13

«Дзiравы шляхцiц» Паўлоўскi незадаволена пазiраў на зморшчаны й заплаканы Вульлянiн твар. Жанчына цёрла парэпаныя ад працы далонi, манатонным голасам пра бяду сваю барабанiла. А Паўлоўскаму ў галаве ад учарашняга яшчэ не адшумела. Чаго яе сюды ў такi час трасца прыгнала? Сядзiць i хныкае, увесь добры й пагодны настрой сапсула. Iз Вульлянiных слоў i нязьвязаных фразаў ясна было, што ў Гацях на палiцыi сталася.

— … дык ён, каб яго пранцы, каб яны яму бокам вылезьлi, i мае яйкi забраў. Жарцiкi, колька часу гэта iх ад нясушак зьбiрала, сабе анi ў рот, знаiш як нялёгка… Дык гэта брыда й той дзiсятак яек забраў i нiчога мне пра маiх сыноў-галубкоў нi сказаў.

— Якi гэта брыда? — пытаўся Паўлоўскi, а думкi яго ўчэпiста на ўчарашняй «гавэньдзе» трымалiся. «Усё-ж маладзец гэты Бжончэк-Бронхэр… фальксдойч. Хто-б гэта й падумаць мог!»

Паўлоўскi падыйшоў да вакна. Дождж дробнымi кроплямi сьцёбаў па шыбiне. У мухалоўцы на стале мокрая муха намагалася вылезьцi на сухi бераг, яшчэ бзыкала крыльлямi, падала. Вульляна сядзела на лаве ля стала. За перагародкай, у кухнi жонка ля катлоў бэрсалася, выходзiла ў сенцы, цi нi паранку для падсьвiнкаў таўкла. Разьбягалiся Паўлоўскага думкi. Яшчэ ня зусiм з новай уладай i сваiм удзелам у ёй асвоiўся.

— Ды гэты-ж, каб яму тыя мае яйкi ў трыбуху камнем заселi, Немiц, начальнiк iхны!

— А ты, цётка, зь iм гаварыла?

— Ды як там гаварыць будзiш, — махнула зьняможаная жанчына рукой. Ён-жа пасвоему гяргечыць, дык дзе там мне… Ды тамака ў iх нейкая польская паненка, нейкая пiрда вымазаная сядзiць, папольску да мяне пшэкала. Я гэта ёй пра сваiх сыноў-галубкоў так i гэтак, што ў палон папалi, што можа-б гэты начальнiк мне як iх вярнуць памог, ну знаiш… Тая панi пiрда яму, мусiць, так i нагiргiтала. А я ў руках кошычак зь яйкамi дзяржу, ну гэты самы найпякнейшы, каторы мне старэйшы сыночак Васiль некалi сплёў. Яйкi накрытыя вышываным ручнiком былi. Той начальнiк слухаiць тэй пiрды, ды сабе пад носам вурчыць — я, я, яволь, i на мяне паглядаiць. А тады да мяне падыходзiць, кошак бярэць i на стол ставiць. Адкрыў ручнiк, гляджу — на твары прагавiтасьць, вачмi яйкi зьеў-бы. Тады нешта нагiргятаў тэй пiрдзе, а яна кажыць мне, што Немiц яйкi забярэць, пра маiх сыноў даведаецца. Прыйдзi, кажыць, яшчо яек прынясi. От як! Я гэттака-ж прасiць хацела, каб мяне, бедную, ня крыўдзiў, што я i спрацаваная, i адзiнокая, а той як скочыць як крыкнiць. Дык гляджу, адкуль нi вазьмiся ён, — от, далiбог не паверыш браток, Пётра, — гэны-ж самы чорт лясьнiк, што ўсе яго падлам называлi, што некалi цяжарную Бахмачыху Алену ў лесе панскiм за малiны застрэлiў. У чорным ён быў, у палiцыйным надзеты. Дый той таксама гяргеча. Мяне за руку, дый выкiнуў, падла… Ну от… I адкуль гэты самы чорт там узяўся?

Вульляна пачала ў нос хлiпаць. Паўлоўскi стаяў i церабiў раськiданую чупрыну. На твары нецярплiвасьць i злосьць. Жаночага плачу нiяк цярпець ня мог. Няхай-бы гэтыя бабы лепш крычалi цi лаялiся, але ня сьлiнiлi.

