Патэнцыял немачы


Стратэгія — майстэрства вядзення буйных аперацый (ваенных, эканамічных). Надоечы стратэгію перабудовы Падляшша распрацоўваў у белавежскай Зуброўцы міжбугаодэрскі штаб навукоўцаў, палітыкаў і бізнесменаў. Асаблівы падыход да справы праявілі падляшскі маршал Згжыва і эканаміст Зялінскі. Першы, прывітаўшы стратэгаў, празорліва адасобіўся і да канца нарады плённа вывучаў духоўнае змесціва белавежскага рэстарана. Другі, пачуўшы слова „стратэгія”, выхапіў з-за пазухі пісталет і нацэліў агнястрэльную зброю на д-ра Анджэя Марыю Фалінскага, дырэктара ўправы Прамыслова-гандлёвай палаты загранічных інвестараў, які плёў з дуба вецце, накіроўваў увагу на вялікі капітал.

— Больш ні слова! — узарваўся эканаміст, кіруючы знішчальны позірк на дула зараджанай цацкі.

Калі штабісты гуртам абяззброілі гаспадарчага каўбоя, той апраўдваўся:

— Са мною гэтак заўсёды. Як толькі пачую слова „стратэгія”, адбяспечваю пісталет.

Рэфлекс Гебельса, — падумаў я. Той, трэцярэйхавы доктар словамётнасці, адбяспечваў свой пісталет на слова „культура”. І ўспомніліся іншыя словамётчыкі.

Неспакойнае пасляваенне. Прыбелавежжа. Ад вёскі да вёскі з пісталетам у кішэні гойсае чупрыністы паэт. Схіляе маіх землякоў на дабравольны выезд у БССР. Сам потым хваліўся. Хто? Максім Танк. Тут усё было ў ажуры. А вось Танкаў паслядоўнік апраставалосіўся. З пісталетам, уваткнутым за нагавічную дзяжку, уварваўся на трыбуну маладых польскіх пісьменнікаў (1946). Ці дзяжка была слабая, ці нагавіцы завялікія, але калі юны і нявопытны чэкіст павёў гістарычную атаку на „Пакаленне” Братнага, пісталет вызваліўся з уціску дзяжкі і грымнуў на падлогу. Было смеху. А смяяліся з Віктара Варашыльскага, майго другога знаёмца.

А я ў той час, вызвалены з прускай прымусоўкі, канаў на чужой зямлі пад дулам варашылаўскага стралка. Быў ім мой камбат, цар і бог у сваім хозяйстве, у цвярозым стане нармальная асобіна, а нап'ецца — звер. І рэфлектаваў па-звярынаму. На сам мой від. Выхапіць з кабуры пісталет і раве:

— У бью!

— За што? — здзіўляўся я, не чуючы за сабою ніякай правіны. А ён сваё:

— Убью, сволоч!

Удумаўшыся ў паганы намёк, змяніў я тактыку. Пачаў дзейнічаць, зыходзячы з абстаноўкі. Першы ўдар наносіў у грудную клетку камбата, другі — у сонечнае спляценне. Метад дасягаў мэты. Пісталет, як у Варашыльскага, ляцеў на падлогу, камбат валіўся на тапчан і ператвараўся ў аморфны від. Ацверазіўшыся, злосці на мяне не насіў, нічога не памятаў, толькі непакоіўся:

— Понимаешь, связной, вчерась потерял пистолет, — уводзіў у тайну. — Военное имущество! — паясняў. — Ты, случайно, не нашёл? — цікавіўся.

Не цяжка здагадацца, што я „згубу” знаходзіў. Камбат выносіў мне благодарность, я — стаўшы ў струнку — выказваў рытуальнае „Служу Советскому Союзу!” і да наступнай афіцэрскай папойкі цешыўся жыццём.

Ды гэта быў прадукт змрочных гадоў алавянамоўнага стагоддзя. А белавежская баталія разыгралася на парозе тэхнагеннай эпохі, новага разумення саміх сябе. Паказчык майстэрства той жа — смехатворны.

Хоць рэліктавы ваяка ўціхамірыўся, стратэгі здаліся патэнцыялу немачы. Зразумеўшы марнасць разумовага намагання, рэклі:

— Няма ідэі на Падляшша. Невядома, што з гэтым закуццем рабіць.

І раз'ехаліся па хатах. Патэнцыял немачы ўзяў верх над майстэрствам.

А падляшскі маршал — правідзец.

Загрузка...