Трасуны


Над Пушчай бесперастанку гудуць прыбойным рокатам рэактыўныя мастадонты. Паветраны калідор. І хочацца мне на крылах з маладых сноў узняцца на строга вызначану сонечную трасу і зірнуць у вочы паднебных трасуноў і спытаць у твар:

— Куды трасецеся, загуджаныя?

Ведаю, трасунам не да мяне. І яны, канструктыўныя винтики рэальнай стадыі, убачыўшы зарэжымленую зямлёй небрыдзь, гаркнуць на манер маёра Шцірліца:

— Не твое дело!

І гудануць мацней, скручваючы на Буг, і я распластаюся ў белым шлейфе над Шведавым Морам, і толькі Віктар у развітальным вершы адзначыць маё падзенне.

Хочаце верце, хочаце — праверце, але я каторы раз шлю ў думках шчырую ўдзячнасць пільнаму купцу паветраных сіл сорак пятага года, які валявым рашэннем не прапусціў мяне, аздобленага нялётным грыфам „Быў у акупацыі”, у гэтыя сілы. Трапіўшы туды, навек зарваўся б у загуджаны тарантас — я ж рваўся ў паветраную гільдыю.

— Удзячнасць выказвай роднаму Сталіну, — устаўляе свае тры грошы Сідар. — Купец выконваў ягоную волю.

Так і быць.

— Дзякую, Бацька, за тваю празорлівасць, за твой сакаліны зрок. Твая рацыя, винтик з мяне нікудышны. Дзякую, Мудры, што не выбраў мяне ў глуміцелі кучаравай зямлі.

— Няўжо, працінаючы Белавежжа, апаражняўся б ты над цудам прыроды? — лезе ў душу Сідар. — Няўжо не растварыўся б у абдымках кучаравай?

— Мер...за...вец! — шыпіць хрыпліва з халодных віткоў Патойбаковіі прастуджаны ўладны голас.

— Хто мерзавец, я ці Сідар? — гукаю з бяспечнай геапатагеннай зоны.

— Шкура! — шыпіць далёкае бязмежжа. — Конъюнктурный флюгер!

Абудзіў дэмана. Бач, прасвідраваў мяне з гэткай далечы. Як сталічныя актывісты ў час ідэйнага пастраення БГКТ. Никто не забыт, ничто не забыто. Ты ўсё на эмоцыях. Не трэба так катэгарычна. Даруй крыўду, ляпнуў здуру — расказарміўся язык у тваю ^прысутнасць. Не хвалюйся, усё будзе па-твойму. Спі.

— Ты ў мяне яшчэ запляшаш! — паабяцаў вярхоўны, падмацоўваючы сказ ненарматыўнай лексікай, пернуў турбарэактыўным газам і скрыўся ў хмарах. Узяў курс на Гаагу?

— Тру-бі ў свой бок! — адгукаецца далідальняе рэха. — Тру-бі ўбок!.. Та-кі-я спра-вы... спра-вы... пра-вы...

Па-над небакраем плыве гул грознай ростані.

Загрузка...