22

Назаўтра Кураглядаў паклікаў сваіх работнікаў і запытаў, колькі яны сабралі бульбы. Пакуль што, як по-хапкам падлічыў, яшчэ не было і палавіны таго, што трэба было здаць раёну. Нават тут, у Янкавінах.

— Мала! Вельмі мала! — як заўсёды, з раніцы быў злы. — Трэба прымаць рашучыя меры, каб працаваць лепш!

— Ёсць такія сем'і, што не маюць чаго даць, — сказала Валянціна.

— Не маюць альбо не хочуць? — строга запытаў і ў яе, каханкі. Каб іншыя бачылі: ён строгі і да сваёй маладой любіміцы.

— Не маюць, — як ніхто з іх, падначаленых, смела адказала яна.

— Ты добра ведаеш, што не маюць?

— Добра.

— Трэба не столькі давяраць, колькі правяраць! — секануў у паветры рукою. — Тут народ такі… Калі пачулі пра нарыхтоўку, то могуць і хаваць сваё дабро. Натура ва ўласніка вядомая. Яму напляваць на іншых, на раён, на краіну… Адным словам, аднаасобнікі! Ды яшчэ гэтыя, заходнікі!..

— Праўда, Лукіч, каторыя не могуць даць ні каша бульбы, — падаў голас потны і мляўкі пасля ўчарашняй выпіўкі Клсшікаў.

— «Не могуць!» — перакрывіў Кураглядаў. — Гэта вы, работнічкі, не можаце як след працаваць з людзьмі! Не толькі зламыснікаў, што зрываюць пастаўку, але і вас трэба аддаваць пад суд! Ці вы думаеце, што гэта ўсё жартачкі? Краіна сама становіцца на ногі пасля цяжкай вайны, краіне патрэбен пасяўны матэрыял, тая ж бульба, а вы разводзіце тут анцімоніі! «Не могуць». Давайце гаварыць праўду: не хочуць аднаасобнікі памагчы. I іменна нам, Савецкай уладзе! СССР! Ці вы гэтага не разумееце?

Усе паапускалі галовы.

— Калі палітычна неадукаваныя альбо няздольныя да адказнай работы, называйце прозвішчы зламыснікаў. Сам займуся імі.

Паразгортвалі свае сшыткі, назвалі прозвішчы тых, хто не здаў сельсавету нормы бульбы. Ён запісаў усіх у свой старшынёўскі блакнот. Пасля, калі адпусціў сваіх людзей, паслаў іх ва ўсе іхнія вёскі, пазваніў участкова-му, Лявонаву: так і гэтак, прыязджай, пужні формай, а калі трэба, дык і зброяй, каб не ўпіраліся, не байкатава-лі такую сур'ёзную акцыю. Той, хітрун, пачаў ухіляц-ца — бачыш, хапае тых, хто не хоча здаць бульбу, і тут, дзе ён жыве, дык вы там, у сваіх Янкавінах, націскайце самі. Дый, гэта, маўляў, не столькі яго клопат, а іхні, сельсавецкі. Ён прыбудзе тады, калі на іх, скажам, бу-дуць кідацца з нажамі альбо з сякерамі, а то зарэжуць ці засякуць каго. Ды ўчэпісты Кураглядаў не адступіў, змусіў-такі заявіцца і сюды. Добра ведаў ужо: аднаасоб-нікі — людзі бітыя, міліцыянера збаяцца болей, чым яго, цывільнага. Форма, кабур ззаду, грозны позірк, суровыя словы, а тым болей што ён можа затрымаць і за-везці ў раён, усё гэта робіць сваё ўражанне. У людскую душу за вайну ўвайшлі боязь і паслухмянасць перад ча-лавекам у форме і са зброяй — нашмат больш, чым перад законам. Часамі ён, гэты закон, толькі дзеля прыліку, на паперы, ніхто на яго не зважае, толькі прыкрываецца ім, а ў жыцці ўсё ідзе па-іншаму, «дзеля партыі, дзеля вышэйшых мэт і інтарэсаў».

