28

«Якая недарэчнасьць», — думала Дуня, пазiраючы на сухiя сьцёблы кветак перад зялёным плотам за вакном. — «Саўсiм ня так, як у Коласавага Лабановiча. Час ня той. Ваенная гаручка зямельку трасець».

Казала матка, выпраўляючы Дуню ў гэту вёску:

— Едзь-жа, дачушка, на свой хлеб.

Адно цяпер вiдаць было, што простае, звычайнае матчына пажаданьне сталася сарказмам. Запраўды, якi-ж тут хлеб, не гаворачы ўжо пра заробак. Гэтага заробку, хаця й далi ў раёне наперад грошы, ледзь на харчы хапала, даводзiлася й галадаць.

У першы дзень Дуня мела магчымасьць зiрнуць на сябе вачмi суседкi сваей гаспадынi Кацярыны, у якой на кватэру згадзiлася. Выйшла ў гарод, што ззаду. Яе, вiдаць, не спасьцераглi куды падзелася. Чуе ля паркану:

— Кацярына. Га, Кацярына!

— Што хочаш, Ганна?

— Што гэта за дзяўчо да цябе прыехала?

— Гэта во? Дык гэта-ж новая вучыцелька.

— Вучыцелька, кажаш? — перапытаў гучны, зьдзiўлены Ганьнiн голас. Гэткая жаба, сама дзiцё яшчо i ўжо вучыцелька?

— А як-жа. Ну маладзенькая саўсiм, але з раёну прывезьлi.

— Дык як-жа яе, такую жабоцьку, дзецi будуць слухаць?

— Як, кажаш, слухаць будуць? А цi-ж мне ведаць? Чорт iх знаiць, дзе яны во такiх набралi. Ну алi-ж яна будзiць нi сама, а з гэтым нашым старым вучыцелем.

— Во як… — дзiвiлася далей Ганна. — Дык i гэны стары п'янiца будзiць вучыць. Ну, калi так… А адкуль-жа яна сама, нi пыталася?

— Пыталася. Зь Лiтоўцаў, кажыць.

— Гэта з тых, што ля Гацяў?

— Ага, Ганна, зь iх самых, казала.

Хто ведае, якую яшчэ ацэнку далi-б ей Кацярына з Ганнай, калi-б Дуня, усьмiхаючыся да жанчын, не паказалася на сьцежцы. Дзябёлая Ганна адчынiла рот, каб яшчэ нешта сказаць, але першая спасьцерагла «жабоцьку» й папярэдзiла Кацярыну.

«Старым вучыцелем», якога згадалi жанчыны, аказаўся лысы, з прышчамi на твары, кароценькiмi нагамi й чырвоным, наводля бульбiны носам Мiхал Капышынскi. Стары польскi настаўнiк, дырэктар Бярозаўскай чатырохклясавай пачатковай школы, Дунiн шэф. Першая, сухая гутарка зь iм не належала да прыемных. Гэты стары i, як пасьля даведалася Макатунiшка, бязьдзетны ўдавец, п'янiца, гаварыў паволi, з хрыпам. У гутарцы пракiдвалася польская мова.

— Сама панi кажаш, iле лят…, значы сколька гадоў маеш?

Ягоная зялёныя, глыбока ўпаўшыя, на азызлым твары вочы абмацвалi, распраналi Дуню. Ёй стала вельмi нявыгадна быць з гэтым чалавекам у занядбанай канцылярыi. Крутнулася на цьвёрдым, абдзёртым драўляным крэсьле, зiрнула на шэрыя голыя сьцены, што даўно за вапнай тужылi.

— Прабачце, — змусiла сябе ўсьмiхнуцца Дуня, — я нiякая ня панi.

— А як вас называць?

— Спадарычня.

— Спа-да-рыч-ня…, спа-да-рыч-ня. Ладнэ слова. Новае.

— Падругое, калi цiкавiцеся мною, можаце заглянуць у папку. Хiба-ж iнспэктар прыслаў?

— Ага, ага, прыслаў, а як-жа, — хрыпеў Капышынскi, а зялёныя вочы ўсё распраналi Дуню.

Гутарка пра праграму й распадзел прадметаў паказала, што гэты, з ласкi нязвычайных часоў, дырэктар, застаўся дзесьцi ззаду ў часе. Дуня падказала яму дзе што магла й хутка спанатрыла, што лепш ёй узяць беларусую мову, гiсторыю й геаграфiю Беларусi, каб хрыплы дырэктар дзяцей не калечыў. Дзядзька з радасьцi ледзь у руку Дунi не пацалаваў.

