Марыя Iванаўна тупала па абшырным пакоi, цёрла вочы й паўтарала:
— I што я буду цяпер рабiць? Што буду рабiць?
Жанчыну асядлаў страх. Рассыпаныя валосы, стары зношаны сарафан. Яна, здавалася, пастарэла ад першай сустрэчы ў Лiтоўцах на гадоў дзесяць.
— Як ён мог так зрабiць, пакiнуць нас самых, нi сказаўшы, цi вернецца цi не! I што я буду рабiць, як гiрманцы прыйдуць, га?
Бахмачы сядзелi на шырокай, папраседжанай, зь дзiркамi, скуранай канапе, што, вiдаць, часы «севера-западной жалезнай дарогi» прыгадвала. Пакой знаходзiўся ў вадным з абшырных будынкаў блiзу гацкае станцыi. Гэтта некалi «каляяжы» жылi. Апроч старой рудой канапы ў пакоi стаяла яшчэ старамодная шафа з пасудай i стол з чатырма, даўно не аднаўлянымi, крэсламi — цэлы камплет. Калiсьцi чырвоная драўляная падлога цяпер прасьвечвалася пратоптанымi да гладзi драўляных слаёў сьцежкамi.
На абклееных паперай у краскi сьценах стоўпiлiся ў зашклёных рамках сямейныя здымкi. На аднэй зь iх Хвёдар Бахмач трымаў позу — проста ў лоб, у поўным муньдзiры чыгуначнiка ў нейкага традыцыйнага фатографа. Сур'ёзны, бяз усьмешкi, васковы твар. Вiдаць, што фатографы гэныя можа на цэлую шырыню «нiаб'ятнай» дый калiшняй Рэчыпаспалiтай ад аднаго нямудрага бацькi вялiся: «Рукi так во перад сабой, нi глядзець у бакi, вачмi ня моргаць, а так во проста на плёнку. Не, не варушыцца, бо ня выйдзе…» Тэхнiка! Чорт вас ведае, — думаў аб'ект плёнкi, — можа й ня брэшаце. Руб цi злот улепiш i хвашчыся тады, як ня выйдзе!
— Давольна, мамаша, неяк будзе, — буркнуў пры стале Ўладзiмер. — Калi нiчога нi сказаў дык уж, пажалуй, вернецца.
— От да, разумнiк найшоўся! Неяк будзе! — паднецiлася Марыя Iванаўна ды шпарчэй затупала па вытаптанай падлозе. — Уж ты, мой ангел хранiцель, пасаветуеш, старую бабу забясьпечыш. Што будзе, як германцы прыйдуць?
— Пачакай, — адазваўся заклапочаны Пракоп, — давай нi сьпяшым, памяркуем. Чаму ўжо адразу так Немцы прыйдуць? Адкуль вы гэта ўзялi?
— Як адкуль? З запада во iзьвесьцiя прыйшлi: Беласток, Гродна, Лiда занятыя. Наверна яны ўжо ў Маладзечне. Тут-жа во праездам людзi былi, перадалi. Нашы на цэльным фроньце ў панiцы. Афiцыяльна-ж нiчога няма, усе ўцякаюць напралом. Можа й майго тая вална падхвацiла. Учора вечарам пайшоў, хоць ужо пасьля бамбёжкi тут нармальна нi работалi. Я ўсю ноч нi спала. Пабегла утрачкам, а там нiкога…
— Дык, што ў Гацях нiхто з савецкiх нi астаўся?
— Усё начальства на скрут галавы ўдрала: i НКВД, i мiлiцыя, i з жалезнай дарогi. Пасьля першай бамбёжкi як падурэлi, а ўчора яшчэ хужэ. От толька некаторыя сем'i жалезнадарожнiкаў асталiся, тых, значыцца, што ў разьездах. Учора позна прыйшло iзьвесьцiя, што недзе окала старай гранiцы германцы вялiкi мост збамбiлi, так поездам ужо пуцi нету…
— Дык можа Хвёдар i вернецца? — мяркаваў Пракоп.
— Вернецца, вернецца… Чаму-ж ён нас з сабой не забраў?
Настала прыкрае маўчаньне.
— Знаеш што, Марыя? Як што якое, перабiрайся з сынам да нас. Пакуль усё ўляжыцца, у вёсцы перасядзець лепi. А калi й Немiц прыйдзiць, дык што ён табе, бабе з сынам, зробiць? Ня можа-ж быць, каб ён да цябе прычапiўся…
— Дзякую табе, Пракоп, — адказала братавая, — але цесна ў вас. Што будзе тое й будзе, лепей ужо тут будзем. А там далей будзiць вiдаць. Так, сынок?
— Ну да, мамаша, так i зробiм, — згадзiўся Ўладзiмер.
Сядзелi й разважалi доўга. Канфузiяй i трывогай перасыпалася гутарка. Зьдзiўленьню ня было мяжы: як гэта такая, на выгляд магутная, бальшавiцкая армiя ў першыя днi вайны рассыпалася-разьбеглася ў жаху й панiцы?
