чаго ідзеш?

Не, ён — не энкавэдыст. Чэкіст, пачуўшы яго прозві-шча, такога не запытаў бы і так сябе не павёў бы. Значыць, з лесавікоў, з тых, хто рабуе магазіны, людзей і замахваецца на жыццё старшынь сельсаветаў, на міліцыянераў і раённае начальства.

— Уцякаю… — адказаў, але зусім аслабелым голасам.

— Што-што? — не дачуўшы, зморшчыўся і запытаў той.

— Уцякаю?

— Ад каго?

«Ясна, лесавік».

Што зробіш, ад свайго лёсу не ўцячэш. Здаўся на яго міласць:

— Ад канвою.

— Ад якога канвою?

— Энкавэдэ.

Незнаёмец змаўчаў. Калі не сумеўся, дык, здаецца, добра не мог уцяміць, што тут і да чаго.

— Ты, часам, не з парашутам і з рацыяй? Цяпер Сцяпан ужо нічога не зразумеў.

— А можа, падасланы?

— Не.

— За што ўзялі? — мякчэй, але па-ранейшаму недаверліва запытаў той, скінуўшы з галавы башлык. Пад ім была звычайная вясковая цёмная брылёўка.

— Кажуць, за палітыку… За агітацыю…

— Старшыню свайго сельсавета куды-небудзь паслаў альбо нават Сталіна?

— Ды не чапаў я нікога, — адказаў горка. — Прычапіліся чорт ведае за што.

— Кладзіся, — загадаў той. Але ўжо не бесцырымонна. — Тварам ніц. I выцягні рукі.

Сцяпан падпарадкаваўся, лёг на халодны дол; узброе-ны незнаёмец падышоў, моцна ткнуў яму пад лапаткі аўтаматнае дула, а вольнай рукой пачаў мацаць яго кішэні, паясніцу. Упэўніўшыся, што ён нічога не мае са зброі, адышоўся.

— Садзіся і не рыпайся, калі жыць хочаш, — прамовіў, а сам, ускінуўшы на плячук рэмень ад аўтамата, паднёс да рота складзеныя далоні і закугаў раз-другі зусім пасавінаму. Неўзабаве такое ж кугаканне пачулася здалёку ў адказ. Пасля гэты неспадзяваны, новы канваір пазіраў на яго моўчкі і ўжо крыху няўважліва, мусіць, душой адчуўшы, што ён і не вайсковец, і не падасланы цывільны, а звычайны няшчасны ўцякач.

«Уцёк ад адных, а трапіў да другіх… — паныла паду-маў Сцяпан. — А гэта значыць, што хрэн горкі, а рэдзь-ка не саладзейшая…»

Адрачона апусціў цяжкую галаву між мокрых калень і цярпліва чакаў таго нярадаснага, што будзе далей, усё болей упэўніваючыся, што яго жыццё ўжо зламанае. Раптоўна, неспадзявана і жорстка. Адны ніколі ўжо не даруюць, што вырваўся, лапатнуў з іхніх рук, а другія калі не адбяруць жыцця, дык так убрудзяць, што ніколі не адмыешся. Адно, можа, выйсце: збегчы за свет. Але куды і як уцячэш ад гаспадаркі, Марысі і сына?

«Не выехаў, застаўся тут на сваю бяду…» Як і чакаў, неўзабаве сюды ціха, але ўсё ж чутна падышоў яшчэ адзін чалавек. Гэты — сярэдняга росту, светлавалосы — быў у выцвілай салдацкай гімнасцёрцы.

— Што такое? — запытаў ён у нізкага.

— Ды затрымаў во палітычнага дзеяча, — пакпіў той і паказаў локцем на Сцяпана. — Кажа, дае драла ад энкавэдэ.

Новы незнаёмы запытаў у яго амаль тое ж, што і як зусім нядаўна ўжо выцягваў першы сустрэчны. Пасля ён загадаў закласці за паясніцу рукі, звязаў іх там сваім рэменем, рэзка і балюча насунуў яму на самы нос брылёўку і пагнаў перад сабою.

