Было гэта ўзімку. Немцы вазілі з лесу дровы. У адзін з такіх дзён я, мой брат Валодзя, яго сябры Алесь Абрамаў, Толя Байкоў і іншыя гулялі на вуліцы ля казармы. Выйшаў нямецкі афіцэр і паклікаў нас да сябе. Калі мы падышлі, ён выбраў самых большых і дужэйшых і павёў у двор казармы. Там ён загадаў ім згружаць дровы з машыны.
Я быў меншы за астатніх, і мяне не ўзялі. Прыйшлося ісці дадому. Вярнуўшыся з работы, Валодзя па сакрэту расказаў мне, што адбылося на двары казармы.
Некалькі немцаў таксама згружалі дровы. Яны так угрэліся, што паскідалі з сябе верхнюю вопратку і паразвешвалі яе хто дзе. Вінтоўкі і рэвальверы ляжалі тут жа, каля адзення.
На крыле пярэдняга кола аўтамашыны ляжаў, шынель, пад ім, у кабуры, відаць быў рэвальвер. Валодзя заўважыў яго з самага пачатку. Ён успомніў, як аднаго разу дзядзька Манькоўскі сказаў хлопцам:
— Вы бываеце каля немцаў, купляеце ў іх папяросы ды іншую дрэнь. А вось «купіць» ці «пазычыць» зброю не здагадаецеся. А яна нам дужа патрэбна.
I цяпер, носячы дровы, Валодзя пачаў ламаць галаву, як завалодаць рэвальверам.
Раптам на сцежцы ён убачыў тоўсты, без разьбы, сагнуты болт. Калі хто наступаў на яго, ён другім канцом хлопаў па наску бота. Нарэшце адзін немец штурхнуў нагой так, што болт адляцеў убок і ўпаў спераду машыны. У гэты час з кухні выйшлі па дровы афіцыянткі. Адна з іх спынілася на тым месцы, дзе ляжаў болт. Яна размаўляла з немцам, смяялася, пакручваючы нагою болт. Немец доўга глядзеў на яго. Калі дзяўчына адступілася, немец так моцна ўдарыў наском па канцы болта, што ён падляцеў угору і стукнуўся аб паднятую сякеру чалавека, які калоў дровы. Немец гучна зарагатаў і пабег сцягваць з машыны плашкі. Афіцыянткі набралі дроў і пайшлі. Чалавек падняў болт, паглядзеў і кінуў пад пярэдняе кола.
Валодзя ўсё гэта бачыў. У яго галаве ўзнікла думка, што болт можа яму спатрэбіцца. Ён пачаў чакаць зручнага моманту, каб узяць яго. Але пакуль што нельга было: ад машыны да штабеля дроў увесь час хадзілі немцы.
Праз колькі хвілін на двор стала ўз'язджаць другая машына. Яна была высока нагружана, дровы раз'ехаліся па баках і чапляліся за шулы. Шафёр некалькі разоў прабаваў праехаць у вароты, але гэта яму не ўдавалася. Тады афіцэр паслаў на дапамогу салдат. Паспрачаўшыся крыху, яны ўзяліся адгружаць.
Як толькі салдаты пайшлі, Валодзя падняў болт, хутка адшпіліў кабуру, узяў рэвальвер, а на яго месца палажыў жалязяку. Дрывасекі стаялі за яго спіною і нічога не бачылі. Сунуўшы рэвальвер у кішэню, ён узяў палена і панёс да штабеля. Штабель шчыльна прылягаў да дашчанага плота, які аддзяляў двор ад другой вуліцы. Валодзя падышоў да плота, азірнуўся і, не ўбачыўшы нікога, хто б мог заўважыць, ударыў плашкай у дошку. Дошка адскочыла ад жэрдкі, да якой была прыбіта. Ён палажыў рэвальвер на дровы, крыху збоку ад адбітай дошкі, і прыкрыў яго плахай.
Сябры глядзелі і радасна ўсміхаліся. Валодзя пагразіў ім кулаком, і яны зноў узяліся за работу.
Як толькі машына ўехала на двор, зазвінеў званок на абед. Немцы борзда пабралі свае шынялі, зброю і падаліся ў казарму. Хлопцы таксама пайшлі з двара. На вуліцы Толя паціху сказаў:
— Мы бачылі ўсё і пільна сачылі за кожным рухам на двары...
— Калі немцы дазнаюцца, што прапаў рэвальвер, то пачнуць шукаць, а знайшоўшы,— дапытвацца, хто ўзяў. Гаварыце, што не бачылі і нічога не ведаеце,— сказаў Валодзя сябрам.
На рагу вуліцы ён спыніў таварышаў і шапнуў:
— Пакуль немцы не хапіліся, рэвальвер трэба забраць. Вы назірайце, а я пайду.
Брат хутка падышоў да выбітай дошкі, прасунуў у шчыліну руку і выцягнуў адтуль рэвальвер. Схаваўшы яго ў кішэню, ён махнуў сябрам, каб ішлі, а сам пакрочыў па другой вуліцы. Прыйшоўшы дадому, ён схаваў рэвальвер пад тратуар.
На наступны дзень уранні маці пагналі капаць акопы. Я і Валодзя засталіся дома. Мы гулялі з меншымі дзецьмі. У сенцах пачуўся грукат, і ў хату ўвайшлі тры немцы. Яны пачалі дапытвацца пра рэвальвер. Валодзя ўвесь час адказваў:
— Нічога не ведаю...