Потым, калі лейтэнант Лявонаў прыджгаў на мата-цыкле, Кураглядаў падсеў да яго ў каляску і паехаў з ім да «бунтаўшчыкоў». Услед падаўся Мішка на пустых ка-лёсах.

Усё смялей і смялей бралася вясна: падсох, пабялеў брук, сышла ці спала вада ў канаўках, пакінуўшы на дне вымыты альбо нанесены жоўты пясочак, выпетраліся платы і ствалы дрэў, абкінуліся зялёна-жаўтаватым вэлюмам вербы і падрыхтавалася разгарнуцца і заззяць у адну цёплую ноч пяшчотнай зелянотай лісце на бярозах, зазелянела вялікім дываном аселіца. Жанчыны падмя-таюць двары, вуліцу каля свайго селішча, пасыпаюць жоўтым пяском сцежкі, а каторыя ўжо капаюць рыдлёў-камі зямлю ў гародчыках і садзяць раннія кветкі. У многіх дварах мужчыны ляпаюць сякерамі і малаткамі — хто плазуе, склюдзіць бярвенне, хто сядзіць на зрубе альбо ўжо на страсе новага дома. Усе, канечне, право-дзяць іх цікаўнымі позіркамі — аж да Вікці Навіцкай, ля селішча якой яны вось ткнуліся і запыніліся.

Селішча добрага тут яшчэ не было: ні плота, ні хаты з прыбудовамі і садовых дрэўцаў, тырчэла толькі з зямлі ўдзірванелая зямлянка і побач ляжала груда акоранага, пацямнелага бярвення. На дварэ — старая гаспадыня, Вікціна маці, і трое, адно пад адно, чарнявых дзяцей. Гэ-тыхНавіцкіх, як і многіх у вёсцы, Кураглядаў ведаў найперш па сельсавецкіх дакументах і толькі крыху ў твар, знаючы, што гаспадар летась падарваўся на лузе на міне.

Падышоўшы, Кураглядаў павітаўся і адразу ашала-міў старую:

— Што гэта вы, грамадзянка, байкатуеце важнае дзяржаўнае заданне?

Тая — у старых, пашытых валёнках, доўгай, да зямлі, спадніцы, паўсачку ды ў цёплай хустцы, хоць на дварэ ярка ды цёпла ззяе сонца, сагнутая, з кіёчкам — адхіліла хустку ад вуха.

— Я не чую, чалавек, што вы гаворыце.

— Чаму не здаеце два пуды бульбы? — пракрычаў ёй у вуха.

— А, — пачула тая. — Вы — пра картофлю… Няма яе, чалавек, дык і не здаём.

Бачачы, што з глухаватаю старой мала толку гаварыць, Кураглядаў павярнуўся да большага, гадоў ся-мі, босага хлопчыка ў штоніках з салдацкага зялёнага галіфэ:

— Дзе маці?

— Там, — той матлянуў галавой на зямлянку. «Схавалася», — зразумеў ён.

— Пакліч яе сюды, — загадаў малому.

Той паслухаў яго, вясковага начальніка, адчыніў дзверы ў зямлянку.

— Мамуся! Вас клічуць.

Нават тут, на дварэ, было чуваць, як адтуль, з зямлянкі, на хлопчыка засыкалі. Ён збянтэжана азірнуўся, шчыра гаворачы ўсё вачыма: маці не хоча выходзіць.

Лявонаў дастаў пачак цыгарэт, пачаў марудна выбіраць, а затым мяць цыгарэціну, хукаць на яе — увайшоў, бач, у свае, «вельмі важныя», клопаты; Кураглядаў, адчуваючы, што трэба паказаць уладу, рашуча накіраваўся да зямлянкі, да дзверцаў, абабітых старою дзяружкай.

— Грамадзянка Навіцкая! — гукнуў. — Выходзь! Жыва! Што за гульні ў хованкі?!