— А чаго-ж ты, цётка, туды паплялася? Чаму ты да сваiх спачатку нi пайшла? Як гэта ты бiзь языка i зь яйкамi адразу да Немца?

— А як бiзь языка? А тая пiрда, паненка нейкая напудраная i напэцканая, што пры iх сядзiць i пiраводзiць?

— Ну так… Яна то там ёсьцiка, i пiраводзiць. Ну але гэтага мала. Цябе яна знаiць? Тут пiраводу мала, тут трэба, каб табе памагчы хацелi.

«Як яна замiнае», — думаў Паўлоўскi. — «Неяк ведзьмы пазбыцца трэба. Чаго яе чорт якраз цяпер прынёс?»

— Ну дык во памажы, да цябе-ж прыйшла. Ты-ж зноў во начальнiк нейкi. Цябе можа скарэй паслухаюць.

— Знаеш што, цётка, — пацерабiў галаву Паўлоўскi, — я табе пастараюся памагчы. Папрашу Бабра, войта значыцца, каб у Немцаў разьведаў, як табе даведацца пра сыноў. Дый чаму толькi табе? У вёсцы-ж ёсьць многа хат, зь якiх дзяцюкоў на вайну ўзялi. Дык усiм варта памагчы. Значыцца, можа скажуць як сьпiсацца зь iмi, дзе яны ёсьць можа ў лягерах палонных, цi што… Так, так, напэўна гэтак зраблю, пагавару з войтам. Так i будзiць.

Гэтак гаворачы, Паўлоўскi прайшоўся па пакоi, зноў стаў пры вакне. Праз iмглiстае надвор'е ледзь шарэлi чубы сёстраў-соснаў на могiльнiку. Добра прыдумаў. Цяпер Вульляна, пэўне-ж, зараз падзякуе й пойдзе. А тады ён з думккамi зьбярэцца, пра ўчарашняе памяркуе. А было пра што. Божа, ты мой, як усё дагары нагамi перавярнулася! Але цётка, вiдаць, дахаты ня зьбiралася.

— А калi-ж ты пагаворыш, Пятрусь?

— Ну на днях, калi выпадаць будзiць.

— Як на днях? Заўтра цi пасьлязаўтра?

— Алi-ж ты, цётка, такая… нi адчапiцца ад цябе. Ну кажу, што на днях. Тады тоя й будзiць…

— Ну а калi пагаворыш, то як я знаць буду? Цi да мяне зайдзiшся цi што?

— Ды ўжо ня бойся, забягуся, раскажу.

— Ну дзякую, Пятрусёк, дзякую-ж надта. Дый пайду-ж я ўжо, бо, мусiць, надакучыла табе. Знаю, што ты бязь дзела нi сядзiш. Дык так i зрабi, з войтам пагавары. Як гэты чалавек, Бабёр? Добры, цi благi?

— Наш чалавек. Добры. Паможыць ён, далезiць куды трэба. Нi бядуй, цётачка, ён даведаецца што трэба.

— Ага, ну дык гэта надта добра, — адыходзячы, ужо да дзьвярэй адабрыла Вульляна. — Але-ж нi забудзься, Пятрусёк, скажы маiх сыноў галубкоў iмёны й фамiлii, каб ведалi. Добра?

— Скажу, чаму-ж-бы нi сказаць…

— Дзе-ж яны, бедненькiя, каб iх Бог сьцярог, каб гэта ўжо як скарэй пра iх якую вестачку дастаць. Божа мой, Божа! Ну дык я ўжо й пайду. Дай табе Божа здароўя, Пятрусёк.

Нарэшце. Паўлоўскi ўздыхнуў, калi працягла скрыпнуўшы, зачынiлiся за Вульлянай дзьверы. Зiрнуў напокуць. Там на iконе «найсьвентша Марыя Панна» красавалася, тая самая, што некалi «непоколянэ почэньце» мела. Чаму цяпер яму гэнае «непоколяно почэньце» згадалася?

