9

Янук сядзеў на Гараватцы ля дуба Архiпа i яшчэ раз намагаўся прыгадаць гутарку, што меў з Антосем Дзеркачом. Калi-б ня тая гутарка, а асаблiва нешта недаказанае, навет цi не таямнiчае ў ёй, не сядзеў-бы ён тут, не чакаў-бы на тое, калi-ж нарэшце асочыць Лявона Шпунта.

— Ты, Янук, братка, паслухай мяне, дык нi пажалееш посьля. Ты i я добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго разам рабiць. Павер мне, я ўжо цi нi два разы сьмерць абхiтрыў, ведаю што гавару. Ня будзiш каяцца, кажу табе. Гэтага-ж басяка, каб яго зiмля нi насiла, знайсьцi трэба, пакуль з рук ня высьлiзьне. Дык як?

Антосевы вочы шчырасьцю зьзялi. Сядзелi на крушнi каменьня на мяжы мiж жыта. Далей, у доле вiдаць была разложыстая, пышная шыпшына. I здавалася, што ўвесь сьвет замкнуўся ў рамкi хараства жыта, якое канчала налiвацца, васiлькоў, што духмянасьцю нос казыталi, шыпшыны, што валадарна на шырокай мяжы загаспадарыла. I яшчэ дзесь уверсе траляляў жаўранак i веяў, няньчачы посьцiлку нiвы, млявы вецер.

Хлапец мяркаваў, што Дзяркач зьмянiўся. Прайшоўшы столькi лiхалецьцяў, - насамперш уцёкi з польскае мабiлiзацыi, пасьля-ж вяртаньне «з таго сьвету» бальшавiцкае вязьнiцы, — гэты дзяцюк быў куды хiтрэйшым i вытрывалым, чымся iншыя, што навокал хат сваiх бiбiкi зьбiвалi. I ўжо калi ён што шчыра гаварыў, варта было слухаць.

— А што ты хочаш з гэным басяком рабiць? Нашто ён табе?

— Пагаварыць зь iм…

— Пра што?

Антось скоса зiрнуў на Янука, быццам хацеў сказаць: замнога знаць будзеш, скора састарэешся.

— Ты знаеш хто мяне ў цюрму пасадзiў?

— Бальшавiкi, хто-ж…

— Колькi iх? Адзiн, тысячы? Хто зь iх?

— Ну дык хто? Лявон?

— Ясна, што ён. Таму-ж i хаваецца, бо мяне баiцца.

— Дык лягчэй пайсьцi й Немцам наказаць, яны яго возьмуць. Ён-жа камунiст…

Антось сарваў колас жыта, расьцёр яго на далонi, узяў пару зярнят у рот i пажваў.

— Ужо налiлiся, цьвярдзеюць, — сказаў. — Думаў я i аб гэтым. Ды пакуль там якi Немiц, я сам хачу гэтай брыдзе ў рашку плюнуць. Дый цi толькi плюнуць! Цi ты знаеш, колька гэты басяк бальшавiцкiмi рукамi нашых людзей зглумiў, каб яго гром ня мiнуў? Гэта нячыстая сiла нi маiць права па нашай дарагой, iм апаскуджанай, зямлi хадзiць, ён на пятлю заслужыў.

Лагодна гойдалася жытняе калосьсе. З другога боку крушнi пырхнула плiска й пачуўся пiск птушанят. Убачыўшы людзей, птушка адляцела, прысела на камень воддаль мяжы.

— Глядзi, во плiска, мусiць тут гняздо, малыя пiшчаць. Адыйдзем, сказаў, устаючы, Антось.

Усталi, пайшлi шырокай мяжой i спынiлiся побач буйнага куста шыпшыны.

— Як ты, Антось, кажаш, што ён нашых людзей глумiў? Ну на цябе данёс, а на каго яшчэ? — пытаўся Янук. Яму яшчэ ня верылася, што Антось, якi так нядаўна, — год назад, прыкладна, — на ўвагу яго ня браў, цяпер гэтак шчыра й адкрыта зь iм гаварыў. Дый пра якiя важныя рэчы!