Зазірнуў углыб. Спачатку, пакуль засланяў сабой святло, нічога не ўбачыў у паўзмроку, а потым, стаўшы бокам, угледзеў: паблізу ўвахода — невялічкая печачка з чыгуннай плітой, за ёй — стол на кругляках і з абчасаных плашак, воддаль, абапал сцен, — палкілежакі. У кутку, адрачона спусціўшы галаву, сядзела гаспадыня. Не зважала, што ён, старшыня сельсавета, стаіць блізка, кліча выйсці на двор.

— Я чакаю вас!

— Чаго? — павярнула галаву, зірнула на яго.

— Выходзьце — пачуеце.

Яна паслухала, пратупала па земляным доле, падня-лася па «лесвіцы» — некалькіх аплазаваных, а цяпер ужо замусоленых падэшвамі бярвенцах — і выйшла на святло. Сярэдняга росту, тонкая і худая. Як і маці, у зі-мовых валёнках, доўгай спадніцы і хустцыканаплянцы. Здаецца, ёй трыццаць гадоў, а выглядае на ўсе пяцьдзесят. Закашлялася. Ці прастуджаная, ці, можа, нават хворая на лёгкія.

— Вось што, грамадзянка Навіцкая… — калі яна перастала кашляць, прамовіў ён, з усяе сілы выціскаючы з сябе спачуванне ці, як кажа Уладароў, «мяккацеласць» ды набіраючы стальныя ноткі. — Ты чаму супраць Савецкай улады?

Зірнула на яго глыбокімі, запалымі вачыма. А ў іх — ні крыўды, ні злосці, нейкая адрачоная пустэча.

— Чаму, як паложана, не даеш сама меней два пуды бульбы?

— Калі вам «паложана», дык бярыце…

— Як гэта — «бярыце»? — наўмысна пачаў задзірацца, распальваць сябе. — Ты сама, свядома павінна адгукнуцца на патрэбы краіны і падзяліцца лішнімі запасамі.

— Якімі?

— Кажу ж табе рускаю мовай: здай два пуды бульбы.

— А калі ў мяне ні адной бульбіны ўжо?

— А як жа ты тады жывеш?

— Вось так і жыву на вадзе і траве.

— Разжалобліваеш! — ухмыльнуўся. — Ухіляешся!

— Бярыце! — нечакана ў яе шараватых вачах бліснулі злыя агеньчыкі, і яна ступіла да яго, закрычала. Адкуль толькі ў яе, дахадзягі, з'явілася столькі жывасці. — Усё забірайця! Зямлянку гэтую гнілую! Мамусю! Дзяцей! Вам жа ўсё паложана!

— Ты гэта… — ад нечаканасці аж запнуўся і адступіў. — Не дуры! Не адной табе нялёгка. Усёй краіне цяжка!

— Я ўсёй краіны не накармлю.

— Ясна, ты толькі сама пра сябе думаеш.

— А хто пра мяне, пра маіх дзяцей і маці паклапоціцца? Вы? Краіна? Вы глядзіце толькі, як што ўварваць. Ды сыкаеце пры гэтым: маўчыі Не пікні!

— Ты што — не разумееш, як абнясіліла краіну вайна?

— На добры толк вас, балбатуноў, за гэтую вайну трэба на кастры паліць. Шушукалісяшушукаліся з Гітлерам, а потым удвух нас рабавалі, білі, палілі, у зямлянкі загналі… I цяпер душу вытрасаеце, апошняе забіраеце…

— Ты!.. — захліпнуўся ад злосці. — Трымай, дурніца, язык за зубамі! Давай два пуды насенкі, і канец спрэчцы! Паказвай, дзе капец.

— Вунь, за зямлянкай.

Рушыў па ўтаптанай сцежачцы за зямлянку. Сапраўды, паблізу на ворыве па адзін бок — груда зямлі, па другі — куча саломы, а пасярод — яміна. У ёй толькі старая салома. Нават ні аднаго гніляка няма.

Вярнуўся. Напаў:

— Куды перахавала насенку?

— У… — здаецца, хацела са злосці па-простаму, груба сказаць, але не паспела, забіў дых кашаль.

