СМЕРЦЬ МАМЫ

Наша вёска Валадарск Рэчыцкага раёна была цэнтрам усяго партызанскага войска. Навокал яе, у лясах, жылі партызаны. Немцы часта нападалі на партызан, і яны вымушаны былі перабірацца ў другое месца.

Людзі таксама пераехалі ў лясок за вёскай. Тут мы пражылі два дні. Потым наша сям'я разам з іншымі рашыла перабрацца ў другі, большы лес.

Мы пагрузілі на падводу свае манаткі і выехалі ў поле. Наперадзе віднелася вёска Вузнаж. Дзесьці, далёка за лесам, нешта гарэла. Дым вялікімі чорнымі клубамі ўздымаўся ўгору.

— Дуброва гарыць,— гаварылі людзі.

Калі прыехалі ў вёску, то ўбачылі, што яна пустая. Усе людзі жылі ў лесе. Навокал стаяла такая цішыня, нібы ўсё пазамірала. Неба было сіняе, чыстае, без ніводнага воблачка. Страшэнна пякло сонца.

Калі мы праехалі вёску і зноў апынуліся ў полі, раптам перад намі ўзвілася ў небе ракета.

— Бяжыце ў лес! — сказаў дзед Рыгор.

Людзі кінулі свае пажыткі і памчаліся да лесу.

Але не прабеглі мы і метраў сто, як наперадзе загурчаў кулямёт. Мы ўсе, як па камандзе, пападалі на зямлю. Кругом свісталі кулі.

Не магу апісаць, што тады адбылося.

Выпусціўшы чаргу, кулямёт на некалькі секунд заціх. Людзі не ляжалі на месцы. Некаторыя паўзком, а некаторыя перабежкамі кінуліся назад, думаючы праз вёску прабрацца ў лес.

Мама кінулася за намі. Але, прабегшы некалькі крокаў, яна ўспомніла, што на возе засталася мая трохгадовая сястрычка Валька. Вярнулася да воза, схапіла Вальку і пабегла на ўвесь рост. Зноў загрукатаў кулямёт. Я і брат Пеця пачалі крычаць:

— Лажыся, мама, паўзі!

Але яна чамусьці не паслухала нас. Мы папаўзлі назад да вёскі. Мама была за намі. Прапоўзшы крыху, я хацела крыкнуць, каб яна хутчэй бегла, але ўбачыла, што яна ляжыць на зямлі. Калі я крыкнула некалькі разоў і яна не адклікнулася, у мяне ў грудзях нешта абарвалася.

Я з бабкаю хутка падбеглі да мамы. Яна ляжала бокам, рукі яе былі падкладзены пад галаву, нібы яна спала. Хустка была насунута на вочы. Адхінуўшы яе, я ўбачыла, што куля папала ў левае вока і на яго месцы глыбокая рана. Мама ледзь чутна храпла. Ад жаху я ўся закалацілася і кінулася ёй на грудзі. Я заплакала наўзрыд, пачала крычаць і зваць маму, але яна маўчала. Маленькая Валька поўзала ў нагах, тузала за спадніцу і жаласна клікала:

— Мама, мама-а...

Але мама не чула яе голасу. Бабка прысела ля мамы на калені і моцна загаласіла.

Недзе далёка ад нас пачуўся гул. Гэта рухаліся ў вёску нямецкія машыны. Бабка сказала:

— Бяжыце, дзеткі, уцякайце, бо гады тыя вас не пашкадуюць.

Не хацелася пакідаць на полі забітую маці, але і заставацца тут нельга было. Мы добра ведалі, што маме нічым не дапаможам, а нас могуць забіць немцы. Я пацалавала маму, схапіла на рукі Вальку і пабегла. За намі пакрочыла і бабка. Навокал нікога не было. Усе людзі ўжо разбегліся, толькі нерухома ляжалі забітыя.

Хутка мы нагналі бабулю Аўгінню Гуз, якая бегла па полі, падала, ускоквала і зноў бегла. Яе параніла ў нагу, але не ў косць, а ў мяса, і ёй можна было бегчы.

Як толькі мы выйшлі на гароды, наша бабка ўпала ў нізенькі лянок. Ёй было шэсцьдзесят пяць гадоў, і яна вельмі змарылася. Яна сказала:

— Я больш не магу ісці, а вы ўцякайце адсюль.

Сказаўшы гэта, яна заплакала.

