Эпілог. Прадмова

Я трошкі разгубіўся, калі летась да мяне, пляменніка Сцяпана Грыгарцэвіча, завітаў Кураглядаў.

Ён асцярожна, нават, бадай, лісліва зайшоў у кабі-нет, з абачлівасцю зірнуў на нашага рэдактара (той, салідны, у акулярах, размаўляў па тэлефоне і не павярнуў галавы), нібы павывучаў яго з хвіліну, на ўсякі выпадак пачціва пакланіўся яму і пальцам паклікаў мяне на калідор.

Я здзівіўся і разгубіўся не зусім выпадкова: скажу шчыра, я не любіў Кураглядава, не ведаў, чаго ён прыйшоў якраз да мяне.

— Давайце выйдзем на двор, — паклікаў ён. — Нам трэба пагаварыць, Адамавіч.

Мы падаліся з друкарскага будынка ў блізкі невялікі сквер, знайшлі вольную лаўку пад густою ліпай, селі. Кураглядаў, нязвыклы да летняй гарачыні вялікага горада, расслабіў старамодны гальштук, што, здаецца, дагэтуль душыў ягоную тоўстую загарэлую шыю, выцер насоўкай невысокі лоб. Калі зняў капялюш, дык я ўбачыў: ягоныя валасы пасівелі, але па-ранейшаму іх шмат. А ў вачах застыла тое, што маюць, бадай, усе былыя і цяперашнія начальнікі: скрытнасць, нейкая незадаволенасць, жорсткасць і да ўсяго страшнаватая глыбінная цемень — мусіць, ад скалечанай уладаю і падначаленнем душы.

— Ты нефармал альбо нават з БНФ? — нечакана запытаў Кураглядаў, пазіраючы на мяне пільна і змрачнавата.

Я зноў здзівіўся: чаму якраз пра гэта ён пытае?

— Хачу ведаць, як з табой гаварыць, — патлумачыў той.

— Не, я не з БНФ.

— Дзіўнавата!

— Чаму?

— Усе, хто гаворыць па-беларуску, нефармалы альбо ў БНФ, супраць КПСС.

Я не вытрываў, усміхнуўся, але ад спрэчкі ўхіліўся. Не хацелася спрачацца пра гэта ў час, калі быў ужо ліпень 1991 года і калі многія ўжо пачалі на тое-сёе глядзець па-новаму. Ды я загадзя ведаў, што можа сказаць госць.

— У нашым гарадку няшмат нефармалаў, але ўсе яны гавораць толькі «на мове», — прамовіў той. — Захмялелі ад волі. Бэсцяць ужо не толькі Сталіна, але і Леніна, сацыялізм. Нават ужо Гарбачову пстрыкаюць па носе: бачыце, добра гаворыць, але мала робіць, не спрыяе разбурыць Саюз!

Я змаўчаў.

— Праўда, калі ішлі выбары, дык мы, ветэраны, змаглі разам з райкомам заваліць кандыдатаў ад БНФ у народныя дэпутаты, — прызнаўся Кураглядаў. — Часамі на мітынгах ледзь не бойка была. Яны нам: «Вы — сталіністы і з імперскімі замашкамі! Далоў вас!» Мы ім: «А вы — нацыяналісты! Пад суд вас!» Браліся загрудкі і нядаўна, перад рэферэндумам. Але зноў мы перамаглі. У нас і цяпер уся ўлада ў руках райкома.

— Ведаю, — падаў голас я. — Ваш першы сакратар райкома — сваяк першага сакратара ЦК.

— Партыя павінна заткнуць гэтым дэмакратам рот і зноў высока падняць свой сцяг, — сціснуў руку ў кулак Кураглядаў. — Калі праваронілі Усходнюю Еўропу, дык трэба хоць утрымаць СССР, ленінскую ідэю. Ды вярнуць добрае імя нам, ветэранам.

Павярнуўся і з'едліва ўсміхнуўся:

— Ці я, «кансерватар і сталініст», не тое гавару?

— Час, гісторыя ва ўсім разбяруцца, як ужо ў тым-сім разабраліся, — адказаў я. — Дзе былі, ёсць святыні, а дзе злачынствы…

Кураглядаў наструніўся, паўзіраўся мне ў вочы, по-тым адвёў цяжкі позірк.

— Гэта ты — пра рэабілітаваных дзеда і дзядзьку?

— I пра іх.

— Што да іх, дык скажу чэсна: яны не былі савецкія, але, канечне, калі па-сённяшняму, іх не варта было губіць. Трэба было пасадзіць на год-другі, папалохаць і адпусціць. Яны былі б добрыя калгаснікі, як і ўсе ў вашых, заходніх, абласцях. Час іх перавыхаваў.

— I садзіць, і перавыхоўваць іх не трэба было, — прамовіў я.

— Такая была эпоха… — уздыхнуў Кураглядаў.

— Эпоха, лад і людзі… — пахітаў я галавою. — Вы маглі б заступіцца, але не заступіліся.

— Не мог, Адамавіч, — Кураглядаў прыклаў руку да грудзіны. — Чэснае слова, не мог.

— А чаму вы нават цяпер заміналі іх рэабілітаваць? Ён заварочаўся, адчуваючы, што я ведаю пра ягоныя нядаўнія запіскі, у якіх ён нагаворваў абы-што пра невінаватых людзей. Але нічога не адказаў, сам запы-таў:

— Уведалі, дзе і як яны загінулі?

— Не.

Кураглядаў, здаецца, уздыхнуў з палёгкай.

— Павер, Адамавіч, — нібы пакляўся, — я не мог іх уратаваць. На жаль, былі тады свае абставіны, памылкі. Але іх асудзіла наша партыя.

— А вы? — перапыніў яго я.

— Што — я?

— Асуджаеце сябе хоць крыху за тое, што вытваралі ў нас старшынёй сельсавета, а пазней і старшынёй калгаса?

Кураглядаў пабарабаніў пальцамі па партфелі: можа, і не забыў, як ганяў мяне позняй восенню з бульбянога поля альбо як зламаў маю касу на ржышчы, як піў, брыдка лаяўся, а таго-сяго і лупцаваў.

— Былі і ў мяне памылкі, — сказаў, — але я служыў сумленна.

— Зручная пазіцыя. Але не будзем больш пра гэта. Давайце гаварыць пра тое, што прывяло вас сюды.

— Прыйшоў я да цябе, Адамавіч, з просьбаю, — раптам змяніўся, палагоднеў Кураглядаў. — Засумаваў я на пенсіі, адчуў, што маю яшчэ сілу, разбіраюся ў палітыцы, магу папрацаваць на іншым фронце…

«Чертовски хочется конструктивно поработать!» — успомніў я словы аднаго пажылога партыйнага кіраўніка і ўсміхнуўся.

— Карацей, Адамавіч, сеў я неяк у цяньку пад яблыняй і задумаўся пра сваё жыццёбыццё. Цяжкое, гаротнае было маё маленства, але ж з іх, з бядняцкіх нізоў, у наменклатуру выйшаў, заслужаным чалавекам стаў! I надумаўся я кнігу пра сябе напісаць. Спачатку папрасіў у суседа-настаўніка падручнік і пачаў у сталыя гады вучыць, што гэта такое — сацыялістычны рэалізм, класавасць, што такое раман, сюжэт, завязка і развязка… Накінуўся чытаць кнігі, пра якія шмат шумелі… Ну, а тады сеў сам пісаць. Як разагнаўся — дык, брат ты мой, ні канца, ні краю няма! Эпапея выходзіць! Паслаў яе ў Маскву, у ЦК — так і так, памажыце, таварышы, вернаму байцу партыі ягоную творчую працу да шырокіх чытацкіх слаёў данесці. Тыя пераправілі мой рукапіс у выдавецтва. А яно адаслала мне маё: па-іхняму, і тое, і гэта не так. Параілі, каб звярнуўся ў Мінску ў Саюз пісьменнікаў. Паехаў у ваш Саюз, пахадзіў па кабінетах, урэшце трапіў да высокага і тонкага кансультанта. «Цудоўна! З жыцця!» — заўсклікаў той і, нічога не паправіўшы, адаслаў мяне ў мінскае выдавецтва. Узялі там мой твор. Праз нейкі час мой рукапіс — на рэцэнзію нейкаму гісторыку. Той, падлюка, без нажа зарэзаў. «Калі да твора аўтара падыходзіць з дакументальнага, гістарычнага пункту гледжання, — да слова, напісаў, — дык у яго, на жаль, пераважае прыярытэт асабістага над грамадскім». Я сам люблю мудрыя слоўцы, але тут нічога не зразумеў! Адным словам, рукапіс мне вярнулі. Можа, ты, Адамавіч, яго паглядзеў бы?