Якраз пад'ехаў сюды на калёсах Мішка. Кураглядаў паклікаў яго пальцам: хадзі-хадзі. А калі той паслухмя-на падышоў, загадаў:

— Ідзі ў зямлянку, правер, ці не схавана там пад палкамі бульба.

Той зніякавеў перад удавою, бадай, самай гаротнай у вёсцы жанчынаю, але ўбачыўшы яго строгі позірк, шыб-нуў у зямлянку і неўзабаве выскачыў адтуль, развёў рукі.

— Няма.

— Абследуй поле, — зноў загадаў Кураглядаў і сам пайшоў за ім. За зямлянку, за дзічкугрушу.

Нідзе ні грудка, ні свежай пляміны. Праўда, вунь воддаль, пры аселіцы, свежая ралля. Рушылі туды. Ага, нядаўна рыдлёўкай перакопана, можа, і соткі дзве зямлі.

Пачаў корпаць, наском бота ў ямінцы. Праз хвіліну-другую выгарнуў наверх трэць разрэзанай бульбіны.

— Бачыў ты! — абурыўся. — Хуценька пасадзіла, каб не даць! Не, нас не акалпачыш!.. — I да Мішкі: — Ідзі бяры рыдлёўку. Выкапаем!

Мішка вытрашчыў вочы: што?

— Чуеш, сабачая морда? — раўнуў на яго Кураглядаў. — Бягом, такую тваю, па рыдлёўку!

Мішка подбегам пашыбаваў да зямлянкі, але калі хацеў узяць рыдлёўку, яго апярэдзіла гаспадыня.

— Размазня! — вылаяўся Кураглядаў на Лявонава. Той стаяў безуважны і курыў, звальваючы ўсё на яго, цывільную ўладу, нібы не бачачы тут ніякага крыміналу.

Дахадзяга Навіцкая замахнулася рыдлёўкай на Мішку — той, закрыўшыся рукамі, адскочыўся. Навіцкая ж пашыбавала з паднятай уверх рыдлёўкай сюды, да яго. Дробны твар яе быў перакошаны, нават звар'яцелы.

— Вон! — залямантавала. — Засяку!

Чорт ёй, раз'юшанай бабе, верыў, возьме і смаляне кантам па галаве!

— Ты кінь гэта, — ён наструніўся. — Ты ведаеш, што такое напад на службовую асобу, якая выконвае дзяржаўныя абавязкі?!

— Рабаўнікі! — не зважала на яго перасцярогу тая. — Сірот зводзіце са свету!

— Апусці лапату! — закрычаў, але гатовы ў любую хвіліну, як і Мішка, адскочыцца. — Не падыходзь! Іначай арыштуем і складзём акт як на тэрарыстку! Здадзім у энкавэдэ!

— Вязі, садзі, як пасадзілі добрых людзей, Грыгарцэвічаў! — Навіцкая па-вар'яцку была смелая. — Я не баюся турмы. Для мяне няма большай турмы, чым тут!

Але нечакана, ці то адумалася, ці то не асмелілася ўдарыць чалавека, апусціла рыдлёўку і абмякла. Нават больш — адчаілася ад таго, што магла ўчыніць у шале. Аб'язджаючы далоньмі па чаранку, апусцілася долу, заплакала. Аж затрэсліся худыя плечы.

— Божа! Чаму, нашто такія пакуты?! Жылі, усе былі здаровыя, было што абуць і з'есці, а гэта… Хоць жыўцом у магілу кладзіся…

— Масква слязам не верыць, — сказаў цвёрда. — Маеш ці не маеш, а каб два пуды бульбы здалаі Пазыч, украдзі, але здай!

Чула ці не — ён не далытваўся, абышоў і падаўся да вуліцы.

— Стаіш, як… слуп! — накінуўся на Лявонава, які ўжо нервова даставаў з пачка новую цыгарэціну. — Не запыняеш замаху на кіраўніка!

— Баба, удава… — алраўдаўся той. — Плача гэтак…

— А мне напляваць! Мне трэба здаць ад сельсавета не меней пяцьсот пудоў бульбы. Не здам — мала партбілет пакладу ці з пасады пайду, у закратаваным вагоне на лесапавал альбо ў руднік паеду… I табе, гэткаму добранькаму, не паздаровіцца!

