— Афонька!!!
Кураглядаў рэзка ўскінуў галаву: у кабінеце стаяў не-высокі, худы, даўно ўжо няголены мужчына ў зноша-ным салдацкім шынялі, з пустой торбай у апушчанай руцэ. I здзіўлены голас, і нягеглая чалавечая постаць былі вельмі знаёмыя — яшчэ адтуль, з далекаватага ўжо ветраўскага юнацтва. Так, Сяргееў з яго роднага Ветрава. Бядняк-галетнік, першы іхні старшыня калгаса. Застары на свае сорак гадоў, сівы, маршчыністы, неяк надта ўвесь апушчаны — як у іх казалі, «ледащий мужичонка».
Пазнаўшы і ўзрадаваўшыся, зямляк хацеў кінуцца з абдымкамі, але яго намер астудзіў Дзік. Сабака, прадчу-ваючы рывок да гаспадара, не толькі загірчэў, але і ўскочыў, раўнуў так, што бедны Сяргееў адскочыў да дзвярэй і ўмлеў, закрыўшыся рукамі і, як бачна было, вялізнаю торбаю. Кураглядаў пагладзіў Дзіка па падня-тым чорным хібе — той супакоіўся і апусціўся на падлогу.
— А, Іванавіч! — усміхнуўся Кураглядаў, падняўся і выйшаў з-за стала. — Ну, здароўздароў!
Той схапіў і моцна затрос яго руку, лісліва зірнуў у вочы:
— Ну, Афоня! Чысты, гладкі! Начальнік! А ўсе ў нашай вёсцы лічаць: прапаў Лукічоў сын! Магілка недзе на свеце!
Кураглядаву не зусім прыемныя былі гэтыя словы. I гэтае даўняе «Афонька», што цяпер прыніжала яго, гэтае «прапаў», што чымсьці пагражала яму.
— Як ты тут апынуўся?!
— Доўга расказваць, Іванавіч, — адказаў ён. — Адным словам, я тут па спецзаданні, але шмат на гэты конт распаўсюджвацца не магу.
— Чэсна кажу: Маруся твая, усе ў вёсцы лічаць — ты прапаў на вайне.
«Прапаў. Не загінуў смерцю храбрых, а — прапаў!» — зноў незалюбіў, але ўголас запытаў:
— Ну, а як ты, жывы-здаровы, сюды дапяў?
— Дапяў… — Пасмутнеў неспадзяваны госць. — Дарога прывяла… Голад… Мяшочнік я…
Кураглядаў адвёў вочы: штосьці жаласнае і сарамлі-вае варухнулася ў душы. Там жа, дзе жыве гэты Сяргееў, і яго сям'я. Жонка, сын. Гадоў сем ужо не бачыў іх.
— Ды садзіся, Іванавіч, — забраў руку, якую, як відаць было, агаладнелы зямляк не хацеў выпускаць, як нейкую чароўную палачку.
— Галадаем мы, пухнем ад голаду, Лукіч… — Той паслухаў, сеў і па-жаночаму захліпаў, шморгаючы носам. Колішні недурны, вясёлы і зычлівы чалавек. — Ні хлеба, ні сала, ні бульбы… Нічога… Хто чэзне, хто памірае, а хто, як вось я, кінуўся ў свет… Дронавы і Лукашовы паехалі ў Заходнюю Украіну, а мы, Сяргеевы, прыбіліся сюды, у Заходнюю Беларусь. Злезлі на станцыі ў Стоўбцах, падаліся сюды. Яны засталіся ў Дзераўной, а я, як ты кажаш, дапяў у гэтую вёску, ледзь не ў пушчу. Прашу ў людзей якую бульбіну, акраец хлеба, скарынку-лупінку… Тут сказалі, каб я спачатку ў сельсавет зайшоў, запісаўся, а тады па хатах ужо хадзіў.
— Мой загад… — усміхнуўся Кураглядаў. Затым не столькі патлумачыў, як падстрашыў. — Тут табе не спакойная, савецкая Расія, тут — адмысловая зона. Заходнікі. Нелаяльныя людзі, а то і бандыты альбо іхнія памагатыя. Як кажа таварыш Сталін, «не внушающие доверия».