Прызнаюся: я зацікавіўся кураглядаўскім творам, тым, што і як піша гэты чалавек «пра час і пра сябе».

— Змучыўся я ўжо з гэтай пісанінай, — прызнаўся ён. — Гэта ж, як, убачыў, катаржная праца! Дзень і ноч спакою не маеш, суткамі, тыднямі, нават месяцамі горбішся каля стала! Часамі нічога гаспадарскае не ў галаве! Адарвуць — злы, як звер! А бывае, няма натхнення, хоць ты плач! Месяц-другі не пішаш, дзіка п'еш, гатовы падраць усё, што напісаў, а сябе звесці са свету як нездаляку! А потым… нейкі гад возьме і збэсціць твой у пакутах народжаны твор!..

Кураглядаў разгарнуў сумку, дастаў дзве пакоўныя пацёртыя папкі, адкуль выпіраліся пакамечаныя, а сям-там і выцвілыя лісткі.

— Вазьмі, Адамавіч, — падаў мне папкі. — Калі ўбачыш што людскае, дык пахадзі пасля маёй сякеры гэблічкам. Ну, а калі тут, як кажуць, няўдача, дык выкінь, апрастай мне рукі, вызвалі ад катаргі і бяссонніцы — можа, і не для Сенькі гэтая шапка…

Я ўзяў папкі — згадзіўся прачытаць рукапіс.

— Прызнайся: вы, пісацялі, добра маеце? Больш за кааператараў?

— Хочаце пабагацець? — усміхнуўся я.

— Ды не. Я пытаюся пра тое, пра што не ведаю, — апраўдаўся той. — Адны кажуць: вы — мільянеры, другія — не, беднякі… Я пісаўне дзеля грошай. Я… Неяк раней бачыў па тэлевізары аднаго пажылога, можа, маіх гадоў, пісацеля, які многа тоўстых раманаў напісаў. Дык той сказаў: «Часамі мяне папікаюць, што я за ўсё новае ў нашым жыцці хапаўся, не ўсё як след абдумваў і не крытыкаваў сістэму. Што я магу адказаць? Я — не так пісацяль, як разумеюць гэта прыхільнікі мастацтва для мастацтва, я — партыйны прапагандыст». Дык вось, Адамавіч, і я — пралагандыст… Па-другое, многія мае знаёмыя не разумнейшыя за мяне былі, але даўно ўжо свае кнігі-ўспаміны павыдавалі. Дык і мне хацелася б пакінуць у гісторыі сваё імя…

…Пасля гэтай неспадзяванай сустрэчы мы больш не бачыліся. Неўзабаве Кураглядаў памёр. Сказаць шчыра, адышоў на той свет не сваёй смерцю, а загінуў гвалтоўна. Употай прыладзіў у лесе на ласіных сцежках стрэльбу, ішоў раненька паглядзець, ці ёсць здабыча, і сам наткнуўся на сваю ж засаду — зачапіў дроцік і атрымаў зарад шроту па нагах і ў жывот. Прапоўз нямала ў агоніі, але не змог дацягнуцца да дарогі, сцёк крывёю.

Гэтая смерць падагнала мяне. Я тут жа прачытаў рукапіс Кураглядава. Ён, гэты твор, быў не раман, не аповесць, а хроніка прыватнага жыцця. Так, як было на-пісана, нельга было надрукаваць: аўтар быў зусім непісьменны, дык трэба было перапісваць кожны сказ (ча-самі гэтыя яго сказы былі на адну, а то і на дзве старонкі), па-другое, начытаўшыся чужога без звычкі і ўмення, ён тое-сёе пераймаў, выдаваў за сваё.

Карацей, я зрабіў тое, што дазволіў мне сам Курагля-даў. Тое-сёе з яго хронікі я па-свойму спажыў у гэтым рамане (сям-там, як заўважылі, літаральна ўставіў кураглядаўскае жывое, нават сырое, каб не страціліся яго мысленне і манера), а тое-сёе падаю яшчэ і ў эпілогу.

З «Хронікі» Апанаса Кураглядава

6. ЗАХОДНІКІ ПЕРАХОДЗЯЦЬ НА НОВЫЯ РЭЙКІ

«На пачатку пяцідзесятага года нашы Вянкі ўзбудзіліся, зашумелі-загулі. Пазванілі зверху: рыхтуйцеся да калектывізацыі. Добра? Канечне, добра. Але я, бывалы ды напрактыкаваны верабей, пашкроб сабе за вухам: ага, будуць калгасы — трэба шмат старшынь, намеснікаў, бухгалтараў, інжынераў і аграномаў. А дзе іх узяць? З мясцовых? Не, мясцовыя на ўсе гэтыя пасады не падыдуць ды і не трэба ім даваць шмат улады. Дык якое выйсце? Ясна, папруць у вёскі з раённай нізавой на-менклатуры. Нас, малайцоў.

У гэты час я, Маруся, два нашыя сыны, выехаўшы з Янкавін, жылі ў Вянках. Жонку я ўладкаваў у рэстаран на кухню, большы сын вучыўся, малодшага глядзела домработніца, ну, а сам я зноў сядзеў у крэсле дырэктара мясакамбіната — дзякуй богу, зямляк, Уладароў, змяніў свой гнеў на міласць. Сказаць шчыра, зажыў так, як жылі ўсе кіраўнікі сярэдняга звяна. Было скаромнае, свежанькае і вэнджанае, была кожны дзень чарка, завёўся рубель, зноў у маёй прыёмнай красуня сядзела… Марыў ужо, каб легкавічок завесці, вось-вось мог ку-піць, але… Шапнулі добрыя хлопцы з райкома: думаюць цябе, Апанас Лукіч, паслаць у Янкавіны ладзіць калгас.

Канечне, давер. Старшыня калгаса — асоба, мясцовы князёк, начальнік і суддзя. Ды… Не хацелася ўжо ліш-ніх турбот, сутычак з аднаасобнікамі, а таксама не было ахвоты пакідаць утульны гарадок, добрую кватэру, сыт-ную пасаду. Сон прапаў, жывот пачаў балець ад хвалявання і трывогі.

Рашыў: давер даверам, але ад высылкі трэба за-сцерагчыся. Пачаў бегаць па кабінетах. Праўда, раней-шых сяброў ужо не было: Уладарова за «раман» з прыгожай маладой дэпутаткай звольнілі з пасады і паслалі ў суседні раён на гаспадарчую работу (з яе потым — старшынёй калгаса, а дацягваў да пенсіі на нізавой прафсаюзнай рабоце), хітры Райзман, закончыўшы партшколу, перабраўся ў Мінск і працаваў на партыйнай рабоце пад прозвішчам Раманаў, галоўурач Буракоў, які не раз ратаваў ад усякіх бед, пераехаў у абласную бальніцу, ну, а да знаёмага начальніка раённай бяспекі, які меў вялікую ўладу, я не мог пайсці: мог, злыдзень, аформіць справу. Новыя сябры, як убачыў, спачувалі, дакляроўвалі памагчы, але і пальцам дзеля гэтага не краталі. Адчувалі, чэрці: выбавяць мяне ад вёскі — паедзе туды сам каторы.

Адзін час думаў скампраметаваць сам сябе. Хацеў нажлукціцца да страты чалавечага аблічча і перад райкомам на пляцы заваліцца. Бог з ім, калі ўлепяць вымову за «антымаральныя паводзіны», але, можа, адчэпяц-ца. Стрымаўся. Адчуў: не паможа. Некаторых паперлі з горада і з вымовамі.

На бюро райкома, калі зайшла гутарка пра мяне, пачаў мямліць: хворы, маўляў. Печань баліць.

— Сімулянт! — ускіпеў новы першы сакратар, Пятроў, які прыехаў сюды з Саратава на «ўмацаванне партыйных кадраў». — Хворы мне знайшоўся! Вунь які таўстаморды, з-за шчок вушэй не відно! А калі, разумееш, печань не вытрымлівае мноства вэнджанага і сядзя-чага вобраза жыцця, дык паедзь праветрыся, пратрасіся — жыва ўсе шлакі, болькі выганіш! Не ўтворыш кал-гас, не адбярэш у аднаасобнікаў хлеб, мяса, малако — у іншы край і на іншыя харчы паедзеш! Як вораг Савецкай улады!