— Спадарычня… Так, спа-да-рыч-ня, — яшчэ раз разьбiў на склады новае для яго слова Капышынскi, — спадарычня Макатун, я думаю, — ках, ках! Прабачце, прастудзiўся, псякрэў, - я думаю, што мы добра будзем разам працаваць. Вы бярыце беларускi ензык i гiсторыю, бо, знаеце, чаго там крыцца, панi, — ках-ках, значыцца, спадарычня. Як повядам, чаго там крыцца, я сам гiсторыю Бялорусi добра нi знаю i прасiў iнспэктара Ворана, каб даў каго на гэты прадмет, а таксама не знаем бялорускего ензыка. Цяпер вiджу, што ён мяне паслухаў.

Дуня думала зь якой бачыны, якой аповесьцi i якога аўтара зьлез гэты чалавек. Анахранiзм, зжытае-аджытае, з парахном усярэдзiне. Пярхiкае, хрыпiць, а вочы, — ненасытныя вочы, душы здраднiкi, цешацца новай цацай, што перад iм расьселася. I думала яшчэ Дуня, чым матываваўся беларускi школьны апарат, вызначаючы вось такое парахно дырэктарам школы. Можа гэты самы Капышынскi, спалянiзаваны некалi шляхцюк, якi беднасьць, магчыма, прыкрываў нейкiм напышаным шляхоцкiм гонарам, можа вось гэты дзядзька ў думках i пасьмейваўся зь беларускай мовы, гiсторыi Беларусi, а можа й пляваў на iх. Калi яго далi дырэктарам школы, дык якое-ж тады мела быць становiшча з кадрамi? Дырэктар! Гэтаму ханжы, анахранiзму трэба было залезьцi ў нейкую шчылiну. Як яму даверылi ўзгадаваньне беларускiх дзетак? Што яны там наверсе падурэлi?

Неўзабаве спраўдзiлiся найгоршыя Дунiны прадчуваньнi. Капышынскi пра школу ня дбаў. У кампанii зь мясцовым гуртам падобных, як сам, дзядзькоў вудзiў сiвуху, часта пазьнiўся на лекцыi. Дуня мусiла зьбiраць разам усе чатыры клясы i, ня могучы даць рады, бралася нешта чытаць цi апавядаць зь гiсторыi. Мяшок бульбы з чырвоным носам паказваўся на якiя дзьве гадзiны пазьней, лыпаў зялёнымi асмужанымi вачмi й на Дунiны пратэсты адказваў аднэй, — дзе гэта ён яе выкапаў? — мудрасьцю. Браў сьмешную позу: кароценькiя ножкi, да мяшка бульбы прывязаныя, адна-адзiная памятая сiвая сьвiтка, сiняя расшпiленая кашуля. Цень нейкае iмглы паглынае зеленкаватыя вочы. Руды, абсмалены самасейкай, тоўсты ўказальны палец, падняты ўверх. I ўрачысты, хрыплы голас:

— Панi… ках-ках! Спа-да-рыч-ня Макатунова непотшэбне се мартвi. Я вам скажу адну харошанькую, да, харошанькую мудрасьць.

Пасьля такога трыюмфальнага ўступу хрыплы, прапiты голас зьнiжаўся прынамсi на адну ноту i ўрачыста абвяшчаў:

— Яшчэ нiгды, нiколi на гэтым сьвеце ня было, жэбы нiяк ня было. Заўшэ неяк будзiць. Ха-ха-ках-ках! Праўда.

Пачуўшы такое першы раз, Дуня разрагаталася. Запраўды ў гэных словах вялiкая мудрасьць была. Але хрыплы мяшок бульбы паўтараў тое самае колькi разоў. I здаралася тое часта пасьля ягонага паругадзiнннага спазьненьня. Здэнэрваваная Дуня, праклiнаючы яго, бегла ў канцылярыю. А гэтта сустракала дырэктара, якi ўсьмiхаўся, рабiў ведамую позу й паднiмаў уверх пульхны палец.

— Ведаю, ведаю, спадар дырэктар, — забягала яму наперад Дуня выкрыўляючы ўрачыстую позу. — Яшчэ нiколi так ня было, каб нiяк ня было. Заўсёдты неяк будзе.

— Браво! — рагатаў пан Капышынскi. — Маладзец. Заўшэ…

— Ня заўшэ, а заўсёды, — папраўляла яго Макатунiшка.