Даўно яно, яшчэ ззамоладу было. Ня ведаючы польскае мовы, Паўлоўскi таго «непокалянага», пра якое тоўк на лекцыi рэлiгii мурлаты ксёндз, уцямiць ня мог. Прызнавацца стыдна было. Можа ў ксяндза спытацца? Лепей не, не асьмелiўся. Але спытаўся ў Палякаў падлёткаў. А тыя «недавяркi» такiм зусiм простым i грэшным словам вытлумачылi. I разрагаталiся. А Пятрусю быццам хто варам у твар.

Але чаму цяпер яму «непокалянэ» ў галаву прыйшло? Вунь пра ўладу трэба думаць. I прыгадаўшы ўчарашнi сход, Паўлоўскi зьедлiва ўсьмiхнуўся. Цяпер-жа ён гэтым вясковым хамутам, небаракам, пакажа. Праўда, у солтысы зноў трапiў прыпадкова, можна сказаць. Або таму, што нейкiя плечы меў. Гэнымi плячмi розныя бальшавiкамi непавывожаныя панкi былi. I сталася гэна зусiм простыа, аж паверыць цяжка было. Параiлi яму да войта Бабра зьявiцца, бо быццам нейкая новая ўлада на ногi становiцца. Пайшоў. Бабра здалёк знаў. А той, чалавек даверлiвы, шмат клопатаў маючы, папрыяцельску пагутарыў i солтысам яго назначыў. - Iдзi й рабi, а там разгледзiмся, — сказаў.

Прыйдзе, цi ня прыйдзе тое «разгледзiмся» — iншая справа. У вёсцы-ж даведалiся, што войт Паўлоўскага солтысам назначыў дый нiхто ня пярэчыў. Праўда, некаторыя крывiлiся, прыгадаўшы яго некалi ў асобе польскага ўраднiка. Але сяляне народ сьцiплы. Мотто жыцьця: не чапай мяне, то й я цябе не зачаплю.

На сходзе гэным… Але цi яго сходам льга назваць? Нейкая кансьпiрацыйная сустрэча. Зь Вiльнi зьявiўся нехта Гжмот, мужчына з вайсковай вытрымкай. Прадставiлi яго як упаўнамочанага на «гэтыя тэрэны» з самюсенькага верху, значыцца цi нi аж ад лёнданскага ўраду Рэчыпаспалiтай… А якiя «гэтыя тэрэны» былi? Нiхто ня зьбiраўся тлумачыць. Само разумелася, што пэўная часьць «крэсаў» … Зусiм ясна, што Гацi й ваколiца. Як-нiяк, станцыя важная. Адным словам, цiкавая гутарка была. Колькi ўжо разоў перадумваў яе Паўлоўскi.

Дый найважнейшае, — ах як мiленька ад такой думкi на сэрцы было, — што на ягоную, значыцца Паўлоўскага, асобу й вартасьць ацанiлi, туды, на акраiну мястэчка ў хату аднаго быўшага ўраднiка запрасiлi. Няцяжка было здагадацца, хто адудзячыўся. Хоць самога фольксдойча Бронхэра й ня было, але-ж нейкалi шмат гарэлiцы зь лясьнiком прыйшлося зглумiць. Сябры, значыцца. Той дзесь у «гiнiральнай губэрнii» (чэрцi! як яны Польшчу перахрысьцiлi!) два гады ацiраўся. З быўшага польскага лясьнiка ў Гаравацкай пушчы на каманданта мясцовае палiцыi ў Гацях узьлез. Маладзец!

А цi-ж ён адзiн? I тая самая «пiрда», як Вульляна казала, гэта-ж тая самая Марыська Закшэўская, цаца-патрыётка польская. З тых самых Закшэўскiх, што некалi на галоўнай вулiцы, насупраць электрастанцыi мясную краму мелi, «файныя й пекныя» кракаўскiя каўбасы рабiлi. Эгэ, хлёсткiя каўбаскi былi! Эх, часы, част! Дзе вы падзелiся? Марыська Закшэўская пры самым нямецкiм каманданце палiцыi прымасьцiлася. Хто яе ведае як, свае пэўне-ж падсунулi… Ды сьцiпласьцi ў яе з макулiнку, а да дзяцюкоў надта падкая… Немцу, ведама-ж, што трэба. Марыська-какетка, ей адно давай i давай! Сам на яе ахвоту меў. Пародзiстая кабыла. Эх, як прыцiсьнеш, дык аж кроў гарыць-варыцца. Але цi гэта важна цяпер? Гэта-ж там, пры самым вяршку ўлады мясцовай ёсьць свае вочы й вушы, апарат да дзеяньня гатовы! Во як!

