16

Назаўтра Франщшак узяў акрайчык хлеба, скварку, кіёк і, як клікалі, патрухаў у раённы ваенкамат — пашкадаваў ганяць туды-сюды каня, падаўся пехатой. Цяжкога чаго купляць не меўся, а тое дробнае, што возьме, не зломак яшчэ, прынясе ў торбе за плячыма. Хоць хацеў забраць сынавыя рэчы, але заадно і шкадаваў, што змарнуе такі патрэбны вясновы дзень — недзе сёння мужчыны павінны ставіць ужо на школьным зрубе кроквы і лаціць.

У горадзе адразу пайшоў да ваенкамата — высокай і аб'ёмістай драўлянай будыніны, з усіх бакоў абнесенай дашчаным плотам. Дошкі ў гэтым плоце былі пафарбаваныя ў зялёны колер, на асобных кідаліся ў вочы яркія чырвоныя зоркі. Па дарозе, што вяла да будынка, па адзін і другі яе бок роўнымі радамі стаялі фанерныя шчыты, а на іх былі намаляваны суровыя воіны, розныя карціны з іхняга побыту, і на кожным шчыце стракацелі вял'чімі чырвонымі літарамі надпісы: «Служба в Вооруж яных Силах — почетная обязанность каждого советского гражданина», «Советская Армия непобедимая», «Товарищ Сталин — лучший друг советских воинов»…

Ваенкамацкі дзяжурны, паджылы чырванашчокі і паўнаваты старшына, паслухаўшы яго, спачатку зазірнуў у сваю кнігу-сшытак, а потым сказаў, куды ісці.

Ён падаўся туды, як і кожны вясковы чалавек, трошкі разгубліваючыся ў незнаёмай казённай будыніне і лічачы тут кожнага за вельмі важнага чалавека. Каля пафарбаваных дзвярэй пад нумарам «13» запыніўся і запыніў позірк на прадаўгаватай шыльдачцы:

Начальник
отдела учета воинов запаса
рядового и сержантского состава
ст. л-т РУБИНОВ В. Я.

Угледзеў вось гэтае «Начальник» — не тое што забілася, а нават заштуршкавала сэрца. Чаго, дурное? Няўжо ад спрадвечнай сялянскай боязі перад чужымі, з іншых краёў чыноўнікамі? Пастукаў раз-другі костачкай вялікага пальцаў дзверы. Пачуўшы «да», зайшоў. У вузкім, прадаўгаватым, пафарбаваным у зялёны колер пакоі — акно, шафа з папкамі, стол, за ім — русявы маладжавы афіцэр у паношанай форме, з ордэнамі і медалямі на грудзіне.

Адказаўшы на прывітанне і пачуўшы, хто ён, старшы лейтэнант хуценька падхапіўся, узяў яго кіёк, паставіў у кут і ветліва запрасіў:

— Хадзем, калі ласка, са мной.

Вывеў на калідор і паказаў рукой (на ёй не было адна-го ніжняга пальца) на суседні кабінет:

— Вам туды, грамадзянін.

На гэтых, абабітых чорнай цыратаю, дзвярах не было ні нумара, ні шыльдачкі — не, сказаць праўдзівей, шыльдачка была, але невялікая і адмысловая «Посторонним вход воспрещен».

Грыгарцэвіч пастукаў, а калі пачуў запрашальны голас, зайшоў туды. Тут таксама было адно акно (закрачанае, напалову замазанае белай фарбаю), сцяна злева была голая (толькі з вялізнай картай), а справа стаяў стол з тэлефонам, за стадом сядзеў малады, з рыжажаўцістымі (вожыкам) валасамі, з пукатым невысокім лобам, хмурны, з цяжкім позіркам незразумелага колеру вачэй лейтэнант у зялёнай гімнасцёрцы і сініх галіфэ. Над сталом вісеў партрэт Сталіна ў форме генералісімуса.

«Энкавэдэ… — зразумеў ён. — Але чаму кліча якраз яно? Можа, з-за Янкавага ліста?»

— Усаживайтесь, — суха сказаў лейтэнант і паказаў на крэсла насупраць, а сам упёрся на яго калючымі, здаецца, жаўтаватымі, як у некаторых катоў, вачыма. — Ваша прозвішча, імя і імя па бацьку.

Ён адказаў, як і пасля пра тое, дзе і калі нарадзіўся, дзе быў-жыў, што рабіў да сённяшняга дня, колькі меў і мае зямлі, а лейтэнант акуратна ўсё запісваў.