— Ажно гэты строгі ці нават грозны начальнік — ты, Афо… Лукіч!
— Рады бачыць мяне? — усміхнуўся Кураглядаў. — Ды якраз тут?
— Зямляк жа, Лукіч! Свой чалавек!
— Ладна, — задаволіўся Кураглядаў. — Ніякай даведкі табе не трэба, сам старшыня сельсавета асабіста цябе ведае. I па вёсцы не хадзі, не прасі і не кланяйся, бо нічога табе надта не дадуць. Сам бачыш: вёска сама адбудоўваецца пасля блакады. Ды не ўніжай сябе, мяне, нашу старану. Зойдзем да мяне, накармлю, напаю і ў дарогу тое-сёе дам. I табе, і маім.
— О-то радыя будуць, Лукіч! — падхапіўся Сяргееў. — Каб ты бачыў: на тваёй Марусі адны косці ды скураі Як кажуць, жывот да спіны прыліп. I малец твой — таран, белы-белы, галава ў яго часта баліць ды з носакроўідзе…
— Я тут партызаніў, — пачаў апраўдвацца Кураглядаў. — Пасля ўцёку немцаў не ведаў: ці на фронт пайду, ці тут на партыйнай альбо савецкай рабоце застануся, дык не выклікаў сваіх… Ды, кажу, тут вельмі пашыраны бандытызм, патайное супраціўленне. савецкай уладзе… Нас тут не любяць… Так што, Іванавіч, тут яшчэ праходзіць нябачны фронт. Так і чакай: пальнуць з-за вугла па башцэ ці ў спіну з абрэза. Альбо нават і з кулямёта…
Калі ішлі з сельсавета па двары ў хату, каб адолець адчужэнне і пашукаць еднасці, Кураглядаў запытаў:
— А ты ваяваў?
— Ваяваў, Лукіч, — падбягаючы і лісліва зазіраючы ў вочы, адказаў Сяргееў. — У пяхоце. На пузе прапоўз, пехатою пратэпаў да самага гітлеравага логава, на сцяне рэйхстага распісаўся!
— Герой! У гісторыю ўвайшоў!
— Маю ордэны, медалі, але…
Кураглядаў не даслухаў, упусціў у сенцы, потым у ха-ту спачатку сабаку, пасля — несамавітага госця з торбай пад пахаю. Той, убачыўшы чысцюткую падлогу, самаробны, але вабны ходнічак, белую печ, свежыя фіран-кі на вокнах і белы абрус на стале, зноў не ўтрываў здзіўлення:
— Тваё жытло?
— Маё-маё. Праходзь, чаго затаптаўся? Чысціні збаяўся?
— Не тое, што чыста — вылізана! Плюнуць няма куды!
— Заходнікі, Іванавіч, любяць лад! Набожныя, гарэлкі амаль не п'юць, не мацюкаюцца!
— Сумныя людзі, Лукіч!
— Своеасаблівыя.
— I гавораць дзіўна. Здаецца, па-нашаму, але шмат чаго я не разумею.
— Гэта, Іванавіч, такая беларуская мова, — патлумачыў Кураглядаў, а пасля, калі госць скінуў выцерты запылены шынель, прыткнуў яго на лаве ў парозе, застаўся ў выцвілай і зашмальцаванай гімнасцёрцы, пасміхнуўся: I праўда: таран ты! Жывот — каля спіны!
— Не хлушу, Лукіч, агаладнелі, — пахмурна пахітаў галавою Сяргееў. — Сталі мала на людзей падобныя. Як якія дзікія туземцы.
Ён з зайздрасцю агледзеў яго поўныя шчокі, дзябё-лыя плечы і досыць напхнуты ўжо жывот пад афі-цэрскім мундзірам і папругаю, дыхтоўныя сінія галіфэ і хромавыя боты.
— Што ты хочаш, Іванавіч. Вайна… — Пахітаў галавой і Кураглядаў, хаваючы позірк. — Калі б не яна, праклятая, то інакш жылі б. Багата, прыгожа, весела.