Прыгадаў Янук учарашнi дзень. Намовiў Стася, — дый цi трэба было яго намаўляць? — каб зьбегаць у Гацi й праведаць, як вайна йдзе. Перад полуднем, каля дзясятай, нацянькi, праз пушчу дайшлi яны ўжо польскага вайсковага могiльнiку, як на захадзе пачуўся роўны гул, што рос, прыблiжаўся. Нiзка над чыгункай паказалiся тры сярэбраныя, двухматорныя самалёты. Выглядала, што двайныя хвасты мелi. З-над станцыi прыляцеў жахлiвы гук узрываў, якога ня толькi раней ня чулi, але i ўявiць не маглi. Насамперш сьвiст, а пасьля выбухi. Зь перапалоху хлопцы на зямлю пападалi. Бомбы трапiлi ў вялiкi склад будаўляных матар'ялаў ля таго «фазаво», некалькi ўзарвалася мiж вагонаў. Уверх шуганула полымя й дым. Моцна бiлася Янукова сэрца, зусiм зьбянтэжыўся Стась.
— Каб iх халерачка, але-ж i ўпсяюрылi. Глядзi, загарэлася!
Адно хлопцы ўсталi, каб падыйсьцi блiжэй, як самалёты зрабiўшы вялiкую дугу ў паўночны бок, зноў прыляцелi з захаду й яшчэ раз паўтарыўся ашаламляючы сьвiст i выбухi. Усё гэта стаяла цяпер у Януковых вачох.
Марыя Iванаўна, Уладзiмер, Янук i Пракоп выйшлi з хаты, спынiлiся ля даўгой, некалi зялёнай, цяпер ужо шэрай лаўкi. На яе сьпiнцы вiдаць былi пачарнелыя мэталёвыя лацiнскiя лiтары — ПКП, а пад iмi глыбака ножам выразанае — «палякi курвы праклятыя». Бахмачы пазiралi на чыгуначныя шляхi. Дымiў яшчэ склад ля «фазаво», курылiся й некаторыя вагоны. Вецер дыхаў смуродам гумы й смалы. Мiж вагонаў завiхалiся людзi.
Ужо пазьней, з адлегласьцi перажытага, ахрысьцiлi мясцовыя жыхары гэны пэрыяд, — ад часу, калi «змылiся бальшавiкi» да прыходу Немцаў, «бiларускай уладай». Наляталi людзi на казённыя крамы, вагоны, склады. Багацейшыя Жыды, што нейкiм шляхам больш за ўсiх пра вайну ведалi, уцякалi на ўсход неўзабаве пасьля атрыманьня жахлiвае весткi. Адно найбяднейшыя аставалiся.
Разгледзеўшыся й памеркаваўшы, Пракоп зноў прыгадаў Марыi Iванаўне, каб у выпадку чаго да яго з сынам перабiралася, а жанчына зноў выказала спадзяваньне, што Хвёдар вернецца.
— Што, тата, будзем рабiць? — спытаў Янук пасьля разьвiтаньня.
— Давай паглядзiм дзе й што… Можа й нам што пападзець.
У бок ад вакзалу натрапiлi цi нi на самы большы цэнтр актыўнасьцi. Ля вялiзных дзьвёх цыстэрнаў кешкалiся мужчыны. З крану вёдрамi налiвалi сьпiрт, шмат яго разьлiвалi ў жвiр. Таўханiна й гармiдар. Побач, сеўшы на рэйках i шпалах, голасна гаманiлi ўжо найбольш вясёленькiя. Выявiлася, што сьпiрт з цыстэрнаў прыйшоўся да спадобы мясцовым i налётным п'янiцам. Бахмачы прыглядалiся з адлегласьцi.
— От i брыда! — плюнуў Пракоп. — Во каму цяпер воля!
— А колькi зь iх ужо нажлопалася! — падтрымаў бацьку Янук.
Позна вечарам Бахмачы валаклi дахаты кажны па тоўстым скрутку «мануфактуры». Было гэта цёмнага колеру сукно. Нялёгка да яго дабралiся. Ля вагону таўклiся дзясяткi людзей, напралом адзiн праз аднаго пялiлiся ў вадчыненыя дзьверы. Пракопу й Януку дасталося цi мала таўхалёў пакуль, нарэшце, удалося й iм паласавацца. Бачыў Янук увачох у людзей, зь якiмi побач жыў, - нармальных, цяглавiтых, працавiтых людзей, — вялiкую прагавiтасьць, аграмадную заядласьць у здабыцьцi нажывы.
— Але й натаўклi, каб iх халера! — скардзiўся бацьку, валочачы на плячох вялiкi скрут матар'ялу.
— Ну але будзеш пекны касьцюм мець, — адказаў бацька.
— Касьцюм, хоць з награбленага, — усьмiхнуўся сын.
— Яны нас, а цяперака мы iх, — дадаў, загадкава распрамянiўшыся Пракоп.
Янук зьдзiвiўся. Нешта новае зьявiлася на твары чалавека, якi ў жыцьцi сваiм нiкога ня скрыўдзiў.
— Як гэта? — спытаў хлапец.
— Ну ты-ж помнiш як гэтыя басякi, значыцца Косьцiк i Лявон, нада мной зьдзеквалiся? Гэта-ж ня хто другi, а яны казалi пра таго брыду Ленiна, што ён сам сказаў: «граб награбленае». Значыцца, як яны грабiлi, дык чаму-ж iх няможна? Дык гэта-ж па праву ўсё наша. Глядзi во — дзiржалi на станцыi, а для бедных людзей у крамах нiчагусянькi ня было. А гэта-ж ня грэх, сынок, сваё браць. Так цi не?
Сын уважна зiрнуў на павольнага, памяркоўнага ў хадзе бацьку. I тады абое, як на сыгнал, зарагаталi.