Паўлоўскi зморшчыўся, пацягнуўшы носам. У хаце пахла кiслай бульбай i паранымi буракамi. Жонка далей бэрсалася дзесьцi iз сваймi катламi, цэбрамi цi даёнкамi. Непаседа працавiтая. Зь яго-ж, начальнiка, ганарылася. I вось цяпер, пад малы руды вусiк усьмiхаючыся, шпацыраваў Паўлоўскi, на Марыю Панну, шо «непокаляная» пачала, глядзеў i соладка далей згадкi рабiў, думаў.

Падумаць, падумаць толькi! Бальшавiцкая басота ледзь яго не загарнула. Сiбiрррр-брррр! Жах! Там капцы яму й жонцы былi-б, як пiць даць. Бальшавiкi на злом галавы, — каб яны яе скруцiлi! — уцякалi, дык навет i вывазныя сьпiскi пакiнулi. А там i ён, Паўлоўскi, на вываз фiгураваў. Спазьнiлiся-б Немцы на тыдзень цi два й крышка яму была-б. Мусiць ёсьць на сьвеце Бог, думаў далей «недавярак» Паўлоўскi. Калi-б не, дык хто за яго, такога залатога й сумленнага чалавека, заступiўся? Хiба-ж Марыя Панна?

Солтыс уважней на «непокаляную» зiрнуў, рука мэханiчна знак крыжа перад тварам i жыватом зрабiла. Здавалася, што ажыло сухое й падоўжанае аблiчча на iконе. — Непокаляна, найсьвентша Матыя Панна, — прамовiў новасьпечаны солтыс, — дзякую Табе! Алi-ж, чорт, золь якая! — адразу вылаяўся Паўлоўскi.

«Самыя найважнейшыя навiны пра генэрала Сiкорскага. Iз Сталiным перагаворы вядзець. Гэты абiбок, калi-б яму Гiтлер у бакацiну не заехаў, гаварыў-бы ён з Палякамi, га? А от цяперака, кажуць, Сiкорскага прыняў, армiю польскую ў Саветах рабiць будзiць. Бальшавiком Немцаў бiць Палякi будуць памагаць. Генэрал Сiкорскi маладзец!»

Думка кульганула ў солтысавай галаве, у бок пашкандыбала.

«Як гэта мы iм, нашым ворагам на помач? Гарлапанам, забойцам, басякам гэтым? Але-ж яны, гэтыя нашыя ворагi й мучыцелi, яны-ж хаўрусьнiкi нашых хаўрусьнiкаў. Тады яны, мусiць, нашыя прыяцелi. Так яно выходзiць. Чэрцi, гэта курам на сьмех! Ды тамака-ж нашы зьверху, пэўне, знаюць, iм куды вiдней. На тое-ж яны маюць вучоныя й разумныя галовы. Дзе ўжо мне, задрыпанаму Пятрусю, што на гэтых сьмярдзючых „крэсах“ вырас, у вялiкай палiтыцы разьбiрацца?»

I запраўды, цеснаватая на ўяўленьне солтысава галава далей у вялiкую палiтыку не сягнула. Мясцовай па вушы хапала. Сама найважнейшае — сьлядзiць за ўсiмi хамамi. Сказана зусiм нядвузначна: дзе каторы хамуйла наверх да ўлады будзе лезьцi — цап яго й па галаве!

«Але-ж i тут нясумяшчальнасьць нейкая. У раёне й гмiне Немцы Беларусам пасады далi, уладу значыцца. Навiт усё зь языкiм iхным, школы таксама. А яны, Палякi, гэта лiквiдаваць маюць. Нямецкiмi рукамi. Здорава! Учора саўсiм ясна й нядвузначна сказана было. Сваймi людзьмi палiцыю абставiлi, значыцца лёгка будзiць».

