ПАД СМЕРЦЮ

Мы жылі ў вёсцы Усохі Бягомльскага раёна. Сям'я ў нас была невялікая — шэсць душ: бацька, маці, сёстры Жэня і Ліда, брат Віця і я. Жылі мы ціха і спакойна, але немцы ўсё разбурылі. Адбылося гэта так.

У 1943 годзе немцы блакіравалі наш раён. Усе жыхары схаваліся ў балоце. Немцы на аўтамашыне прыехалі ў вёску Усохі, але там нікога не было. Яны злавілі адну жанчыну з другой вёскі, Руні, і паслалі яе сказаць, каб усе людзі выйшлі з балота і вярнуліся дадому да дзевяці гадзін вечара, а не то іх усіх паб'юць. Але людзі не паслухаліся немцаў і не пайшлі дадому з балота. Яны казалі:

— Калі пойдзем дадому, дык нас усіх пераб'юць.

А назаўтра людзі з вёскі Ганцавічы спужаліся і выйшлі з балота. Як толькі яны прыйшлі дадому, немцы загналі іх у кароўнік і запалілі яго. Каторыя ўцякалі, тых забівалі. Тады згарэла вельмі шмат людзей. Мы засталіся ў балоце.

Немцы, як толькі спалілі людзей, пайшлі ў балота шукаць астатніх. Вось немцы ціха падьпшлі да першых будак і пачалі страляць. Тут яны забілі Чабатар Палюту і яе чатырох дзяцей. Усе людзі кінуліся ўцякаць хто куды. I мы пабеглі. Немцы стралялі па нас, але не трапілі. Так мы дабеглі да рэчкі. Але рэчка ў тым месцы была шырокая і глыбокая, і пераправіцца цераз яе нельга было. Тады мы пабеглі каля берага, і тут немцы нас дагналі і пачалі страляць у нас з аўтамата. Маці і бацьку забілі, і дзве сястры забілі, а брата ранілі ў правае вока. Ён закрычаў і схапіўся рукою за вока. Скрозь пальцы цякла кроў. Я падбегла да яго і стала выціраць яму кроў хусткай. У гэты час падбег немец і выстраліў: брат упаў і тут жа памёр. А немец усё страляў і раніў мяне ў левае плячо, а другая куля трапіла ў правую руку, але касці не закранула. Трэцяя куля зачапіла спіну. Мне зрабілася горача, і я павалілася, а немец пайшоў — ён думаў, што я мёртвая. Гэта было рана, гадзін у дзесяць.

Увесь дзень я праляжала разам са сваімі роднымі. А пад вечар адна цётка, Волька, з вёскі Смалярова, лёгка раненая, устала і ўбачыла мяне. Яна памагла мне падняцца, і мы пайшлі. У адным месцы мы перабраліся праз раку ўброд. На тым беразе мы сустрэлі дзеда Янулю, які завёў нас да сваёй сям'і. Яны мне давалі есці, але я нічога не ела чатыры дні, толькі піла ваду. Потым яйка з'ела. Тут мяне знайшла дачка майго дзядзькі Алісея Алай, Маруся.

Але доўга ляжаць не давялося. Немцы бамбілі, стралялі, і нам зноў прыйшлося ўцякаць у балота. Я зусім аслабела, і мяне панеслі. Зрабілі насілкі на палках, разаслалі посцілку і так неслі. Мяне неслі два мужчыны, дзядзька і Герасімовіч Іван, а дзве дзядзькавы дачкі, Маруся і Ніна, неслі сына настаўніка, Геню. З мяне цэлы дзень цякла кроў. Потым Маруся перавязала мне раны. А мае родныя ляжалі ў балоце.

Калі немцы выехалі з вёскі, людзі сталі выходзіць з балота. Дзядзька папрасіў людзей, яны выкапалі яму на востраве і пахавалі маіх родных. Я не магла хадзіць і не бачыла, як іх хавалі.

У маёй мамы былі дзве сястры, якія жылі ад нас за дзесяць кіламетраў. Яны пачулі, што нашых родных немцы забілі, што я засталася адна, і прыехалі да мяне. Адна з іх, цётка Прузына, узяла мяне да сябе. Доктара нідзе не было, і цётка лячыла мяне сваімі лякарствамі. Я хварэла доўга, але цётка мяне вылечыла, і я цяпер бадзёрая, вясёлая і валодаю абедзвюма рукамі.


ТАНЯ АЛАЙ (1933 г.)

Бягомльскі раён, Мсціжскі сельсавет, в. Рэм.

Загрузка...