Аднойучы, спазьнiўшыся, як часта бывала, дырэктара паўтараў сваю мудрасьць. Азызлы твар прыблiзiўся да Дунi, а ў зялёных вачох на мiг успыхнула нейакя недагарэлая iскра юрлiвасьцi. З роту нясло гарам самагонкi. Бязь нiякага папярэджаньня, Капышынскi схапiў настаўнiцу за грудзi. Адскочыўшы крок назад, Дуня зь вялiкiм размахам ударыла яму па твары. Якраз у гэны момант адчынiлiся дзьверы й двое крыклiвых хлапчукоў беглi на нешта скардзiцца. У аднаго зь iх цякла носам кроў.

— Спадар настаў…, - пачаў крыўдны дзiцячы голас, але спынiўся, пабачыўшы як Дуня аплявушыла дырэктара. Зачырванеўшыся, Дуня выбегла з канцылярыi. У гэны вечар цэлая вёска апавядала, як «маладая вучыцелька сягоньнiка Капышынскага набiла».

Маладой настаўнiцы вiдаць было ясна, што ў гэтай вёсцы ёй будучынi няма. Апроч клопатаў з дырэктарам, назаляла яшчэ й тое, што ня мела кантакту зь мясцовай моладзяй. На настаўнiцкiх курсах навет выдатны пэдагог Васько, што выкладаў мэтодыку, ня мог прысьвяцiць, магчыма ў праграме ня было, часу зусiм неабходнай праблеме: як малады настаўнiк мае захавацца ў новым асяродзьдзi, як ужыцца ў яго. Таму, што настаўнiкамi станавiлiся пераважна юнакi i юначкi, зялёненькiя ў жыцьцi, амаль бязь нiякае жыцьцёвае практыкi, а некаторыя зь iх маглi быць тымi першымi аладкамi, што ўдаюцца комам, настаўнiцкiя курсы мусiлi-б зьвярнуць увагу на прыстасаваньне новых настаўнiкаў да чужых асяродзьдзяў. Час дыктаваў усё: i некамплектнасьць настаўнiцкае асьветы, якую давалi шасьцiмесячныя курсы, i жыцьцёвую непадрыхтаванасьць, зялёнасьць маладых настаўнiкаў. Навет на пасьветках, што выдаў «Шульвэзэ, Камiсарыят дэр Глебоке», а падпiсаў побач нейкага нямецкага ўрадаўца i дырэктар курсаў, нейкi русафiл Субботин, было ясна сказана, што пасьветка дае права часовага навучаньня ў першых чатырох клясах пачатковых школаў i што пасьля нейкага вызначанага пэрыяду вымагалася, для атрыманьня права далейшага навучаньня, здабыць грунтоўную настаўнiцкую адукацыю.

Часовая адукацыя, часовая пасьветка, часовая праца. Не знайшлi навет часу расказаць, — што асаблiва важна вайною, — як гэтыя юнакi мелi ўжыцца ў мясцовае асяродзьдзе. I Дуня ня ўжылася. Нельга сказаць, каб не старалася. У гаспадынi, дзе кватэравала, была дачка Антанiна. Гадоў каля дваццацi пяцi, сьцiплая цiхоня, у сябе замкнутая, такая, што й на вясковым iгрышчы ў ценi трымаецца, дзесьцi ў кут зашываецца, якую да танцаў намаганьнем за руку цягнуць трэба.

I пайшла зь ёй Дуня аднойчы, перад каляднымi запустамi, на вясковую вечарыну. Моладзь для Дунi незнаёмая. Спасьцярогшы маладзенькую, прыгожую «жабоцку вучыцельку», дзяцюкi ня ведалi як да яе падыйсьцi. Нарэшце адважыўся здаравяка Яўхiм. Дзяўчына пасьля даведалася, што зь нямецкага палону ўцёк, а пасьля бальшавiцкiя банды яго паглынулi.

— Хадзi, панi, на покуць, — сказаў дзяцюк загадным голасам i, не чакаючы Дунiнай згоды, узяў яе за руку ды пасадзiў амаль побач з кучаравага, сярэднiх гадоў, дзядзькi, што пiлiкаў на трохрадцы. Неўзабаве стаяў Яўхiм перад Дуняй, якая намагалася ажывiць пасаджаную побач Антанiну, што зусiм нiякавата чулася напокуцi.

— Хадзi, вучыцелька, танцаваць.

Пасьля такога запрашэньня, пакуль Дуня наважылася як на яго рэагаваць, здаравяка Яўхiм лiтаральна падняў яе на ногi. Iгрышча ня розьнiлася ад падобных у хаце Кмiтавага Тодара ў Лiтоўцах, адно твары навокал iншыя былi. Дуня ня ведала, як захоўвацца мiж гэтых людзей, што пачалi зь ёй адразу на «ты».