Дзе дзенешся. Тады размовы кароткія, строгія былі, апраўдацца альбо ўхіліцца цяжка было. Сабраў свой скарб і паехаў зноў у тыя нямілыя Янкавіны, дзе былі мае і непрыяцелі, і ворагі. Як у сне сядзеў на ўстаноўчым сходзе. Мы — я, начальнік міліцыі, рэдактар раённай газеты, старшыня сельсавета, сакратар райкома і пару чалавек «ад народа» — былі ў прэзідыуме, а насупраць нас — насцярожаныя і хмурныя янкавінцы.

Рэй вёў сакратар райкома партыі па ідэалогіі, Бычэн-ка (хітры і двудушны быў жулік, на пенсію з пасады міністра пайшоў). Як цяпер, бачу яго за трыбунай: невысокі, камлюкаваты, у хромавых ботах і ў сталінцы, раз-пораз падымаўся на дыбачкі, каб здавацца вышэйшым.

— Таварышы свядомыя, а таксама несвядомыя элементы, — пранізваў ён маленькімі вочкамі янкавінскі гурт, што ўціснуўся ў вялікі школьны пакой, а таксама скупіўся ў калідоры, а заадно гэтым сваім «несвядомыя элементы» наганяў шораху. — Савецкая ўлада, сацыялізм заваёўваюць усё новыя і новыя вышыні. Пад мудрым кіраўніцтвам вялікага Сталіна мы разграмілі фашысцкую Германію, яе сатэлітаў, ставім нашу краіну на ногі і шпарка ідзём наперад. Сусветныя імперыялісты-акулы лічылі: мы не акрыяем пасля такой страшнай вайны, станем перад імі на калені. Але яны пралічыліся. I каб наш лад, наша краіна стала яшчэ болей згуртаваная, магутная, мы павінны ліквідаваць апошнія асколкі старога рэжыму тут, у заходніх абласцях, і выйсці на но-вую, сацыялістычную дарогу. Цяпер паспелі ўсе ўмовы для гэтага, для нашай светлай будучыні. Значыць, сёлетнюю вясну мы будзем сустракаць зусім іначай — у калгасе, дружнай калектыўнай працай. Ура, таварышы!

Бычэнка не толькі падняўся на дыбачкі, але выцягнуўся, ускінуў угору кулак, заззяў, як нашмараваны суконкай наваксаваны бот, але ўважлівыя і непарушныя, нават зацятыя «таварышы» не выявілі ніякай радасці, пільна і падазрона пазіралі на нас — бадай, нават спах-мурнелі. Адбудаваліся, абрабілі сваё поле, апрануліся і пад'елі, дык не хацелася развітвацца з нажытым дабром, з жывёлай. Адным словам, аднаасобнікі не запляскалі Бычэнку. А значыць — не толькі яму…

Ды той не мог адступіцца, ён павінен быў вярнуцца ў раён і дакласці: у Янкавінах — калгас. Не адрапартуем так — калі не адбяруць ад нас партбілеты і не пасадзяць, дык «за правал кампаніі вялікай палітычнай значнасці» ўлепяць у вобласці па строгай вымове і будуць скубці на кожнай нарадзе. Бычэнка пачаў «пудрыць мазгі» — маляваць-размалёўваць райскае жыццё ў калгасах, дзе, да слова, неўзабаве заявяцца такія камбайны, што «будуць не толькі жаць, малаціць, але і малоць, на хаду пячы хлеб ды булкі». Слухаючы гэта, асабіста я разумеў: гэтымі казкамі янкавінцаў не падманеш. Амаль усе былі ў Германіі, на свае вочы бачылі, якія там дарогі, сядзібы, прылады і тэхніка, «як немец гаспадарыць, як нам да яго далёка». Але я разумеў і іншае: Бычэнка спачатку спажывае «растлумачальныя выхаваўчыя меры», каб пасля, «у надзвычайны момант», ужыць іншыя, што па дазволе павінен будзе ўжыць начальнік міліцыі — ды так, «каб з Янкавін не паступіла ні адной скаргі аб прымусе і насіллі», «каб раённая газета магла напісаць, што насельнікі Янкавін з вялікім энтузіязмам рашылі адны з першых у раёне развітацца з рэшткамі старога ла-ду і пачаць будаваць новы, самы навуковы і перадавы ў свеце».

Вось так! Гэта цяпер некаторыя разумнікі лічаць: мы, тагачасныя кіраўнікі розных рангаў, толькі гарлапанілі ды лынды білі! Не, дарагія, мы такое ламалі! Векавы ўклад і векавую псіхалогію! Часамі здавалася: не адужаем. Каб хоць крыху паслабіліся, дык і адступіліся б. Але паколькі Сталін меў жалезную волю і цвёрдую руку, дык і мы сагнулі тое, што трэба было. Тады, у Янкавінах, як успамінаю, першы хацеў пайсці нам насуперак самы стары мужчына, барадаты Юзаф. Падняўся і пачаў асцярожна абмацваць вас.

— Як я чуў, у калхозы людзі пойдуць толькі па ахвоце?

— Так, — нахмурана адказаў Бычэнка, асцерагаючыся вось такіх адсталых, але кемлівых дзядоў, што могуць павесці вёску за сабой.

— Тых, хто не пойдзе, не будзеце вывозіць у Сібір?

— Калі не будзе падкопаў і злачынных учынкаў, дык не. Мы лічым: патэнцыяльныя ворагі калгаснага ладу ўжо ліквідаваныя, а несвядомыя паволі перавыхаваюцца.

— А абагульняць наша дабро будзеце?

— Колькі і што абагульняць, рошыце пазней самі. Праўленнем калгаса альбо на агульным сходзе.

— А хто не пойдзе, падаткі на яго будуць вялікія?

— Што за правакацыйныя пытанні, дзед? — пачаў кіпець Бычэнка? — Усе твае размовы разлічаныя на тое, каб не толькі супраціўляцца калгаснаму ладу, але і стаць кулаком.

— Гэта значыць — багатым?

— Багацеем-багацеем!

— Дык што вы хочаце: каб усе пабагацелі альбо каб усе аднолькава пабяднелі?

— Зразумей, дамарослы хвілосаф, — ледзь стрымліваў злосць Бычэнка. — Па-першае, мы нікога нікуды сілай не гонім. Выбірай сам: ці жыць пры цемры, ці пры святле?! Па-другое, ужо мінуў час невялікіх прыватных гаспадарак, аднаасобніцтва. Новая эпоха патрабуе новага, з тэхнікай і агранамічнымі ведамі гаспадарання. А заадно новай філасофіі і псіхалогіі, выхавання новага чалавека, каб хутчэй прыйсці ў камунізм — самы дасканалы і шчаслівы лад, што можа ўсталяваць прагрэсіўнае чалавецтва.

— Але ж мы ўжо маем хлеб і да хлеба… — стаяў на сваім стары. — Каторыя з нас калі не сёння дык заўтра могуць злучыцца ў гурты, купіць зямлі, машыны, жывёлу!…

— …і задушыць вёску? — перапыніў яго Бычэнка.

— Чаму — задушыць? Завесці гуртавыя гаспадаркі, мець сабе, прадаваць многа хлеба, мяса, малака. Як, да слова, у Германіі бавэры.

— Здраствуйця! — ухмыльнуўся Бычэнка. — Мы, камуністы, будзем спрыяць умацаванню кулакоў, капіталістычнай сістэмы германскага ўзору! Ніколі! Нідзе!

— Дарэмна вы во гэтак слухаць не хочаце!

— Мы слухаем. Рабочых і сялян, а не ўласнікаў.

— Але ж…

Бычэнка азірнуўся на начальніка міліцыі і пад-міргнуў яму. Капітан, тоўсты, чырвоны, падхапіўся, паправіў на паясніцы кабур, дастаў з планшэткі блакнот, самапіску і ўставіўся, як каршун, на барадатага га-варуна:

— Фамілія?

Стары адчуў небяспеку, але рашыў не адступаць:

— Я хачу, каб вы падумалі…

— Ваша фамілія? — зноў загуло няўмольнае пытанне.