— Ён-жа, Косьцiк i Павалiцкi Хвёдар, — гэта адна басяцкая банда. А ты-ж ведаеш, што яны пры бальшавiкох рабiлi?

— Ага… А дзе Павальiцкi Хвёдар?

— Нi знаю. Можа з гэтым басяком дзе.

У Антосевым голасе чулася нотка нецярплiвасьцi. Янук перастаў насядаць з пытаньнямi. Здавалася, што Дзяркач i бязь iх раскажа яму ўсё, што патрэбна было ведаць. I запраўды дзяцюк паiнфармаваў Янука, хаця даволi агульна, пра тое, што дзеiлася ў Гацях, што даведаўся ад Кастуся Падгайскага. Асаблiва зацiкавiлi Янука аграномавы мяркаваньнi пра тое, што могуць пачаць рабiць Палякi, каб выкарыстаць для сябе Немцаў i як гэта можа прынесьцi шкоду Беларусам.

— А пра якiх Палякаў Падгайскi гаварыў? — захацеў удакладнiць Янук.

— Ды якiх-жа… Тых, што ў Гацях i ваколiцах асталiся, значыцца падонкаў усякiх, што на нашых людзей нажы войстраць.

— Дык гэта значыць, можа й такiх, што я iх знаю, можа з каторымi ў школу хадзiў?

— Во, а чаму-ж не. Але гэтыя яшчо маладыя. За старэйшымi сачыць трэба.

— Яй-Богу гэта можа быць! — сказаў з нацiскам на апошняе слова Янук.

— Што такое? — спытаў Антось.

— А тое, што Палякi Немцам могуць служыць. Я-ж вiдзiў як гэтыя пшэкi, павыходзiўшы ў Гацях на вулiцу, Немцаў вiталi. Знаеш што, Антось? Наслухаўшыся ў iхнай школе пра iх патрыятызм i проста дзiкую нянавiсьць да Немцаў, нiколi не паверыў-бы, каб ня вiдзiў на свае вочы…

— Дык ты паможаш мне, цi не?

— А што табе памагчы? — хацеў упэўнiцца Янук.

— Гэтага прадажнага юду знайсьцi.

— Скажы мне, чаму сам проста ня пойдзеш да iх у хату й нi папытаеш? Можа ён там сядзiць i цябе жджэць…

Антосеў твар спахмурнеў. Здалося Бахмачу, што гэта той, калiшнi Дзяркач, што зараз-жа, бяз цырымонii, возьме цябе за галёнкуй швырне ўбок. Але Янук памылiўся.

— Ну ты ня сьмейся зь мяне, — мiльганула грымаса на Антосевым, твары. Я ўжо хадзiў. Сказалi, што нiма й нi знаюць дзе ён…

— I ты iм паверыў?

— Ды не. Хлусяць.

Янук уважна глянуў на Антося. Дзяцюк пазiраў на яго бязь хiтрасьцi, як добры сябра цi брат. Хлапец ня сумляваўся, што Антось запраўды патрабаваў ягонае помачы. А калi так, дык як-жа адмовiцца? Ён нагнуўся й сарваў у жыце кветку васiлька. Не сьпяшыў з адказам, абрываў з васiлька пялёсткi. Дзесьцi непадалёк узьляцеў i зазьвiнеў жаўранак

— Што ты хочаш, каб я зрабiў? — зiрнуў Янук Антосю ў вочы. — Дый ты-ж знаеш, што я бацьку мушу на полi памагаць. Дык як з гэтым?

— Ты нi бядуй. Я з бацькам пагавару i яму адраблю, як трэба. У мяне таксама праца на полi чакаiць. Але гэта работа першая. Дзень, два, i мы яго, басяка, зловiм. А тады…

— Што тады?