Палажэньне «жабы», як яе дзябёлая Ганна ахрысьцiла, было няпростае. У Беларусi настаўнiкi былi некалi паважанымi аўтарытэтамi, хаця й гаварылi мовай акупанта, палянiзавалi цi русыфiкавалi народ. Навет з дозай казённага яду, настаўнiк усё-ж вёў дзетак «у людзi», недзе ў сьвет лепшага жыцьця. I калi ведамае «бацька бяз школы араў i ты будзеш араць» яшчэ ня выкаранiлася, дык спадзявалiся, што школа можа адчынiць дзьверы ў лепшы сьвет, дзе для пражыцьця не абавязкова араць. Настаўнiк быў мясцовым аўтарытэтам, што не абавязкова за пару яек цi якую скварку мог параiць людзям як далезьцi ў шырэйшы, мудрэйшы й лепшы сьвет ды па якiх ступеньках пачынаць. Настаўнiк меў нейкi арэол мудрасьцi, навет улады. Дзiва няма, што так званыя вясковыя iнтэлiгэнты, часта духовыя дзiкуны з вонкавай палiтурай, — «культурныя людзi», гарнулiся да настаўнiка, намагалiся трымаць зь iм кантакт, ацiрацца каля «культурнага чалавека».

Некалi ўстаноўленыя нормы жыцьця крушылiся ў паядынку двух тытанаў. А на тых лапiклах краiны, дзе таптуны тымчасам яшчэ не тапталiся, старалася прыжыцца i ўкаранiцца адвечнае мясцовае. Сейбiтамi яго сталiся юнакi й юначкi з часта хаатычнымi запасамi практыкi й ведаў, нясьмелыя, мо спалоханыя. Асаблiвай была сытуацыя на ўзьлесьсях, недалёка логавiшчаў бандаў, што перш, чым схапiцца ўдужкi iз сваякамi па iдэялёгii, тапталi й вынiшчалi ўсялякiя парасткi мясцовага, што iмкнулася аднавiць роднае й дарагое. Пастаўленыя капрызам лёсу ў такое цяжкое становiшча, маладыя настаўнiкi часта йшлi вобмацкам, амаль без падтрымкi й заплечча. Перапалоханыя нагласьцю бандытаў, што служылi Молаху зь «вялiкай зямлi», яны часта зрывалiся зь ненагрэтых яшчэ гнёздаў.

Здаралася, што начамi Дуня доўга сьлязьмi мачыла падушку. Гарту для вытрываньня мела даволi, але куды лягчэй было-б, калi-б побач яе быў мiленькi Янучок. Дзе ён, любы, злаценькi, чаму ня йдзе побач яе на ўзьмежжы, ня дэклямуе насычанай каханьнем паэзii? Чаму, замiж яго, нейкая порхаўка, п'янiца, свайго роду Квазiмодо? I яшчэ збоку, за кiлямэтры чатыры адлегласьцi, быў «рыцына», Аблiзаная Авечка, што цi раз, пасьвiстываючы, на сваiм ровары-самакаце (дзе ён такi навюсенькi дастаў?) да яе заглядаў. Заходзiў у хату, быццам яго хто прасiў, а Кацярыне, Дунiнай гаспадынi, прадставiўся як Дунiн дзяцюк. Прагнала яго раз, за тыдзень прыехаў зноў. Ты яго выганiш празь дзьверы, ён улезе праз вакно, а калi-б i вокны пазачыняць, дык цi ня ўлез-бы, як той Дзед Мароз, праз комiн.

Можа-б i трывала далей Макатунiшка, калi-б не падзея ў Малiнаўцы, што ляжала зусiм побач калiшняй польска-бальшавiцкай мяжы. Школу, што абслугоўвала тры вёскi, там кагадзе нейкiя «гэройскiя» перадавiкi зь «вялiкай айчыннай» з дымам пусьцiлi. Настаўнiкам, — аднаго зь iх Дуня ведала, — удалося выратавацца. Камень быў кiнуты, кругi ўсё шырэй расплывалiся па вадзе. Вялiкi лiк школаў Докшыцкага раёну стаяў пад пагрозай лiквiдацыi.

Выпрасiўшы ў солтыса фурманку, не паведамiўшы навет Капышынскага, Дуня спакавала ўсё сваё дабро ў адну валiзу i ў сьнежаньскi дзень пакiнула Бярозаўку ды загадала адвезьцi сябе ў школьную раённую ўправу ў Докшыцах. Iнспэктар Воран, сухi, высокi, чэрствы ў твары дзядзька, змораным зрокам зiрнуў на дзяўчыну з-за заваленага паперамi стала ў канцылярыi.

