Кураглядаў падымаўся позна.
Амаль заўсёды прачынаўся з цяжкім, змрочным настроем: то балела галава, суха і дзярката было ў роце пасля ўчарашняй выпіўкі, то проста чагосьці злаваўся на ўвесь белы свет — можа, і з-за таго, што япгчэ адзін светлы дзень трэба маркоціцца тут, у ціхай і нялюбай вёсцы, што напалавіну яшчэ ў зямлянках. Як ні адмаў-ляўся, не паслухалі, сарвалі з добрай пасады ў горадзе, прыперлі сюды «на перавыхаванне».
Сёння абудзіўся не сам, перапыніла сон Франя — сельсавецкая прыбіральшчыца ці, як ён называў яе па-гарадскому, тэхнічка. Гэтая глухаватая старая загучна застукалазаляскала дзвярыма.
Калі ён пакінуў спальню, гасціную і выйшаў на кух-ню, строга зірнуў на гэтую адзінокую пажылую кабеціну ў валёнках, паўсачку і цёплай хустцы. Жанчына зляка-лася, баючыся ягонага гневу.
Яго ўсцешыў яе гэты сполах, дык буркнуў міралюбна:
— Здравствуй.
— Здравствуйця, — пакланілася яна. Яшчэ нядаўна, як і ўсе тут, «дабрыдзенькала», а цяпер вось адказала так, як ён вучыў. Праўда, не назвала яго па імені і па бацьку. Цяжка прывыкаць заходнікам да гэтага: запомнілі змалку, што ў вёсцы маладых называюць толькі па імені, а калі трэба загаварыць да жанатых і замужніх, да пажылых, то да імені дадаюць словы «дзядзька» альбо «цётка».
У гэты час падняўся з-пад лаўкі і радасна памкнуўся яму насустрач малады, але ўжо высокі, дужы сабака-аўчар — яго ён выгадаваў, прывучыў да сябе з маленькага кволага шчаняці нямецкай аўчаркі. Больш — гэты Дзік быў адзінай тут істотай, якой ён цалкам верыў і на якую спадзяваўся кожную хвіліну: сабака ратаваў яго і ад вяскоўцаў, і ад бандытаў з лесу. Пагладзіўшы сабачую чорна-рыжую поўсць на спіне, запытаў у Франі:
— Усё нармальна?
— Сельсавет, пошту памыла, кароўку падаіла і падсвінакам есці дала, — адказала. — I вам сняданак ужо гатовы.
Ён задаволіўся, але не падзякаваў; пазней, калі вярнуўся са двара, выпіў ледзь не збан халоднага кіслага малака, нехаця пакорпаўся ў місе з бульбай ды ў патэльні з салам і яйкамі, некалькі скварчын аддаў Дзіку і па-даўся на работу.
Як заўсёды, ішоў сваім дваром, куды дазваляў зазірнуць толькі асобным людзям: паблізу былі сельсавецкія (а гэта значыць, як лічыў, ягоныя) гуменца, хлеў і канюшня, дзе былі казённыя фураж і конь, уласныя падсвінакі і карова.
З параднага ўвахода, каля драўлянага ганка з калонамі, на стрэшцы якога вісеў чырвоны сцяг, стаяла ўжо некалькі тутэйшых і незнаёмых мужчын-прасіцеляў у ватоўках, кажушках і лапцях. Так званая «шарачковая шляхта». Убачыўшы пагрознага сабаку і яго, усе замаўчалі, наструніліся — ён строга і недаступна хітнуў галавой на іхнія мяккія, можа, нават трохі ліслівыя прывітанні ды паклоны і, не запыняючыся, не загаворваючы, пашнураваў у будынак. Які ты начальнік, калі не шануеш сябе і сваю пасаду, калі цябе не баяцца?!