«Напісаў неасцярожна хлопец пра тое, як цягалі, трэслі яго ў войску за тое, што быў у Германіі, дык вось паклікалі…» — падумаў сам сабе Грыгарцэвіч, чакаю-чы, калі гэты сыч пачне пытацца пра Янку.

— Вас выклікалі не ў ваенкамат, а ў органы бяспекі, — падняў галаву, сапраўды, як і чакаў, сказаў лейтэнант. — Але гэта павінна быць толькі паміж намі… Зразумела?

— Ведама, — завучана адказаў. Ужо не раз гаварыў так: і калі вяртаўся з германскага палону, быў на допытах у армейскіх асабістаў, і пазалетась у Янкавінах, калі да іх на хутар прыязджаў лейтэнант бяспекі і распытваў пра знаёмых паліцэйскіх, старастаў і самаахоўцаў. Кожны раз бралі з яго слова, што будзе трымаць язык за зубамі.

— Папрашу адказаць на мае пытанні, — па-ранейшаму суха прадоўжыў лейтэнант. — Скажыце: якія ў вас падставы, грамадзянін Грыгарцэвіч, агітаваць супраць Савецкай улады?

Ягоная душа раптоўна зледзянела. Што значыць: па-першае, гэтае «ў вас», а па-другое, «агітаваць»? Хіба ім мала таго, што ён ужо не раз гаварыў пгчыра і праўдзіва?

— Паўтараю: якія ў вас падставы, грамадзянін Грыгарцэвіч, агітаваць супраць Савецкай улады?

— У каго гэта «ў вас»? I што значыць «агітаваць»?

— Вы што — не разумееце рускай мовы?

— Разумею, — прамовіў дрыготкім голасам, адчуваючы, як лоб, спіну пакрывае халодны пот. — Але не разумею, пра што вы пытаецеся.

— Патлумачу. Чаму вы публічна ідэалізуеце стары лад, жыццё пры буржуазнай Польшчы?

— Гэта што — значыць, я хвалю-перахвальваю тое?

— Так.

— Дзе? Калі? Як? — запытаў, настройваючыся на доўгую і зацятую вайну нерваў. Гэтыя людзі, да каго цяпер трапіў, своеасаблівыя, чэпкія, лёгка з рук не выпускаюць.

— Тут пытанні задаю я, — яшчэ болей пазмрачнеў лейтэнант. — А вам трэба адказваць.

Адчуўшы, што трапіў у кімсьці закінутую сетку, Грыгарцэвіч падумаў, што не варта лішне трапятацца, як часам кідаюцца з аднаго на другое маладыя і гарачыя, трэба ўзяць сябе ў рукі і быць разважлівым, спакойным.

— Дык хваліце? Шкадуеце, што цяпер іншыя, не тыя, парадкі?

— Не.

— А што ж вы робіце?

— Жыву. Як і ўсе людзі.

— I не ўздыхаеце па буржуазным мінулым?

— Не такое яно лёгкае ды салодкае было, каб па ім шкадаваць.

— Ну-ну! — нядобра скрывіўся лейтэнант. Нібы ўсміхнуўся. Зларадна. Варожа. — Кіньце! Вам не ўдасца абвесці нас вакол пальца! Скажаце: асабіста вы не лічыце, што за панамі вы жылі і не тужылі вельмі, ніхто вас надта не чапаў, а вось там, у СССР, маўляў, абманулі люд, адабралі ў сялян зямлю, лепшых гаспадароў саслалі, пабілі, як пабілі ўвогуле самых разумных, сумленных? Не гаварылі, што некаторыя вашы цікаўныя хлопцы пайшлі ў БССР, каб на свае вочы ўбачыць савецкую рэчаіснасць, але не вярнуліся назад і іх цяпер нідзе не знайсці?

«Дык пра гэта ж гаварылі мы з Кураглядавым, калі той забіраў Адама… — успомніў ён. Жахнуўся. — Божа мілы, чаму ты тады засляпіў ад крыўды мой розум? Чаму ты не адняў тады мой язык?»

— Бачыце: нам усё вядома?!

— Вам гэта нагаварыў наш старшыня сельсавета… — прамовіў ён.

— Дык гэта — праўда ці не?

— Не.

— Як — не? — нібы на кручку, трымаў яго лейтэнант. — Вы маеце іншую, добрую, думку пра СССР?

