— Анкеты нашы чыстыя, Лукіч, — загугнеў затым, пасля новай чаркі, Сяргееў. — Канечне, невыпадкова ты тут начальнік! Так сказаць, праваднік у жыццё нашай лініі!
— Я тут мясцовы Калінін.
— Ага, Лукіч, Калінін-Калінін!
Госць даверліва прытуліў галаву да яго галавы, нібы найлепшы сябра альбо нават брат, абняў. Кураглядаў расчуліўся: вось цяпер зямляк сапраўды паводзіць сябе па-зямляцку.
— Ты ж, Лукіч, з такога балота! Дурань з дурняў!
— Ну… З балота, дурань, але не тупы. Іначай не трапіў бы ў наменклатуру!
— Дуб!
— Але зялёны!
— Я, Лукіч, пра тое, што сям'я ваша была вялізная, а хата, гаспадарка былі зусім малыя, нікчэмныя. Жылі разам дзед і баба, твой бацька і маці, яшчэ два жанатыя бацькавы браты. Колькі ж вас, малечы, было ў тваіх бацькоў?
— Дзевяцёра.
— Дзевяцёра. А ўсіх вас, мусіць, было не меней дваццаці пяці. Як цяпер бачу, спалі ўсюды: на печы, на палках, на куфрах, на падлозе. Як палягуць усе, не прайсці. Начадзяць за ноч — раніцай, выбачай, Лукіч, можа, не зусім цэнзурна, не дыхнуць, галаву ў бакі водзіць. Елі па чарзе. Спачатку дзед з сынамі, потым — баба і дзеці, пасля іх — нявесткі. Так, Лукіч?
— Так, Іванавіч.
— Душыліся ў цеснаце, бо не было як дзяліцца. Жылі перабіваючыся з хлеба на квас. Як твой дзед гаварыў: «Стужа да нужа — нет іх хужа; холад ды голад — не легча таго». Помніш?
— Помню.
— Грызні, боек, канечне, хапала, — гаварыў захоплены ўспамінамі Сяргееў. — Не толькі мужчыны, але і бабы, бывала, адна на адну з кулакамі, з чапёламі кідаліся. I не толькі вы адны так жылі, але і мы, і іншыя. I ваабшчэ… Ні радыё, ні кіно не бачылі. Самае вялікае — выпіўкі па вялікіх святах альбо царква. Але аптымізм наш быў высокі, Лукіч. Якраз мы заўсёды былі класава свядомыя, першыя ў калгас пайшлі, па багацеях ударылі…
— Не толькі ўдарылі — разам з упаўнаважаным Бяздомным выкарчавалі іх пад корань!
— Мы, Сяргеевы, любілі прыходзіць да вас. Любілі паслухаць твайго дзеда Хвядота, верхаводу на нашай вуліцы. Помніш, ён вельмі любіў баяць, як служыў у царскай арміі, калі і з кім з «высшего обвцества» знаўся, піў гарэлку.
Кураглядаў напружыўся — і нібы пачуў тагачасны дзедаў голас:
«Помню, сядзім мы, рускія маракі, у Севастопалі ў шынку з французскімі маракамі. Ясна, на стале — мора пітва (гарэлка, каньяк, ром, лікёр, чаго вы, цемра ветраўская, ніколі ў вочы не бачылі) і горы закусі… П'ём, перамаўляемся на мігі: хто каго перап'е! Карацей, рана-позна ўсе пападалі мордамі на стол, трымаемся толькі французскі капітан і я… Куляем фужэрамі: ён — фужэр і я фужэр, я — фужэр і ён — таксама… Словам, так я падагнаў мусьё, што ён не толькі паў, але згарэў ад гарэлкі… Я ж за яго душу яшчэ наверх адзін фужэр смалянуў…»
Альбо:
«Помню, сядзім мы ў шынку разам з графам Львом Мікалаевічам Талстым, п'ём, гаворым пра вайну ў Крыме…»
— Брахаў шмат твой дзед, Лукіч, — перапыніў яго міжвольныя ўспаміны Сяргееў. — Але брахаў, халера, прыгожа!
— Гаварыў, што, напіўшыся, з чортам размаўляў… — сказаў Кураглядаў.