Немцы перарылі ў хаце ўсе манаткі, але зброі не знайшлі. Няўдача раззлавала іх. Яны накінуліся на Валодзю і збілі яго да крыві. Але і гэта не дапамагло — брат гаварыў адно і тое:
— Ніякага рэвальвера я не бачыў.
Я і шкадаваў брата і ганарыўся, што ён такі смелы і вытрыманы.
Немцы забралі Валодзю і павялі. Афіцэр, які вёў допыт, спачатку хацеў узяць ласкай. Ён сказаў, калі Валодзя прызнаецца і аддасць рэвальвер, то зараз жа будзе адпушчаны дадому і атрымае падарунак. Але старанні фрыца былі дарэмныя, Валодзя паўтараў старую песню. Тады яго пачалі катаваць. Білі бізунамі да страты прытомнасці, аблівалі халоднай вадой і зноў білі, голага садзілі ў халодную. Калі і гэта не падзейнічала, яны сабралі разам трох хлапчукоў і пачалі гаварыць, што яны адзін на аднаго даказалі. Застаецца выявіць, хто з трох вінаваты, а хто не. Пры гэтым яны ўважліва сачылі за хлапчукамі. Тыя моўчкі стаялі перад катамі, і кожны з іх на хітрыкі немцаў адказваў:
— Я-то не браў, а калі хто браў, няхай скажа.
Пераканаўшыся, што ад іх нічога не выведаеш, яны Толю і Алеся адпусцілі, а Валодзю працягвалі мучыць. Але ніякія здзекі не маглі зламаць яго ўпартасці. Калі надакучыла важдацца з ім, немцы рашылі прыкончыць брата.
Яго павялі ў камеру смерці. Калі ён увайшоў, то ўбачыў двух немцаў, яны трымалі вялікі мяшок. Валодзя не раз чуў пра гэту кару. Так немцы распраўляліся з партызанамі, якія на допыце адмаўляліся гаварыць. Яны завязвалі чалавека ў мяшок і кідалі пад лёд у Дняпро.
Брат мімаволі спыніўся каля дзвярэй. Да яго падскочылі два жандары. Адзін схапіў за рукі і з сілай заламаў назад, другі — за ногі, потым паднялі і сунулі ў мяшок. Валодзя моцна заплакаў і паспрабаваў торгнуць нагою. Ад удару ботам у бок у Валодзі ажно заняло дух. Ён войкнуў і замоўк. Яго паднялі, вынеслі на двор і кінулі ў аўтамашыну. Праз некалькі хвілін грузавік затарахцеў і крануўся з месца.
Лежачы ў машыне, Валодзю здалося, што ў кузаве, акрамя яго, больш нікога няма. Ён прыслухаўся. У машыне не чутно было ніякага шораху.
Паміраць яму не хацелася, і ён пачаў думаць, як выбрацца з мяшка. Але што ён мог зрабіць голымі рукамі? Раптам у галаву прыйшла думка: у яго ёсць зубы. Ён сабраў у камяк тканіну і стаў хутка жаваць яе. Прагрызшы невялікую дзірку, прапусціў у яе пальцы абедзвюх рук і з сілай пачаў раздзіраць мяшок. Калі дзірка пабольшала, ён засунуў нагу і дзве рукі, напяўся, і мяшок распоўзся. Пасля гэтага Валодзя асцярожна высунуў галаву і агледзеўся па баках. У кузаве сапраўды нікога не было. Гэта яго ўзрадавала. Машына шпарка імчалася па дарозе. Валодзя скінуў з сябе мяшок, ухапіўся рукамі за борт, злаўчыўся і скокнуў з машыны, пад адхон, у снег.
Недалёка быў лес, і Валодзя папоўз да яго. Рукі дубянелі ад холаду, але ён не звяртаў на гэта ўвагі. Яму хацелася хутчэй дабрацца да ляснога гушчару, які схавае яго ад злых ворагаў — немцаў.
Прапоўзшы з паўкіламетра, Валодзя пачуў цяжкі тупат конскіх ног. Ён імгненна азірнуўся. Па дарозе ехаў паліцай на кані. Убачыўшы чалавека, які паўзе, ён пагнаўся за ім. Валодзя хацеў узняцца і бегчы, але ў гэты момант наляцеў коннік і моцным ударам бізуна па галаве збіў яго з ног.
Паліцай прыгнаў Валодзю ў Шклоў і здаў у камендатуру. Яго пасадзілі ў турму, дапытвалі, хто ён і адкуль. Валодзя не прызнаўся. Праз некалькі дзён яго перавялі ў канцлагер. Разам з другімі яго ганялі капаць акопы вакол горада.
Я часта насіў яму перадачу. Калі мы сустракаліся, ён расказваў мне, як немцы здзекаваліся з яго ў гестапа, як ён выратаваўся ад смерці. Аднойчы ён сказаў, дзе схаваны рэвальвер. Я адшукаў яго і праз Валодзіных сяброў перадаў дзядзьку Манькоўскаму.
У лагеры Валодзя прабыў да прыходу Чырвонай Арміі. Адступаючы, немцы вывезлі яго ў Германію. Што там зрабілі з ім, я не ведаю.
КОЛЯ КАЙКУЛІН (1931 г.)
г. Шклоў.