Пасля першай бяссоннай ночы ў камеры яго з тыдзень не чапалі.
Адлежваючы бакі на цвёрдай лаўцы, задыхаючыся ад сырасці і цяжкога паветра, знясілены без работы, ён занудзіўся. Ажно, здаецца, заявіліся вошы. Гэтая нуда ўзмацнялася яшчэ і ад крыўды: прайшло ўжо столькі ча-су, а з родных ніхто не падаў ніякай весткі, лусты хлеба.
За гэты час таго-сяго забралі «з рэчамі», прывялі но-вых (у тым ліку і такіх, як ён, «агітатараў-гаспадароў»). Ён па праве нявольніцага «стажу» перабраўся ад дзвярэй і заняў ніжнюю лаўку каля Тхара — разам з ім застава-лася і кампанія чалавека ў акулярах і белым шаліку па прозвішчы Сядых і па клічцы Прафесар. Як даведаўся, гэты гаварун у зладзейскім свеце важны чалавек, «у за-коне», «пахан», старшы над многімі «братамі» — і над тымі, што на волі, і над тымі, што сядзяць.
За гэты тыдзень той дзівачыў. То з ахвотай кідаўся да навічка, распытваў, вучыў, расказваў пра сябе, то не зва-жаў ні на кога і цэлы светлы дзень быў маўклівы, адга-няў ад сябе сваіх халуёў, што як маглі танцавалі перад ім, то нечакана спяваў сам сабе сумныя песні пра чыйсь-ці загублены лёс, пра ўцёкі з турмы і прагу волі, пра па-кінутую ўсімі маці-гаротніцу альбо пра прыгожую, але няверную жонку, то раптам ускідваўся зверам і нападаў на ўсіх у камеры, і тады ўсе баяліся нават пікнуць. Ясна было: скажы хоць слоўка супраць яго — Тхор і маларос-лік адразу ж, тут, у камеры, заколюць.
Грыгарцэвіч ужо не толькі чакаў, але і патрабаваў, каб яго паклікалі да следчага. Каб хутчэй вызначыць свой лёс. Колькі ж можна попусту марнаваць час, жыць на нішчымнай поліўцы, гарэць душой. Трэба закончваць будаваць школу, сеяць авёс, а там хутка ўжо садзіць бульбу. За ўсё сваё жыццё ён столькі не траціў марна часу, не гультаяваў, не ведаючы, за што зачапіць рукі, — сама вялікае мог усмак паспаць дзень-другі на Вялікдзень альбо паўдня ў нядзелю, а так — заўсёды нейкі клопат, нейкая работа ды работа, нялёгкая, цяжкая часамі, але патрэбная, а то і мілая рукам і душы…
I нарэшце ў адзін доўгачаканы дзень:
— 207-мы! На выхад!
Павялі з закладзенымі за паясніцу рукамі, пасадзілі ў накрытую шэрай бляхай машыну, павезлі пад канвоем і даставілі ў міліцыю, але ў гэтым будынку завялі ў пакой, на дзвярах якога была адмысловая шыльда «Посторонним вход воспрещен».
Сустрэў яго знаёмы чэкіст — не, не той, што дапытваў у ваенкамаце, а іншы, высокі, худы, бледнатвары, што прыязджаў летась на матацыкле на хутар і прасіў расказаць пра паліцэйскіх і старастаў, іхніх родных і знаёмых з суседніх вёсак. Гаварыў, як і яны, тутэйшыя вясковыя людзі, па-тутэйшаму. Папалуднаваў тады ў іх, чарку гарэлкі выпіў. Цяпер Грыгарцэвіч аж узрадаваўся, што трапіў, як лічыў, да свайго і, галоўнае, да прыстойнага чалавека, хоць сабе і са страшнымі пагонамі. Здаецца, яго прозвішча Клімянок.
Той ветліва адказаў на прывітанне, як і тады, у тую першую сустрэчу, загаварыў пабеларуску:
— Ваша прозвішча, імя і імя па бацьку…
— Помніце, вы летась былі ў мяне?
— Помню, — усміхнуўся старшы лейтэнант Клімянок. — Але тут трэба адказваць на мае пытанні. Разумееце?
Ён хітнуў галавою.
— Закурыць не жадаеце? — адчыніў верхнюю шуфляду стала, дастаў пачку «Беламора» і падаў яму.
— Дзякуй, але я кінуў курыць.
— А ў лазню хацелі б схадзіць?
— Вот ад лазні не адмовіўся б, — усцешана адказаў ён, радуючыся, што з ім гавораць па-людску.
— Добра, зладзім. Можа, і сёння ўвечар, — прамовіў той, закурыў. — Старэйшы сын з нявесткаю ладзіць?
— Дзякуй богу, ладзяць.
— Малодшы служыць?
— Ага.
— Усё нармальна ў яго?
— Піша, што нармальна.
— Маеце хлеб і да хлеба?
— Ды становімся на ногі.
— Мясцовае начальства не крыўдзіць?
— Ды не.