У гэтую хвіліну пачуўся тупат, а неўзабаве сюды хуценька, лічы, убегла Франя ў сваім звыклым чорным паўсачку. Адразу завінавацілася:
— Выбачайце, не агледзела, што вы ўжо дадому пайшлі.
— Нічога-нічога, — супакоіў яе Кураглядаў. — Вось знаёмы нарыхтоўшчык з Вянкоў завітаў, дык мушу пайсці трохі раней з работы. А ты зрабі нам што-небудзь на зуб узяць.
Наўмысна не сказаў, што госць — ягоны аднавяско-вец. Не варта, па-першае, каб ведалі, што гэты нехлямяжы чалавек — зямляк, а па-другое, пачнуць яшчэ пра тое, што не трэба, распытваць у таго.
Франя, толькі кіўнуўшы госцю, ведаючы, што нельга абы-куды ўсоўваць язык, моўчкі і ўвішна дастала з печы чыгунок, вялікай драўлянай лыжкай начэрпала з яго ў гліняныя місы духмяных буракоў з капустай, костачак з мясам, потым абгарнула чыгунок анучкай, ашчаперыла яго далонямі і наліла ў місы тлустага шчолаку. Затым дастала з печы яшчэ адзін чыгунок і ў іншыя гліняныя міскі наклала з яго тушанай бульбы з салам. Кураглядаў быў спакойны, стрымана мыў у парозе над мядніцай рукі, а Сяргееў, як бачыў, не зводзіў з місак зачаравана-га позірку, раз за разам каўтаў сліну. А калі ён паклікаў яго таксама памыць рукі, то той, здаецца, дрыжэў ад хвалявання і прагі.
Калі Франя запытальна зірнула на яго, што яшчэ трэба, Кураглядаў загадаў:
— Дастань з пограба каля двух мяхоў бульбы, два кашы бручкі, буракоў, морквы. Насып во ў гэтую торбу і яшчэ ў адзін, мой, мех. Потым можаш ісці дадому. Я сам прыбяру са стала.
— Добра, — прамовіла тая і падалася з хаты.
— Канспірацыя! — падняў палец угору Кураглядаў, усміхаючыся Сяргееву. — Ты — мясцовы, з нашага раённага горада. Ясна?
Той не зважаў на яго перасцярогу, як кажуць, ужо еў вачыма тое, што было на стале. Кураглядаў схадзіў у залу і прынёс адтуль падараваную ўчора хатаўскім чалавекам паўтарачку гарэлкі, дзве чаркі. Вырваў зубамі корак, наліў празрыстага пітва.
Сеўшы, Сяргееў пазіраў са здзіўленнем і на гэтыя чаркі:
— Як у Еўропе!
— Тут, Іванавіч, калі п'юць, дык не з рыла і нават не са шклянак альбо кубкаў, — пасміхнуўся Кураглядаў. — А вось з такіх панскіх кілішкаў.
— Дык і ты барын ужо! — паліслівіў Сяргееў, ужо не могучы справіцца са слінай. — Каб не быў у Германіі, дык і не ведаў бы, як браць гэтыя чаркі, нажы і відэльцы!
— Ну давай, Іванавіч, вып'ем па-зямляцку за тое, што жывыя ў ліхалецце засталіся, што сустрэліся як сябры.
Сяргееў дрыготкай рукою нязграбна — не пальцамі, а ўсёй далонню — узяў чарку на доўгай ножцы з пятаком на канцы, дакрануўся да яго чаркі і кульнуў з яе ўсё сабе ў рот. Неўзабаве акуратна ставіў кілішак на стол, але вочы яго вырачыліся, а рот разявіўся. Толькі калі заню-хаў хлебам, выдыхнуў з піяцкім задавальненнем:
— Спірт!
— Не, Іванавіч, — усцешана ўсміхнуўся Кураглядаў. — Мясцовая паравая, перагнаная гарэлка.
Сяргееў толькі хітнуў галавой (не гарэлка, а агонь!) і накінуўся на капусту. Апякаў рот, зяхаў, але сёрбаў лыжка за лыжкай.