— Не, не кажыце мне, спадарычня Макатун, знаю, знаю, чакаў на вас.

Iнспэктар устаў з-за стала, пачаў хадзiць па халодным пакоi. Рассыпаныя пасiвелыя валосы, што даўно з ножнiцамi бачылiся, крыху прыгорбленыя плечы. Патрапаныя боты, паўсуконная сьвiтка й порткi. Няўклюдны крок. Здалося Дунi, што дзядзька Воран лепш выглядаў-бы й чуўся за бараной i зь лейцамi ў руках. А вярхоўны аўтарытэт раённае асьветы гаварыў цьвёрдым голасам:

— Пачаткi. Плянавалi, будавалi, камбiнавалi, каб паўстала, вырасла, ажыло, як Фэнiкс з папялiшча. Пры немагчымасьцях, пры ўсiм запярэчаньнi жыцьця. Там, дзе прадказана тымi, што ўладу й сiлу маюць, што жыцьця тут не мае быць, толькi гвалтоўнае, наглае i камплетнае разбурэньне. А мы, — ох, Божа мой! — наўсуперак гэтаму рупiлiся пра родную зямельку, пра дзетак i пачалi сеяць зерне. Вас, маладых, нявыпрабаваных, як належыцца непадкованых i ненавучаных кiнулi, можна сказаць, на пярэднюю лiнiю. Адвага! Не, няправiльна. — Гэта — не адвага, то роспач. Выхаду ня было. Можа там, дзе спакайней, дзе ня стопчуць, можа будзе ўражай якi… Калi не заглушыць гiрса, асот. сьвiрэпка, пустазельле… А тут? Прапала. Ужо вiдаць, што наблiжаецца. Госпадзе мой, каб хоць пару гадкоў гэтыя злыднi далi. Цi-ж i гэтага мы нявартыя?

Дунi ўмiг стала ясна: i анахранiзм — мяшок бульбы, i тое, што сама галадала, i многа, шмат чаго iншага, дый навет i тое, чаму народ ня мог вытлумачыць узросту «жабоцькi-вучыцелькi». Гледзячы на iнспэктара Ворана, сьцiснулася ёй сэрца. Хацелася-б прыгарнуць яго к сабе блiзка-блiзка й сказаць зь пяшчотай, быццам бацьку: «Тата, ня трэба. Сядзь, даражэнькi, успакойся. Трэба верыць i змагацца. Мы маем сiлы, мы маладыя, мы яшчэ вырасьцем i паможам, пераможам».

Камяк у горле замiнаў дыханьню.

Воран скончыў гаварыць, стаяў перад вокном, задам да Макатунiшкi й глядзеў у нейкi пункт. А можа нiчога ня бачыў, цi ўяўляў папялiшчы ўжо там, дзе сяньня яшчэ чуваць звонкiя дзiцячыя галасы… Вакно, у якое глядзеў Воран, ня мела фiранак i даўно, мусiць, ня ведала дбайлiвае рукi гаспадынi. Iнспэктар памалу сеў, выцер чыстай насаткай твар i проста зiрнуў на Дуню.

— Едзь, дзяўчына, дадому. У вас там Плясьневiчыха дзетак калечыць. Ты на яе месца. Згода?

Голас з прыцiскам фiнальнасьцi, ледзь не загад, калi-б не апошняе слова. Дуня добра ведала Плясьневiчыху й нядрэнна ўяўляла як яна магла вучыць дзетак. Але што сказаць iнспэктару? У чужой вёсцы людзi жабай ахрысьцiлi, а што ў сваей будзе?

— Спадар iнспэктар, як мне працаваць у сваей вёсцы? Людзi мяне змалку зналi… Як яны будуць паважаць мяне, такую маладую, якую ў Бярозаўцы жабай празвалi?

Воран падпёр твар рукой, уважна пазiраў на Дуню.

— Спрабуй. Вучыць патрапiш, добра раду дасi, дык i людзi да цябе з пашанай пачнуць адносiцца. А калi помач трэба, зьвяртайся да мяне, памагу. Цяпер-жа я не магу Плясьневiчыхi там пакiнуць.

I пасьля, прыгадаўшы гэны момант, дзiвiлася Дуня, чаму проста й спакойна адказала: — Добра, спрабую.

Можа таму, што гаварыла ейнае растрывожанае пачуцьце й хацелася памагчы гэтаму зморанаму дзядзьку.

Загрузка...