Было ў Рыме. Каб паказаць сенатарам, што яны нічога не значаць, тыран Калігула даў сенатарскае званне свайму каню і прыводзіў яго на пасяджэнні сената.
Быў час, былі тыраны! У нашага тырана нават задрыпанай казы няма. Пакалігуліў на ніўскім палетку і без дай прычыны акапаўся на Белавежскай градзе. Каб паказаць, што мае нас у азадку, аб'явіўся царом Леанідам і сціпла назваў граду Тэрмапіламі.
Заняў самазванец глухую абарону і чакае вераломнага Ксеркса. А той аятала не ідзе. Не смаліць на граду і падмога. Дзе твой дух, Спарта? Сакрат, першы прыбочны, адкалоўся, працуе на свой імідж. Старыя зубры, спасеныя на датэрмапільскіх пашах, толькі варочаюць асавелымі бельмамі:
— Куды нам на тую граду! Захацелася яму крыклівай славы, хай і выстаўляе сябе на смех персам. З намі не раіўся, — ухіляюцца.
Спадзяецца Леанід на маладняк і наёмнікаў? Зубраняты затаіліся ў кустах.
— Мы б ахвотна, але месцайка знайшлі добрае.
Чакаюць пампезнага гладыятарства. А наёмнікі за
Сцяною. Востраць мечы на Лукашэнку.
Ударыў мароз, а персаў няма. Стрымлівае паход Вялікі Брат (Сексаголік). Каб табе Монікай адрыгнулася, міратворац прытворны! Замерзне на праклятай вышыні наш герой. У імя чаго?