Пазней, калі кульнуў яшчэ некалькі чарак, спатоліў голад, не столькі ўдзячна, як няшчыра палез лашчыцца:
— Ну, Афонька! Барын! Яй-богу, барын! З панскіх чарак п'еш, шчы жырныя, картошку з салам колькі хочаш наварачваеш! Вунь якія кавалкі сабаку кідаеш! Пакаёўку, як зразумеў, трымаеш!
— Што — мы не маем права тут кіраваць, добра пажыць? — акрыліўся падпіты, але яшчэ з ясным розумам Кураглядаў. — Мы ж вызвалілі іх ад буржуазіі, нясём ім святло, новае жыццё! Мы пралівалі сваю кроў!
Ён асабліва зычна вымаўляў гэтае «мы»: з аднаго боку, сюды, да гэтага «мы», прымешваўся і Сяргееў, але, з другога боку, не, да гэтых «мы» адносіліся найперш ён, Кураглядаў, і іншыя, вышэйшыя, са становішчам лю-дзі, да якіх Сяргееву, зразумела, было далёка.
— Барын! — цягнуў адно і тое ж Сяргееў. Лічы, на вачах касеў, дык палезла-паперла з яго ўсё тое, што дагэтуль стрымліваў. — А мы там — галота і цямнота. Ядзім тое, што ядуць свінні. I я з сям'ёй, і твая Маруська.
— Пацярпіце — хутка палягчэе.
— Калі? Каму? — лыпаў бялёсымі вейкамі, тыцкаўся яму ў плячук Сяргееў. — Што ні кажы, нас пакінула без хлеба не толькі вайна. Найперш нас агалілі ўлада, калгасы, Афонька… Глядзі: тут не было гэтай напасці, людзі ўсё страцілі ў вайну, будуюцца, а ўжо з хлебам! Бо тут кожны сам сабе гаспадар, робіць для сябе, а не для чорта лысага альбо для нейкай ненажэрнай прорвы.
— Не многа тут таго хлеба.
— Колькі ні ёсць, але ёсць. А ў нас няма зусім, — ап'янелы Сяргееў надзіва ўчэшііваўся за самае балючае. — У нас… Вось летась амаль усё калгаснае зерне забралі ў раён, у Дзёгцеў. Згрувасцілі ў адну кучу пад адкрытым небам, а тут — дождж… Усё ляснула. Калгасы, далібог, калгасы давялі нас да торбы. Ленін даваў нам некалі зямлю, а Сталін яе забраў. А што значыць селянін без сваёй зямлі? Што значыць дзяржава без сапраўдных гаспадароў? Я ж быў у Еўропе, бачьгў… — Хто-хто, а ты, Іванавіч, не вельмі цягнуўся да зямлі.
— Я — не. Але цягнуліся іншыя — працавітыя, талковыя. Яны накармілі б і сябе, і ўсіх. Дык не. Разагналі, пабілі іх. Пакінулі адных гарлапанаў і абібокаў…
— Цыц! — абарваў яго Кураглядаў. — Маўчы, дурань, калі хочаш галаву на карку насіць! Ты што — такую страшную агітацыю развёў!
— Якую — «агітацыю»? Праўду!
— Дурную «праўду»!
— Непрыемную, горкую, але праўду з праўды!
— Прыкусі язык, кажу! Набяры ў рот вады, калі хочаш жыць, — хоць малодшы, паўшчуваў Кураглядаў. — Пацярпець трэба крыху. Ты ж быў наш першы старшыня калгаса, перадавы чалавек новай эпохі, дык умееш так, як трэба, думаць і гаварыць.
— Дурні мы з табой, Афонька. А ў Крамлі — абманшчыкі, языкачосы вялікія, — стаяў на сваім Сяргееў. — Яны ці не ўмеюць гаспадарыць як след, ці наўмысна з нас здзекуюцца, робяць нас жабракамі, каб мы за наш жа кавалак хлеба ім рукі цалавалі.
— Спыні, такую тваю, кулацкую прапаганду! — запатрабаваў Кураглядаў. — Давай яшчэ па чарцы возьмем ды пра іншае што, болей прыемнае, пагаворым.