— Дык чаму вы тады, Франц Адамавіч, альбо як у нас, у Беларусі, кажуць, дзядзька Францішак, агітуеце супраць Савецкай улады?
— Я ж казаў, таварыш Клі…
— Тут называйце мяне не таварышам, а грамадзянінам, — перапыніў яго той. — Так трэба. Па інструкцыі.
— Я казаў ужо чалавеку, што дапытваў мяне і ўсё запісаў: я не агітую, — міжволі загарачыўся, шкадуючы, што і гэтага ветлівага чалавека падманулі, нагаварылі яму абычаго пра яго.
— Я не ведаю, грамадзянін Грыгарцэвіч, — непарушна сказаў той, — што вы каму гаварылі. Мне даручана вас дапытаць. Адпаведна, я хачу пачуць ад вас праўду і толькі праўду, каб зрабіць справядлівае заключэнне. Разумееце?
— Разумею.
— Ну, а калі мы гаворым на адной мове, знаходзім разуменне, то добра. Скажыце шчыра: вы супраць Савецкай улады, сацыялізму? Хацелі б, каб тут быў буржуазны лад?
— Хіба мы, простыя людзі, выбіраем? Што ест — тое ест. Ад бога, як кажуць.
— Даволі расплывіста і туманна гучыць ваш адказ. Здаецца, ён азначае тое, што вы падпарадкоўваецеся сіле і сітуацыі, не змагаліся за Савецкую ўладу раней і цяпер не адчуваеце да яе ніякай любові. Так?
— Я ж кажу вам: я нічога не рашаю. Прыйшла Савецкая ўлада — няхай будзе Савецкая ўлада.
— Няма ні ў душы, ні ў словах урачыстасці, радасці іменна за Савецкую ўладу, — цмокнуў Клімянок. — Вы, наколькі мне вядома, ні разу яшчэ не сказалі пра гэтую ўладу як пра «нашу». Як, дарэчы, не гаворыце «наша» армія, «нашы»… Хіба гэта не доказ вашай нелаяльнасці?
— Не трэба ж так чапляцца за словы… — прамовіў ён. — Можа, я не крычу на кожным кроку, што люблю Савецкую ўладу, але, паверце, я ёй не страшны. Супраць нікога я нічога благога не замышляю. Як і ўсе, прывыкаю да ўсяго новага.
— Але ж нам вядома з аўтарытэтных крыніц, што вы кампраметуеце СССР і сацыялізм.
— Гэта — нагаворы.
— А ў нас іншыя думкі.
— А мне вы не верыце? — спахмурнеў Грыгарцэвіч. — Зусім?
— Ад вас нам патрэбны факты.
— Якія?
— Што вы не вядзеце антысавецкай агітацыі. Грыгарцэвіч горка ўсміхнуўся, крутнуў галавою:
— Па-вашаму, мне трэба даказваць, што я не маю зламыснасці супраць жонкі, дзяцей, суседзяў!.. Але як гэта мне даказаць? Чым? Кляцьбою?
— А чаму — не пакаяннем?
— Якім?
— Самым звычайным. Канечне, калі вы перадумалі, самі сябе асуджаеце за свае грахі.
— Я жывы чалавек. Можа, і грашыў. Каяўся за гэта перад ксяндзом, кару яго адбываў. Але тых грахоў, пра якія вы гаворыце, я не маю. Я не злодзей, не бандыт і не паліцічаскі ліхадзей. Калі вы такім, як я, не верыце, дык вы нікому не верыце…
— Дарэмна вы так заўзята ўпіраецеся, — па-ранейшаму нібы па-сяброўску, не мяняючы ветлівага голасу, сказаў старшы лейтэнант. — Ёсць неабвержныя факты супраць вас. Але каб вы самі прызналіся ва ўсім, пакаяліся, то суд улічыў бы гэта і мог абысціся з вамі мякка. Калі ж вы ва ўсім зацінаецеся, то міжволі выклікаеце недавер.
— Я не зрабіў і не зраблю вам ніякага зла.
— Выбачайце, гэта — не факты, не пакаянне. Гэта — толькі словы, — пахітаў той галавой, затушыў у попельніцы цыгарэту. — У Расіі быў вялікі пралетарскі пісьменнік, Максім Горкі. Дык вось ён гаварыў: калі вораг не здаецца, дык яго знішчаюць. Вы што — асуджаеце сябе? Самі?
— Кажу ж, хіба я — бандыт альбо злодей? Шпіён?
— Каб вы былі злачынец такога маштабу, то з вамі іначай тут гаварылі б. Вас арыштавалі, як я лічу, найперш з-за прафілактыкі. Каб вас глыбей не засмактала балота нянавісці да ўсяго новага, перадавога, каб вы не пачалі займацца тэрарыстычнымі актамі.
Клімянок, як бачна было, спрытна накідаў на яго шыю пятлю, быў нічым не лепшы за таго, што на яго па-зіраў воўкам, але і цяпер пыніў сваё з усмешачкай.