— Паверце, людцы добрыя, няма ні бульбіны, — заныла побач старая і, ведаючы, што нічога не пачуе, вяла сваё: — А на дачку не майце зла. Яна добрая, талковая, але ёй цяжка без гаспадара. Яна ж адна і на дзяцей, і на мяне.

Кураглядаў ведаў: гаварыць, спрачацца са старой — пераліваць з пустога ў парожняе, мякчэць, а то і расчульвацца звыш меры. Не толькі ім адным цяжка, усім цяпер нялёгка. Але калі трэба найперш дбаць пра вялікае, дык трэба. Ён адвярнуўся ад жанчыны, закурыў.

— Большыя дзеці ў школу не хадзілі зімой, не было чаго абуць, — зайшла збоку, гула тая. — Лес во гніе, няма каму яго да ладу давесці. Можа, калі абудуюцца людзі, дык паможа хто…

— Куды цяпер паедзем? — зморшчыўся ад жаласнай старой, як ад назойлівай мухі, Лявонаў.

— Ты сваё тут давядзі да канца, — адказаў Кураглядаў.

— Што?

— Што-што! А яшчэ правапарадак! Арыштуй маладзейшую!

— Як? — вылупіў той вочы. — Ці трэба звязвацца з бабаю-ўдавою!

— Хіба не бачыш: уся вёска за намі назірае? Цяпер такі момант, што нельга і бабе даць узяць верх! Над намі, над уладай!

Лявонаў слухаў.

— Завядзі ў сельсавет, складзі пратакол спробы замаху на жыццё старшыні сельсавета, — павучыў Кураглядаў. — Няхай усе ведаюць: за такое будзе суровая кара! Пазвані ў раён: везці туды ці прыстрашыць і адпусціць.

Лявонаў пачухаў патыліцу, зморшчыўся: але, праў-да, трэба ўжыць свае паўнамоцтвы. Падаўся да дзёрзкай гаспадыні гэтага двара. Тая цяпер не агрызалася, не нападала, паслухмяна паднялася і паволі, апусціўшы галаву, паклыпала перад ім. Да зямлянкі, а пасля і да сельсавета.

— Пакліч, Апанас, сведак, — сказаў яму Лявонаў. За аднаго сведку, падумаў ён, будзе верны Мішка.

Яшчэ дваіх гукнуў — найбліжэйшых суседзяў.

Лявонаў павёў «тэрарыстку» ў свой, участкоўскі, пакой, а Кураглядаў падаўся ў свой кабінет з адчуваннем, што сёння ў яго надзвычай важны паядынак з Янкавіна-мі і што гэтую, на першы погляд, побытавую, а на самай справе палітычную сутычку трэба толькі выйграць. Гэты выйгрыш высока ўзвысіць яго, змусіць усіх дрыжэць перад ім. Людзі паважаюць найперш сілу, цвёрдую ўла-ду; іхнія абурэнні, затоены гнеў — дробязі, адмысловы клопат для Мірзоева. Вынюхваць, падслухоўваць і вы-пытваць чужыя думкі і пачуцці, размовы. Каб душыць крамолу ў зародку.

Цярпліва, доўга сядзеў у кабінеце, пакуль Лявонаў, канечне, выцягваў «прызнанне» ад Навіцкай, грозна атакоўваў яе з усіх бакоў, страшыў, дапытваў сведак і пісаў патрэбныя паперы. Там, у тым пакоі, было даволі спакойна; Навіцкая ўжо не крычала, а, як чулася праз няшчыльна зачыненыя дзверы, плака-ла ды, уздрыгваючы, адказвала нешматслоўна Лявонаву.

Можа, праз гадзіну некаторыя сведкі падаліся дадо-му, а да яго сюды зазірнулі Лявонаў і янкавінскі мужчына — здаецца, Емельяновіч ці як яго там. Стары, барада-ты, у паношаным суконным фрэнчы, у такім жа сукон-ным галіфэ, у лапцях. Закамячыў у руках выцвілую брылёўку.

