40

Падгайскi, Янтось i Янук доўга раiлiся ў аграномавай хаце. Гаспадар паведамiў, што ён ужо здолеў перадаць у надзейныя рукi бальшыню сваiх харчоў, збожжа, адкуль iх можна будзе забраць пры бальшавiцкай акупацыi. А Антось расказаў, што супольна з Баравiком змог назапасiць зброi й амунiцыi, пераважна ў схованках на Марылiным гарбе й iншых. Пералiчыў больш дзесяцi чалавек з палiцыi, што маюць зьявiцца ў умоўленае месца, якiм зрабiлi лясьнiчоўку. Галоўнае — падабраць адпаведны момант, перачакаць, пакуль банды павылазяць з пушчы. Летам гэта няцяжка. Пастанавiлi перабiрацца ў лес парамi й троойкамi.

Вярнуўшыся зь Менску, Янук добра вытлумачыў Дунi ў чым справа.

— Што-ж, дзе ты тамака i я, хоць надта нялёгка гэта, — адказала пасьля шматлiкiх пытаньняў жонка.

Пастанавiлi бацьком i раднi нiчога не казаць i выбiрацца вечарам, зрабiць часовы прыпынак дзесь у густым збожжы цi зарасьнiках, недалёка дарогi, каб асачыць, як пакiнуць пушчу банды. Антось, апроч усiх iншых клопатаў, прынагляў i Нiну, каб не марудзiла. Зь iмi меў iсьцi Баравiк.

Радыё трашчала ад бальшавiцкага ўздыму. Немцы, згодна яго, уцякалi на ўсiм фроньце, а «народныя мсьцiўцы» атакавалi варожыя гарнiзоны й памагалi савецкай армii завязваць мяшкi. На Гацi бальшавiцкiя бамбавiкi наляцелi перад полуднем, выладавалi некалькi бомбаў i паляцелi назахад, па нейкiх сваiх заданьнях. Ужо ўчора недзе змыўся Левандоўскi, а Антось рыхтаваўся пакiдаць Гацi вечарам. Дарогамi з усходу, на калёсах i пеша рухалiся ўцекачы. Зь Лiтоўцаў рыхтаваўся ў дарогу адзiн солтыс Паўлоўскi. Вёска адранцьвела.

Пасьля сьпякотнага дня, сонца чырвонай куляй садзiлася за хрыбет лiпавiцкага бору. Над Архiпам кружыў астраб. Усё гэта бачыў праз вакно Янук. Усё было гатовае ў дарогу. Сьцiснулася сэрца.

— Янучок, думаеш, што мы калi сюды вернемся? — спыаталася, iзь сьлязьмi на вачох, у яго Дуня.

— Ня ведаю, даражэнькая, — адказаў Янук дрыжачым голасам. — Сьвет, якi мы зналi, ужо адыходзiць, а настае новы. Давай можа перад дарогай памолiмся… I пасьля вазьмi з сабой iкону.

Яны селi пры стале й схiлiлi перад iконамi галовы. Дзесьцi з усходу даляцеў гул артылерыйскай кананады. На зруйнаваную й аголеную зямлю адтуль паўзла шматгаловая хiмэра.

Таронта, 1977–1980

Загрузка...