— Паверу, бо і я з чортам абдымаўся… Тады, калі старшынёй калгасабыў… Але, Лукіч, ёсць і паганыя нашы землякі. Вось Лыкавы, з якімі ты парадніўся. Цёмныя, панурыя, злыя і, скажу табе чэсна, нібы пустым пыльным мяшком сцебанутыя. Вось цешча твая, Фёкла. Дурніца, любіла ўспамінаць, як яна адзін раз была ў горадзе, начавала ў сяброўкі па дзяцінстве. Легла яна на печы. Сяброўка, падслепаватая жанчына, кажа ёй: «Фёклачка, чаго ж легла абутая? Разувайся, у хаце цёпла». — «Ды я, мілачка разутая». — «Дык жа, Фёклачка, чуні на табе». — «Ды не, мілачка, то мае ногі такія». — «О, божа! Хіба ж можна так загужавець!» Фёкла расказвала з гонарам пра сябе і асуджала сяброўку-чысцёху. А цесць твой… Як малы быў, злавіў ката, падвесіў яго да дрэва і падпаліў. Кот дзіка заенчыў, ірвануўся і, увесь у агні, шуснуў пад страху гумна, дзе было сена на зіму. А, абы з кім ты звязаўся, Лукіч!
Кураглядаву спадабаліся гэтыя справядлівыя словы, але ён абачліва змаўчаў, параіў толькі яшчэ выпіць. Ка-лі ён прынёс яшчэ адну пляшку, Сяргееў усцешыўся:
— I куплёную маеш! — Маю, Іванавіч. Вып'ем за наша шчаслівае жыццё! Выпілі, спрабуючы падчапіць відэльцамі астылыя скрылікі бульбы.
— I мне, Лукіч, усё жыццё не шанцавала на баб, — паспачуваў Сяргееў. — Ужо жанаты, мужчына, павёз я аднойчы ў горад прадаваць парасяты. Прадаю патроху. Апошнюю свіначку купіла маладая дамачка. «Гаспадар, — кажа мне вельмі ж ласкава, апускаючы вочкі, — будзь добры, падвязі парася да майго дома». — «А што будзе?» — скалю зубы, як і кожны заскаліў бы. Баба, брат, дык баба: твар як пісаны, гладкая, спераду і ззаду ўсяго многа! «Пляшку, жаркое пастаўлю». Жаркое — дык жаркое. Спакусіўся, павёз тое парася. Занёс яго ў хлеўчык, зайшоў у дом. Яна — праўда, ставіць на стол пляшку, дастае з печы патэльню. Але толькі наліла чаркі, толькі я яе за мяккае месца ўшчыкнуў, як выходзяць з суседняга пакоя тры дурылы. Карацей, прыставілі да майго горла нож і абчысцілі мае кішэні. Я, ясна, маўчаў, але, чорт ведае як і ад каго, пра гэта ўведалі ў вёсцы. Колькі пазубаскалілі, колькі мая Анютка мызу мне драла, чыркала тупой пілою! I на вайне… Многія гулялі з медсёстрамі, прачкамі — хоць бы што, сыходзіла з рук, я адну з авіяпалка толькі пагладзіў — ледзь не запёрлі ў штрафную роту… Жыў ці не жыў, бачыў што добрае ці не бачыў — не ведаю… Не ўтрымаўся я ў сядле яшчэ тады, у трыццатыя, зляцеў на скаку. I тое, што ваяваў, фашызм дабіваў у логаве і Еўропу вызваляў, не спрыяе. Быў цёмны мужык і ёсць мужык, не ўцёк ад чорнай сялянскай працы, ад знаёмых нястач. Ты вось, Лукіч, спрытнейшы! Фраер! Не — нават прыдурак!
— Я, Іванавіч, лепш улавіў дыялектыку жыцця! — адказаў Кураглядаў. — Помніш, новая ўлада нам дала зямлю? На, бяры — працуй, багацей. Тады наша вялікая сям'ішча падзялілася, мой бацька і яго браты пачалі жыць асобна. Старэйшы дзядзька, Яўграф, зашчыраваў, як кажуць, хутка аперыўся, куркулём стаў, дык яго пазней сход беднаты пастанавіў раскулачыць і выслаць з Ветрава.