Той збянтэжыўся, азірнуўся і, бачачы, што вучаныя-правучаныя аднавяскоўцы асцярожліва маўчаць, сеў.

— Бясспрэчна, хутаранская выхадка! — абурыўся Бычэнка. — Хто хоча сказаць іншае, свядомае і правільнае слова?

Я пачаў есці вачыма Мішку Супраневіча: яму мы сказалі сесці пасярод залы і абсякаць няўгодных, падаваць рэплікі ў нашу карысць (бачыў яго першынца, вельмі ж, чорт пабяры, той падобны на мяне).

Той, убачыўшы мой строгі позірк, трохі дурасліва загукаў:

— Мы — за калхоз!

Не толькі яго суседзі па партах, але і ўвесь сход узарваўся, напаў на яго, свайго «падбрэхіча»:

— Абібок!

— Не рапіай за ўсіх!

— Ціха!!! — закрычаў ледзяным голасам начальнік міліцыі. — Папрашу, каб быў парадак! Хуліганаў удалю са сходу! Падбухторшчыкаў-правакатараў завязу ў раён!

Гул пачаў улягацца, загаварылі паўшэптам ужо:

— Во сволач!

— Што — галяку? У калхозе спрытней украдзе!

— Па вачах бачу: вы не супраць Савецкай улады і калгасаў, але пакуль што па закаранелай сялянскай звычцы баіцеся новага, — не выпускаў лейцаў з рук Бычэнка. — Дарэмна. Ніколі не варта баяцца новага, перадавога. Яно, паўтараю, зробіць вас і вашых дзяцей шчаслівымі людзьмі. Адпаведна, хто за тое, каб утварыць тут, у Янкавінах, калгас?

Першы падняў руку чарнамазы няголены Мішка, за ім — яшчэ некалькі чалавек з вялікага гурту — тыя, каго таксама «апрацоўвалі» перад сходам.

— Адзін, два, тры… — пачаў лічыць Бычэнка, а потым смела і самаўпэўнена аб'явіў: — Пераважная большасць…

Стары Юзаф прыўзняўся і азірнуўся.

— То ж некалькі чалавек…

— Грамадзянін-правакатар! — зноў падхапіўся і паправіў кабур начальнік міліцыі. — Выйдзіце з залы! Мы з вамі пагаворым у іншым месцы!

Стары абсунуўся, пабялеў.

— Калі вы рашылі ўтварыць калгас, то трэба даць яму імя, — бачачы, што люд уломліваецца, паспакайнеў, нават пачаў ужо ўсміхацца Бычэнка. — Свядомыя таварышы з вашай вёскі раяць назваць ваш калгас іменем Карла Маркса — заснавальніка нашага вучэння, абаронцы пралетарыяту, вялікага чалавека. Хто — за? — I не міргнуўшы вокам: — Пераважная большасць. Далей. Давайце выберам старшыню калгаса. Райком раіць вам таварыша Кураглядава, які мае ў гэтай справе вялікі вопыт, свядомы і ідэйны таварыш, да ўсяго працаваў у вас, ведае тут усіх, а вы ведаеце яго.

— А чаму — не свайго? — выгукнуў хтосьці няўпэўнена за людскімі спінамі.

— Прыйдзе час — выбераце і свайго, — спакойна адказаў Бычэнка. — Цяпер, кажу, трэба такі старшыня, які ўжо ведае калгасны лад. Дык хто за таварыша Кураглядава?

Некалькі ўзнятых рук.

— Пераважная большасць, — зноў не збянтэжыўся Бычэнка і даў слова мне.

— Дзякую вам за разуменне справы і за падтрымку, — таксама без лішняй разгубленасці сказаў я. — Калі няма да мяне пытанняў, дык падавайце заявы ў калгас. Потым утворым праўленне, камісію па зямельным пытанні і абагульненні прыватнай маёмасці і жывёлы.

Першыя, як і дамаўляліся загадзя, падалі заявы Мішка і яго аднадумцы. Пазней, калі ішлі сваёй купкай са сходу ў хату янкавінскага старшыні сельсавета, Бычэнка сказаў мне:

— Занясі, старшыня, у пратакол. На сходзе было сто… не, стоадзінаццацьчалавек. «За» галасавалі дзевяноста восем, астатнія ўстрымаліся…

Праз некалькі дзён раённая газета напісала, што «ў Янкавінах адбыўся сход на высокім палітычным узды-ме, і пераважная большасць насельнікаў рашыла звязаць свой лёс з калектыўнай гаспадаркай», хоць у той жа час у вёсцы ўздыхалі: «Будзе нам, людзі, карла-марла». Канечне, і пра мяне абы-што плялі. Але я надта не браў да галавы: звычайная аднаасобніцкая агітацыя. Больш — якраз мне прыйшлося «забяспечыць стопрацэнтную калектывізацыю». Усё было: і ўга-ворваў, і прасіў, і наган пад нос падносіў, і ў сельсавецкую халодную садзіў. Як ні ўпіраліся, уламаў. Самых заядлых аднаасобнікаў здолелі падаткамі заціснуць. Пісалі, сволачы, скаргі, але яны далей раёна не трап-лялі…

Адным словам, зноў пачаў я жыць у Янкавінах. Да вясны абагуліў зямлю, перапісаў жывёлу, інвентар, фураж. Увесну пасеялі авёс, пшаніцу, пасадзілі бульбу. Выводзіў людзей на калгасную працу як на свята. Пад чырвоным сцягам і пад музыку. Праўда, некаторыя старыя лезлі вучыць мяне, што і як рабіць, ды я хутка адпэндзіў дамарослых мудрацоў, вёў лінію райкома. Прышле той дэпешу нешта сеяць — сею, загадаюць бульбу садзіць — саджу, касіць — кашу, жаць — жну, закрычаць: хутчэй выбірай бульбу — выбіраю. Я дысцыплінаваны быў, дзяржаўны чалавек, адсябяцінай не займаўся. Тых, хто падбіваў мяне, па-сённяшняму ка-жучы, на экстрэмізм, уміг асаджваў.

Першы калгасны ўраджай амаль увесь вывезлі ў раён: спачатку аддалі сваю пастаўкунорму, а потым, ка-лі папрасіў Пятроў, падкінулі ў раён і насенкі. Праўда, у Вянках было мала складоў, тое-сёе ссыпалі і клалі пад адкрытым небам, дык нямала чаго пагнаілі дажджы, але пра тое мне галава не балела, бо пра гэта быў не мой, а ін-шых клопат. Я быў рады, што не толькі здаў сваё, але і даў вышэй плана, падзяку ды прэмію адхапіў, з ходу стаў перадавым старшынёй, адразу траліў на раённую Дошку гонару (бывала, праязджаю побач, зірну на свой партрэт і гарэзна казырну яму!).

Увосень, пасля ўсіх работ, лепшыя янкавінскія гумны разабралі і звезлі ў самы цэнтр вёскі — на калгасныя канюшню і кароўскую ферму. Раней, да сацыялістычнай эпохі, на самым відным месцы папы цэрквы ставілі, каб прывабіць бляскам купалоў люд, а цяпер мы пачалі ўзводзіць тут калгасныя атрыбуты, на гнаі, брудзе ды з віламі выхоўваць новага чалавека новай вёскі. Праўда, у тую восень паставіць будынкі не паспелі: спачатку дажджы заміналі, а пасля іх неяк адразу зіма легла. Ох, і стагналі, войкалі былыя ўладальнікі: бачыце, бярвёны пакруцяцца, а то і пагніюць! Увогуле, скажу шчыра з горкі цяперашніх гадоў, вельмі моцныя тады былі ўлас-ніцкія настроі ў янкавінцаў: бывала, пазней, калі ўжо стаялі канюшня і ферма, калі туды завялі абагуленых коней і кароў, дык яны, мужчыны і жанчыны, доўгі час то ўвечар, то раненька прыбягалі да сваёй жывёлы, не верылі Мішкаваму бацьку, што той добра яе корміць, прыносілі свой ахапак сена, морквіну альбо бурак, а то прыйдзе каторы, бядуе, што яго рагуля альбо сівы пахудзелі, ашчаперыць быдла за шыю і плача. I жывёла была з перажыткамі: лічы, дзень і ноч выла па сваім хляве, па сваім гаспадару.