— Увiдзiш…

Найлепш сачыць Шпунтову гаспадарку было з Гараваткi. Калi чаго ня вiдаць спад дуба Архiпа, можна было няпрыкметна, каб ня трапiць на вока iз Шпунтовае хаты, абыйсьцi навокал на супрацьлеглы канец сугра й адтуль прыглядацца. Янук вось цяпер i мяркаваў, цi не пайсьцi ў той бок паўз пахiлены, шашалем паточаны крыж i знайсьцi iншы назiральны пункт. Адылi, рашыўшы, што «абое — рабое», прадаўжаў сядзець пад Архiпам. Антось прасiў яго, каб спасьцярог i пасьля пераказаў яму пра ўсялякую актыўнасьць вакол Шпунтовае гаспадаркi, няхай сабе, на ягоны погляд, няважную, нязначную, маленькую, дый ня толькi дзеяньнi людзей, але, прыкладам, i сабакi: калi й на каго забрахаў, ля каго ацiраўся, цi навет куды пабег. Антось, вiдаць, мяркаваў, шро сабака можа зрадзiць сховiшча Лявонава.

Нiколi раней ня меў Янук такога паважнага заданьня. Але, каб здабыць для Антося якiя-небудзь iнфармацыi, трэба было быць надзвычайна ўважлiвым. Канкрэтна, зусiм нельга было дазволiць, каб увага твая адбегла ў якi-небудзь iншы бок, каб праваронiў якую-небудзь дробязь, што можа аказацца для Антося надзвычайна важнай.

Седзячы пад дубам Архiпам, Янук хутка ўсьведамiў, што сачыць ня было так лёгка. Думкi несьлi яго ад Шпунтовай гаспадаркi. Прыйшла вайна, было пра што думаць. А вунь лёгка-блакiтнае, зь вясёлай усьмешкай неба раськiнулася гэт за далёкую, iмглiстую йстужку Гаравацкае пушчы. Сонца ўжо добра паднялося, ападала раньняя раса й надыходзiла дзённая сьпёка.

Навокал Шпунтовае гаспадаркi нiчога асаблiвага не адбывалася. Стары Шпунт хадзiў па ваду, Шпуньцiха даiла карову, накармiла сьвiньчо, кышкала на курэй, паiла цяля. Шпунт наважаў на поля каня, спутаў яго, пастаяў, паразглядаўся, пусьцiў карову ў загарадзь. Перастаў дымiць комiн i на некаторы час ацiхла. Сьнедалi, вiдаць. А дзе мог быць Лявон?

Януку надта хацелася натрапiць на Лявонаў сьлед, прыслужыцца Антосю. Дый сам Янук за зьдзекi над бацькам на Лявона злаваў. У вушах гучэлi Дзеркачовы словы: «ты i я — добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго рабiць разам.» Янук добра ведаў, што Антось слоў на вецер ня кiдаў. Ведама-ж, памятаў Янук яго як калiшняга вясковага гарэзу, што дзеўкам праходу не даваў i з усiх iншых пакпiць любiў. Але што iншае, калi Антось гаварыў сур'ёзна, так як учора да яго. I прачынаўся тады ў Януку прыгоднiк, якому шмат чаго бачыць, перажыць на гэтым сьвеце хацелася. Да гэтага-ж часу нiкуды надта ад дому не адлучаўся. А цяпер, вайной, магчыма й адлучыцца ад роднай хаты.

I думаў яшчэ Янук, што, каб асачыць Лявона Шпунта, цi мэтазгодна адно спад дуба Архiпа Шпунтовай гаспадарцы прыглядацца? Можа трэба куды пайсьцi, каго распытацца, а можа навет як-небудзь улезьцi да Шпунтоў у хату цi гумно, праверыць, цi Лявон дзе на гарышчым прыкладам, ня скрываецца? Гэткiя думкi не давалi Януку супакою, але ўсё-ж ня мог наважыцца на што iншае, чымся тое, што раiў яму Антось. А ён i параiў спачатку пасядзець пад дубам, зводдаль за Шпунтовай гаспадаркай паназiраць.