— Сход «беднаты», «пралетарыяў»! — хмыкнуў Сяргееў. — Гэта так нам, дурням, тады ў галаву ўбілі! Па-сённяшняму — сход усіх няўдаліц, гультаёў і зайздроснікаў на чужое дабро! Яны пастанаўлялі «абашчэствляць» не толькі «арудзія труда», быдла, але і кажухі, валёнкі, маслабойкі, самавары, радыё — усё, чаго самі не мелі!
— Ну ты! Фармуліруй як след!
— Скажы чэсна, Лукіч: не з-за зайздрасці ты асабіста нават Яўграфа, дзядзьку, трыбушыў?!
— Не! Найперш з-за класавай свядомасці. Кажу ж, я змоладу адчуў дыялектыку… — «ідэйна» апраўдаўся Кураглядаў. У яго было ўжо за правіла: чым болей выпіваў і чым болей мог абы-што мянціць дурны язык, тым болей ён змушаў сябе прамаўляць толькі бальшавіцкімі лозунгамі. Гэта берагло і беражэ яго ад небяспечных даносаў. — Я свядома памагаў дзядзьку выкарчоўваць. Як кулака. Як варожы сацыялізму элемент.
— Які ён кулак?
— Кулак! Уласніцкае, а гэта значыць буржуазнае нутро ў яго было, кулацкая філасофія і псіхалогія, нянавісць да калгасаў і ўвогуле да нашага ладу.
— Не, Лукіч. Гаспадар быў Яўграф! Дбайны і талковы!
— А я кажу: кулак! Ён майго бацьку-бедняка не любіў, прылюдна класава абражаў: абібок, табе нельга даваць зямлю! Ты толькі марнуеш яеі Калі хочаш хлеб круглы год есці, аддай зямлю мне і ідзі да мяне ў парабкі!
— Хіба гэта не праўда, Лукіч? Яўграф накарміў бы і сябе, і вас, і яшчэ шмат прадаваў бы!
— Бацька мой не меў уласніцкай прагнасці, не нёс патэнцыяльнай пагрозы сацыялізму і камунізму. I нас да яе, прагнасці, не вучыў.
— Помню, — пахітаў галавой Сяргееў. — Ты змалку ўхіляўся ад чорнай работы, але спрабаваў уварваць лепшы кавалак. Змоладу цягнуўся да піянераў і камсамольцаў, тачыў зубы на чужое дабро, лез на сходах языкачосіць. Спачатку з цябе пасміхоўваліся: як казаў твой дзед, мальчьппка, жаўтароцік, а пасля баяцца пачалі. Убачылі: ты і бацьку роднага ўтопіш у лыжцы вады, абы карысць сабе мець.
— Я рана паказаў усім: я — не жаўтароцік, не олух, я — барацьбіт за новы лад, я — сіла, звязаная з вялікай вышэйшай сілай! — заківаў пальцам Кураглядаў. — Мяне, Іванавіч, Бяздомны, наш камсамольскі важак, што прыехаў з горада, агледзеў і настроіў на патрэбны лад. Якраз па яго падказцы я і на дзядзьку Яўграфа напаў, засведчыў сваю свядомасць і адданасць, і табе, старэй-шаму, памагаў калгас у Ветраве ўсталёўваць.
— Памагаў, Лукіч. Сярдзітыя мы з табой былі на кулакоў і на іхняе дабро. Помніш, колькі іхніх кажухоў, валёнак, коўдраў сабе забралі, а то прапілі? А мёду, зерня? Аднойчы ты нават ледзь не згарэў ад гарэлкі.
— Малады зусім быў, не загартаваны.
— А я…
— Не крыўдзься, Іванавіч, але ты не ўмеў мысліць дыялектычна, — перапыніў яго Кураглядаў. — Ты не народжаны для наменклатуры. Ты то задумваўся, то перажываў, калі мусіў рабіць не тое. Ведаючы, што нічога не зменіш, што цябе многія асуджаюць, ты заліваў душу гарэлкай, падаў, як кажуць, з трыбуны і цвёрда не вёў лінію. Піць — пі, але… Прачынайся, пакутуй ад учарашняга, ачухвайся і гні-гні лінію далей! Цісні, даві ўсіх незадаволеных і няўгодных! Калі трэба, то — і свайго дзядзьку ды бацьку! Вось тады ты — кіраўнік!