— Так што вы, дзядзька Францішак, павінны не толькі ўсё зразумець, але і падзякаваць органам за тое, што перасцераглі, выратавалі вас ад багны…
— Не ведаю… — уздыхнуў стары. — Ці я здурнеў на старасць, ці япгчэ тут штонебудзь… — Паціснуў плячыма. — Мне трэба не крыўдаваць, не крычаць на ўвесь свет, а гнуць галаву і дзякаваць!..
— Шкада, што не хочаце выбраць іншы шлях, — гнуў сваё той. — Шкада, што не магу далажыць свайму начальству нічога станоўчага пра вас. Яно адхіліць мяне ад следства і аддасць тым, хто ўмее паводзіцца з такімі, як вы, строга…
Бач, пакрыўдзіўся, што ён не падтаквае, сам не ідзе, як дурная жывёліна, на забой.
— А што вы хацелі б, каб я сказаў?
Ветлівы, следчы ажывіўся, аж бліснулі ў бляклых ва-чах агеньчыкі.
— Не шмат, — мякка прамовіў. — Скажыце прыкладна вось так: «Прызнаю, часамі настройваў землякоў супраць СССР, супраць калгасаў». I падпішыцеся.
— А што — па вашай, а цяпер ужо і па адной нашай канстытуцыі ўсе-ўсе мусяць быць толькі за калхозы?
— Ну, — сумеўся той, — магчымыя і іншыя формы ўласнасці.
— Дык чалавек, што не хоча калхозаў, не парушае канстытуцыі?
Следчы яшчэ болей сумеўся.
— Калі так, дык за што яго судзіць? — наступаў Грыгарцэвіч. — За тое, што стаіць на дарозе, замінае? Але тады ці не парушаеце канстытуцыю вы, што не даіцё чалавеку падумаць, выбраць штосьці пэўнае адно, урэшце, што не даіцё чалавеку жыць па законе? Хто даў вам права вышэй канстытуцыі дыктаваць толькі адно сваё?
— Сапраўды, вы не прасцячок, — запунсавеў Клімянок. — Сапраўды небяспечны.
— А чым жа я вам так страшны? — узгарачыўся стары.
— Тым, што вы — вялікі дэмагог.
— Які — «дэмагог»? Я не разумею такіх разумных слоў.
— Даяце лішнюю волю языку і ўсё перакручваеце. Паслухаеш вас — нібы ўсё праўдападобна. А на самай справе — дэмагогія і нянавісць да Савецкай улады.
— Як я ведаю, канстытуцыя не дае права гвалтам скідаць уладу, але яна дазваляе думаць…
— Кіньце гэтыя вашыя буржуазныя, кулацкія замашкі! — упершыню, пунсавеючы, страціў раўнавагу, павысіў голас Клімянок. — Савецкі лад — самы дэмакратычны і гуманны ў свеце!
— Я не супраць, але вы дарма не чапляйцеся, не кідайце цень на лад…
— Мы ажыццяўляем тое, што хоча пралетарыят, увесь працоўны народ!
— Ды і я не чужы. З народу.
— Вы, — пыхцуў Клімянок, — вы — аднаасобнік. Ідзяце супраць агульнай народнай лініі.
— А вы?
— Што — мы?
— Робіце ўсё толькі па законе, толькі тое, што хоча народ?
— Толькі.
— А чаму тады ўсе перад вамі дрыжаць?
— Вы кідаеце цень на нашы органы, — узяў сябе ў рукі Клімянок, — але я адкажу і на ваш варожы выпад супраць нас. Перад намі дрыжаць найперш зламысныя людзі.
«Каб жа гэта было так!» — хацеў хмыкнуць Грыгарцэвіч, але стрымаўся: сюды ўзялі не для таго, каб спрачацца альбо нават пагутарыць, сюды ўзялі па іншай, можа, нават і па невядомай гэтаму служаку прычыне. Ім, людзям у пагонах і пры зброі, далі толькі поўную волю ціснуць у кут і аддаваць пад суд.
— А што будзе, калі я сам на сябе падпішу лухту?
— Чаму — «лухту»? Чаму не чыстасардэчнае прызнанне і пакаянне? — той вёў толькі сваё.
— Дык што будзе?
— Я ж казаў: вашу справу будзе разглядаць суд. Калі ён убачыць, што вы каецеся за свае антысавецкія ўчынкі, хочаце быць сумленным савецкім чалавекам, дык ён можа вас толькі перасцерагчы альбо значна знізіць кару. — Падрыхтаваў паперу, самапіску. — Дык што — згодныя ступіць на правільны шлях?
— Нагаворваць на сябе я нічога не буду. Значыць…
— Ну што ж, — Клімянок падаў яму пратакол, каб падпісаў яго, а калі ён чыркнуў сваё прозвішча, схаваў ліст у папку. — Я хацеў вам памагчы, але вы не пайшлі мне насустрач. Наракайце самі на сябе. Далей вашай справай будзе займацца той таварыш, з якім вы ўжо знаёмыя. Ён з вамі так, як я, цырымоніцца не будзе.