Нашу вёску падпалілі немцы. Мая мама, бабулька і я з брацікам Толікам уцяклі ў лес. Назаўтра, калі мы вярнуліся з лесу, вёскі ўжо не было — яна згарэла дашчэнту. Над вогнішчам слаўся ўдушлівы дым. Высокія коміны стаялі, як помнікі на могілках.
Мы ўсёй сям'ёй пайшлі ў суседнюю вёску Варатынь. Там жыла мая цётка. Пажыць тут доўга не прыйшлося. На вёску, як каршуны, наляцелі немцы, падпалілі яе, а ўсіх жыхароў ад старога да малога пагналі невядома куды. Доўга гналі народ па незнаёмых мясцінах. Калі людзі адставалі, не маючы сілы ісці, іх падганялі гумавымі палкамі і прыкладамі. Ад хады ногі мае распухлі і пасінелі. Мама несла на руках Толіка. Яна так стамілася, што ледзь-ледзь крочыла. Яе твар быў страшэнны — белы-белы, з незнаёмымі вачыма і ўвесь мокры, ці то ад поту, ці то ад слёз — цяжка было пазнаць. Мама доўга несла Толіка і не заўважыла, што ён мёртвы... Спачатку ён нібы заснуў на руках, а потым і памёр, бедны, мусіць, ад голаду ды ад смагі.
Два месяцы нас гналі кудысьці. Потым усіх людзей пасадзілі на нейкай станцыі ў вагоны і павезлі. Усіх мучыла смага. Некаторыя прыпадалі сухімі губамі да вільготных дошак дзвярэй вагона...
Цягнік спыніўся ў нейкім лесе. Людзей выгналі на шырокую палянку, на якой стаялі баракі. Вакол баракаў цягнуліся высокія рады калючага дроту, і было вельмі многа вартавых. Хтосьці сказаў, што гэта канцэнтрацыйны лагер.
Маю маму спалілі, бабуля таксама памерла, і я застаўся з усёй сям'і адзін. Я не прыпомню, колькі часу знаходзіўся ў лагеры.
Аднойчы раніцою здарылася штосьці незвычайнае. Нас не будзілі гумавымі палкамі, як заўсёды, і каля дзвярэй не было вартавога. Калі мы выйшлі з барака, на двары ўжо былі нашыя чырвонаармейцы. Многія плакалі ад радасці. Адзін салдат узяў мяне на рукі. Я падумаў: «Вось які ён дужы, такога вялікага гэтак лёгка на руках трымае».
Салдат трымае мяне на руках, а ў самога на вачах слёзы...
Цяпер я жыву ў дзетдоме ў Бабічах.
АРКАДЗЬ НАВУМЕНКА (1935 г.)
Жлобінскі раён.