Зразумела, я не мог спакойна назіраць за старой псіхалогіяй, за кулацкімі і аднаасобніцкімі замашкамі, усяляк адвучваў ад іх, настойліва прывіваў іншыя думкі і погляды. Са старымі мала знаходзіў разумення: не да-вяралі мне, спрабавалі вучыць, што і як трэба рабіць, а вось з маладымі мне было лягчэй. Некаторыя з іх цягнуліся за бацькамі-куркулямі, а некаторыя не развівалі ў сабе бацькоўскай прагі і хцівасці, не заміналі мне, былі спакойныя, а то, страціўшы інтарэс да гаспадаркі, пачалі ўцякаць з вёскі, ад зямлі ў гарады альбо куды-небудзь далёка па вярбоўцы. Як некалі і абяцаў, сваім намесні-кам паставіў Мішку Супраневіча. Ён служыў мне верна, але работнік з яго быў кепскі: удзень піў-гуляў, а ўночы краў у калгасе. Праўда, не я, а аднавяскоўцы лавілі яго на крадзяжы, патрабавалі кары. Ухіляўся-ўхіляўся я, каб не пакрыўдзіць не так яго, як Валянціну, а потым не змог без канца апраўдваць, перавёў яго з намесніка на брыгадзіра (скончыў ён сваю кар'еру конюхам — згарэў ад гарэлкі).

Цяпер, як пішуць надта смелыя і разумныя, можна пачуць: калгасы — наша памылка, яны зламалі хрыбет вёсцы, сялянству. Канечне, зламалі. Старой вёсцы, старому сялянству, з якімі нам, камуністам, было не па дарозе: з іх, гэтых сялян, рана-позна магло нарасці шмат кулакоў, і яны, багатыя, маглі б весці сваю эканамічную палітыку, перашкодзіць сацыялістычнай і камуністыч-най ідэям. Скажу адкрыта: былі ахвяры. Але без іх не было як, без рашучасці і сілы наўрад ці мы маглі б уста-ляваць калгасы. Да слова, колькі мне асабіста ўсякіх абражальных і пагрозных запісак падкідалі, колькі разоў стралялі па мне, падпальвалі маю сядзібу! Каб не хітраваў, дык, можа, і не ацалеў бы. Скажам, наўмысна пускаў такую пагалоску: не падыходзьце да майго дому ўночы, бо яго абкладаю мінамі. Наступіць хто знячэў-ку — паляціць да Бога…

Калі гаварыць пра сваё сямейяае, дык і ў Янкавінах жыў я няблага. Аклад быў добры, з лепшага калгаснага лесу хароміну сабе адляпаў, малако, а потым і мяса (калі пабудавалі свінарнік) з калгасных ферм браў па таннай цане. Жартаваў не раз са сваёй Марусі: ну, паехалі, мадам, у наша Ветрава! Ты пойдзеш з віламі ў калгас, ну, а я — шафёрам! Паедзеш? Маўчала, як вады ў рот набраўшы. Як-ніяк паняй старшыніхай стала, паправілася, зубы жалезныя паставіла — адным словам, з сухарэбрыны ператварылася ў нармальную жанчыну.

Ездзіў я на пародзістым стаенніку (наўмысна для ся-бе рэквізаваў яго ў Адама Грыгарцэвіча; можа, і ён, злы-дзень, з-за бацькі ўчыняў супраць мяне тэрарыстычныя акты). Прызнаюся: любіў я хуткую язду, нават шык!

«Давай, — бывала, махну рукой фурману, — мігам у Вянкі!»

Сапраўды, уміг, з ветрыкам — у раёне. А туды не тое што кожны дзень, а нават па некалькі разоў на дзень вы-клікалі. Вернешся з адной засядалаўкі, атрымаўшы, як кажуць, ЦУ, а тут ужо ўслед новы званок: «Прнезжайте, надо срочно подработать вопрос насчет…» Скажу шчыра: часамі з-за гэтых раённых нарад не было калі калгасам кіраваць, паспяваў толькі сваё ЦУ намесніку, аграному альбо інжынеру даць. А калі яшчэ больш шчыра: не столькі на сваіх бесталковых памочнікаў, як на руплівых янкавінцаў спадзяваўся, ведаючы, што яны самі не дапусцяць, каб, скажам, сена ў пракосах пагніло альбо жыта перастаялася, пачало асыпацца. Калі трэба будзе, то не будуць у цяньку ляжаць ці каля бутэлькі час траціць, а самі, без загаду, кінуцца да работы.

Сённяшнія Янкавіны, як ведаю, — ужо не тыя. Старэйшыя людзі адышлі альбо ўжо зусім старыя, а сярэдняга і маладога веку з іншага цеста. Сёння, бывае, з-за п'янства цялятам сенажу не падвязуць, на полі сцірта саломы счарнее і змарнуецца, той-сёй сабе (!) абы-як, а то зусім соткі не пасадзіць (!), не толькі мужчыны, але і некаторыя жанчыны раней часу пайшлі на той свет з-за гарэлкі. А моладзь… Колькі яе загінула ў квітнеючым узросце! У нецвярозым стане то на матацыклах і ма-шынах паразбіваліся, то пад трактары трапілі, то адзін аднаго нажамі спаласавалі… Да вялікага сораму, і мой меншы з-за дурноты сваёй сядзіць…

Я нямала думаў: чаму так змяніліся тыя ж Янкавіны? Нібы лепш, чысцей, утульней сталі жыць, а ідэйнасць ды мараль упалі… Канечне ж, не ад таго, што, як плявузгае той-сёй з БНФ, мы ўшчэнт разбурылі там стары, дакалгасны лад, адвабілі маладых ад касцёла альбо не зусім удала эксперыментавалі. Не. Мне здаецца, што ў многім вінаваты Хрушчоў з той сваёй, «першай адлігай» (я яшчэ скажу пра гэта падрабязней), пры ім люд не толькі перастаў баяцца ўлады, пачаў дыхаць вальней, але залішне расслабіўся. Дэмакратыя, лішняя воля сапсавала яго. Не буду спрачацца: і кошцы добрае слова прыемнае, але ў прынцыпе для чалавека мала ласкі, павагі, на яго трэба і кій. Каб кожны адчуваў: будзеш за-шмат ляпаць языком, сеяць заразу альбо вытвараць абы-што — адразу ж возьмуць за шкірку і схопяць жалезнай рукой. Гэтае, апошняе, вельмі добра стрымлівае ўсіх, робіць законапаслушнымі, само заклікае не столькі балбатаць, зламыснічаць, але сур'ёзна працаваць.

Праўда, цяпер акрыялі царква і касцёл; многія людзі, страціўшы арыенціры, пацягнуліся да іх, да веры. Той-сёй з партыйных, з членаў КПСС, нават і з кіраўні-коў, глядзіць на гэта спакойна. Я — атэіст, лічу: сапраў-ды, рэлігія — опіум. У яе — свае ідэалы, у нас, камуністаў, — іншыя. Пісаў пра гэта, у тым ліку і ў Маскву, але… ніякага адказу. А тым часам і мая Маруся раптам схамянулася, што праваслаўная, у царкву, да папа пацягнулася…

7. «СВАТЫ»

Ідуць гады, старэю, многае ўжо забываецца, але тое-сёе нязменна і светла помніцца. Часамі нават нейкія, здавалася б, дробязі. «Пустячок, но прнятно», — чытаў неяк пра такія рэчы ў адной тоўстай кнізе.

У Янкавінах, калі быў старшынёю сельсавета, а трошкі пазней на чале калгаса, на першым часе мне было сумнавата. Хоць тут жылі блізкія па духу людзі, славяне, але тут быў іншы, чужаваты для мяне ўклад жыц-ця. I аднаасобніцкі, і рэлігійны. Я доўга, скажам, ніяк не мог прывыкнуць да іхняга паста, надта вялікага. На-ступіць ён — лічы, ніхто не есць сала, не п'е, не спявае і не танцуе; як толькі нядзеля, усе ў касцёле, спакойныя ды блажэнныя. Вялікія гулянкі — на Вялікдзень ды на некалькіх фэстах, на вяселлях (праўда, часамі з бойкамі, каб «спусціць дурную кроў»).