— Давай, Афонька, — нібы згадзіўся перамяніць гутарку той. — Жулік, лабатрас ты быў, але во… начальнікам стаў! — Палез цалавацца, а калі яшчэ выпілі, дык «аддзячыў»: — I за што цябе так узвысілі? Няўжо тут няма сваіх вартых людзей?
— Дыялектыка, Іванавіч. Мяне ўзвысіла вайна, мая бальшавіцкая свядомасць. Адказную пасаду мне даверыла партыя.
— А чаму мяне вайва не ўзвысіла? Быў хамут — і застаўся хамут, — захліпаў Сяргееў. — Вайна… Нам жа гудзелі ў вушы: яе не будзе, а калі яна пачнецца, дык разгарыцца на чужой зямлі і мы абыдземся малою крывёю. Так дадзім, што вораг дзесятаму закажа!
— I далі!
— Калі і як — «далі»? Калі нас прыперлі да самай Масквы! Калі ўсю дарогу да яе і ад яе заслалі нашымі людзьмі!
— Што да адступлення, то гэта была наша тактыка, Іванавіч. Наўмысна заманьвалі ворага ўглыб, як некалі Напалеона. А што да ахвяр, дык яны дапусцімыя. Яны, як бачыш, ды наш гераізм прынеслі нам вялікую перамогу.
— Падбрэхіч ты, Афонька! Гад! Сволач!
— Ну, дзякуй! За маю дабрыню!
— Ты — «добры»? Што, як барсук, зашыўся тут, п'еш-жуеш, Маруську з мальцам на галодную смерць кінуў? Ці ты завёў тут сабе цыпу?
— Закрый хлябала! — бухнуў кулаком па стале Кураглядаў, не рады, што прывалок дадому вось такога няўдзячнага свінчука, пасадзіў за стол, а той лезе туды з нагамі. — Па мордзе захацеў? Вон пайсці? Альбо хочаш, каб я зараз пазваніў куды-небудзь і здаў цябе як міленькага? Калі здам, дык ведай: ні ордэнамі, ні медалямі не ўратуешся, пойдзеш у Сібір марозам вымарожваць з сябе заходнюю заразу!
— Афонька! — кінуўся ад страху, абслініў яго, Сяргееў. — Друг! Ды я ж люблю цябе, чорта… Не вытрымаў… Панімаеш, заела. Крыўдна мне, баліць душа. За ўсёўсё…
— Кажу ж, будзь мужчынам, пацярпі. Хутка палягчэе.
— Калі?
— Хутка.
— На святое ніколі… — зморшчыўся Сяргееў. — Зрэшты, хрэн з ім усім! Давай яшчэ вып'ем, Афонька!
— Кідай ты гэтае «Афонька-Афонька»! Я ж не пацан табе!
— Лукіч! — упёрся той лобам у яго плячук. — Вып'ем! I песні паспяваем. Нашы франтавыя. Хоць ты і тылавы пацук.
— Я — не тылавік, я — партызан! Народны мсціўца!
— Помсціў, схаваўшыся пад бабскаю спадніцай!
— Ты гэта, друг сітцавы, кінь! — Кураглядаў зноў узвіўся, схапіў кволага субяседніка за гімнасцёрку, што з яе пырснула некалькі гузікаў. Ад злосці забыў, што гэта свой чалавек, лічы, радня тут, уяўляў яго найпершым непрыяцелем. — Я ваяваў, як і ты. Сырэў, мёрз, галадаў, хадзіў кожны дзень па вастрыі брытвы, трапляў пад аблавы, засады і бамбёжкі! Я хадзіў на небяспечныя баявыя заданні. Я… Таксама, каб ты ведаў, ордэн, медалі маю!
— Я ж не супраць, — ледзьве выдыхнуў Сяргееў. — Але франтавікі жартуюць…
— Я не дазволю так жартаваць, — кіпеў уз'юшаны Кураглядаў.
— Не буду, не буду, Лукіч, — залепятаў той. — Адпусці, ка-лі ла-ска. Я ж твой друг. З аднаго сяла. З бядняцкай, лічы, пралетарскай сям'і. Дык хіба я вораг? Уладзе? Табе? Я ж першы старшыня калгаса быў! Я Сталіна люблю, як бацьку!