Насупраць уваходных дзвярэй быў доўгі калідор з вокнамі ад вуліцы, са свежавымытай, жоўтай падлогай, з бакамі цёплых стаякоў з чырвонай цэглы і пабеленых мелам, з драўлянай сцяной, што адгароджвала яго жытло. Злева было некалькі дзвярэй. Самыя крайнія былі адчыненыя. Тут знаходзілася іхняя пошта. Сюды, ведаючы ўсе гаспадаровы хады, адразу ж ткнуўся Дзік, а ўслед за ім зайшоў і ён. Можа, ёсць што для яго з раёна. Па тым, як маладая светлавалосая і зыркатая, як труска, паштавічка спешна падхапілася, адчуў: штосьці прыйшло. Калі падала лісткі (а там усё было зашыфраванае), абмацаў іх позіркам: важнае што ці якая-небудзь драбяза? На хаду паспеў ухапіць: ёсць сапраўды сакрэтнае. Гэта адразу ўзбудзіла яго.
Як і кожны раз, ідучы ў свой кабінет, па дарозе адчы-няў дзверы і разам з сабакам зазіраў у пакой: ці на месцы яго работнікі? Як заўсёды, на месцы: і начальнік пашпартнаваеннага стала Навуменкаў, і фінагент Клопікаў, і сакратар Валянціна. Тут, у яе кабінеце, цёрся і Мішка — сельсавецкі конюх і яго асабісты вознік. Малады яшчэ, халасцяк, той хіхікаў, штосьці бессаромнае гу-дзеў у вушы таксама маладой, незамужняй Валянціне. Але, убачыўшы яго, хмурнага, як зубр, зніякавеў і ку-ляй вышмыгнуў з пакоя. Ужо на калідоры Кураглядаў накінуўся на яго:
— Чаму не колеш дровы?
— Баяўся вас пабудзіць… — нахабна зманіў той. Малы, шчуплы, чорны, як цыган, гультай і хітрун.
— Не хлусі, — абарваў ён, бачачы, што той хавае вочы, выкручваецца, як уюн на патэльні. — Да яе клінкі падбіваеш…
— Далібог, не.
— Ціха ты! — сыкнуў на яго Кураглядаў. — Ідзі калі дровы, не замінай людзям працаваць.
Адчуўшы, што злосць Кураглядава не вялікая і не страшная, Мішка нахабнавата ўхмыльнуўся: ат, ведаю, як вы тут «працуеце», сядзіце сіднямі цэлымі днямі, ловіце, б'яце мух ці вымалёўваеце на паперцы свае «начальніцкія» подпісы; варта вам, старшыні, пайсці — Навуменкаў і Клопікаў гуляюць у шашкі альбо так-сама разбягаюцца. Кураглядаў, ужо нямала знаючыся з гэтым жулікаватым лайдаком, добра зразумеў яго ўхмылку: што ні кажы, круцячыся каля яго і ягоных людзей, Мішка нямала пра іх усіх ведае, сам бярэ ўдзел у частых іхніх выпіўках і ўсякіх хаўрусах. Але, каб не даць таму шмат волі, Кураглядаў бесцырымонна наставіў два выцягнутыя пальцы, паказаў, што выпара імі вочы, — Мішка, на сваёй скуры ведаючы, што ён як начальнік тое-сёе дазваляе, але і можа люта адпомсціць, не дазволіў сабе больш нічога лішняга, адскочыў і марсянуў з калідора. Канечне, за гумно, дзе ляжалі прывезеныя яму, Кураглядаву, і парэзаныя ўжо дровы.
«Здаецца, я зашмат прыблізіў яго да сябе, — крочачы да свайго кабінета, падумаў ён. — Зашмат ведае ўсяго пра мяне і можа ў любую хвіліну нанесці ўдар… Трэба неяк нейтралізаваць яго».