Спачатку я думаў: счэзну ад такога ладу жыцця, ад суму. Хіба ж можа быць уцеха, калі месяцамі чаркі ўзяць не можаш, не дасі волі душы да песень і скокаў?! Адзін вып'еш альбо з блізкімі хаўруснікамі — дык няём-ка: бач, усе святыя, а ты — закладач.

Нідзе не дзенешся, піў употай, як кажуць, пад коўдрай. А што да янкавінскай набожнасці, то з ёю люта ваяваў. Зруйнаваў у вёсцы капліцу 17 стагоддзя, старыя і новыя крыжы, дабіваўся, каб зачыніць ды разбурыць у Дзераўной касцёл, што стаіць тут аж з 16 стагоддзя. Не пускаў на рэлігійныя святы і па нядзелях хадзіць маліц-ца, змушаў працаваць, ганьбіў Бога, веруючых, стараўся ажывіць клубную работу, але, скажу шчыра, не шмат дабіўся. У касцёл менш хадзілі, але мяне люта ненавідзе-лі, ад сваіх забабонаў не адмаўляліся. З праваслаўем лягчэй ваяваць, чым з каталіцызмам. Папы, як помню па нашым Ветраве, у свой час згадзіліся прызнаць Савецкую ўладу, аб'явілі яе ад Бога, а ксяндзы — не, супраць, называюць нас антыхрыстамі, гэта значыць мы — Антыхрысты, нячыстая сіла, слугі Сатаны.

З тым, што янкавінцы мала пілі і не лаяліся, я, канеч-не, не ваяваў. Пасміхоўваўся толькі: бач, шляхцюкі, фанабэрацца! Я ж, як казаў, не святоша, не пурытанін, люблю вясёлую кампанію, выпіўку за чыйсьці кошт (ды калі яшчэ пра ўсё гэта не ведае жонка!).

Усіх такіх значных у маім жыцці выпадкаў, ясна, не пералічыш. Я не буду расказваць пра тое, калі і як праз выпіўкі абцяпваў важныя справы, абводзіў вакол пальцаў упаўнаважаных і рэвізораў, падкочваўся да прыгожых маладзіц. Ва ўсім гэтым, самі разумееце, ёсць элемент пэўнай сакрэтнасці жыцця наменклатурнага работніка, дык не маю права дзеля цяперашніх таварышаў расказваць нават пра сваё. Магу прызнацца пра некаль-кі, як кажуць, побытавых гарэзных прыгод.

Помню, аднойчы, калі быў старшынёю, калгаса, па-быў на нарадзе ў Вянках, хапнуў вымову — за тое, што азіміна рэдка ўзышла. Скажаце, якая ж тут мая віна? Тое ж і я казаў Пятрову, спасылаючыся на мокрую восень і на глыбокі снег, на сырую зямлю. Ды не, не паслухаў той нават, крычыць: «Недагледзеў, пакралі сяўцы зерне, дык вось і слабыя ўсходы». Тады не спісвалі няў-дачы на дрэннае надвор'е, а за імі бачылі злосныя на-меры, а то і шкодніцтва. Выходжу з райкома — горка на душы. Зазіраем з такімі, як я, гаротнікамі ў рэстаран «Зара». А там — нічога моцнага, ёсць толькі жаночы напітак — «Сідар». «Сідар» дык «Сідар». Давай яго ад-каркоўваць ды ў фужэры наліваць. Салодка-кісленькае пітво, у роце шчыміць, у носе казыча, а да галавы ні адзін градус не даходзіць. А якая, па-нашаму, выпіўка, калі па мазгах не бабахне?! Мы — не Захад, у нас свая алкагольная культура альбо, як жартуе адзін мой знаёмы, палкоўнік Саламашкін, мы па-свойму «падаем з трыбу-ны».

«Вам, такім здараўцам, трэба па вядру выпіць, каб вас хоць крыху ўзяло!» — смяецца з нас афіцыянтка, пані Ванда.

Па вядру дык па вядру! Кажам: нясі вёдры, давай скрынямі «Сідар»! Прынеслі. Давай мы бухаць пітво ў вёдры. Канечне, думае кожны сам сабе, грошай сваіх не хопіць заплаціць, але неяк выкруцімся за кошт калгас-най касы. Гульнём з-за асабістага гора, за наша агульнае шчасце!

Абкружылі нас разявакі: уходаем па вядру пеністага пітва ці не? Выжлукцілі! Ва ўсіх жываты па кадушцы, аж нос зрывае ды ў мазгі коле ад адрыжкі. Гікаем раз за разам. Смяяцца, рагатаць з нас пачалі. Карацей, неяк па-дурному захмялеўшы, мы пад'юшчыліся і пустымі бутэлькамі, як гранатамі, закідалі пацешнікаў. Ясна, нямала пасуды, шыбы ў вокнах пабілі. Утаймавала нас толькі міліцыя. Потым — штраф, новая вымова. Але не гэта было самае страшнае: ад таго «Сідару» атруціўся, ледзь не загібеў. З таго часу ні «Сідару», ні шампанска-га, ні піва ў рот не бяру. Ужываю толькі белую горкую.

Пазней пачалі не заахвочваць рэстаранныя гулянкі, караць за скандалы. Бяда, што ні кажы. Прывык, хочац-ца ўжо каля фікуса пасядзець з сябрамі, пагаманіць, паслухаць музыку ды папасвіць вачыма паглядных фіфачак. Якая гэта паездка ў горад, калі вярнуўся дадому цвярозы!

Кемны быў, фантазіраваў, дзе і як пажывіцца ды за чужое.

«Паварочвай убок, — бывала, загадаю свайму фурману, — сыграем камедзію: заедзем на які багаты хутар нібы ў сваты. Я, старэйшы, буду за свата, а ты — за маладога».

Заязджаем. Тыры-мыры, слова за слова — глядзіш, пляшка на стале, сала-мяса. Пальнулі, памалацілі ўсё. Спадабалася. Другі раз заварочваем у іншы бок. Здаралася, цярпелі няўдачы, але, бывала, зноў узбівалі-ся на дармавое. Мы так увайшлі ў азарт, што не здолелі ў час запыніцца. Пайшлі па раёне пагалоскі пра «свата», што гаворыць па-расейску, і маладога тутэйшага, якія прыедуць, пачэшуць языкамі, пап'юць-паядуць добра і даюць драла, потым нібы скрозь зямлю правальваючыся. Карацей, рассакрэцілі нас. На восьмым хутары вы-гналі з ганьбаю. Дайшло да Пятрова. Той — вымову новую мне, а да мяне ўжо новая мянушка прыліпла. Быў Сідар Сідаравіч, цяпер стаў Сватам.

8. «АСАБІСТАЕ ПЫТАННЕ»

Канечне, таварышы майго і вышэйшага становішча добра ведаюць, што гэта такое — славутае «асабістае пытанне» для кіраўніка любога рангу. Гэта — найперш скандальная п'янка альбо выкрыты недазволены раман з жанчынаю.

Я, скажу шчыра, у нечым шчаслівы, а ў нечым і не зу-сім удачлівы чалавек. Як кажуць, і высока падымаўся, і нізка падаў. Пазнаў уцеху ў гулянках і пітве — меў за гэта і немалы наганяй, атрымаў нямала перамог на любоў-ным фронце — зноў жа меў за гэта ад жонкі і райкома шмат зубатычын. За апошняе — бадай, найбольш.

О, гэтае мілае, слаўнае, чароўнае, але і вераломнае жаночае племя! Колькі яны, жанчыны, далі мне радасці, шчасця, узнёсласці, але і колькі прынеслі пакут, забралі здароўя! Колькі разоў я, калі цярпеў страшнае фіяска, даваў сабе слова больш не звязвацца з імі, але колькі разоў сам парушаў яго!

Спачатку, як заўсёды, пачынаецца ўсё добра. Вось як і з прыезджай гарадской настаўніцай, Яўгеніяй Сямё-наўнай. Тады я ўжо жыў з Марусяй, меў другога сына, здаецца, супакоіўся, стаў добрым сямейнікам. Убачыў я гэтую Яўгенію Сямёнаўну — усё, паляцелі к чорту мае клятвы, сямейная вернасць, мала сказаць, што зноў за-бурліла мая кроў, — загарэўся, запалаў увесь. Не, не бы-ла гэтая маладзіца красуня вялікая. Мела невялікі рост, але была поўненькая, усё добра пасавала ёй — і невысо-кія стройныя ногі, і ладныя клубы, і напорыстыя пад адзеннем грудзі, і светлыя валасы. Ды, бадай, найперш уразіў, заваяваў мяне яе адмысловы позірк, пажадны бляск у хітрых вачах: як зірне, акіне цябе з ног да галавы, як вабліва ўсміхнецца — як магнітам да яе цягне, сэрца пачынае малаціць-малаціць, быццам кулаком.