Праўда мэханiка такой работы ня зусiм ясная Паўлоўскаму была, хоць рацыянальнасьць зусiм простая. Яны, а ня Немцы цi Беларусы, гаспадарамi гэтай зямлi былi. Значыцца лёнданскi ўрад Рэчпаспалiтай ведаў, што рабiў: адных ворагаў рукамi iншых вынiшчаў.

«Алi-ж з гэтымi ворагамi, — адклiкаўся ў солтасавых думках iншы, супярэчлiвы голас, — бальшавiкi унь якiя зьвяругi, колькi народу вынiшчылi. А цяперака яны нашы прыяцелi. А гэтыя во мясцовыя хамы, ледзь нi браты родныя, дык, выглядаiць, што iх трэба нямецкiмi рукамi забiваць. Чэрцi, як гэта ўсё разумець?»

Паўлоўскi пачаў церабiць сваю русую чупрыну, заклапочана тупацль па абшырным пакоi. I рука, амаль мэханiчна, палезла ў шупляду ў куце, выцягнула лiтроўку з настойкай. Дзякуй Богу за добрых людзей! Ня былоб iх, дык ня было-б чым i пахмялiцца! Зь вялiкiм набажэнствам солтыс узяў з палiцы кiлiшак, уважна прыгледзiўся кмiннай зеленаватай настойцы й ашчадна, каб, баранi Бог, кроплi ня страцiць, напоўнiў невялiкую, пуцатую, круглую чарку. Затым, сквапна гледзячы на чарку, старанна ўлажыў корак у пялшку, паставiў лiтроўку ў шуплядку. Зiрнуў яшчэ раз на «непокаляную», весела падмiргнуў iконе левым вокам i адным кiўком пералiў зялёную вадкасьць у рот. Гэты кiвок — тонкае, мэханiчнае майстэрства, практыкаванае доўгiмi гадамi. Малышы, бачачы такi рух, няпэўныя, цi чалавек запраўды чарку выпiў, цi адно вуснамi прылажыўся. Звычайна на вясельлях госьцi, што такiм майстэрствам валодаюць, агульную пашану маюць.

Паўлоўскi ўказальным пальцам выцшер рудыя вусiкi, уважна паглядзеў на пустую чарку, быццам мяркуючы, цi не налiць другую, ды паставiў яе ў шупляду й борзда пачаў хадзiць па пакоi. Трэба было нешта рабiць, але, каб рабiць, трэба спачатку мець пляны. А ўчора зусiм ясна сказалi за каго ўзяцца. Праўда, ня далi зусiм дакладных iнструкцыяў, як i што. Але навошта яны, указаньнi тыя. Цi мала ў яго, Паўлоўскага, глузду? Не дарма-ж яму даверылi, дый практыкi хапала. — Так, так, Бабра слухайся, зь iм працуй, для вока людзкога. За iм нашы сачыць будуць i як толькi што, дык прыбяруць яго… Ты тамака сваiх вясковых i суседнiх актывiстаў, пакуль што… А далей, калi трэба, скажам.

Вясковых актывiстаў? Пятрусь пачаў перабiраць у думках людзей i гэтта ў тупiк залез. Якiх гэта актывiстаў? «Пра Лявона хадзiлi весткi, што ў лес зыйшоў, цi што… Канец згубiўся… Цi старыя Шпунты чаго не даказваюць? Цяперака во, нейкую ўладу маючы, трэба да iх забегчыся, распытацца. Скажуць, нi скажуць, а за язык пацягнуць можна. Павалiцкi Хвёдар як у ваду кануў. Ходзяць слухi, што з разьбiткаў Чырвонай армii й мясцовых падонкаў нейкая партызанка арганiзуецца. Чорт iх знаiць, разьбярыся тут дзе праўда, а дзе плёткi. А калi ў тым зерне праўды ёсьць, дык такiя галадранцы, як Лявон Шпунт i Павалiцкi Хвёдар пэўне-ж туды пацягнуцца. I чаму iх, гадаў, у свой час ня прыхлопалi? Цяпер-жа, калi генэрал Сiкорскi iз Сталiным дагаворацца, дык iз гэтай брыдой, далiбог, трэба будзе працаваць разам. Камiчная сiтуацыя! Цьфу!»