Адамкнуў замок і, упусціўшы сабаку, зайшоў у свой пахкі астылым дымам кабінет, пачціва і з глыбокай бояззю зірнуў на партрэт Сталіна над сталом. Калі распрануўся, сеў за стол і хвіліну-другую азіраў яго — жоўты па баках і з чорным дэрмацінам пасярэдзіне, на вялікі чарнільны прыбор і гадзіннік з тоўстага белага шкла, на тумбачку-прамакатку, на сінія пляміны на ёй і на стале, урэшце, на маўклівы цяпер чорны тэлефон — на ўсё тое, што робіць пакой кабінетам, і не абы-якім, а начальніцкім. Пасля адамкнуў сейф, праверыў, ці на месцы ўсе наганы (зброя на выпадак ЧП) і замілавана ўзяў адтуль пудэлак з пячаткаю — яшчэ адзін атрыбут, што дае яму тут вялікую сілу над усімі бліжэйшымі вёскамі і людзьмі. Палюбаваўшыся, схаваў пячатку і ўзяўся чытаць шыфртэлеграмы, думаючы, каму з падначаленых што даручыць.
У дзверы асцярожна пастукалі, а неўзабаве ў праёме паказалася мужчынская галава без шапкі.
— Я заняты, — нахмурыўся Кураглядаў. — Чакайце, вас паклічуць.
Чалавек, бачна было, хацеў сказаць, што яму штосьці вельмі пільнае трэба і што для яго, гаспадара, дарагая кожная хвіліна, але, учуўшы сабачы рык, хуценька зачыніў за сабою дзверы. Кураглядаў апусціў руку і пагла-дзіў вернага служаку па хібе: малайчына, Дзік!
Зрэшты, можна было б пусціць, паслухаць гэтага мужчыну і іншых людзей, хутка памагчы, але ці трэба прывучваць: калі захочаш — заходзь, што ні папрасі — ён усё дазволіць. Няхай найперш ведаюць іншае: у яго ёсць і вышэйшыя клопаты, ён павінен найперш слу-жыць дзяржаве, партыі і «бацьку ўсіх народаў». Падумаўшы так, Кураглядаў раптоўна замёр, баючыся сваіх не зусім спелых думак, азірнуўся са страхам: не, не трэба не толькі гаварыць, але і думаць іначай: спачатку — Той, потым — партыя і дзяржава… Уздыхнуў, змахнуўз лоба халодны пот: во той — начальнік! Сапраўды права-дыр, бацька, нават не — Бог. Сядзіць далёка і высока, але ўсё бачыць, усё ведае. Яго голасу не чуеш, але адчу-ваеш кожнай жылкай, дрыжыш ад страху і любіш яго! Не хапае розуму ўсё гэта зразумець, але ўсё зразумелае і незразумелае зліваецца ў адну вялізную і велічную сілу — СТАЛІН…
На нейкі час яго нібы паралізавала ад гэтай магіі, моцы і страху — можа, і ад галавакружнай боязі: вунь куды і на што вынесла яго жыццёвая плынь, што дала і чым абавязала, калі трэба трымаць вуха востра, не мала, але і не шмат штосьці рабіць самому, умець спрытна, заўсёды «ідэйна» гаварыць. Потым пачаў пакрыху супакойвацца, верачы, што ў яго будзе шчаслівая планіда, што яна дазволіць яму жыць, працаваць і нават ціхенька, тоячыся, грашыць сабе ў асалоду.
Акрыялы Кураглядаў стукнуў кулаком па сцяне — амаль тут жа ў кабінет зайшла маладая, але дзябёлая, з шырокімі клубамі і паўнагрудая рыжая сакратар сельсавета Валянціна Зубрэвіч. Тутэйшая, але з дальняй вёскі (усе яго кадры, апроч Мішкі ды Франі, былі не янкавінскія — значыць, «без месніцкіх настрояў»).
Дзік, бачачы знаёмага чалавека, быў спакойны, выса-лапіў язык і ціхамірна дыхаў. Ведаў: гаспадар з гэтай асобай амаль заўсёды гаворыць лагодна.