Карацей, зачасціў я ў школу: што трэба, Яўгенія Ся-мёнаўна? Усё зрабіў, што хацела: вокны зашкліў, сцены падмазаў, падлогу ў настаўніцкай падфарбаваў, яе да адзінокай жанчыны на кватэру ўладкаваў. Прыйду туды — яна ха-ха ды хі-хі, чай п'ём, жартуем, ядзім адно аднаго вачыма. Калі навёў даведкі і ўведаў, што яна раз-ведзеная, рашыў пайсці ў атаку.

Ды… папамучыла мяне спачатку. То раскажы, як жывеш з жонкаю, кахаеш яе альбо не, то пашапчы ёй самых пяшчотных і харошых слоў, дакажы, што палюбіў. Даволі хутка дазволіла цалаваць, мяць яе, але доўга на большае не згаджалася. Я ўжо аж звярэць пачаў. Адной-чы, разгарэўшыся, страціўшы розум ад агню ў крыві, сілаю ўзяў яе.

«Варвар! — папікаючы за гэта, у той жа час прыліп-ла, ціснула, круціла на мне цела. — Агрэсар! Бандыт! Заваёўнік!»

Ясна, спадабаўся я ёй сваёй хваткай і сілаю. I яна, скажу я вам, ільвіца была! Такое ад мяне патрабавала і такое мне паказала, што да яе мне і не снілася! На жаль, не магу пра тое ўсё расказаць… Я ўсё ж чалавек высока-маральны, не хачу антымаралыпчыну разводзіць, моладзь спакушаць.

Але мудра кажуць: ва ўсім ёсць пачатак, ёсць і канец. Як ні тойся ў вёсцы, але не ўтоішся. Нехта падгледзеў, што лажу ў акно да Яўгеніі Сямёнаўны ці сустракаю яе ў канторы альбо ў ляску, векаму шапнуў. Папаўзлі чуткі. Дайшлі да маёй Марусі. Падпільнавала — залавіла. У шалёнай ярасці Яўгеніі Сямёнаўне завіўку растрапала, мне фізіяномію разадрала, у раён пабегла скардзіцца.

Прасіў-маліў: вінаваты — бі, грызі, але не бяжы ў райком. Не толькі мне, але і табе ж, дурніца, горш будзе: могуць скінуць мяне з хлебанарэзнай пасады, перавя-дуць на меншы аклад і на меншыя прывілеі. Не, ве паслухала.

Ясна, выклікалі мяне і Яўгенію Сямёнаўну на бюро. Спачатку дапытваць пачалі. У Яўгеніі Сямёнаўны.

«Я не згаджалася, — прыкінулася яна авечачкай. — Апанас Лукіч мне сілай сувязь навязаў…»

Зразумела, абрынуліся на мяне.

— Гэта не першы твой раман! — закрычаў Пятроў. — З-за любошчаў ты разваліў калгас! Амаль на апошнім месцы ў раёне! Увесь у даўгах! Але які дом сабе адбухаў, якую ражку наеў! Домработніцу мае! Памешчык!

Як я і адчуваў, Пятроў закончыў так:

— Трэба гнаць з партыі антымаральнага і да нічога няздатнага тыпа!

Жах! Што звачыць — быць выключанаму з партыі?! Усё, гамон тваёй наменклатурнай кар'еры! Пойдзеш у асадак, вон! Сабраў сілы і, як некалі вучыў адзін разумны чалавек, стаў па стойцы «смірна» і «Інтэрнацыянал» заспяваў. Ды так натхнёна, што аж слёзы пацяклі. Як перад смерцю.

— Не кашчуннічай! — падхапіўся і затрос кулакамі Пятроў.

— Я не кашчуннічаю, паважаны Ігнат Савельевіч, — захлімзаў я. — Я адданы нашай роднай партыі, я за яе жыцця не шкадаваў і не шкадую. У мяне ёсць хібы, памылкі, але я верны баец партыі.

Кранула членаў бюро мая слязіна. Не выкінулі мяне са сваіх радоў, далі «апошняе строгае папярэджанне», а Яўгенію Сямёнаўну перавялі ў іншую школу.

Прызнаюся, доўга я без яе сумаваў. Нават, здаецца, раптоўна старэць пачаў. Я развітаўся не толькі з ёю, але са сваімі маладымі гадамі. Пасля, калі дацягваў да пен-сіі зусім на радавой рабоце, часамі думаў сам сабе: які я тады быў дурны, як перажываў за вымовы і баяўся страціць наменклатурную пасадуі Можа, варта было плюнуць на ўсё, у тым ліку і на сваю Марусю, ды звязаць лёс, скажам, з той жа Яўгеніяй Сямёнаўнай. З ёю, ві-даць, жыў бы не шэра і не паныла. Усё ж адно жыццё, ад-на маладосць. Яны, здаецца, вышэй усякіх пасад, білетаў… Але… Услых пра гэта я нікому не сказаў. Нават больш — каб пачуў ад каго іншага такія думкі, дык адразу расказаў бы пра іх у райкоме…

9. ПЕРАМЕНЫ

Не сакрэт: да калгасаў першай персонаю ў заходняй вёсцы быў старшыня сельсавета, а пасля калектывізацыі паволі ўзвысіўся старшыня калгаса. А гэта значыць, што я доўга быў у Янкавінах гаспадар, трымаў усё ў сваім кулаку, караў і мілаваў. Калі сказаць шчыра, меў над янкавінцамі большую ўладу, чым памешчык над прыгоннымі. Калі які прыгонны за непаслушэнства мог толькі дубцоў на стайні адхапіць па мяккім месцы, то я любога свайго калгасніка меў моц нават за няласкавы позірк чорт ведае куды запраторыць. Я дабіваўся, каб перада мной не толькі хваляваліся, але каб… Бывала, калі хтосьці паспрабуе гаварыць са мной без узрушэння і трапятання, дык абарву такога адразу: «Что-та не слышу, друг, в твоем голосе дрожин!» Здаралася, таму-сяму, хто спрабаваў падняць сваё «я», і па мордзе даваў. Скажаце: можа, не гуманна? Затое, мілыя мае, танна і сярдзіта! Як след шанавалі ўладу і службоўцаў!

Помню, як Гэльку Шабуню не хацеў з вёскі адпус-каць. Гэта цяпера яна — Галіна Адамаўна, народная артыстка, лаўрэат розных прэмій, адным словам, славутасць. Тады ж, у маё старшынёўства, было мізэрненькае, але дбайнае і працавітае дзяўчо. Я хацеў яе звеннявой-ільнаводкай паставіць. Аж яна прыходзіць аднойчы і просіць:

«Дайце даведку, што адпускаеце з калгаса».

«Куды? Чаго?»

«Хачу ў горад паехаць».

«У горад! — кплю. — I на якую ж пасаду?»

«Хачу вучыцца».

«Накаго?»

«На артыстку-спявачку».

«Оцо-цо-цо! — ухмыляюся. — Песенькі цягне спя-ваць? У белых туфельках і доўгіх сукенках фарсіць? Ап-ладысментаў, кветак, шампанскага хочацца? А хто ж кароў будзе даіць, хлеб расціць і дзяржаву вялікую карміць?»

Прысарамаціў, натацыю прачытаў і выгнаў з кабіне-та. Яна — у слёзы. Увечар да мяне настаўнік мовы і лі-таратуры, Францкевіч, чалавек з нацыяналістычным душком (гаварыў толькі па-беларуску), зазірае і просіць за гэтую Гэльку: яна, бачыце, мае вялікі талент, дык ёй трэба вучыцца.

Я — на дыбы. А ён:

«Грэх, Лукіч, не даваць развівацца людзям. Дар тале-навітых — народны дар».

«Але, каб вывучыць яе, трэба час, грошы, — адказваю. — Дык нашто іх траціць, адрываць сялян ад зямлі, калі можна запрасіць тых жа спевакоў, мастакоў, кіношнікаў з Масквы, Ленінграда альбо Магадана? Прыедуць! Праз год-другі стануць народнымі!»