Сабака Жэўжык тузануўся на прывязi, запiшчэў. Янук спасьцярог Шпуньцiху з вузялком у руцэ, а ў другой трымала кошык. Сабаку, вiдаць, рупiла разам з гаспадыняй у дарогу. Жанчына пагладзiла яго, сказала нешта ласкальнае ды, разглядаючыся навокал, адчынiла доўгiя, скрыпучыя вароты ў гумно. Затрымалася, яшчэ раз разглянулася. Здавалася Януку, што надта ўважна пазiрала ў ягоны бок, але быў пэўны, што не магла, калi-б спасьцерагла яго пад дубам, пазнаць з такой адлегласьцi. Хлапец яшчэ шчыльней прытулiўся да камля гiганта й уважна сачыў жанчыну з вузялком у аднэй i кошыкам у другой руцэ. Пастаяўшы ля варот, яна паволi, валюхаючыся на бакi, пайшла пад гумно. Сабака плаксьлiвым голасам гаўкаў на ланцугу.

Калi Шпуньцiха, ужо не аглядаючыся ў ягоны бок, схавалася за казырком павецi, Бахмач раптоўна падняўся й бегам кiнуўся пад гумно. Наглядаючы за дворам, каб стары Шпунт яго не спасьцярог, ён хутка прыблiзiўся, сагнуўшыся ў рослым аўсе, да задняй сьцяны гумна й прысеў на кукiшкi ды слухаў. Малiньнiк цяпер хаваў яго ад людзкога вока. У гумне сакатала курыца. Ня чуваць было людзкiх галасоў. Янук ведаў, што Шпунтова гумно стаiць асобна, ня злучанае зь нiякiм будынкам. Праз шчылiну зазiрнуў у сярэдзiну.

З другога боку прасьвечвалiся шчылiны ў вялiкiх дзьвярох, праз падваротню ўлезьлi ў сярэдзiну яшчэ дзьве курыцы, i адна — не, гэта быў певень, — ён гнаўся за курыцай, якая, вiдаць, была неахвотная да любошчаў. У куце стаякла сячкарня, а ў iншым палавiна кладнi была заваленая сенам. Нi сьледу Шпуньцiхi, нi Лявона. Янук кiнуўся за кут гумна й тады, хутка разглядаючыся, спасьцярог вытаптаную сьцежку празь мяжу ў жыце. I здавалася, што далей мiльганула жоўтая, у дробныя чырвоныя красачкi, хусьцiнка. Асьцярожна, сочачы, каб Шпуньцiха яго не заўважыла, прыгiнаючыся мiж жыта, юнак рушыў усьлед. Сумлеву ня было. Дайшоўшы да канца жытняе нiвы, жанчына спынiлася, разглянулася, перавязала хусьцiнку на галаве, а тады сагнулася над кошыкам, паставiўшы яго на траве. Вузялок с правае рукi палажыла ў кошык, закрыла вечка й пайшла нiжэй Гараваткi, хмызьнякамi, у бок Гаравацкае пушчы. Хто-б яе цяпер пабачыў, падумаў-бы, што ў лес па малiны цi што выправiлася.

Янук падазраваў, што дзесь у пушчы скрываецца аб'ект ягных пошукаў. Думка падбадзёрыла. Трэба абавязкова йсьцi ў троп жанчыне, якнайбольш асьцярожна, каб, баранi Божа, ня ўгледзiла яго. Зь iншага боку паўставалi сумлевы. Няўжо-ж матка асьмелiлася несьцi сыну ў белы дзень харчы? Цi-ж ня ведала небясьпекi? Цi ня лепш было пайсьцi зьмярканьнем, каб бясьпечней ад вока людзкога непажаданага скрыцца? А калi ў белы дзень рызыкавала, дык цi ня было на гэта важнае прычыны?