— Каб нешта пэўнае гаварыць, трэба нешта пэўнае ведаць. Я ж не жыў там, дык добра ўсяго не ведаю.

— А ў прынцыпе?

Францішак Грыгарцэвіч запнуўся, спытаў:

— Выбачайце, пра што вы пытаеце?

— У прынцыпе вы «за» альбо «супраць» ідэй марксізму-ленінізму, Кастрычніцкай рэвалюцыі, сацыялізму?

— Я не такі адукаваны, каб пра такое гаварыць, — пасміхнуўся ён.

— Пытанне стаўлю ў іншым ракурсе: чаму, як вы кажаце, многага і вялікага не ведаючы, тым не менш заўзята дыскрэдытуеце СССР, сацыялізм? Вы робіце гэта на падставе нянавісці, атрыманай спачатку ў буржуазнай Польшчы, а пасля ў фашысцкай Германіі? Ці з падбухторвання тых, хто ў лесе?

Грыгарцэвіч змаўчаў. Раптоўна закружылася галава, вочы засланіў нібы туман. Здаецца, паплыла пад нагамі зямля. Ён душой адчуў: не столькі трапіў ў сетку, як на яго шыю ўжо бязлітасныя рукі накінулі пятлю. Пайшла гутарка пра палітыку, і пра палітыку вялікую. А дзе вя-лікая палітыка, там для простага чалавека — не толькі неразбярыха, але часам і згуба. Бо палітыкай займаюцца не толькі адукаваныя, разумныя, але і хітрыя ды жорсткія людзі.

— Падказваю, — канечне, адчуўшы яго душэўную разгубленасць, наступаў лейтэнант, — добраахвотнае прызнанне змякчае віну. Так што, грамадзянін Грыгарцэвіч, вам лепш не маскіравацца, не ўпірацца ды выкручвацца, а сумленна прызнацца ва ўсіх сваіх грахах.

— У якіх?

— Слухай! — лейтэнант імгненна наліўся чырванню, бухнуў па стале кулаком. — Хопіць прыкідвацца святой авечкай альбо прастачком! Я наскрозь цябе, кулака, бачу! Усё тваё звярынае нутро!

— Звер ёсць звер. I не кожны звер — драпежнік альбо людаед.

— Хопіць! — ужо зароў гаспадар пакоя. — Хопіць, такую тваю, папоўскіх пропаведзей! Мне трэба іншае. Мне трэба, каб ты, хутаранская, кулацкая поскудзь, шчыра і сумленна расказаў пра сваю скрытую варожую дзейнасць, пра агітацыю супраць Савецкай улады, супраць самага перадавога і гуманнага ў свеце гаспадарання — супраць калгасаў…

— Я, яшчэ раз кажу вам, не паліцік, — прамовіў Грыгарцэвіч. — Калі, бывае, што скажу, дык я на тое жывы чалавек, каб думаць і гаварыць, запытаць пра тое-сёе ў людзей.

— Дык усё ж — думаеш, гаворыш? Агітуеш? — загарэліся ў таго дагэтуль жаўтаватыя, а цяпер нейкія незвычайна ўзбуджаныя, злосныя вочы. З хвіліну памаўчаў, свідруючы яго гнеўным позіркам, а пасля, мусіць, сам супакоіўшыся, зноў «завыкаў»:

— Калі, дзе, з кім гаварылі ў апошні час?

— З Кураглядавым. У сваёй хаце.

— Дзе, з кім яшчэ?

«Назаві каго — пацягнуць і таго…»

— Нідзе і ні з кім.

— Няшчыры, абманшчык вы ў такім паважаным узросце! Мы ж добра ведаем: вы разам са сваім пляменнікам, кавалём, — зірнуў на паперку перад сабой, — Сцяпанам Грыгарцэвічам, збіраецеся на тайных, хутаранскіх, антысавецкіх сходках і бэсціце Савецкую ўладу, замышляеце супраць яе варожыя, тэрарыстычныя акты. I хочаце ажыццявіць іх, пачаўшы з ідэйна адданага, нядаўняга партызана таварыша Кураглядава. Адпаведна, падрываючы аўтарытэт, уладу прадстаўніка Савецкай улады, вы скіроўваеце ўдар супраць марксізму-ленінізму, супраць пралетарыяту, сацыялізму і асабіста супраць таварыша Сталіна.

