Інжынер ІІ


Бурапенны 1981. У разгары беластоцкага бушавання „салідарыстаў” іду правым бокам вуліцы Сянкевіча ўверх (чаго мяне трасца нясла туды?). Ажно з Рыжскай вывальваецца раз'юшаны бык у чалавечай постаці.

— У, вы — інжынеры! — бярэ мяне на абардаж і восьвось пачне малаціць сукастымі кухталямі.

Ухіляюся, скручваючы на Рыжскую. Далей „Ухвыты” — бастыён рэвалюцыі. Дык азвярэлы бамбіза адтуль! І я — інжынер! Зноў інжынер, як у падмаскоўнай электрычцы. Толькі абставіны дыяметральна процілеглыя. Згадаліся шасцідзесятыя гады, калі я, саракагадовы, апынуўся ў сабачай аблозе. Ціснулі з усіх бакоў і я, зацкаваны, не знайшоўшы разумнейшага выхаду, вырашыў здавацца. Чорт вас бяры! І пагоншчыкаў, і рэдакцыю! Заўтра іду ва „Ухвыты”, мо прымуць за слесара (мая першая прафесія)?

Адчайнага рашэння не падзяліла Вера.

— Ты толькі думаеш пра сябе, — сказала. — Падумай і пра сям'ю.

І я пачаў думаць. Кінуць „Ніву”, не сказаўшы нават „да пабачэння” — проста. А што чакае цябе ў тых „Ухвытах”? Калі і прымуць, то не схаваешся ад тамашніх следапытаў. Усё вынюхаюць: і хто ты, і хто твае бацькі, і што рабіў, з кім гуляў. Засмяюць:

— Ślusarz habilitowany!

Добра, каб толькі так. Я ж дваццаць год напільніка ў руках не меў. Які з мяне слесар. Памочнік рабочага — усё, на што я здатны.

А пасля сустрэчы з быкападобным незнаёмцам перадумаў. Памочнік слесара ў сорак год — блазенская роля. Але адольная. Упартасці ў мяне хапае. Хто ведае, калі на маім лобе дагэтуль віднее надпіс „інжынер”, мог бы выбіцца і ў інжынеры.

А ці было б лягчэй? Вось гэта пытанне.

Загрузка...