Зубрэвіч села насупраць, апусціла галаву. Штосьці сёння невясёлая. Хацеў спачатку запытаць, што ў яе, але перадумаў: асабістае, тым болей чужое асабістае зранку — на апошняе месца.
— Дакладвай, Валянціна Казіміраўна, — звыкла, не строга, але і не мякка прамовіў, дастаў з кішэні «Казбек», лічы, начальніцкую адзнаку, вытрас папяросу, пакамячыў яе і прыкурыў.
— Ёсць ад людзей пяць заяў на лес, — не падымаючы на яго вачэй, сказала тая. — Чалавек з Хатавы просіць запісаць дзіця.
— Усё? — прыжмурыўся ад дыму.
— Пакуль што ўсё, Апанас Лукіч, — адказала Зубрэвіч, прывыкшы ўжо да «інтэлігентных» зваротаў.
— Добра, — лагодна прамовіў. — Ты вольная. Пакліч да мяне Клопікава і Навуменкава.
Валянціна выйшла. Не то з сумам, не то з нейкай крыўдаю.
«Вельмі папаўнела, — падумаў. — Бадай, ужо зацяж-кая і непаваротлівая для сваіх гадоў. Не тое што кавалё-ва жонка, Марыся. Вось тая стройная і лёгкая. А якая ў той шыя! На самай справе лебядзіная, быццам у артысткі!»
Ягоныя думкі пра жанчын перапынілі падначале-ныя-мужчыны:
— Можна?
Паказаў пальцам: заходзьце, садзіцеся. Паселі. На крэслах, што стаялі найбліжэй да яго стала. Адзін апусціўся злева, другі — справа. Абодва, як і ён, у вайсковай форме без пагонаў. Праўда, спачатку, гледзячы на яго, спрабавалі насіць усё афіцэрскае, але ён не дазволіў: не трэба, каб раўняліся з ім, хопіць з іх простага салдацкага. Знаёмыя па партызанстве, амаль сябры. Гэта і добра (разумеюць адзін аднаго з паўслова, гнуць адно), гэта і дрэнна (так і глядзі, каб не выйшла панібрацтва ці не прадалі за капейку). Клопікаў — з Магілёўшчыны, Навуменкаў — з Гомельшчыны.
Абодва цяпер, у яго кабінеце, «на ковре», прыкідвалі-ся звышсур'ёзнымі, ведаючы, што ён з раніцы ўладны і сярдзіты, не дазваляе ніякіх вольнасцей. Яны, вольнасці, — пасля работы, калі можна «расслабіцца». Як, да слова, учора, калі ўтраіх асушылі ці не чатыры пляшкі гарэлкі. Клопікаў — лысы і мурлаты таўсцючок — і сёння хацеў пагладзіць Дзіка, але той не даўся, пагрозна загірчэў.
— Што ў цябе, Іван? — запытаў у яго Кураглядаў, бачачы добра знаёмы абветраны, чырванаваты твар, дзе асабліва вызначаюцца зялёна-рудаватыя бессаромныя вочы, тоўсты мясісты нос і адтапыраныя цяжкія губы.
— Справы неблагія, Апанас Лукіч, — адказаў той, дастаў з рудога, з жоўтымі жалезнымі акантоўкамі партфеля разлінееныя і запоўненыя лісткі, падаў яму. — Вось колькі ўжо аддалі падаткаў.
Кураглядаў пагартаў лісткі, вельмі не спрабуючы разабрацца, што ў іх (будзе пад лупай глядзець кожнае прозвішча, кожную лічбу, калі яму дадуць наганяй з раёна і калі ён пакліча аднаго Клопікава і абрушыць на яго ўвесь свой «партыйны і дзяржаўны» гнеў).
— Меры трэба ўзмацніць, — сказаў. За час, што на кіруючай рабоце, вельмі прывык ужо да гэтых «прыняць меры» і «ўзмацніць меры».