«Што яму, таму Сталіну, зраблю, калі ён далёка і высока? Але ясна адно: скажы хоць слова супраць Сталіна, ты — нелюдзь… Вораг усім людзям, усяму свету. А што гэта значыць? А гэта значыць тое, што яны, тыя, што сядзяць высока, не любяць нас, баяцца нашага праўдзівага слова… Даюць волю трэсці нас…»

— Ну, — падагнаў лейтэнант, — прызнавайцеся!

— У чым?

— Кінь, такую тваю, міраед! — зноў грукнуў па стале кулаком той. — Ёсць неабвержаныя доказы, што якраз вы са сваім пляменнікам трымаеце ў сваіх руках усю вёску, фарміруеце яе антысавецкі погляды.

— Бажуся вам, ніякія мы не падбухторшчыкі!

— Гэта — па-вашаму. А па-нашаму, вы ўсімі адкрытымі і патайнымі сродкамі перашкаджаеце ўсталёўваць іншую свядомасць, новы, савецкі лад.

— Дарослы чалавек, але такое гаворыце, — усміхнуўся Грыгарцэвіч. — Хіба двум па сіле стаць на дарозе ўладзе?

— Канечне, удвух вы не стрымаеце Савецкай улады, рукі кароткія ў вас, — працадзіў скрозь зубы вайсковец. — Але, паўтараю, у сваёй вёсцы вы, зламыснікі, адпаведны, нелаяльны, клімат ствараеце.

— У кожнага свой розум. Кожны сам бачыць: дзе — дабро, а дзе — зло.

— Мацёры аднаасобнік-уласнік! Ты, хітруга, можа, з абрэзам не пойдзеш. Ты — двудушны, са змяіным джалам. Ты, гад, супраць калгасаў.

— Чаму вы гэтак смела гаворыце за мяне? — запытаў ён.

— Я, такую тваю, нутром адчуваю. Класавым чуццём! А па-другое, у трыццатыя гады нагледзеўся на вас, кулакоў! Я, — сціснуў кулакі, — як арэхі, расколваў багатых і варожых! Знішчаў, як драпежнікаў!

— Выбачайце, — ціха прамовіў Грыгарцэвіч. — Вы — хто? З рабочага люду альбо з вёскі?

— Якое гэта мае значэнне? Я — чэкіст! Камуніст-інтэрнацыяналіст!

— Глядзіце, — уздыхнуў Грыгарцэвіч. — Паклічуць некалі і вас на Страшны суд!

— Не палохай, — звузіў вочы лейтэнант. — Пакуль нехта, дык мы вас забралі на наш праведны суд!

— Які ён праведны, калі вы гвалтам хапаеце, без віны вінаватым робіце!

— Невінаватых і сумленных не чапаем. Бяром за хобат такіх, як вы.

— Надта не палохайце, скажу я вам, — абурыўся стары, верачы, што яго, невінаватага, рана-позна адпусцяць дадому, а гэтаму прыдзіраку наківаюць пальцам за грубасць. — Вялікай віны за мной не было і няма. Ні перад людзьмі, ні перад вамі. Я ніколі нікога не абакраў, не забіў, не ссільнічаў і не абылгаў. I ў паліцыі альбо старастам не быў. Я працую на гаспадарцы, мала падымаю галаву ад зямлі, дзяцей і ўнукаў на ногі стаўлю. Калі трэба, дык і суседу памагу.

— Ай-яй-яй! — закруціў той галавой. — Сама святасць!

— Я не святы, просты чалавек, але, кажу, не злодзей, не бандыт.

— Не, стары хітрун, — заківаў лейтэнант пальцам. — Нас не падманеш. — Падсунуў да яго паперы. — Падпішы.

Пакуль ён учытваўся, разбіраў, што напісаў следчы, той узяўся званіць па тэлефоне. Дазваніўся.

— Таварыш капітан, гэта я — лейтэнант Сідарцоў.

Паслухаў крыху.

— Так, дапрасіў, — сказаў потым. — Як і трэба было чакаць, гэты хутаранін з антысавецкімі замашкамі ніякай сваёй віны не прызнае, маскіруецца і вешае лапшу на вушы. Ёсць, затрымаць і адправіць у КПЗ.

Грыгарцэвіч так і не дачытаў нязграбна напісанага пратакола; неўзабаве выкліканыя вайскоўцы ўвапхнулі яго, ашаломленага, у змрочную прысадзістую машыну-будку, у закратаваную загарадку (насупраць сеў адзін з узброеных салдат), і яго павезлі пад вартаю, як злачынцу.

Загрузка...