Як-бы там ня было, Янук пастанавiў усьлед Шпуньцiсе йсьцi. Знайшоўшы, як яму здавалася, Лявонаў троп, ня мог-бы сабе пасьля дараваць, калi-б зараз яго страцiў. Хмызьняк ля Гараваткi неўзабаве скончыўся. Гэтта хутар калiшняга асаднiка Лазоўскага клiнам лугу ўразаўся пад гасьцiнец. Шпуньцiха мецiла праз ладна памяльчэўшую цяпер канаву на адкрыты луг i Янук, прытаiўшыся за кустом, мяркаваў што далей рабiць: цi рызыкнуць i паказацца на чыстым лузе, цi абабегчы гасьцiнцам, дзе захiнуць яго прысады. Доўга не марудзячы, ён накiраваўся на гасьцiнец.

На калiшнiм хутары Лазоўскага, якi так добра ведаў Янук, цяпер пасьвiлiся вясковыя каровы. Некаторыя лiтоўскiя сяляне карысталi з надыходу новае ўлады, выганялi туды свой статак. А ў хаце Лазоўскага жыў калiшнi ягоны парабок Яўхiм. Падчас савецкае акупацыi хутар быў далучаны да лiпавiцкага саўгасу.

Дзесь далёка, над Слабадой, пачуўся гул. Вiдаць, там яшчэ сядзелi й адтуль падымалiся нямецкiя самалёты, хоць цяпер ужо куды радзей. Янук ужо бег гасьцiнцам i спасьцярог, што жоўтая, у краскi, хутка схавалася на ўзьлесьсi Гаравацкае пушчы. Цяпер трэба было як мага сьпяшыць, каб ня страцiць з вока Шпуньцiхi ў вялiзным лесе. Iшоў у сьлед жанчыне, асьцерагаючыся. Там дзе гасьцiнец бег проста, чакаў пакуль схаваецца яна за паваротам, тады сьпяшыў, бегучы побач гасьцiнцу, каб найскарэй дабегчы да наступнага павароту. Янук ведаў гэты гасьцiнец даволi добра, хоць ня так, як тую ўходжаную сьцежку, якую школьнымi гадамi ў Гацях пазнаў — кажную драбнiцу, кажны папярэчны корань патарчаку, кожны куст цi камень.

Дайшоў да месца, дзе вузкая лясная дарога перацiнала гасьцiнец. Гэтта стаяў нявысокi прыдарожны крыж. Крыху, вiдаць, падгнiў, пахiлiўся, зялёным мохам абрасла ягоная драўляная шапка-дах. Пачарнела нейкiм мясцовым разьбяром выразаная выразаная з дрэва фiгурка Збавiцеля з абсохлым вянком васiлькоў на галаве. Адломаная левая рука зьвiсала зь iржавага цьвiка.

Дзесь у верхавiне сухастоiны грукаў дзяцел. Спынiўшыся ля крыжа, Янук мяркаваў, цi перажагнацца, але паднятая напалову правая рука апусьцiлася, вочы прабеглi па простым гасьцiнцы i ў iх паказалася рашчараваньне. Дзесьцi зьнiкла жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. Ня вiдаць яе было i ў пралётах да паваротаў лясное дарогi. Ня ведаючы, куды кiнуцца, затурбаваны не на жарты Янук топаў на месцы, войстра ўзiраючыся ў фiгурку Збавiцеля, быццам адтуль адказу чакаў. I чаму-ж не падумаў ён пра гэта скрыжаваньне? Куды цяпер кiнуцца? Як мага сiлаў падбег ён у правы бок, паўзiраўся, пастаяў i зараз-жа рынуўся ў левы бок. Засопшыся, вярнуўся на скрыжаваньне, разважаў што рабiць далей. Не магла-ж Шпуньцiха гэтак скора прайсьцi даўгога й роўнага пралёту гасьцiнцу наперад. Значыцца пайшла налева або направа. Але куды?

Загрузка...