— Спачатку і я, Лукіч, не шкадаваў нікога і нічога, рабіў усё, што загадвалі, — захліпаў Сяргееў. — Але я ці то адумаўся, ці то паў духам, калі мяне пасадзілі. За тое, што быў занадта паслухмяны, што мая башка «закружылася ад поспехаў». За тое, што не сябе, а мяне зрабілі дурнем, ворагам у вачах сваіх людзей! Хіба за гэта яны не змеі? Не паганцы? Не прахвосты?
— Але ж цябе хутка выпусцілі.
— Зміласцівіліся. Але ў душу наплявалі. Нават больш — мяне зламалі. Свае ж, «дарагія і родныя». Спажылі і з агідаю адкінулі!
— Ерунда! Каб ты лепш зразумеў лінію, дыялектыку, служыў верна і далей, ты зноў бы падняўся. Ты ж, кажу, запіў. Па-чорнаму, дзіка, да адключкі.
— А чым іншым, скажы ты мне, разумны, наш чалавек можа заліць боль змучанай душы?
— I я, Іванавіч, не святы, як ты кажаш, часамі заліваю гарэлкай свае пакуты, але ад лініі не адстаю, не збочваю, устойваю на нагах на ўсіх паваротах.
— Я — нягоднік, а ты — гад, вырадак! Падліза! Падбрэхіч! Сучка! Каб не такія сволачы, як ты…
— А ты — асёл! Баран! Абэлтух! — Кураглядаў схапіў земляка за грудзіну, але той ужо не збаяўся яго гневу: быў амаль непрытомны, толькі боўтаў галавой ды час ад часу лыпаў вейкамі, гадаючы, дзе ён і з кім. Бачачы гэта, Кураглядаў павалок таго ад стала ў суседні пакой, але апусціў не на ложак, а на ходнік каля яго; ведаў, што п'яны госць можа набурыць у пасцель.
Сяргееў яшчэ штосьці адчуваў, мармытаў, спрабаваў брыкацца нагамі, але ні з сабой, ні з ім саўладаць ужо не мог.
Кураглядаў жа накіраваўся зноў да стала. Ён мог і ха-цеў кульнуць яшчэ чарку-другую. Але толькі ўзяўся за пляшку, як застукалі з цёмнага двара ў шыбіну.
Хітнуўся за акно, намацаў у кішэні наган:
— Хто?
— Мы, Лукіч. Друззя. Клопікаў і Навуменкаў.
— Што вы хочаце?
— Хочам зайсці да вас, Лукіч. Пагаварыць, — адказаў Клопікаў.
— Мяне няма дома.
— А хто ж гаворыць?
— Дамавы.
— Лукіч! Пусці!
— Прэч!
— Ну й сволач жа ты, Лукіч! Без нас п'еш!
— Што?!! — зароў ён, адчуваючы, што тыя дагэтуль стаялі каля акна і падцікоўвалі. — Заб'ю!
Кінуўся ў сенцы. Але калі выскачыў на ганак, то ка-лег і падначаленых не ўбачыў. Чуў: тупаюць ужо за домам. Прыстрашыў наўздагон:
— Я— вам! Самі вы — сволачы!
Пастаяў, хістаючыся, каля плота, адчуваючы і сваю ўладу, і сваю крыўду на п'яных Сяргеева і Клопікава, што абразілі яго, начальніка. Штосьці пад'юшчвала дастаць наган, стрэліць у паветра, паклікаць варту, усю вёс-ку, сабраць людзей і сказаць ім вельмі важную прамову, каб яны, няўдзячныя, ведалі, як трэба жыць далей, як паважаць уладу і яго. Ён дастаў наган, сціснуў рукаятку, але ў апошнюю хвіліну стрымаўся і не стрэліў.
«Не зразумеюць жа нічога, чэрці… — Пашкадаваў сябе. — Ладна, шляхта, спіце, сапіце ў дзве дзіркі — нідзе не дзенецеся. Я яшчэ скажу вам сваё слова…»
Схаваў наган, задраў галаву ўверх і зірнуў у начное цёмнае, не то нізкае, не то бяздоннае неба. Нічога, апроч акіяна цемры, не ўбачыў, толькі чуў, як ад узбуджанай крыві шуміць у галаве. Нечакана нават для сябе — ці то ад журботы, ці то чорт ведае ад чаго — працяжна і надрыўна завыў па-воўчаму, даючы ход з душы ўсяму свайму патаемнаму і змрочнаму…