Нацягнутая брылёўка закрыла Сцяпану вочы, але не зусім схавала святло: ён добра бачыў тое, што было пад самымі нагамі. Ішлі яны па зялёным расяным востраве, сасновым борам, пасля — па лагчыне і балоце і ўрэшце трапілі ў густым кустоўі на груд. Тут іх сустрэў яшчэ адзін чалавек.

— З парашутам і рацыяй? — паўжартам запытаў той.

— Ды не. Кажа, што тутэйшы.

— Я кога чорта блытаўся тут?

— Разбяромся, — адказаў яго самы апошні канваір, а яму загадаў сесці. — Прачнецца старшы — дапытае.

Рук не вызваліў, брылёўку з твару не прыбраў.

Старшы спаў ледзь не да паўдня.

Калі ён аднекуль заявіўся тут і яму расказалі пра «затрыманага палітыка», загадаў развязаць рэмень. Сцяпан спачатку пацёр занямелыя рукі, а потым ужо сам падняў наверх брылёўку.

— Здаецца, я цябе, прыяцель, ведаю, — сказаў гэты старшы. У новых хромавых ботах, у суконным галіфэ і дыхтоўнай белай кашулі, рыжы і з чырванаватымі вачыма.

I Сцяпан, здаецца, недзе бачыў гэтага яшчэ маладых гадоў мужчыну.

— Ці не знаёмыя мы? — усміхнуўся той. — Ты часамі не былы паліцэйскі?

Ага, ці не камандзір гэта паліцэйскай роты ў нямецка-паліцэйскім гарнізоне, што быў у вайну ў Гле-баўцах. Пазнаўшы, Сцяпан стрымана скасіў позірк: зусім непадалёку ўкапаная ў дол і абкладзеная дзірваном зямлянка. Побач — адсунуты груд зямлі з не-калькімі зялёнымі кустамі, за грудом — лаз у яму-зямлянку. Паднёс груд, заклаў лаз — не толькі зверху, але і зблізку вельмі не ўгледзіш, што пад ім чалавечае жытло.

— Дзе быў у вайну? — запытаў былы паліцэйскі камандзір. Хамічонак ці як яго там.

— У Рубяжэвічах.

— А, усё цяпер ясна, — здагадаўся і той. — Ты бежанец-каваль. Падкоўваў аднойчы майго каня. Ну, а мяне пазнаў?

— Не зусім, — зманіў Сцяпан. — Але бачыў недзе. З-за яго, гэтага Хамічонка, летась да яго і дзядзькі Францішка прыязджаў лейтэнант з энкавэдэ, распытваў, ці не чулі яны што-небудзь пра былых паліцэйскіх. Сцяпан лічыў, што гэты Хамічонак марсянуў з немцамі, як уцяклі іншыя, аж ён во тут, у пушчы.

— Здаецца, у вайну ты нюхаўся з партызанамі, — сказаў Хамічонак, сеў і закурыў. — Цяпер на службе ў энкавэдэ?

— Не.

— А чаго тут? Скажаш, збіраеш смарчкі?

— Чуліж, уцёк…

— Але ты абмінуў не толькі свае Янкавіны, але і Пруды, Цеснавую, Налібакі.

— Заблудзіўся.

— Дык за што ж цябе ўзялі?

— Узялі дзядзьку, а потым і мяне. Кажуць, за агітацыю проціў Саветаў… У гэтую ноч прывезлі да нейкай агароджы, паверсе яе дрот. Дзядзьку павялі туды, а я ўцёк.

— Ці не былі вы ў Ваўчковым урочышчы?

— Не ведаю.

— Калі гэта ўсё так, то, прыяцель, гэта — сур'ёзна. Там па начах заводзяць машыны і пры іх святле расстрэльваюць люд з бліжэйшых раёнаў. — Схамянуўся. — Але чаму іменна цябе захацелі пусціць у расход? Ты ж партызанскі паслугач!

— Схапілі па даносе старшыні нашага сельсавета. Кураглядава.

— Праверым, — прамовіў той, а пасля, затрымліваю-чы позірк на яго ўсё яшчэ мокрых портках, зміласцівіў-ся: — Дайце, хлопцы, яму сухую апратку. I шклянку самагнёту падайце. Праўду кажа — падумаем, як выратаваць, ілжэ — расстраляем.

Загрузка...