— Гавары, дзед, сваё Апанасу Лукічу, — сказаў Лявонаў.

— Гэта я магу даць два пуды картофлі за яе, — прамовіў нясмела селянін. — Праўда, у яе ўжо няма ні картофліны, ні лушпіння.

— Гэта — ваша асабістае дзела, — буркнуў Кураглядаў. — Каму памагаць, а каму — не.

— Адпусціце, таварышок, яе дадому, — папрасіў Емельяновіч. — Хворая, дзеці малыя, старая маці…

— Дык што будзем рабіць, Лукіч? — бачачы, што ён сядзіць нерухома, запытаў Лявонаў, паказаў яму спісаныя лісты паперы. — Пратакол складзены, сведкі падпісаліся. Будзем званіць у міліцыю?

— Пашкадуйце, людцы, няшчасных, — зноў папрасіў стары, прадчуваючы, што з гэтай Навіцкай можа быць тое, што і з дзядзькам ды пляменнікам Грыгарцэвічамі: возьмуць і не выпусцяць. — Ведама, гаротніца, не стрымалася…

— Гэтая гаротніца магла ўлажыць мяне! — хмыкнуў Кураглядаў. — А ў мяне — жонка, дзіця. Прыедуць вось хутка сюды…

— Даруйце ёй, — зноў закамячыў брылёўку стары.

— Ну, калі папросіць выбачэння, — зміласцівіўся ён. Лявонаў падаўся і прывёў сюды заплаканую арыштаваную.

— Прасі, грамадзянка Навіцкая, выбачэння ў таварыша Кураглядава за нанесеную яму знявагу, — сказаў ёй.

Тая прыхінулася да вушака і ўсё яшчэ заходзілася ад плачу, толькі цяпер ціхага, глыбокага, наколькі быў яе боль.

— Прасі, кабета, — павярнуўся да яе Емельяновіч. — Дык адпусцяць дадому, чапаць не будуць.

Тая не прамовіла ні слова.

«Бач! — занелюбіў Кураглядаў. — Голая, галодная, а з норавам!»

— Прасі, Вікцечка!

Тая падняла затуманеныя вочы на свайго блізкага су-седа — канечне, каб той не ратаваў яе, дык зірнула б з нянавісцю, а цяпер — нібы са здзіўленнем: што вы кажа-це, дзядзька?!

— Пакланіся, падумай пра дзяцей…

— Божа! — цяжка, надрыўна вьц мхнула, спрабуючы пераадолець пакуты. — Дзе ты, Божа?!

— Бог табе не паможа, а вось таварыш Кураглядаў выратаваць можа, калі будзеш разумная, — прамовіў Лявонаў. — Дык будзеш прасіць выбачэння ці мне званіць у міліцыю?

— Выбачайце… — выціснула з сябе, уніжаючыся як жанчына, як чалавек, закрыла далоньмі твар, нібы хаваючы гнятлівы сорам.

— Ладна, — задаволіўся Кураглядаў. — Але глядзі! Будзь законапаслушнай, свядомай і не смей гаварыць абы-што, кідацца са зброяй на ўладу! Ідзі!

Тая, зноў загаласіўшы, выйшла з кабінета, з плачам падалася па вёсцы. Емельяновіч моўчкі пакланіўся і ці-ха, задам вымкнуўся на калідор.

— Перамога! — падхапіўся, пацёр рукі задаволены, нават шчаслівы Кураглядаў. — Вялікая наша з табой перамога! Вось так трэба з імі, аднаасобнікамі, паводзіцца! Не міндальнічаць! Вось паглядзіш: у маім сельсавеце ўсе здадуць бульбу! I здаровыя, і калекі, і ўдовы ды сіроты!

— Дык што? — па-змоўніцку ўсміхнуўся Лявонаў. — Частуеш? Са свайго фонду?

— Можна. Хадзем, скажу, каб Франя падавала на стол.

Загрузка...