Яе клікалі Зінкай, а яго — Жоржыкам. Недзе пад канец ІІ Рэчы Паспалітай яны пажаніліся. Неўзабаве займелі сына. Заўсёды іх бачу разам. Ідуць з Падалян на Застаў, да бацькоў Зінчыных, бы выйшлі з казкі. Маладыя, прыгожыя, жыццялюбныя. Жоржык нацешыцца не можа першынцам, гоцае яго на адной руцэ, узнімае ўверх, вышэй сваіх кучараў. Глядзіце людзі, які ў мяне наследнік. Зінка, на ўсякі выпадак, страхуе. Неразлучныя, шчаслівыя.
І раптам, амаль у адначассі, памірае Зінчын бацька, гарыць бацькоўская хата (адступаючыя немцы падпалілі), пад Варшавай гіне брат, без вестак прападае Жоржык (Калыма?). Колькі гора звалілася на Зінку і яе маці! Пасяляюцца ў нас, у старой, „падалянскай”, прыгуменнай хаце. Чакаюць Жоржыка.
Скончылася вайна, усталявалася ўлада, а Жоржыка няма. У новай прышашэйнай хаце таксама чакаюць Жоржыка, свайго. І ад яго ни ответа, ни привета.
Настала лета 1946 года. Вяртаюся з далёкай дарогі. Да Гайнаўкі даехаў поездам, а чыгунку ў Белавеж узарвала dpan-kommando. Працуе аднак вузкакалейка. Усё-такі надзейны від транспарту. Ісці пешкі небяспечна, я ж у чырвонаармейскай форме. Напорашся на банду — прощай, Родина! Відаць таму, калі і злез з платформы на Грудках, не пайшоў шашою, а пакіраваў дахаты праз балацянку і поле. А далей, па-за агародамі, лугам. Вось і наша сядзіба. Памежнаю разораю — тры гады не таптаў яе! — тралюю да прыгумення. Мама мяне першая заўважыла. Бяжыць на прыгуменне і радасна вяшчае:
— Жоржык вярнуўся!.. Жоржык вярнуўся!..
Звабленыя воклікамі мамы, выскачылі са старой хаты нашы кватаранткі. Напаўпрытомная Зінка раскінула ўшыркі рукі, прэ да мяне і свету не бачыць. Абнімаць-цалаваць будзе?.. Што ў нас робіць Зінка?..
А яна падбегла і замерла. І я аслупянеў. У яе пакутна-няўцямных вачах чытаю: „Каб ты здох!”
За што? У чым я вінаваты?
Прыгаслая падыходзіць яе маці:
— Жоржыка не спаткаў?
— А што з ім?
— Рускія забралі.
Цяжка глядзець жанчынам у вочы. Даражэнькія, Расія-Матухна вялікая — с южных гор до северных морей! За якім морам, за якою гарою ваш Жоржык? Мне прыкра, што не спаткаў яго.
Ён так і не вярнуўся. А дакладней — з'явіўся толькі на міг, уяўны.