Чалавек-зло


Было на Блізкім Усходзе. У ІІІ ст. нарадзіўся аўтар Кнігі гігантаў, напаўлегендарны Мані. Заснаваў ён вучэнне аб першапачатковасці і неадольнасці зла. Зло незалежнае ад дабра. І роўнае яму, як па ўзросце, так і па сіле. Гісторыя — барацьба святла і цемры, дабра і зла, Бога і чорта. Чалавек дваісты: створаны пеклам, але ў сааўтарстве з небам. Адсюль — усё зло ад чалавека. Чалавек — зло. Вучэнне жывучае. Пашырылася і апанавала блакітную планету. Мы ў аблозе маніхеяў. Будзьма чуйнымі!

Калі вы прачытаеце, што ў Беларусі ўсё зло ад Лукашэнкі, ведайце — напісаў гэта запраграмаваны пад „Рацыю” маніхей. Лукашэнка — чалавек. Лукашэнка — зло. Калі святар корань зла шукае ў іншаверцу, ведайце — прапаведуе блаславёны маніхей. Іншаверац — чалавек. Іншаверац — зло. Калі ўбачыце ў тэлевізары палітыка, які з іскрамі ў вачах звальвае свае грахі на плечы праціўніка, ведайце — гэта ідэйны маніхей. Праціўнік — чалавек. Праціўнік — зло. Калі ж пачуеце, што я стаў асатанелым ворагам Барскага, ведайце — вестку пусціў жалю варты маніхей.

Загрузка...