— Ясна, — згадзіўся Клопікаў. — Але самі ведаеце, Апанас Лукіч: вёскі адбудоўваюцца, кожная капейка, кожнае цяля альбо парася на ўліку…
— Усё роўна цісні.
— Ясна.
— Яны, чэрці, несвядомыя. Калі хто і мае, дык вельмі не кінецца аддаваць.
— Ясна, Лукіч. Узмоцнім меры.
— Ну, а ў цябе што, Барыс? — запытаў Кураглядаў у Навуменкава — русявага, з гладкім, нібы ў дзяўчыны, тварам, не рэзкага і не ўспылістага, як ён ці Клопікаў, а далікатнага. Можа, і таму, што ён даволі са змрочным мінулым: прыйшоў да іх у партызаны з падПольшчыкаў, лепш сказаць — з паліцыі, дзе быў нібы па заданні. Яго доўга трос іхні асабіст, хацеў расстраляць, доўга не верачы ні аднаму яго слову, але Навуменкаў нядаўна, пасля вайны ўжо, падаў у органы бяспекі і ў райком даведку ад іншага, незнаёмага ім асабіста, нейкага маскоўскага палкоўніка, які пацвердзіў яго версію.
— Чакаю вашых указанняў, таварыш Кураглядаў, — аддана, але і ў той жа час хітра адказаў Навуменкаў. Учора, як і заўсёды, выкручваўся, піў мала, дык, бач, цяпер свежы, выгалены, пыхкі ад маладога здароўя. Колькі ён ні намагаўся, ніколі яго не спаіў, не змусіў развязаць язык.
— Указанні будуць, — сказаў Кураглядаў, падняўся і, адчуваючы, што ранішні боль паступова адыходзіць, захадзіў па пакоі. Як хадзіў у партызанскай зямлянцы іхні камандзір атрада. — Нам паступіла важная шыфртэлеграма. — Панізіў голас, каб ніхто не мог пачуць, у тым ліку і Зубрэвіч. — Трэба ціха, без шуму заскочыць на хутар Амшарок, схапіць Грыгарцэвіча Адама Францавіча і даставіць яго ў ваенкамат.
Усе трое, жывучы тут, добра ведалі, што гэта такое — «даставіць у ваенкамат». Не ўсе тутэйшыя хлопцы хочуць ісці ў армію. Напалохаліся, калі іх, вывезеных у Германію, патрэслі пасля вайны яшчэ там, за мяжою: на каго ўскінулі вайсковы шынель, каго адправілі ў Данбас ці ў лагеры. Некаторыя, каму летась падышлі гады слу-жыць, не з'явіліся па позвах, пахаваліся. Хто яшчэ сядзіць недзе ў нары, а хто прыбіўся да бандаў. Дваіх сёле-та злавілі і судзілі.
— Раз нельга гарантаваць, што гэты Адам пойдзе ў армію добраахвотна, то трэба браць знянацку, — сказаў Кураглядаў. — Аперацыю назначаю на заўтра, на шэсць гадзін раніцы. Зброю выдам а палавіне шостай. У раён навабранца павязеш ты, Навуменкаў.
— Есць, — адказаў той.
— Значыць, сёння не толькі не напівацца, але не браць у рот і кроплі, — загадаў Кураглядаў. — Сёлета мы не павінны праваліць прызыўную кампанію, як правалілі летась. Калі той раз удалося спісаць промах за кошт «мясцовай нелаяльнасці», то цяпер Мірзоеў ды Уладароў ацэняць правал як халатнасць. Зразумелі дыялектыку?
— Ясна, — сказаў Клопікаў.
— Падумайце як след, калі хочаце цешыцца воляй, а не быць за калючым дротам… — пастрашыўён, нанейкі час страхуючыся ад яшчэ адной спробы панібрацтва, а заадно звальваючы клопат на чужыя плечы. I да Навуменкава: — Скажы, Барыс, Валянціне, што праз гадзіну, не, праз паўгадзіны буду вольны, дык магу прымаць грамадзян.