Пятруся Паўлоўскага ногi больш энэргiчна па пакоi заварушылiся. Часта пазiраў на «непакаляную» але думкi ягоныя былi дзесь далёка, на вярхох. «Як яны, чэрцi, там хiтраць, — думаў. — А тут на нiзе ведай куды й як павярнуць. Але-ж… Ягонае заданьне перадусiм сьлядзiць, быць вушамi й вачмi Рэчыпаспалiтай, iнфармацыю наверх падаваць. Лiквiдаваць, у выпадку патрэбы, будуць нямецкiмi рукамi… А Немцы, чэрцi, доўга нi цацкаюцца. Данос ёсьць, што камунiст? Цап яго, бабах! — i чалавека няма. Ну а данос такi зьляпiць дзiцячая забаўка. Учора адзiн пан пра гэта расказваў. Ён яшчэ з польскiх часоў судовыя сьпiскi й некаторыя акты захаваў. Для нагоды, — кажа, судовыя дакуманты прадставiць можна. За што судзiлi? За камунiзм. А для Немцаў камунiзм гэта тое, што для гiшпанскага быка чырвоная шмата. Як проста й хiтра!»

Солтыс спынiўся ля замурзанага вакна. Над могiльнiкам расьсеялася iмжака й выразьней паказалiся ў абдымках сястрыцы сосны. Чарка настойкi апэтыт нарадзiла. Учора мала пiў. Мiж тых паноў ня зусiм удома адчуваўся, хоць i рэкамэндаваў яго Бжончэк, цяпер гэр Бронхэр, з самага верху значыцца. З тымi людзьмi блiжэй зьнюхацца трэба. Тымчасам… Ага, актывiстаў сачыць.

Перад солтысам паўстаў звычайна паўстрыманы, загадкавы, на язык войстры Антось Дзяркач. З гэтым дзяцюком нiколi надта блiзкiх адносiнаў не ўдалося наладзiць. I не ягоная-ж, Паўлоўскага, гэтта вiна. Вось Дзеркача на воку трымаць трэба. Ад польскае армii ўцёк i ад бальшавiкоў ледзь не з таго сьвету вярнуўся. Хiтранькая цаца. Слова лiшняга зь яго ня выцягнеш. Да Бураковай Нiны прылiзаўся. Вось пра гэтага трэба пранюхаць. Пакуль Немцы якiмi паперкамi заваляць, трэба многа пра каго й шмат чаго праведаць.

Ад такой канкрэтнай думкi Паўлоўскаму аж на сэрцы палягчэла. Ня схiльны быў да вялiкiх роздумаў. Згадалася тая абшмуляная, некалi за польскiх часоў аж па бакох працёртая «тэчка» й зухаваты, фанабэрысты капялюш. Гэныя атрыбуты калiшняга мясцовага аўтарытэту дзесьцi ў клецi, на дне жончынага пасажнага куфра ляжалi. Трэба паглядзець, можа чэрцi мышы дабралiся, цi моль якая. Спатрэбяцца яны, цi не?

Пры гэткiх думках Паўлоўскi ўзяў зь цьвiка ўжо засаленую, як казалi «абнародаваную» савецкую кепку, каторую зацягаў пры нядаўняй уладзе, калi наўмысна апусьцiўся, незаўважным стараўся быць, нiзкага профiлю трымаўся, на вочы людзям мясцовым рэдка паказваўся, каля гаспадаркi бэрсаўся, розныя «кулi» й «налогi» цягаў.

Нацiснуў кепку на лоб. Скрыпнулi дзьверы. На дварэ праз васеньнюю iмжаку намагалася выглянуць сонца. Весялей, здавалася, дзерлi глоткi на чубе Архiпа празяблыя вароны. З будкi выскачыў Мурза, кiнуўся Паўлоўскаму на жывот. Гаспадар пагладзiў сабаку. Пастаяўшы на ганку, памяркаваўшы, Паўлоўскi наважыў заглянуць да Зянькевiча. У лекара, як заўсёды, ня спынялася чарга нямоглых. А разам зь iмi плылi ў хату й навакольныя навiны. Калi ў каго, дык у дзядзькi Зянькевiча можна масу чаго даведацца.

Загрузка...