За вёскай пачыналіся кусты, за імі чарнеў сасновы лес. Я з Валькай пабегла ў той бок. Брат Пеця крыкнуў мне ўслед:

— Куды ты? Не бойся, немцы ў ільне нас не ўбачаць.

Я не паслухалася яго і пабегла: страх гнаў уперад. Пеця застаўся з бабкай.

Па дарозе я ўбачыла рэчку. Ля яе расла высокая трава. У гэты момант машыны мінулі вёску і накіраваліся на поле. Яны шпарка набліжаліся да мяне. Я з Валькай павалілася ў густую траву ля рэчкі.

Праехаўшы трохі, машыны спыніліся. Я ўзнялася, схапіла сястрычку і па рэдкім жыце, сярод якога трапляліся кусты, пабегла далей. Немцы сталі страляць па нас.

Калі я дабегла да таго месца, адкуль пачыналіся густыя кусты, то неспадзявана ўбачыла трох чалавек з вінтоўкамі напагатове. Спачатку падумала, што гэта партызаны. Але потым, калі ўбачыла на двух нямецкую вопратку, з жахам спынілася і хацела бегчы назад, але ногі не слухаліся.

Адзін з іх, што быў не ў вайсковай вопратцы, крыкнуў:

— Што там робіцца ў вёсцы?

— Вашы напалі, пачалі страляць у людзей; забілі маю маму,— сказала я.

Не ведаю, што б ён яшчэ сказаў мне, але немцы заўважылі нас і пачалі страляць. Кулі, якія свісталі злева і справа ад нас, раптам задзынькалі ля самых вушэй. Мы ўсе пападалі на зямлю. Адзін з трох, які быў не ў вайсковай вопратцы, ускрыкнуў і ўпаў тварам дагары. Зірнуўшы на яго, я ўбачыла ў яго на грудзях кроў. Астатнія двое падскочылі да яго, паглядзелі, патрэслі за плечы, а потым узялі з кішэні нейкія паперы і, прыгінаючыся да зямлі, пабеглі ўздоўж кустоў. Я зразумела, што гэта былі не злыя немцы, а родныя, блізкія людзі — партызаны. Спачатку я кінулася за імі, але потым спынілася, падумала і пайшла ў той лес, адкуль мы ехалі.

У лесе мне сустрэлася невядомая жанчына. Яна паказала, дзе знаходзіцца алёс (так у нас называецца месца з высокім густым лесам, часткова затопленым вадой). Я пайшла ў той бок і хутка ўбачыла алёс. Галіны абдзіралі нам твары, ногі вязлі ў мутнай грузкай твані. Часам я правальвалася ў багну да калень. Валька ўскрыквала ад страху, але я старалася супакоіць яе. Раптам я пачула мычанне каровы. Я пайшла на яе голас і хутка апынулася сярод сваіх людей, якіх тут сабралася вельмі многа. Яны расказалі мне, што нёска наша спалена ўжо, забіта шмат народу. У мяне з вачэй закапалі слёзы. Людзі пачалі суцяшаць і ўгаварваць, каб я не плакала. Знаёмыя жанчыны далі нам харчоў, але ежа не лезла ў рот, а Валька пад'ела і заснула ў мяне на руках, не разумеючы таго цяжкага гора, якое навалілася на нас.

Увечары зацерушыў дождж. К ночы ўсё неба і завалаклося хмарамі і паліў лівень. Дзьмуў вецер, лес шумеў, скрыпелі і трашчалі дрэвы, і ад гэтага рабілася вельмі страшна. Не было прытулку людзям у лесе гэтай ноччу.

Назаўтра да нас прыйшлі яшчэ людзі. Сярод іх былі бабка і брат Пеця. Яны праляжалі ў ільне цэлы дзень і толькі ўначы выпаўзлі ад немцаў. Я вельмі ўзрадавалася, убачыўшы іх. Цяпер не адчувала сябе такой адзінокай, як да гэтага.

Праз тры дні людзі выйшлі з лесу і пачалі хаваць забітых. З атрада прыехаў мой бацька, і мы пахавалі маму на тым месцы, дзе яе забілі. Пахаваўшы маму, бацька пайшоў у атрад. Мы з бабкай засталіся ў лесе. А бацька часта наведваў нас. Так мы пражылі да прыходу нашых.


РАЯ СЕВЯРЫНЕЦ (1931 г.)

Рэчыцкі раён, г.Валадарск

Загрузка...