«Таленавітыя не паедуць, яны на месцы трэба, — гне сваё Францкевіч. — Прыедуць няўдачнікі альбо шукальнікі нажывы. А па-другое, трэба ж развіваць сваю культуру. Каб тая ж Гэлька стварыла сваю школу. Вось у нас няма сваіх добрых сцэнарыстаў, рэжысёраў, дык і няма нашага арыгінальнага кіно».

Так я яму і паддаўся! Дудкі! Урэзаў за гэтую «сваю школу» — за месніцтва. Калі ж пайшоў ад мяне, дык я адразу ж сеў за стол, запісаў усё, што ён мне гаварыў, і паслаў цыдулю ў раённыя органы бяспекі: Францке-віч — нацыяналіст.

Што да Галіны, дык я ёй даведку даў. Праўда, не за яе салаўіны галасок, а за… умелы падыход да мяне і маіх інтарэсаў яе бацькі… Цяпер яна, казаў, — славутасць, не толькі дома, але і ў Мінску ды Маскве мала бывае, усё ў гастролях ды гастролях. Праўда, ні аднаго ліста мне не прыслала, не падзякавала, што іменна я паспрыяў ёй у людзі выйсці…

Час ішоў, я сталеў, мудрэў, а жыць-працаваць станавілася ўсё цяжэй. Надта пасля смерці Сталіна. Спачатку я ўмлеў: ну, думаў, нашай краіне, ладу — канец. Не ўстоім без такога гіганта перад знешнімі і ўнутранымі ворагамі, няма каму нас абараніць, надзейна і мудра на-перад павесці.

Сталіна першы час не чапалі, але ў паветры пачаў на-сіцца антысталінскі дух, усё часцей і часцей пачалі пада-ваць галасы супраць «культу асобы». Паслабела дысцыпліна, амаль перасталі садзіць за палітычнае, пачалі ў раёне і вобласці на даволі значныя пасады вылучаць і карэнных.

Скажу шчыра, я спужаўся. I недарма. У адзін чорны дзень мяне гоняць са старшынёўства «за некампетэнтнасць і грубасць», пакідаюць намеснікам (Мішку пераводзяць у конюхі), а на маё месца раяць Сазановіча — агранома, з вышэйшай адукацыяй, з «паплаўком», як пасміхоўваліся мы, тыя, хто не меў і не мае гэтых ромбікаў. Я сашчаміў зубы, пачаў сачыць за ўсім і, канечне, намагаўся ні ў чым не памагчы гэтаму Сазановічу, які пачаў ламаць усе мае парадкі і ладзіць свае, «кла-поцячыся пра агульнае і пра кожнага чалавека ў асобку». Паназіраў я, як ён што робіць, як давярае мясцовым, як спрабуе падняць ім плату, пабудаваць клуб і паправіць дарогі — эге, бачу: месніцкія настроі і ін-тарэсы! Не столькі пра Цэнтр, як пра сябе, перыферыю, дбае!

На яго, а таксама і на іншых матэрыял сабраў. Павёз тоўстую папку ў органы бяспекі: глядзіце, падымае гала-ву месніцкая гідра! А па-другое, меў на ўвазе і іншае: каб уцалець, падняць свае шанцы, трэба выкрыць іншых! Ворагаў! Узялі там маю папку, а праз дзень… гэты XX з'езд, сакрэтны даклад Хрушчова. Я ўжо не толькі звяў, але і зусім апаў духам. Адчуў душой: ідзе новы час. Сталінская гвардыя, каб не толькі ацалець, але і ўтрымаць у сваіх руках уладу, рашыла ахвяраваць сваім былым кумірам. Выклікаюць мяне ў органы бяспекі. А там за старшага ўжо не Мірзоеў, а іншы, малады і не вельмі строгі, нават даволі лаяльны.

«Мы ўважліва азнаёміліся з вашымі паперамі і праверылі ўсе звесткі, — сказаў ён мне. — У вас зашмат былой, заганнай падазронасці, жаданяя расправіцца з калючымі, але ў прынцыпе сумленнымі людзьмі. Такія метады ўжо асуджаныя, яны замінаюць аднавіць у органах ленінскую законнасць…»

Выйшаў я ад гэтага капітана — ні зямлі пад нагамі не чую, ні свету яснага не бачу. Дажыўся! Даскакаўся! Трапіў «пад палітычнае цячэнне, пад вывады!» Спішуць! Як баласт!

Сапраўды, пачало тое-сёе мяняцца. Спачатку гарадское, а потым і вясковае начальства паскідала боты, ста-лінкі, пачало насіць туфлі, касцюмы, белыя кашулі ды галыдтукі, заўсміхалася, паказваючы, што можа быць звычайнымі людзьмі. Уладу ўзялі ў свае рукі райкомы, абкомы і ЦК. Органы нібы адышлі ў цень.

Я, зразумела, затаіўся. Калі браў слова на сходзе, то гаварыў пра марксізм-ленінізм, сацыялізм, пра партыю і асцярожна падводзіў да таго, што гэтыя перамены да дабра не давядуць. Праўда, калі мяне яшчэ раз панізілі, з намесніка старшыні калгаса зрабілі прафсаюзнікам, я адышоў ад палітыкі, ладзіў начальству банкеты, дзяліў пуцёўкі на поўдзень, але трывожыўся: знікла атмасфера страху, усе задыхалі вольна і пачалі гаварыць адкрыта, страцілася пільнасць. Абы-што хлынула ў музыку, мастацтва, літаратуру і асабліва ў кіно. Пайшлі ўсякія бугі-вугі, той-сёй узяўся вучыць нас на іншых, «больш высо-кіх і каштоўных агульначалавечых узорах» — прасцей, на нас, асабліва на незагартаваныя маладыя душы, абрынуўся гнілы заходні ўплыў. Праўда, калі патурылі «магільшчыка Сталіна», які паспеў скляпаць сабе свой культ, і паставілі Брэжнева, заявілі «пра стабільнасць», я акрыяў. Сеў і напісаў у ЦК КПСС ліст: я, дарагія та-варышы, горача ўхваляю тое, што вызвалілі ад пасад балбатуна, прашу рэабілітаваць таварыша Сталіна, пад-няць аўтарытэт партыі і сацыялізму, найперш у вачах моладзі. Адтуль мне не адказалі, але аднойчы паклікалі ў наш райком і сказалі: мы з вамі згодныя ва ўсім, але ўспамінаць імя Сталіна не трэба…

Нейкі час мы і не ўспаміналі, а потым пакрыху пача-лі называць, падымаць за яго тосты. Праўда, былі заліш-не цярпімыя да ўсякай ерасі, мала садзілі розных шаша-ляў, дык урэшце дайшлі да гэтай перабудовы…

Я, як толькі пачуў, што і ў нас тут студэнты, пісьмен-нікі, мастакі і некаторыя вучоныя хочуць «перабудавац-ца», «адрадзіць зганьбаваную мову і культуру», аж устрапянуўся: эге, падымаюць галовы нацдэмчыкі! Па-чынаюць з малога, але зажадаюць большага! Да слова, каб не прымалі Закон аб мовах, каб не рабіць тут бе-ларускую мову дзяржаўнай, я недзе каля ста лістоў у розныя інстанцыі (ад райкома да ЦК КПСС) паслаў ад імя працоўных. Абзваніў, абхадзіў усіх надзейных знаёмых: пішыце, крычыце ўсюды: нам не трэба «мова», мы хочам, каб у нас быў «язык»! Пісалі, крычалі. Праўда, Закон аб мовах ёсць, але… Добра, вельмі добра, што да яго многія такія халодныя. Што да рабочых забастовак, што былі ў красавіку, яны мяне напалохалі. Баюся, што рабочы люд можа адбіцца ад партыі…

Не ведаю, што і як будзе далей, але веру: перабудова не ўдасца. Як бы мяне ні папікалі, усё ж я лічу цвёрда: нам не абысціся без Гаспадара, Моцнай Рукі і Дысцыпліны. Калі ласка, папікайце, абражайце. Я ж не адступлю-ся ад свайго, магу сказаць пра сябе тое ж, што кажуць і іншыя мае калегі: я жыў і працаваў так, як трэба, дык магу смела пазіраць у вочы ўсім сумленным людзям…»

На гэтым запісы Кураглядава абрываюцца.


1989–1992

Загрузка...